Прэзентацыя кнігі М.І.Пашкевіча “У родным слове адгукаецца душа…”

У рамках навукова-практычнага семінара “Мова роднай вёскі: да праблемы актывізацыі даследча-пошукавай працы студэнтаў і вучняў” адбылася прэзентацыя кнігі старшага выкладчыка кафедры беларускага мовазнаўства Мікалая Іванавіча Пашкевіча “У родным слове адгукаецца душа…”. Гэтая кніга працягвае ўнікальны вопыт стварэння ў слове падзякі роднай сялібе – “поселі”, маці, бацьку, роду, вяскоўцам-землякам, Радзіме. Прысутныя пачулі аповяд аўтара пра мінулае і сучаснае вёскі Рубель, ахрышчанай Уладзімірам Караткевічам як “наш Кітай”.

Паказ слайдаў – ваколіцаў Рубля, краявідаў адметнай ракі Чаквы, моста, храмаў – суправаджаўся каментарыем М.І.Пашкевіча, аповядам пра дарагія сэрцу знакі-вобразы Рубля – хутары, калодзеж, паром, чайную, малачарню, кладкі – тыя вобразы, якія, на жаль, незваротна знікаюць ці зніклі з ваколіцаў Рубля, аднак засталіся ў душы аўтара і жыва паўстаюць у ягоных абразках. Такой жывасці, каларыту дасягае аўтар дзякуючы таму, што на старонках гэтае кнігі гарманічна і самавіта жыве роднае, матчына слова, слова рубельцаў.

Сваім адкрыццём гэтай кнігі падзялілася дацэнт кафедры агульнага і рускага мовазнаўства Галіна Васільеўна Пісарук. У выкананні студэнтаў філалагічнага факультэта прагучалі мініяцюры М.І.Пашкевіча – своеасаблівыя філалагічныя эцюды, у якіх адкрываецца багацце жывога народнага слова, а ў ім – і вобраз, і ацэнка, назіральнасць і досціп, дарагі ўспамін і навука. Для ўдзельнікаў семінара цікава было пачуць слова саміх “рубэльцаў”. Так, цікавыя факты пра Рубель, а таксама высокую ацэнку кнігі М.І.Пашкевіча пачулі прысутныя ў выступленні доктара гістарычных навук, прафесара, загадчыка кафедры гісторыі славянскіх народаў Аляксандра Мікалаевіча Вабішчэвіча. Студэнткі 5-га курса філалагічнага факультэта Ганна Пашкевіч і Наталля Пашкевіч (Скрабец) прэзентавалі рубельскі лексіка-фразеалагічны слоўнік, складзены М.І.Пашкевічам.

Прэзентацыя кнігі “У родным слове адгукаецца душа …” выклікала ў студэнтаў і выкладчыкаў захапленне здзейсненай М.І.Пашкевічам працай, абудзіла жаданне збіраць і захоўваць жывое народнае слова, у якім – гісторыя, культура, мараль нашых продкаў. Гэтая кніга, бясспрэчна, зацікавіць вучоных-славістаў і, вядома, саміх рубельцаў.

Кафедра беларускага мовазнаўства

Share:

Information export support website

Official website about higher education in the Republic of Belarus for foreign citizens

The Centre for International Relations of the Ministry of Education of the Republic of Belarus