Прэзентацыя гісторыка-краязнаўчых выданняў Дарафея Фіёніка

28 сакавіка 2017 г. у аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага адбылася прэзентацыя гістарычных і краязнаўчых выданняў дзеяча беларускай культуры ў Польшчы, даследчыка з Падляшша Дарафея Фіёніка – кнігі «Айцец Канстанцін Байко. Багаслоў, настаўнік, лекар» (Бельск Падляскі, 2016) і новага нумара краязнаўча-культуралагічнага зборніка «Бельскі гостінэць». У мерапрыемстве ўдзельнічалі супрацоўнікі ўстаноў культуры, журналісты, выкладчыкі і студэнты гістарычнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна.

У ходзе прэзентацыі кнігі Д. Фіёнік паказаў фатаграфіі і распавёў пра вучобу і богаслужэбную практыку ў Беларусі і Польшчы праваслаўнага святара К. Байко, яго драматычныя жыццёвыя выпрабаванні ў лагеры ў Варкуце, творчую дзейнасць і асветніцкую працу. Прафесар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта А.А. Гладышчук падзяліўся ўласнымі ўспамінамі аб рэлігійным жыцці на Палессі, а таксама прадставіў свае артыкулы да 1000-годдзя Брэста (пра царкву Св. Пятра і Берасцейскі манетны двор), змешчаныя ў зборніку «Бельскі гостінэць».

Вядучы прэзентацыі – доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў А.М. Вабішчэвіч – вылучыў адметнасці манаграфіі Д. Фіёніка: прывабнае паліграфічнае выкананне, навукова-папулярны стыль выкладання змястоўнага матэрыялу, шырокае кола крыніц (асабліва фота, эпісталярнай спадчыны (лістоў), архіўных дакументаў), які вяртае з небыцця яшчэ адну невядомую старонку мінулага беларускага і польскага народаў, паказвае жыццёвы шлях К. Байко на фоне эпахальных гістарычных падзей ХХ стагоддзя.

У цэлым, на працягу ўсяго мерапрыемства скразнымі ідэямі былі актуальныя праблемы пераадолення бездухоўнасці (асабліва ў асяроддзі моладзі), абуджэння цікаўнасці да сваёй малой Радзімы.

Кафедра гісторыі славянскіх народаў

Поделиться: