Удзел у патрыятычнай акцыі «Раскажы мне пра вайну»

12 мая 2015 г. студэнты гістарычнага факультэта прынялі ўдзел у патрыятычнай акцыі «Раскажы мне пра вайну» (да 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне), арганізаванай Брэсцкай абласной бібліятэкай імя М. Горкага, у рамках якой адбылася прэзентацыя кнігі «Праз гады і навалы ХХ стагоддзя» пісьменнікаў, краязнаўцаў, палкоўнікаў у адстаўцы В.В. Мароза і І.В. Кеза.

Аўтары расказалі студэнцкай моладзі, а таксама прысутным работнікам устаноў культуры, супрацоўнікам органаў дзяржаўнай бяспекі, журналістам аб праведзенай імі на працягу цэлага шэрагу гадоў скрупулёзнай навукова-даследчай і пошукавай працы, аб вяртанні гістарычнай памяці пра незаслужана забытых людзей, іх лёсы. Вядучы гэтага мерапрыемства – доктар гістарычных навук, загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў А.М. Вабішчэвіч – адзначыў унікальнасць згаданага выдання, у якім гарманічна спалучаюцца архіўныя рассакрэчаныя дакументы і жывыя сведчанні відавочцаў, удзельнікаў лёсавызначальных падзей ваеннага і пасляваеннага часу. Начальнік Упраўлення КДБ Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці, генерал-маёр В.В. Язерскі спыніўся на значнасці прэзентаванай работы як для далейшай навуковай працы, так і для патрыятычнага выхавання маладога пакалення. Кандыдат гістарычных навук, загадчык кафедры гісторыі Беларусі У.В. Здановіч даў высокую ацэнку археаграфічнай падрыхтоўцы дакументаў, а таксама аб’ектыўнаму асвятленню трагічных і складаных падзей Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннага дзесяцігоддзя на Брэстчыне. Генеральны консул Генконсульства Расійскай Федэрацыі ў Брэсце М.М. Маткоўскі, кандыдат гістарычных навук, краязнаўца Л.М. Несцярчук, намеснік дырэктара Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага па навуковай працы А.М. Мяснянкіна і ўсе прысутныя пажадалі аўтарам новых творчых поспехаў.

Кафедра гісторыі славянскіх народаў

Поделиться: