Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Адукацыя XXI стагоддзя: праблемы, прыярытэты і перспектывы развіцця»

24 кастрычніка 2018 года на псіхолага-педагагічным факультэце адбылася Рэспубліканская (з міжнародным удзелам) навукова-практычная канферэнцыя «Адукацыя XXI стагоддзя: праблемы, прыярытэты і перспектывы развіцця», арганізаваная кафедрай педагогікі сацыяльнай і пачатковай адукацыі. Канферэнцыю адкрыла загадчык кафедры педагогікі сацыяльнай і пачатковай адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт І.Г. Матыцына. Наладзіцца на пазітыўны лад і пагрузіцца ў прадуктыўную рабочую атмасферу ўдзельнікам канферэнцыі дапамагло музычнае прывітанне хору першакурснікаў пад кіраўніцтвам кандыдата педагагічных навук, дацэнта Л.А. Захарчук.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнулася дэкан псіхолага-педагагічнага факультэта С.С. Кацэвіч. Яна адзначыла, што цяперашняя канферэнцыя набывае традыцыйны характар і праходзіць ужо ў другі раз. Святлана Серафімаўна падкрэсліла ролю падобных мерапрыемстваў і пажадала ўсім удзельнікам канферэнцыі плённай працы.

У ходзе пленарнага пасяджэння прагучалі наступныя даклады:

1) С.А. Сяргейка, рэктар ДУА «Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі», кандыдат педагагічных навук, дацэнт – «Прафесійная самарэалізацыя маладых педагогаў: вопыт Гродзенскага рэгіёна»;

2) А. Jacewicz, дэкан факультэта сацыяльных навук Недзяржаўнай вышэйшай педагагічнай школы (г. Беласток, Рэспубліка Польшча), доктар гуманітарных навук – «Актуальнасць задач педагога ў адносінах да дзіцяці ў святле канцэпцыі Хелен Пархерст»;

3) Т.А. Кавальчук, загадчык кафедры педагогікі УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна», кандыдат педагагічных навук, дацэнт – «Дыягнастычны складнік у структуры прафесійнай падрыхтоўкі будучых педагогаў»;

4) С.С. Кацэвіч, дэкан псіхолага-педагагічнага факультэта УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна», кандыдат філалагічных навук, дацэнт – «Функцыянальны аспект дысцыпліны «Культура маўлення» ў сучасных умовах камунікацыі»;

5) А.І. Мядзведская, дацэнт кафедры псіхалогіі УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна», кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт – «Асаблівасці ўвагі малодшых школьнікаў, якія захапляюцца камп’ютарнымі гульнямі».

Удзельнікі канферэнцыі абмеркавалі пытанні кампетэнтнаснага падыходу ў развіцці прафесійнай культуры спецыялістаў, а таксама практыка-арыентаванай падрыхтоўкі будучых спецыялістаў; разгледзелі праблемы сацыялізацыі дзяцей і моладзі і спосабы іх вырашэння, прааналізавалі сучасныя педагагічныя тэхналогіі забеспячэння кіравання якасцю адукацыі; прапрацавалі пытанні ўдасканалення якасці выкладання агульнаадукацыйных дысцыплін ва ўстановах адукацыі і г.д.

У рамках канферэнцыі была арганізавана выстава вучэбна-метадычных матэрыялаў выкладчыкаў кафедры ПСПА, навукова-метадычнай літаратуры, выдадзенай НМЦ «Школа – сям’я» (пад кіраўніцтвам прафесара М.П. Осіпавай).

Завяршэннем канферэнцыі стала правядзенне круглага стала «Адукацыя XXI стагоддзя: праблемы, прыярытэты і перспектывы развіцця», падчас якога ўдзельнікі абмяняліся наяўным вопытам, ідэямі, думкамі аб рэалізацыі інавацыйных падыходаў ва ўмовах адукацыйнага асяроддзя.

У праграму Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі ўключана больш за 150 чалавек, сярод якіх прадстаўнікі ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Польшча. Па выніках заслуханых дакладаў і прадстаўленых навуковых матэрыялаў будзе выдадзены зборнік.

Госці і ўдзельнікі канферэнцыі адзначылі канструктыўную сяброўскую атмасферу і выказалі пажаданне на далейшае плённае супрацоўніцтва з кафедрай, факультэтам і ўніверсітэтам.

Аргкамітэт канферэнцыі

Поделиться: