Рэспубліканская навуковая канферэнцыя “Актуальныя праблемы мовазнаўства і лінгвадыдактыкі” да 75-годдзя з дня нараджэння прафесара Г.М.Малажай

15 сакавіка 2013 года на філалагічным факультэце адбылася Рэспубліканская навуковая канферэнцыя “Актуальныя праблемы мовазнаўства і лінгвадыдактыкі” да 75-годдзя з дня нараджэння прафесара Галіны Мікалаеўны Малажай.

Сёлета, 15 сакавіка 2013 года, Галіне Мікалаеўне Малажай споўнілася б 75 гадоў. Няцяжка ўявіць яе, маладжавую, рухавую, у працы... А 14 мая будзе 8 гадоў, як яе, нястомнай працаўніцы, няма з намі... Шмат пераменаў адбылося за гэтыя гады ў сістэме адукацыі. Засталіся, аднак, актуальнымі тыя падыходы да стварэння падручнікаў і дапаможнікаў, якія былі вызначальнымі для Г.М.Малажай. Па-ранейшаму застаюцца запатрабаванымі яе дапаможнікі для вышэйшай школы, для навучэнцаў сярэдніх агульнаадукацыйных устаноў, для абітурыентаў.

На запрашэнне адгукнуліся вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі, прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, аспіранты, магістранты, настаўнікі і студэнты, завочны ўдзел прынялі асобныя навукоўцы з Польшчы. У праграме канферэнцыі – 130 заяўленых выступоўцаў. Удзельнікаў канферэнцыі віталі прарэктар па навуковай працы і эканоміцы У.В.Здановіч, прафесар кафедры філасофіі В.А.Сцепановіч, дэкан філалагічнага факультэта В.А.Фелькіна. Выступоўцы адзначылі плённую, ахвярную працу прафесара Г.М.Малажай на ніве беларускай філалогіі, культуры, асветы.

Прыемным адкрыццём для ўсіх удзельнікаў канферэнцыі было выступленне праўнучак Галіны Мікалаеўны Малажай. Старэйшая – Кацярына, вучаніца 5-га класа СШ № 3, вітала ўсіх цудоўным выкананнем беларускай песні. Меншая – Рэната, вучаніца 3-га класа СШ № 3, здзівіла прысутных прэзентацыяй цікавага даследавання пра сваю прабабулю, падрыхтаванага пад кіраўніцтвам сваёй настаўніцы Т.А.Гардзеенка.

У дачыненні да асобы і дзейнасці Г.М.Малажай гарманічным было музычнае прывітанне Яны Буцкевіч, студэнткі 4-га курса псіхолага-педагагічнага факультэта (кіраўнік – дацэнт кафедры тэорыі і методыкі эстэтычнай адукацыі Л.І.Борсук). Для ўдзельнікаў канферэнцыі было цікава пачуць выступленні навукоўцаў, якія супрацоўнічалі з Г.М.Малажай, – доктара філалагічных навук, прафесара, загадчыка кафедры гісторыі беларускай мовы БДУ М.Р.Прыгодзіча, дацэнта кафедры беларускага мовазнаўства Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.Машэрава Л.С.Васюковіч. Добрым знакам стала прысутнасць, удзел у канферэнцыі загадчыка кафедры беларускай мовы БДПУ імя М.Танка Д.В.Дзятко. Менавіта з гэтай кафедрай, якую шмат гадоў узначальваў Ф.М.Янкоўскі, творча супрацоўнічала Г.М.Малажай. Падчас працы канферэнцыі былі абмеркаваны актуальныя праблемы мовазнаўства і методыкі выкладання мовы, удзельнікі маглі пазнаёміцца з выставай кніг, створаных Г.М.Малажай самастойна і ў суаўтарстве.

Шчыраверная Слову – гэткай перыфразай можна вобразна сказаць пра Галіну Мікалаеўну Малажай, вялікую і простую асветніцу роднай Беларусі. Менавіта асветніцу. І не толькі таму, што яе прафесійнае жыццё было звязана з асветай, з адукацыяй, але найперш таму, што была стваральніцай Кнігі, ішла заўсёды наперад і наперадзе, рэалізоўвала на практыцы новыя ідэі дзеля ўзгадавання і ўмацавання беларускага Слова. Праз Кнігу несла святло чалавечнасці, людскасці, дабрыні.

Спадчына Г.М.Малажай – прафесара, члена-карэспандэнта Беларускай акадэміі адукацыі – адметная старонка ў гісторыі беларускага мовазнаўства і лінгвадыдактыкі. У спісе яе публікацый – больш за 300 найменняў. У 2006 годзе, да ўгодкаў Г.М.Малажай, пры дзейснай падтрымцы кіраўніцтва Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта была адкрыта імянная аўдыторыя – аўдыторыя імя прафесара Г.М.Малажай, дзе прапанавана экспазіцыя, у якой – адлюстраванне плёну яе працы, яе навуковай школы. Гэтая экспазіцыя – адлюстраванне цэлай эпохі ў летапісе кафедры беларускага мовазнаўства, у летапісе гісторыі ўніверсітэта. Кожны, хто прыйдзе ў гэтую аўдыторыю, сустрэнецца з удумлівым, патрабавальна-зычлівым поглядам Галіны Мікалаеўны, убачыць плён яе працы – кнігі, перажыве здзіўленне і захапленне: як многа можа зрабіць адзін чалавек, калі ён жыве па душы, па сумленні, жыве стваральнай працай дзеля роднага.

І недзе там, у “яснасяйных высях”, няхай усцешыць яе Душу прарослае зернятка нашай памяці – яе вучняў, сяброў, аднадумцаў, няхай адгукнецца ў таямнічых прасторах Космасу слова ўдзячнасці ёй, асветніцы Беларусі, яе прамоўленаму і напісанаму сакавіцкаму, сакавітаму Слову, ёй, шчыравернай Слову.

Кафедра беларускага мовазнаўства

Share:

Information export support website

Official website about higher education in the Republic of Belarus for foreign citizens

The Centre for International Relations of the Ministry of Education of the Republic of Belarus