Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Культура правядзення вольнага часу дзяцей і моладзі: тэорыя і практыка”

Кафедра спартыўных дысцыплін у супрацоўніцтве з Упраўленнем спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама і Сектарам спорту і турызму Брэсцкага гарвыканкама 25-26 красавіка 2014 года правяла чарговую Рэспубліканскую навукова-практычную канферэнцыю “Культура правядзення вольнага часу дзяцей і моладзі: тэорыя і практыка”.

На гэты раз удзел у дыскусіях па азначанай праблематыцы, акрамя прадстаўнікоў нашага ўніверсітэта, прынялі навукоўцы з Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (Мінск), Вышэйшай дзяржаўнай прафесійнай школы ў Хэлме (Польшча), Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, Дзяржаўнай вышэйшай школы імя Папы Яна Паўла ІІ у Бяла Падлясцы (Польшча), Нацыянальнага ўніверсітэта імя Івана Франко ў Львове (Україна), Універсітэта імя Марыі Кюры-Складоўскай ў Любліне (Польшча), Універсітэта прыродазнаўчых і гуманітарных навук у Седльцах (Польшча).

У сваіх выступленнях рэферэнты шмат увагі надавалі культуры правядзення вольнага часу школьнай і студэнцкай моладзі. Так, напрыклад, дацэнт Г.М.Казаручык (Брэсцкі дзяржаўны універсітэт) у сваім дакладзе на падставе праведзеных сацыялагічных даследаванняў вызначыла шэраг асаблівасцяў фармавання дэвіянтных паводзінаў, якія складваюцца ў падлеткаў. Дацэнт Я.К.Кулінковіч (Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь) сканцэнтравалі сваю ўвагу на разнастайных аспектах прафесійнай падрыхтоўкі студэнтаў – будучых спецыялістаў – у справе фармавання адпаведных патрэб у сферы культуры правядзення вольнага часу.

Не менш важнай стала тэматыка культурнай адаптацыі моладзі да патрабаванняў сучаснага глабалізаванага грамадства. Так, прафесар М.Гвозда (Універсітэт імя Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне, Польшча) прэзентаваў надзвычай цікавы сацыяльны праект алімпійскага дзесяціборства. У вялікай ступені аспект аматарскага спорту быў закрануты падчас прэзентацыі дакладу дацэнтам Ул.П.Люкевічам (Брэсцкі дзяржаўны універсітэт). Актуалізацыя праблематыкі правядзення вольнага часу дзяцей і моладзі была працягнута ў дакладзе прафесара П.Мазура з Вышэйшай дзяржаўнай прафесійнай школы ў Хэлме (Польшча). У ягоным выступе была дакладна акрэслена праблема залежнасці рухавай дзейнасці школьнікаў ад іх захаплення кампутарнымі гульнямі, актыўнасцi ў сацыяльных сетках і Iнтэрнэце.

Акрамя таго, падчас канферэнцыі адбылася студэнцкая навуковая сесія “Культура і гуманітарызацыя”, на якой у двух секцыях пад кіраўніцтвам выкладчыкаў Т.В.Трафімавай (Брэсцкі дзяржаўны універсітэт) і Г.А.Падгайскай (Брэсцкi ліцэй чыгуначнага транспарта) было заслухана каля 30 дакладаў. Неабходна дадаць, што лепшыя выступленні студэнтаў будуць выдадзены асобным зборнікам.

Пры падвядзенні вынікаў канферэнцыі было адзначана, што зараз пашырыліся прапановы адносна формаў правядзення дасугу. Але, з другога боку, выяўляецца пасіўнасць моладзі ў накірунку здаровага ладу жыцця.

У цэлым канферэнцыя “Культура правядзення вольнага часу дзяцей і моладзі: тэорыя і практыка” прайшла на высокім навукова-метадычным узроўні. Было прачытана і заслухана каля 60 дакладаў, у тым ліку 7 на пленарных паседжаннях.

Акрамя таго, аргкамітэт правёў экскурсійна-пазнавальны аўтамабільны тур для удзельнікаў па беларуска-польскім памежжы, экскурсію па горадзе Кобрыну і здолеў на практыцы пазнаёміць з умовамі адпачынку на прыкладзе працы агратурыстычнай сядзібы “Купалінка” ў Кобрынскім раёне.

Т.В.Трафімава,
выкладчык кафедры філасофіі

Share:

Information export support website

Official website about higher education in the Republic of Belarus for foreign citizens

The Centre for International Relations of the Ministry of Education of the Republic of Belarus