Прафактыў студэнтаў нашага ўніверсітэта прыняў удзел у міжнароднай акцыі «Полымя Перамогі»

Міжнародная акцыя «Полымя Перамогі», ініцыяваная прафсаюзнай арганізацыяй студэнтаў Тульскага дзяржаўнага ўніверсітэта, прайшла з 5 па 7 мая 2015 года ў горадзе-героі Туле.

Мінск, Масква, Наварасійск, Валгаград, Санкт-Пецярбург, Сімферопаль, Керч, Смаленск і крэпасць-герой Брэст дэлегавалі да ўдзелу ў акцыі прадстаўнікоў прафсаюзных арганізацый студэнтаў.

Наш універсітэт прадстаўлялі Р.В. Чуль, старшыня прафкама студэнтаў, Ганна Вахільчук і Анастасія Кавальчук, студэнты геаграфічнага і гістарычнага факультэтаў.

Міжнародная акцыя заклікана актывізаваць патрыятычныя настроі ў моладзевым асяроддзі, прыцягнуць увагу да гістарычных падзей, аддаць даніну памяці загінуўшым. Задачы акцыі – павышэнне аўтарытэту гарадоў, якія носяць званне «горад-герой» і «крэпасць-герой», пашырэнне супрацоўніцтва ўніверсітэтаў гэтых гарадоў па розных напрамках дзейнасці.

Ключавое мерапрыемства акцыі – запальванне вечнага агню ў скверы Тульскага Крамля і адкрыццё новага мемарыяла. У цырымоніі прынялі ўдзел прадстаўнікі прэзідэнта Расійскай Федэрацыі, губернатара Тульскай вобласці У.С. Груздзева, мітрапаліта Тульскага і Яфрэмаўскага Алексія (Куцепава), адміністрацыі горада, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, кіраўнікоў устаноў адукацыі.

Запомніліся ўдзельнікам і мітынг каля стэлы студэнтам і супрацоўнікам Тульскага педагагічнага інстытута, якія не вярнуліся з фронту, і акцыя «Мой прадзед – савецкі салдат», і пасадка бэзу – сімвала Вялікай Перамогі.

З іншых мерапрыемстваў варта адзначыць экскурсіі ў музей гісторыі ўніверсітэта, ваенны музей універсітэта, конную прагулку па Яснай Паляне, а таксама квест-гульню, у якой брэсцкая дэлегацыя перамагла і атрымала права выбраць прыз – самы смачны торт.

Рэктар Тульскага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар тэхнічных навук, прафесар, старшыня Савета рэктараў Тульскай вобласці М.В. Гразеў выказаў пісьмовую падзяку рэктару нашага ўніверсітэта Ганне Мікалаеўне Сендзер за дапамогу ў арганізацыі міжнароднай патрыятычнай акцыі «Полымя Перамогі».

Р.В. Чуль, старшыня прафкама студэнтаў

Поделиться: