Рэгіянальны навукова-метадычны семінар «Сучасная пачатковая школа: актуальныя праблемы навучання і выхавання»

2 лістапада 2018 года на псіхолага-педагагічным факультэце адбыўся рэгіянальны навукова-метадычны семінар «Сучасная пачатковая школа: актуальныя праблемы навучання і выхавання», які аб’яднаў выкладчыкаў ВНУ, настаўнікаў пачатковых класаў, магістрантаў і студэнтаў.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў семінара звярнуліся дэкан псіхолага-педагагічнага факультэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт  C.С. Кацэвіч  і загадчык кафедры агульнаадукацыйных дысцыплін і методык іх выкладання, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Г.М. Канцавая, якія адзначылі, што пачатковая школа становіцца тым месцам, дзе дзіця вучаць назіраць, думаць, разважаць, а самае галоўнае – дзіця вучаць вучыцца, пажадалі ўсім удзельнікам і гасцям семінара поспехаў у працы, наладжвання плённых творчых і рабочых кантактаў і выказалі ўпэўненасць, што семінар пройдзе ў канструктыўнай абстаноўцы абмену думкамі і прапановамі.

Усе прысутныя змаглі стаць удзельнікамі цікавай дыскусіі, якая разгарнулася ў ходзе абмеркавання пытанняў выкарыстання дыферэнцаваных заданняў на ўроках матэматыкі з мэтай фарміравання ў малодшых школьнікаў умення рашаць тэкставыя задачы (выступленне настаўніка пачатковых класаў ДУА «Сярэдняя школа № 18 г. Пінска» Л.Ф. Барнатовіч), кампетэнтнаснага падыходу ў практыцы выкладання матэматыкі ў пачатковых класах (выступленне настаўніка пачатковых класаў ДУА «Сярэдняя школа № 9 г. Пінска» В.М. Гідрэвіч), тэсціравання як сродку арганізацыі кантролю ведаў вучняў на I ступені  агульнай сярэдняй адукацыі (выступленне настаўніка пачатковых класаў ДУА «Сярэдняя школа № 18 г. Пінска» Г.В. Лебядзеўскай), актыўных метадаў і формаў работы на ўроках беларускай мовы ў пачатковых класах (выступленне настаўніка пачатковых класаў ДУА «ВПК дзіцячы сад – пачатковая школа № 5 г. Брэста» А.М. Сіманюк), інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у дзейнасці настаўніка пачатковых класаў (выступленне настаўніка пачатковых класаў ДУА «Сярэдняя школа № 10 г. Пінска» В.М. Федаровіч), паразважаць аб ролі творчых заданняў на ўроках рускай мовы пры падрыхтоўцы да напісання сачынення ў пачатковай школе (выступленне настаўніка пачатковых класаў ДУА «Сярэдняя школа № 32 г. Гродна» К.А. Урбановіч), дыдактычных гульняў на ўроках рускай мовы ў папярэджанні арфаграфічных памылак (выступленне настаўніка пачатковых класаў ДУА «Сярэдняя школа № 18 г. Пінска» Т.М. Кахавец), падумаць аб развіцці творчых здольнасцяў вучяў пачатковых класаў на ўроках літаратурнага чытання (выступленне настаўніка пачатковых класаў ДУА «ВПК дзіцячы сад – пачатковая школа № 5 г. Брэста» Н.М. Максімук), абмяняцца вопытам працы па развіцці пісьмовага маўлення вучянў I ступені агульнай сярэдняй адукацыі  на ўроках рускай мовы шляхам напісання сачыненняў (выступленне настаўніка пачатковых класаў ДУА «Сярэдняя школа № 32 г. Гродна» С.М. Шышко) і інш.

На секцыях абмяркоўваліся актуальныя накірункі і аспекты развіцця сучаснай пачатковай школы: праблемы зместу і методыкі навучання малодшых школьнікаў рускай мове і літаратурнаму чытанню; сістэма навучання беларускай мове і літаратурнаму чытанню ў сучаснай пачатковай школе: вопыт і актуальныя праблемы; матэматычная і прыродазнаўчая  адукацыя ў пачатковых класах; інавацыйныя падыходы да арганізацыі адукацыйнай дзейнасці.

Па выніках працы навукова-метадычнага семінара плануецца выданне зборніка матэрыялаў.

Аргкамітэт выражае ўдзячнасць усім удзельнікам за праяўленую цікавасць і актыўны ўдзел у працы семінара.

Спадзяёмся на далейшыя плённыя сустрэчы!

Кафедра агульнаадукацыйных дысцыплін і методык іх выкладання

Поделиться: