Чарговыя семінары кафедры беларускай філалогіі

На пачатку красавіка студэнты-выпускнікі філалагічнага факультэта вярнуліся з пераддыпломнай (вытворчай) практыкі, якую яны праходзілі ў ДУА «Сярэдняя школа № 18 г. Брэста» і ДУА «Сярэдняя школа № 8 г. Брэста імя Героя Беларусі В.Н. Карвата». Базы практыкі з’яўляюцца філіяламі кафедры беларускай філалогіі і ўжо не адзін год прымаюць студэнтаў-філолагаў. Па выніках практыкі дацэнтамі кафедры беларускай філалогіі Кавалюк А.С. і Ішчанка Г.М. былі праведзены два вучэбна-метадычныя семінары.

28 сакавіка ў ДУА «Сярэдняя школа № 18 г. Брэста» адбыўся семінар «Прафесійная падрыхтоўка і кампетэнтнасць студэнтаў-філолагаў» з удзелам студэнтаў-практыкантаў, настаўнікаў-прадметнікаў, класных кіраўнікоў і метадыстаў, якія кіравалі іх практыкай. Настаўнікамі Быковіч А.М., Ермаковай С.М. і Леванчук В.В. быў зроблены аналіз узроўню сфарміраванасці прафесійных кампетэнцый студэнтаў-практыкантаў і акрэслены перспектывы іх творчай самарэалізацыі; выяўлена адпаведнасць дзейнасці практыкантаў агульным патрабаванням, якія прад’яўляюцца да спецыяліста-славесніка, ступень сфарміраванасці іх прафесійных навыкаў і ўменняў; валоданне студэнтамі методыкай выкладання мовы і літаратуры, рацыянальны выбар імі метадаў і форм арганізацыі вучэбнага працэсу. Настаўнікі высока ацанілі ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі будучых спецыялістаў. Дацэнты Ішчанка Г.М. і Кавалюк А.С. прааналізавалі стан замацавання і ўдасканалення студэнтамі пад час практыкі ведаў, атрыманых у выніку вывучэння лінгвістычных, літаратуразнаўчых і псіхолага-педагагічных дысцыплін; ступень авалодання студэнтамі-практыкантамі ўменнямі і навыкамі самарэфлексіі.

Вучэбна-метадычны семінар «Педагагічная практыка: узровень сфарміраванасці прафесійных кампетэнцый, шляхі самакарэкцыі маладых педагогаў» адбыўся 19 красавіка на філалагічным факультэце. У мерапрыемстве прынялі ўдзел студэнты 3–4 курсаў спецыяльнасці «Беларуская філалогія». Кавалюк А.С. агучыла вынікі пераддыпломнай (вытворчай) практыкі 2018 года. Студэнтамі-практыкантамі былі падрыхтаваны змястоўныя прэзентацыі фрагментаў урокаў і пазакласных мерапрыемстваў. Выпускнікі прааналізавалі сваю педагагічна-выхаваўчую дзейнасць, акрэслілі шляхі самакарэкцыі. Ішчанка Г.М. абазначыла перспектывы і стратэгіі арганізацыі правядзення пераддыпломнай (вытворчай) практыкі 2019 года, а таксама расказала студэнтам 3-га курса пра ролю заняткаў па методыцы выкладання беларускай мовы і літаратуры ў падрыхтоўцы будучых педагогаў.

Таксама 20 красавіка на філалагічным факультэце прафесарам кафедры беларускай філалогіі З.П. Мельнікавай, дацэнтамі А.С. Кавалюк і Г.М. Ішчанка быў праведзены рэгіянальны навукова-метадычны семінар «Навукова-метадычныя аспекты вывучэння літаратуры ў сярэдніх і сярэдніх спецыяльных навучальных установах». У ім прынялі ўдзел настаўнікі, метадысты сярэдніх і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў г. Брэста і Брэсцкай вобласці, выкладчыкі кафедры беларускай філалогіі, студэнты спецыяльнасці «Беларуская філалогія».

На семінары разглядаліся актуальныя праблемы вывучэння літаратуры ў школе і сярэдніх спецыяльных навучальных установах. З уласнымі напрацоўкамі фарміравання пазнавальных зацікаўленняў да вывучэння роднай літаратуры праз нетрадыцыйныя формы і метады навучання удзельнікаў семінара пазнаёміла выкладчык цыклавой камісіі сацыяльна-гуманітарных дысцыплін філіяла УА «Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт» Політэхнічны каледж Асінчанка М.М. Пра  змест літаратурнай адукацыі і праблемы выкладання літаратуры ў старэйшых класах выступіла настаўнік беларускай мовы і літаратуры УА «Брэсцкае дзяржаўнае абласное вучылішча алімпійскага рэзерву» Ананіч Н.К. Аб праблемах адпаведнасці чытацкага ўспрымання і мэтах літаратурнай адукацыі паведаміла прафесар Мельнікава З.П. Прадметам аналізу выступоўцы стаў стан сучаснай інтэрпрэтацыі літаратуразнаўствам праграмных твораў. Пра нарматыўнае і навукова-метадычнае забеспячэнне прадмета «Беларуская літаратура» ў школе расказала настаўнік беларускай мовы і літаратуры, дырэктар ДУА «Хідрынская ДС–СШ Кобрынскага раёна» Назарук А.М. Дырэктар школы звярнула асаблівую ўвагу на праблему адаптацыі маладых спецыялістаў ў сучаснай школе і агучыла нарматыўныя патрабаванні да прафесійных і асобасных якасцей настаўніка-славесніка.

Выступленні выкладчыкаў ВНУ і настаўнікаў, якія прагучалі на семінары, выклікалі зацікаўленую дыскусію пра ролю і месца прадмета «Беларуская літаратура» ў сістэме школьнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, пра змест літаратурнага навучання.

Кафедра беларускай філалогіі

Поделиться: