Выстава “Беларуская велікодная паштоўка” стала ўжо традыцыйнай у Адукацыйна-асветным цэнтры імя У. Калесніка. Кожны год яна папаўняецца новымі выявамі, створанымі мастакамі. Пераважная большасць сабраных паштовак – гэта прыватная калекцыя. Вялікдзень, свята Хрыстовага ўваскрасення, спрадвеку шанавалася і шануецца беларусамі. Асэнсаванне яго знаходзім у беларускай духоўнай паэзіі: гэта творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Сяргея Палуяна, Наталлі Арсенневай, Ларысы Геніюш, Рыгора Барадуліна, Дануты Бічэль і інш. Паштоўкі адлюстроўваюць багатую паліфанічнасць гэтага свята ў беларускай народнай традыцыі. Сярод пашыраных сімвалаў – Ісус Хрыстос, Багародзіца, велікоднае яйка. Паштоўкі створаны ў рознай тэхніцы. Прывабліваюць паштоўкі, аздобленыя выцінанкай, а таксама традыцыйнымі народным арнаментам. Паштоўкай добра вітаць са святам Вялікадня сваіх родных, блізкіх, сяброў. Прыгожая, змястоўная, густоўная, яна нясе святло, надзею, веру. Для многіх – гэта і цікавы, дарагі ўспамін дзяцінства.
Гасцёўня
|
На выставе экспанавалася частка прац Ніны Мацяш, бо пераважная большасць створаных ёю карцін падорана была пры жыцці дарагім людзям, сябрам у Беларусі і за яе межамі. Наведвальнікі выставы змаглі далучыцца да філасофскага погляду на жыццё таленавітай паэткі, чуйнай да навакольнага свету – бачнага і нябачнага, адчуць хараство, якое – побач, задумацца пра хуткаплыннасць часу, пра здольнасць і жаданне душы падзяліцца сваім святлом... |
|