Творчая сустрэча з пісьменнікамі Берасцейшчыны

На філалагічным факультэце 16 лютага адбылася творчая сустрэча з пісьменнікамі Берасцейшчыны Іванам Мельнічуком, Аляксеем Філатавым, Васілём Дэбішам і Лявонам Валасюком. Прадстаўляў гасцей кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства і дыялекталогіі паэт і перакладчык Мікола Аляхновіч. Ва ўступным слове ён пазнаёміў студэнтаў з пісьменнікамі, распавядаў пра адметнасці іх творчых набыткаў.

Першым з творцаў узяў слова Іван Мельнічук, які адзначыў, што ў свой час закончыў філалагічны факультэт нашай навучальнай установы, вучобу сумяшчаў з працай журналістам у брэсцкай раённай газеце “Заря над Бугом”, многа пісаў на рускай і беларускай мовах. Зараз ён на пенсіі, але актыўна працягвае займацца грамадскай і творцай дзейнасцю. Іван Міхайлавіч прачытаў прысутным некалькі мініяцюр, адрасаваных дзецям, а таксама пазнаёміў з пародыямі на творы сяброў-паэтаў.

Аляксей Філатаў таксама выпускнік філалагічнага факультэта нашага ўніверсітэта. Ён расказаў прасутным пра свой складаны жыццёвы лёс: смерць мамы ў першы дзень вайны, канцэнтрацыйны лагер для маленькіх дзяцей. Пісьменнік прачытаў свой новы твор, напісаны на аснове ўласнага жыццёвага матэрыялу.

Васіль Дэбіш прадэкламаваў вершы любоўнай тэматыкі, якія выклікалі ў слухачоў вялікую цікавасць. Ён паведаміў, што, магчыма, у хуткім часе прыйдзе зноў у госці да філфакаўцаў у сувязі з мяркуемым выхадам новай паэтычнай кнігі.

Лявон Валасюк выпускнік школы № 16, у якой доўгі час працавала Заслужаная настаўніца Беларусі А.В. Башчук. Яна прывіла свайму вучню вялікую любоў да беларускага слова, нацыянальнай гісторыі і культуры. Менавіта таму, архітэктар па адукацыі, Л. Валасюк актыўна займаецца літаратурнай творчасцю: піша вершы, аповесці, раманы.

Мікола Аляхновіч не абмежаваўся толькі мадэратарствам – ён прачытаў уласныя вершы і пераклады з іншых еўрапейскіх моў.

Прысутныя мелі магчымасць набыць кнігі пісьменнікаў, атрымаць іх аўтографы.

Тэкст і фота Уладзіміра Сенькаўца

Share:

Information export support website

Official website about higher education in the Republic of Belarus for foreign citizens

The Centre for International Relations of the Ministry of Education of the Republic of Belarus