«Націск» – віцэ-чэмпіён

У межах прафарыентацыйнай працы кафедры спартыўных дысцыплін на базе СШ №1 26 сакавіка адбыўся фінальны матч па міні-футболе University Futsal Open League-2014/15 паміж камандамі «Націск» (Факультэт фізічнага выхавання БрДУ) і Будаўнічага факультэта (БрДТУ).

Гэтыя спаборніцтвы праводзяцца другі раз у адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па стварэнні студэнцкіх ліг па гульнявых відах спорту. Турнір у нашым горадзе праходзіў пры садзейнічанні Аддзела спорту і турызму Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта (заг. аддзела – Я.М. Праліска), Федэрацыі футбола Брэсцкай вобласці (старшыня – Я.С. Трацюк) і аматарскага клуба па міні-футболе «Аматар» (старшыня – У.П. Люкевіч). У спаборніцтвах гэтага сезона дзякуючы ўзаемадзеянню кафедраў спартыўных дысцыплін БрДУ (загадчык кафедры – дацэнт К.І. Белы) і фізічнай культуры БрДТУ (загадчык кафедры –дацэнт Н.І. Казлова) прынялі ўдзел восем каманд: факультэта фізічнага выхавання, а таксама гістарычнага, сацыяльна-педагагічнага і юрыдычнага факультэтаў нашага ўніверсітэта, якія спаборнічалі з дружынамі будаўнічага (два калектывы), эканамічнага факультэтаў і факультэта інжынерных сістэм і экалогіі БрДТУ. Гульні ў групах пачаліся яшчэ ў лістападзе мінулага года і скончыліся фінальным матчам у сакавіку гэтага года.

Заключны паядынак сабраў вялікую колькасць прыхільнікаў як адной, так і другой каманды, якія разам са школьнікамі эмацыйна перажывалі за перапетыямі сустрэчы.

«Націск» (Факультэт фізічнага выхавання БрДУ) – Будаўнічы факультэт (БрДТУ) – 2:3 (1:1). Галы: Дзмітрый Капылоў (1), Станіслаў Куліна (34) – Рагім Губадаў (5, 27, 40).

«Націск»: Дзмітрый Капылоў, Віталь Іванюк (капітан каманды), Аляксей Пышынскі, Станіслаў Куліна, Павел Бондар (варатар), Вадзім Чапялевіч, Ігар Пісарэвіч.

Трэцімі прызёрамі сталі каманды Сацыяльна-педагагічнага факультэта БрДУ і Эканамічнага факультэта БрДТУ. Сярэбраныя медалі фіналістам, а таксама чэмпіёнскі кубак і залатыя медалі пераможцам былі атрыманы з рук старшыні Арганізацыйнага камітэта спаборніцтваў дацэнта У.П. Люкевіча, вядучага спецыяліста Аддзела спорту і турызму Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта М.І. Шайко, а таксама дзвюх чароўных студэнтак геаграфічнага факультэта Веранікі Боўбель і Аліны Лапачук. Лепшым бамбардзірам турніру стаў Рагім Губадаў, які забіў 22 мячы і атрымаў прыз ад дэпутата Брэсцкага гарадскога савета Г.І. Іванчына, а MVP спаборніцтваў прызнаны Мікіта Самасюк (Сацыяльна-педагагічны факультэт).

Диана ПолулехЯк ацэньваўся мінулы фінал з трыбун? Вучаніца 10 класа Дзіана Палулех: «Я балела за спартфак. На жаль, каманда прайграла. Тым не менш я збіраюся разам з маімі сяброўкамі паступаць менавіта ў БрДУ. Або на сацыяльна-педагагічны факультэт, або на геаграфічны».

Сваё меркаванне аб мінулых спаборніцтвах выказалі асобы, якія маюць дачыненне да іх арганізацыі і правядзення:

Н.А. Леанюк, дэкан сацыяльна-педагагічнага факультэта: «Я вельмі рада, што нашы студэнты заваявалі прызавое месца. Спартыўная складовая у жыцці маладых людзей займае вельмі важнае месца. Закладваецца трывалы падмурак у арыентацыях на здаровы лад жыцця».

К.И. БелыйК.І. Белы, заг. кафедры спартыўных дысцыплін: «У адпаведнасці з асноўнымі напрамкамі дзейнасці кафедры ў арганізацыі працы са спартыўнымі камандамі па гульнявых відах спорту робіцца максімальна магчымае па актывізацыі падобнага роду мерапрыемстваў. На жаль, з-за недастатковага фінансавання нашы студэнты ўсё радзей удзельнічаюць у афіцыйных спаборніцтвах, і, як вынік, тая ж міні-футбольная каманда паслядоўна «вылецела» са структуры абласных і гарадскіх спаборніцтваў, страціла месцы ў такіх прэстыжных рэгіянальных турнірах, як Elite League і Premiere League. Універсітэцкая міні-футбольная ліга ў нейкай меры кампенсуе недахоп гульнявой практыкі».

Чэмпіянат сезона 2014/15 года завершаны. Ён прынёс мноства неперадавальных пазітыўных эмоцый. Удзельнікі турніру да восені застаюцца ў чаканні наступнага старту.

Міхаіл Кепцюха,
студэнт IV курса факультэта фізічнага выхавання

Фота: Вераніка Боўбель, Аліна Лапачук

Information export support website

Official website about higher education in the Republic of Belarus for foreign citizens

The Centre for International Relations of the Ministry of Education of the Republic of Belarus