Свята беларускіх рамёстваў і спецыяльнасцяў: ад пакалення да пакалення

27 сакавіка 2014 года вучэбная фальклорна-краязнаўчая лабараторыя і цэнтр «Прафарыенцір» арганізавалі свята беларускіх рамёстваў і спецыяльнасцяў, на якім прысутнічалі студэнты сацыяльна-педагагічнага, філалагічнага факультэтаў і іншаземныя слухачы факультэта давузаўскай падрыхтоўкі.

Аўдыторыю ўпрыгожылі абрусы, ручнікі, дыванкі, посцілкі, прылады сялянскай працы і народнага быту. Ганаровымі гасцямі свята былі прарэктар па выхаваўчай і сацыяльнай рабоце Матыцына Інга Генадзьеўна, памочнік рэктара Іванчын Генадзь Іванавіч, дэкан факультэта давузаўскай падрыхтоўкі Мірская Алена Іванаўна, выпускніца псіхолага-педагагічнага факультэта, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтэса Марыя Якімук.

Кіраўнік цэнтра “Прафарыенцір” Кавалевіч Марыя Сцяпанаўна прапанавала прысутным звярнуцца да да багатай і невычэрпнай спадчыны беларускага народа, у якой увасобілася неабдымная, вечна жывая душа народа, яго багаты, назапашаны стагоддзямі практычны вопыт і эстэтычны густ. Створаныя па законах хараства вырабы народных майстроў не пакідаюць абыякавымі ні дзяцей, ні дарослых. Знаёмства з імі выклікае пачуццё гонару за свой народ, які ў цяжкіх умовах стварыў выдатныя, высокамастацкія вырабы з самых звычайных, шырокадаступных матэрыялаў: дрэва, гліны, лазы, саломы, льну і інш.

Падчас мерапрыемства прысутныя даведаліся пра гісторыю станаўлення народных промыслаў і рамёстваў на Беларусі. Прафесар Швед Іна Анатольеўна пазнаёміла слухачоў з традыцыйнай сімволікай вырабаў народных промыслаў. Паэтэса Марыя Якімук прачытала ўласны верш “Мама пякла пірог”і расказала пра прылады працы беларускіх рамеснікаў.

Асаблівую цікавасць у прысутных выклікалі майстар-класы: валяльнай справы “шапавалаў”, які арганізавалі і правялі супрацоўнікі і навучэнцы Брэсцкага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра пад кіраўніцтвам педагогаў Хоміч Любові Адамаўны і Самаукінай Веранікі Аляксандраўны; па карвінгу, падрыхтаваны і праведзены начальнікам тарговага цэнтра ўніверсітэта Федасенка Ірынай Валянцінаўнай і загадчыкам вытворчасці Буян Таццянай Паўлаўнай.

Старшыя выкладчыкі кафедры тэорыі і методыкі эстэтычнай адукацыі Марчук Валерый Іванавіч і Марчук Марына Уладзіміраўна пазнаёмілі прысутных з асаблівасцямі прафесій майстроў ганчарнай справы, саломапляцення, выцінанкі, а таксама са старажытнай традыцыяй роспісу на жывым яйку пры дапамозе фарбаў і воску – пісанкі.

На працягу ўсяго свята гучалі беларускія народныя песні “Мой родны кут”, “Белавежская пушча”,“Спяваем разам”, “Ой, ляцелі гусанькі”, “Ой, рэчанька”, “Мой вяночак” у выкананні студэнтаў сацыяльна-педагагічнага і філалагічнага факультэтаў. У заключэнне іншаземныя слухачы факультэта давузаўскай падрыхтоўкі выканалі народныя туркменскія песні і танцы. Пераапрануўшыся ў беларускае традыцыйные адзенне, туркмены з задавальненнем танцавалі “Беларускую польку”.

Вучэбная фальклорна-краязнаўчая лабараторыя,
цэнтр «Прафарыенцір»

 

Share:

Information export support website

Official website about higher education in the Republic of Belarus for foreign citizens

The Centre for International Relations of the Ministry of Education of the Republic of Belarus