Рэспубліканскі навукова-практычны семінар «Фальклор, мова і літаратура беларусаў у кантэксце культурнай спадчыны славян»

15 лістапада 2019 года на базе філалагічнага факультэта адбыўся рэспубліканскі навукова-практычны семінар «Фальклор, мова і літаратура беларусаў у кантэксце культурнай спадчыны славян», арганізатарам якога выступіла кафедра рускай літаратуры і журналістыкі.

Удзельнікі мерапрыемства – выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, Польшчы і Расіі, супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, аспіранты, магістранты, студэнты, а таксама настаўнікі сярэдніх агульнаадукацыйных устаноў і прадстаўнікі вытворчых арганізацый.

Адкрыўся семінар пленарным пасяджэннем, на якім з прывітальным словам на адрас удзельнікаў мерапрыемства звярнулася доктар філалагічных навук, прафесар кафедры рускай літаратуры і журналістыкі Швед Іна Анатольеўна. Яна адзначыла цікавасць даследчыкаў да акрэсленай праблематыкі семінара, што пацвярджаецца вялікай колькасцю заяўленых дакладаў. Спадзяванне на эфектыўнасць і выніковасць працы выказала дэкан факультэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Сянькевіч Таццяна Васільеўна. Загадчык кафедры рускай літаратуры і журналістыкі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Скібіцкая Людміла Васільеўна звярнула ўвагу на важнасць вывучэння фальклору, мовы і літаратуры беларусаў у кантэксце культурнай спадчыны славянскіх народаў.

На пленарным пасяджэнні былі агучаны даклады запрошаных гасцей – кандыдата сельскагаспадарчых навук, рэдактара часопіса «Картофель и овощи» І. С. Бутава, дызайнера ААТ «ЮНІС Арт» В. М. Гайдучыка, старшага выкладчыка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта М. Ю. Шода, настаўніка вышэйшай катэгорыі СШ № 31 г. Брэста Л. А. Таркінай і студэнткі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Л. А. Жураўлёвай, якая прэзентавала вынікі сумеснага з кіраўніком – прафесарам А. І. Белай – навуковага даследавання.

Праца семінара працягвалася ў 5 секцыях, у межах якіх абмяркоўваліся актуальныя пытанні фалькларыстыкі, беларускай і сусветнай літаратур, тэорыі і практыкі рэгіянальнай журналістыкі, моўнай карціны свету беларусаў, узаемадзеяння культур і інш. У адной з секцый надзённыя праблемы фалькларыстыкі, мовы, літаратуры і журналістыкі ўздымаліся маладымі даследчыкамі – студэнтамі і магістрантамі розных ВНУ.

Пры падвядзенні вынікаў працы ўдзельнікі адзначылі тэарэтычна-практычную важнасць дадзенага мерапрыемства, агучылі пажаданне неабходнасці правядзення форуму ў будучым і выказалі падзяку арганізатарам семінара.

Па выніках заслуханых дакладаў будзе падрыхтаваны электронны зборнік анатацый дакладаў.

Емяльянава Анастасія,
спецыяліст кафедры рускай літаратуры і журналістыкі

Поделиться: