V Рэспубліканскі студэнцкі форум – 2015

15-17 мая 2015 года ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава пры фінансавай і арганізацыйнай падтрымцы дабрачыннага фонду «Дапаможам ім жыць» (Італьянская Рэспубліка) адбыўся V Рэспубліканскі студэнцкі форум.

У форуме прынялі ўдзел восем дэлегацый устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь. Наш універсітэт прадстаўлялі 10 студэнтаў, педагог сацыяльны аддзела выхаваўчай працы з моладдзю Наталля Анатольеўна Вайтуховіч, старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў універсітэта Раман Валянцінавіч Чуль.

З прывітальным словам да беларускіх дэлегацый і італьянскіх гасцей звярнуліся рэктар ВДУ імя П.М. Машэрава Ягораў Аляксей Уладзіміравіч, старшыня фонду «Дапаможам ім жыць» Фабрыцыа Пачыфічы і фінансавы дырэктар фонду Лучана Браконі .

У рамках конкурсу сацыяльных праектаў старшы выкладчык кафедры сацыяльнай працы сацыяльна-педагагічнага факультэта Таццяна Васільеўна Сакалова прадставіла вынікі другога года рэалізацыі праекта «У маёй руцэ твая рука», накіраванага на інтэграцыю і сацыялізацыю дзяцей з дзіцячым цэрэбральным паралічам шляхам стварэння безбар’ернага асяроддзя: жылога, горадабудаўнічага, сацыяльна-псіхалагічнага. Вынікі праекта адзначаны другой прэміяй.

Праграма форуму была насычанай і разнастайнай. Сваімі выступленнямі гасцей форуму радавалі студэнты ВДУ імя П.М. Машэрава, дзіцячыя калектывы горада Віцебска. У першы дзень адбылася вечарына дружбы, а ў другі – конкурс «Лепшы студэнт года – 2015». Гонар нашага ўніверсітэта абараняла студэнтка 2 курса фізіка-матэматычнага факультэта Сняжана Бадунец, якая заняла чацвёртае месца і была ўзнагароджана каштоўнымі падарункамі і атэстатам удзельніка.

У рамках форуму былі арганізаваны дабрачынныя кірмаш і акцыя «Свята дзяцінства». Сродкі, атрыманыя ад продажу вырабаў ручной работы, былі накіраваны на аказанне падтрымкі дзецям з парушэннямі апорна-рухальнага апарата горада Віцебска.

Усіх удзельнікаў форуму таксама парадаваў канцэрт з удзелам віцебскай музычнай групы «STREET BAND» і італьянскага музычнага калектыву «Yumal».

Фінансавым дырэктарам фонду Лучана Браконі ўсім студэнтам-удзельнікам форуму былі ўручаны спецыяльныя стыпендыі фонду, атэстаты і памятныя сувеніры.

У знак падзякі студэнты нашага ўніверсітэта ўручылі прадстаўнікам фонду свае падарункі ручной работы.

Аддзел выхаваўчай працы з моладдзю

Поделиться: