Майстар-клас па рынга

На пляцоўцы Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна адбыўся майстар-клас па рынга, які сумесна праводзілі кафедра спартыўных дысцыплін факультэта фізічнага выхавання і сацыяльна-педагагічны факультэт разам з Грамадскім аб’яднаннем “Беларуская федэрацыя рынга”.

У госці да нашых студэнтаў прыехала прадстаўнічая дэлегацыя з Мінску на чале з яе генеральным сакратаром Андрэем Конанам. У складзе дэлегацыі знаходзіліся таксама Павел Чудук (№1 у агульнабеларускім рэйтынгу), Ігар Ярута (№2 у агульнабеларускім рэйтынгу), Аляксей Сташэўскі (№6 у агульнабеларускім рэйтынгу) і Аляксандар Шулякоўскі (№8 у агульнабеларускім рэйтынгу). Сярод гаспадароў таксама знайшліся аматары гэтага віду спорта: Іван Шулькевіч (№ 20 у агульнабеларускім рэйтынгу), а таксама Віталь Іванюк і Павел Цімашук (усе – факультэт фізічнага выхавання).

Пасля ўступнага слова дацэнта кафедры спартыўных дысцыплін, арбітра міжнароднай катэгорыі па рынга Ул.П.Люкевіча адбылася відэапрэзэнтацыя, якая ўключала ў сябе гісторыю ўзнікнення, станаўлення, развіцця і распаўсюджвання гэтай гульні, якая, як аказваецца, знайшла сваё месца ў шмат якіх краінах свету. Затым былі прадэманстраваныя падставовыя правілы гульні і адбыўся паказальны матч “двоек” у выкананні прадстаўнікоў зборнай Беларусі, якія, дарэчы, з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі шматлікіх міжнародных спаборніцтваў. Удзельнікі майстар-класу атрымалі магчымасць паспрабаваць свае сілы ў выканані разнастайных кідкоў, а таксама паўдзельнічаць у міні-турніры па рынга. Такім чынам, на працягу амаль дзвюх гадзін больш за 50 студэнтаў геаграфічнага і сацыяльна-педагагічнага факультэтаў, факультэта замежных моў і факультэта фізічнага выхавання атрымалі дасведчанне ў гэтай цікавай і захапляльнай гульні.

У якасці падсумавання праведзенага мерапрыемства генеральны сакратар ГА “Беларуская федэрацыя рынга” Андрэй Конан сказаў наступнае: “Мы робім шмат намаганняў дзеля папулярызацыі рынга. У 2012 годзе выязджалі ў розныя гарады краіны: Пінск, Смалявічы, Маладзечна. Плануем гэта практыкаваць і надалей, каб узнікла як мага больш пунктаў, дзе б гулялі ў рынга. У Брэсце, дзякуючы намаганням кафедры спартыўных дысцыплін, – цудоўныя перспектывы для развіцця гэтага віду спорта. У вашым горадзе хацелася б правесці і Міжнародны турнір, бо сюды вельмі зручна даязджаць гасцям з Германіі, Літвы, Польшчы, Славакіі і Чэхіі”.

Хрысціна Насульчык,
студэнтка
IV курса факультэта замежных моў

Share:

Information export support website

Official website about higher education in the Republic of Belarus for foreign citizens

The Centre for International Relations of the Ministry of Education of the Republic of Belarus