“Апокрыф” М. Багдановіча
Уладзімір Калеснік
Апавядане Багдановіча "Апокрыф" упершыню апублікавана ў 1913 годзе ў "Каляднай пісанцы", датуецца годам надрукавання. Напісана яно ў таямніча-ўзнёслым стылі евангельскіх паданняў і ўзнікшага ў рэчышчы хрысціянскай міфалогіі жанру апокрыфаў. Пачынаецца сталаю формулай: "У Максіма кніжніка пачатак..." Далей уводзіцца апакрыфічны матыў вандравання Хрыста, апостала Пятра і святога Юр'я, апісанне іх сустрэчы ў беларускай вёсцы з музыкам, разважанні пра карыснае і прыгожае. Вандраванні святых вядомы былі Багдановічу з біблейскіх міфаў пра Аўраама, з рускіх былінаў (калікі перахожыя), беларускіх легендарных казак, твораў беларускай і рускай рамантычнай літаратуры ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Як і ў казках-легендах, святыя вандроўнікі з "Апокрыфа" вядуць павучальную гутарку. Дзея апавядання працякае ў патрыярхальныя часы з іх культам звычаю, асвячэннем працы, хлеба і вады, жосткай залежнасцю асобы ад волі божай, ласкі і гневу ўладара свету і цягай да міфатворчасці. Аднак герояў "Апокрыфа" займаюць не касмаганічныя ўяўленні і не інтэрпрэтацыя біблейскіх сюжэтаў і рэлігійных догмаў, як звычайна бывае ў казках і сапраўдных апокрыфах, тут вырашаецца агульначалавечая этычная праблема, надзённая для літаратуры беларускага нацыянальнага адраджэння. Ці патрэбны галодным людзям песні? Ці мае права складаць іх музыка ў часе жніва, ухіляючыся ад фізічнай працы? І ўвогуле, навошта песня таму, у каго кішкі марша іграюць?
Апостал Пётра лічыць, што музыка і песні не патрэбны галодным. Так думаць прадпісвала суровая этыка раннехрысціянскіх абшчын, дзе ўзнік і панаваў прынцып "Хто не працуе, той не есць" і хрысціянская дактрына, што асуджала хараство і мастацтва як цялесныя спакусы. У заходнееўрапейскіх хрысціянскіх міфах Пётра лічыўся князем апосталаў, ключнікам, цвёрдым у веры, як скала, аднак здарылася і яму тройчы адрачыся ад Хрыста і такім чынам збавіцца ад самаўпэўненасці. Беларускія легендарныя казкі прыпісваюць яму, як і святым Юрыю і Міколу, яшчэ панскую ганарлівасць, сварлівасць і нават злапамятнасць ("Святы Пётра і скупая жанчына"). У казках святыя наогул супернічаюць паміж сабою, чубяцца за ўладу і славу, помстуюць адзін аднаму, спаганяючы злосць на мужыках, а Бог выступае арбітрам ("сядзіць і праўды глядзіць"). У творы Багдановіча Юры наогул бяздзейнічае, яго прысутнасць у сюжэце спатрэбілася для прыліку: вандроўнікаў стала трое, як у старазапаветнай Тройцы (А. Рублёў). Пётра паказваецца дагматыкам, заслепленым жорсткім маралістам, які нават спачуванне бедным ператварае ў скрайнасць, якая гатова збядніць іх духоўна. Хрыстос не падтрымлівае жорсткага артадокса: "Ты, шкадуючы галодных людзей, асудзіў песню, але галодныя людзі не асудзілі яе". Хрыстос у творы зыходзіць з практыкі народнага жыцця, з традыцый і звычаяў народа і там шукае адказу. Але Пётра не хоча здавацца, ён робіць толькі малую фармальную ўступку: "няхай жа ў песнях будуць думкі добрыя і павучальныя, каб апроч красы меўся ў іх спажытак чалавеку". Постаць Пятра, як відаць з прыведзеных выказванняў, набліжана ў Багдановіча нават не да народных легендаў ці апокрыфаў, а больш да хрысціянскай патрыстыкі, твораў сярэдневяковых айцоў царквы, аскетаў, якія сумняваліся ў маральнай чысціні мастацтва, а зямную красу называлі распуснаю "спакусаю вачэй" (святы Аўгусцін). Адзіным увасабленнем для іх быў Бог і свет божых ідэй. Такія погляды рашуча аспрэчваліся эстэтыкай і мастацтвам эпохі Адраджэння, якое абвясціла ўсё прыгожае маральным. У часы Багдановіча мадэрнісцкія плыні ў мастацтве выцягвалі і смакавалі экстравагантнасці сярэднявечнай містычнай філасофіі і эстэтыкі (неатамізм), бралі яе аргументы длоя сваіх тэорый чыстай красы. Ідэалістычная эстэтыка лічыла прыгожае і карыснае вечнымі антаганістамі, адносіла красу і мастацтва да высокай духоўнай сферы жыцця, а карысць, працу – да нізкай, цялесна-матэрыяльнай. У "Апокрыфе" Багдановіча такому падзелу супрацьстаіць народная традыцыя, а Хрыстос выступае ў ролі вешчуна народных ідэалаў, інтэлігента-асветніка і мужыцкага заступніка, такое ўвасабленне адпавядае традыцыям прагрэсіўнага рускага мастацтва ХІХ – ХХ стагоддзяў (карціна Іванова "З'яўленне Хрыста народу"), публіцыстычныя і мастацкія творы Ф. Дастаеўскага, Л. Талстога, А. Блока сведчаць пра плённы пошук рускай літаратурай пачатку ХХ стагоддзя ідэйна-творчых арыенціраў. Завяршаецца твор павучальнай прытчай пра каласы і васількі, якія аказваюцца не звычайным пустазеллем у жыце, а раслінай карыснай, толькі карысць яе ў духоўнай сферы. Земляроб, гаспадар нівы, гаворыць пра васількі: "Я не вырву з карэннем, як усякае благое зелле. Няхай растуць і радуюць, як у маленстве, сэрца маё". Хрыстос, прызнаючы бясспрэчнасць поглядаў селяніна, разгортвае гэтую думку, надае ёй шырока быційны сэнс: "Добра быць каласамі, але шчасліў той, каму давялося быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?". Новым пацверджаннем слушнасці сказанага з'явілася песня жнеяў, у якой чулася: "Няма лепш цвяточка над васілёчка". Пераканаўшыся на фактах жыцця, што ў народнай свядомасці краса і карысць не канфліктуюць, а ідуць поруч і дапаўняюць адно другое, "святыя вандроўнікі далей ужо моўчкі ішлі".
Хрыстос апраўдаў музыку, які адчуваў сябе вінаватым перад людзьмі за тое, што не працаваў разам са жнеямі ў полі, а толькі складаў і дарыў ім песні на радасць і спаталенне душы. Канчаецца апавяданне традыцыйнаю для апокрыфаў магічнай закрэпкай-папярэджаннем і перасцярогай людзям, якія забылі словы Хрыста і сляды яго босых ног "даўно ўжо затапталі". У кантэксце Багдановічавай паэзіі і паэтыкі гэты зварот гучыць як напамін пра фатальную нястачу пашаны да мінулага, да мудрых традыцый народа. Хрыстос іграе ролю апекуна народнага звычаю і мастацтва, заступніка мастакоў, які і сам валодае дарам слова, пра што сведчыць вобразнасць, афарыстычнасць і ўзвышанасць стылю яго гаворкі. Эфект узнёсласці дасягаецца сінтаксічнымі інверсіямі, узмацняльнымі паўторамі слоў, афарызмамі і парадоксамі, архаізмамі і рытуальнымі формуламі: "Сапраўды кажу я табе", "Я ж гаварыў вам", "Так казаў гаспадар у сэрцы сваімі", "Не схіляй нізка галавы сваёй", "Не хавай твар твой ад вачэй людскіх", "Вось надойдзе да яго гадзіна горычы – чым ён разважыць смутак свой апроч песні тваёй?", "Шануйце ж песні свае", "Бо спяваюць нават жабы ў багне", "Жыва яшчэ душа ў народзе гэтым".
Мова апостала Пятра адрозніваецца практычнай заземленасцю, гэта мова дзелавая. Натхнёнасць, інверсійнасць сустракаюцца ў ёй як бы ў парадку пераймання. Стрыманай з'яўляецца мова музыкі, які выступае як бы падсудным ці сведкам абароны на судзе над мастацтвам і красой. Словы Пётры, адцінаючыся ад Хрыстовых артадаксальнай просталінейнасцю і адназначнасцю, правакуюць апошняга на выказванне, якое з'яўляецца ключавым афарызмам і складае ідэйнае ядро твора: "Няма красы без спажытку, бо сама краса і ёсць спажытак для душы". У кантэксце спрэчкі Хрыста з Пятром гэта азначае: мала дапускаць сумяшчальнасць прыгожага з карысным ды патрабаваць іх абавязковага дыдактычнага спалучэння ў творах мастацтва, трэба бачыць іх дыялектычную ўзаемаабумоўленасць, разумець як еднасць супрацьлегласцей, а не проста суседства ці кампраміс антыномаў. Краса і мастацтва, паводле Багдановічавага Хрыста, прысутнічаюць усюды, дзе толькі цепліцца жыццё, у самых высокіх і ў самых будзённых "нізкіх" сферах, напрыклад, на жніве песня здымае стому цяжкай працы, на хаўтурах – спаталяе збалелыя душы, дапамагае адолець трагічнае патрасенне. Патрэба ў красе – натуральная і ўсеагульная патрэба жыцця і душы народнай, краса – пажытак для душы. Варта заўважыць, што праўда аб карыснасці красы выяўляецца ў дыскусіі. Хрыстос выступае як дыялектык, а Пётра – метафізік і артадокс. Першы чэрпае матэрыял для разважанняў і высноў у самім жыцці, абапіраецца на жыццёвую практыку народа, які валодае здаровым сэнсам, разумнымі патрэбамі. Так менавіта паступалі песняры беларускага Адраджэння "парнаснікі", ад імя якіх у ліпені 1913 года Я. Купала ўступіў у дыскусію з прыхільнікамі чыстай красы Юркам Верашчакам (В. Ластоўскім) і абараніў права паэзіі займацца ўсімі жыццёвымі праблемамі, а не толькі апяваннем красы – "Чаму плача песня наша?". Для эстэтаў сацыяльная барацьба, мужыцкая беднасць, гора былі праявамі непрыгожымі, і адлюстраванне іх нібыта зніжала якасць паэзіі. Купала не адмовіў паэзіі права апяваць красу, аднак прапанаваў адкласці гэты занятак да таго часу, калі край вызваліцца, а матэрыяльны быт народа ўладкуецца "паводле божых і чалавечых праўд і законаў" (Купала, т. 7, с. 200). Яго апанент, у сваю чаргу, гаварыў фактычна пра "звязаную" (тэрмін Канта), а не пра зусім чыстую красу, ён заклікаў апяваць красу "роднай старонкі", а гэта занятак столькі ж эстэтычны, колькі і патрыятычны. Купала агаварыў час і месца апявання красы – "Не да пацераў, калі хата гарыць...", большая палавіна гэтай красы была і ёсць не наша, а нашых сытых "культурнікаў". М. Багдановіч у "Апокрыфе" не проста падтрымлівае Купалу, ён паднімае праблему на філасофскі ўзровень і паказвае абмежаванасць самой ідэі чыстай красы і мастацтва, адарванага ад матэрыяльных і духоўных патрэб народа. Бясплоднай – па яго думцы – з'яўляецца ідэя несумяшчальнасці красы і карысці, мастацтва і працы. Мастацтва ж па сваёй прыродзе многафункцыянальнае, яно здольна ставіць і вырашаць адначасна сацыяльна-вызваленчыя і эстэтычна-выхаваўчыя задачы. Аб'ект мастацтва – чалавек, а чалавеку, нават прыгнечанаму, пакрыўджанаму, галоднаму, хочацца не толькі хлеба надзённага, але і стравы духоўнай – свабоды, годнасці, павагі і красы. Аддзяляць патрэбы цялесныя ад духоўных, задавальняць іх паасобку, па чарзе не мае сэнсу, бо яны звязаны між сабою і праяўляюцца адначасна, дзейнічаюць у адным накірунку – удасканалення жыцця і ўзбагачэння чалавека. Паяднанне красы з духоўнай карысцю, скарыстанне іх сумяшчальнасці было ўмовай плённага развіцця новай беларускай літаратуры. Пра актуальнасць такога паяднання і ўрошчанасць Багдановіча ў праблематыку і мастацтва беларускага вызваленчага руху сведчыць эстэтычны фон і рэха яго "Апокрыфа" ў рамантычнай прозе К. Каганца, паэмах Я. Купалы "Курган", "Яна і Я", "Сон на кургане", у паэме "Сымон-музыка" Я. Коласа, апавяданнях і вершах З. Бядулі, Г. Леўчыка, К. Буйло.
З галоўнай думкай "Апокрыфа" суадносіцца творчае крэда У. Жылкі, які ўзнімае жыццёвую ролю красы да рамантычнага абсалюту: краса можа збавіць свет ад зла ("Хараство", "Да Персі Шэлі", "Няма збавення", "Максім Багдановіч"). Жылка запісаў у дзённіку 1.05.1923 г. : "І чым грубей, недалікатней тоўхае цябе жыццё, чым яго ўсмешкі больш жорсткія, чым балючай жыць – тым больш хочацца ЯГО – Хараства" ("Пожні", Мн., 1986, с.129). Асабліва сугучны з "Апокрыфам" верш У. Жылкі "Марта", дзе гераіня, старэйшая дачка ўваскрашонага Хрыстом Лазара, увасабляе тып будзённай, зямной "грубай" красы, а яе сястра Марыя – сімвал узвышанай каханнем красы нябеснай. Задума твора ў тым, што зямная краса спрадвеку хвалявала, абуджала актыўнасць людзей: "Прайшлі вякі... Яна ж адвечна / Усё тою ж буднасцю цвіце, / І я на думцы недарэчнай / Лаўлю сябе, як ты, Хрысце".
(Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. 1999 г. № 5. С. 11–14)