Тыдзень роднай мовы – 2020

У межах Тыдня роднай мовы выкладчыкамі кафедры беларускай філалогіі і студэнтамі спецыяльнасці «Беларуская філалогія» было праведзена шмат мерапрыемстваў.

Акцыя пад лозунгам «Кветкі роднай мове» праходзіла 17 лютага. Студэнты першага курса падрыхтавалі цудоўныя букеты, малюнкі з кветкамі, кампазіцыі з выказваннямі пра родную мову.

Прайшоў конкурс знаўцаў беларускай мовы «Грані слова», у якім узялі ўдзел студэнты БрДУ і вучні школ Брэста. Мэтай конкурсу было выяўленне творчага патэнцыялу і ўзроўню лінгвістычнай кампетэнцыі студэнтаў і вучняў. Выконваючы заданні конкурсу, студэнты і школьнікі тлумачылі значэнні слоў, што адносяцца да безэквівалентнай лексікі мовы, выяўлялі зафіксаваныя ў фразеалагізмах сюжэты сусветнай літаратуры, утваралі найменні жыхароў беларускіх і замежных гарадоў.

Брэйн-рынг «Мова цікава, займальна» праводзіўся 18 лютага. Жоўтая, зялёная і чырвоная каманды выконвалі лінгвістычныя заданні рознага ўзроўню. Перамагла каманда зялёных.

19 лютага адбылася прэзентацыя новага зборніка Міколы Аляхновіча «Вясновы роздум». Нашымі гасцямі былі Мікола Аляхновіч, старшыня абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў, і Мікола Пракаповіч, паэт, тэлежурналіст. Тужлівым настроем прасякнуты радкі многіх вершаў з новага зборніка Міколы Аляхновіча. Лірычны герой кнігі надзвычай тонкая далікатная натура, якая спрабуе асэнсаваць пройдзены шлях, з удзячнасцю і любоўю згадвае тых людзей, якія дапамагалі выстаяць, застацца самім сабой. Праз вобразы пор года выяўляюцца аўтарскія адносіны да розных этапаў чалавечага жыцця: дзяцінства, маладосці, сталасці. У зборніку ўзнята шмат філасофскіх праблем: бацькоў і дзяцей, вечнага і надзённага, жыцця і смерці. Нягледзячы на дамінуючы элегічны настрой, агульны пафас кнігі – аптымістычны. Лірычны герой верыць у чалавека і чалавечнасць.

У гэты ж дзень адбылася прэзентацыя творчасці маладых паэтаў «Маладыя галасы Берасцейшчыны». Свае вершы пра родную мову, Радзіму, пра каханне чыталі студэнты філфака: Мізерыя Кацярына, Ільючык Даша, Сямейка Аліна, Бярнацкі Серафім, Антановіч Марына. Іх творчаць ацанілі слухачы і берасцейскія паэты. Маладых паэтаў-філфакаўцаў запрасілі на творчыя пасяджэнні «Літары», прапанавалі друкавацца ў часопісе «Жырандоля».

На перапынках студэнты III курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія» праводзілі бліц-віктарыну «Размаўляем па-беларуску» і майстар-клас «Філалагічны калейдаскоп». Філфакаўцаў «правяралі» на веданне значэнняў слоў, напрыклад: берасцень, бульётка, грабар, леснікоўна, моўніца, памалогія і іншыя. Студэнтам было прапанавана скласці рыфмаваныя вершаваныя радкі па «апорных» словах. Вось што ў іх атрымалася: Зорка зіхаціць // Камета ляціць // Час ідзе // Шчасце вядзе (Маркевіч Крысціна); Ты толькі жыві // Ты толькі любі // Будзь добрым душой // І ззяй цеплынёй (Ільючык Дар’я); Ты родная мова жыві // Ты чалавек яе любі // Каб не чарсцвець душой // Сагравай родныя словы цеплынёй (Катыла Міхаіл) і іншыя.

Былі падведзены вынікі ІV завочнай алімпіяды па беларускай мове для вучняў X–XI класаў г. Брэста і вобласці. Усяго даслана 762 адказы на заданні алімпіяды. Правільныя адказы на ўсе заданні далі 24 вучні.

20 лютага праходзіла імпрэза «Ты будзеш звінець, наша родная мова!». Удзельнікамі сталі навучэнцы ДУА «Сярэдняя школа № 13 г. Брэста імя В. І. Хована». На пачатку мерапрыемства былі ўручаны дыпломы пераможцам конкурса «Грані слова». Свята пачалося з песні «О Беларусь, мая шыпшына» ў выкананні студэнтаў III курса. Удзельнікі тэатральнага гуртка «У-нескладовік» паказалі пастаноўку па п’есе У. Караткевіча «Калыска чатырох чараўніц». Гучалі вершы пра родную мову беларускіх паэтаў, а таксама аўтарскія студэнцкія.

Адным з завяршальных мерапрыемстваў Тыдня беларускай мовы і літаратуры стаў вусны часопіс «Не саромся, беларус, гаварыць па-свойму», накіраваны на фарміраванне ў студэнтаў моцнай сацыяльнай матывацыі і грамадзянскай пазіцыі, устойлівай цікавасці і станоўчага стаўлення да беларускай мовы, жадання дасканала авалодаць ёю. Мерапрыемства праходзіла ў Навукова-асветным цэнтры імя У. А. Калесніка 21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы. Адна са старонак часопіса была прысвечана гісторыі з’яўлення гэтага свята. Змест вуснага часопіса асвятляў стан беларускай мовы і культуры ў Беларусі і за яе межамі.

21 лютага адбылася рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Нацыянальна-культурны кампанент у літаратурнай і дыялектнай мове». Падчас пленарнага пасяджэння прагучалі даклады, якія закраналі розныя аспекты ўзаемадзеяння мовы, літаратуры і культуры. Доктар філалагічных навук, прафесар З. П. Мельнікава акрэсліла ролю польскай культуры і палякаў у жыцці і творчасці У. Караткевіча. Стан беларускай тэрмінаграфіі першай паловы ХХ стагоддзя – спосабы падачы матэрыялу, яго аб’ём у першых тэрміналагічных слоўніках – былі прадстаўлены ў выступленні Д. В. Дзятко, загадчыка кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. Сродкі беларускай мовы ва ўтварэнні сучаснай прафесійнай лексікі, зафіксаванай на беларускамоўных сайтах, у друкаваных сродках масавай інфармацыі, у падручніках па прафесійнай лексіцы для студэнтаў ВНУ, былі разгледжаны ў выступленні К. Д. Ганчарэнка, старшага навуковага супрацоўніка Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Прадметам аналізу ў дакладзе І. У. Гетмана, галоўнага рэдактара Іванаўскай раённай газеты «Янаўскі край», стаў беларускамоўны кампанент у сучасных друкаваных СМІ Берасцейшчыны. Дацэнт кафедры беларускай філалогіі С. Ф. Бут-Гусаім разгледзела адлюстраванне ў антрапаніміконе гістарычнай прозы В. Іпатавай звестак аб матэрыяльнай і духоўнай культуры Беларусі.

Дзякуем усім удзельнікам нашых мерапрыемстваў і спадзяёмся на наступныя плённыя сустрэчы!

Кафедра беларускай філалогіі

Поделиться: