Слова пра Вучонага, Настаўнiка, Сябра
Лёс быў для мяне надзвычай спрыяльны. Я сустрэла на сваім жыццёвым шляху чалавека таленавітага, сумленнага, добразычлівага да людзей, чалавека, які бязмежна любіў сваю Радзіму і свой народ.
Зося Калеснік
Быў ён чалавекам Адраджэння, як і быў Асветнікам, энцыклапедыстам – з тонкім профілем твару, што так нагадваў мне заўжды хрэстаматыйныя профілі французскіх энцыклапедыстаў-асветнікаў Дзідро ці Мантэск’е. Энцыклапедыст – фаварыт факта, фактазнаўца і сістэматызатар. Літаратурная энцыклапедыя літаратуры Заходняе Беларусі, заходне-беларускага літаратурнага руху 20-30-х гадоў нашага стагоддзя, гісторык літаратуры, выдавец анталогіяў, любімы прафесар студэнтаў і паэтаў Берасцейскага вогнішча.
Але гэты асветнік і энцыклапедыст быў найперш чалавекам Адраджэння, і менавіта ў ім скрыжаваліся і Адраджэнне як такое і Асветніцтва як такое. І тут і аб гэтым першым можна сказаць, што яно было ў ім найперш, і аб другім – таксама. Ды ўсе ж, што найперш?
Адраджэнцам ён быў шырынёй свайго таленту, кругагляду інтарэсаў: зноў жа аналогія – як беларускі Леанарда да Вінчы і тэарэтык, практык і мастак-жывапісец і фатограф, і крытык і празаік, і гісторык літаратуры і фалькларыст, і дойлід-разьбяр па дрэву і прафесар.
Алег Лойка
Змагаўся ён за Чалавека ў чалавеку ў сцюжы і маразы, адлігі і слоту, у гады перагібаў, вакханаліі і хаосу. Праз ліхалецце класавай барацьбы, драму сялянства і трагедыю інтэлігенцыі, праз пекла вялікай айчыннай бяды, страшны разбуральны час дэнацыяналізацыі, нядрэмнай ідэалагічнай пільнасці пранёс Уладзімір Калеснік сваю ўражлівую і гарманічную душу. Валодаў ён рэдкасным дарам, здольнасцю аднолькава цікава і маштабна напісаць пра творчасць і самога творцу; у яго кнігах, прадмовах да кніг, у літаратурных партрэтах, эцюдах, эсэ, нарысах, створаных вялікім сэрцам і глыбокім розумам, мы знаходзім нямала ўзораў менавіта такой сінхроннасці, двуадзінства творчасці і творцы, калі гаворка ідзе, напрыклад, пра Уладзіміра Жылку, Янку Брыля, Фёдара Янкоўскага, Уладзіміра Караткевіча, Ніну Мацяш.
Васіль Жуковіч
Кнігі У. Калесніка, як і іншых лепшых нашых паэтаў, празаікаў, крытыкаў, навукоўцаў, па сутнасці, былі тэарэтычным абгрунтаваннем будучага духоўнага Адраджэння беларускай нацыі. У. Калесніку ўдалося на багатым матэрыяле беларускай літаратуры ад старажытнасці да нашых дзён прадэманстраваць думку аб тым, што ўсе без выключэння лепшыя творы беларускіх пісьменнікаў былі не толькі таленавітымі, але і глыбока нацыянальнымі. У той момант, калі ўсякае адкрытае выяўленне сваёй нацыянальнай прыналежнасці жорстка каралася і адзінай нацыяй прызнавалася “савецкая нацыя”, калі да ажыўлення нацыянальнага жыцця было яшчэ вельмі далёка, У. Калеснік вярнуў нам дарагое паняцце нацыянал-рамантызму, паказаўшы яго актуальнасць і жыццёвасць на матэрыяле творчасці Ф. Скарыны і М. Гусоўскага, Я. Купалы і У. Жылкі.
Міхась Тычына
Нарысы У. Калесніка спалучаюць дакладнасць гістарычнага даследавання (напрыклад, шырокае выкарыстанне архіўных і іншых аб’ектыўных крыніц) з асабістым пісьменніцкім поглядам на жыццё, гісторыю, літаратуру, яе творцаў і прыхільнікаў. Па жанры яны блізкія да літаратурных біяграфій з вядомай серыі “Жизнь замечательных людей”. Разам з тым яны – вынік літаратурна-практычнай дзейнасці аўтара, што ўзяўся за нялёгкую задачу – далучыць да агульна-нацыянальных здабыткаў беларускай літаратуры яе рэгіянальную заходнебеларускую плынь пераважна рэвалюцыйна-дэмакратычнага і рамантычнага кірунку, яе таленавітых ці проста здольных творцаў, у тым ліку тых, якія ў 30-я гады аказаліся несправядліва “выкрасленымі” з жыцця і духоўнай культуры.
Уладзімір Конан
Уладзімір Андрэевіч пачынае арганізоўваць на выпускным курсе (заўважым, што менавіта на выпускным, каб даць студэнту-выпускніку моцны эмацыянальны імпульс) літаратурныя экскурсіі. Ён распрацаваў маршрут і вадзіў па ім студэнтаў аж да канца 70-х гг. I ўсе гэтыя гады я ездзіла з Уладзімірам Андрэевічам. Часам выказвалі жаданне паўдзельнічаць у экскурсіі выкладчыкі філфака: І.Г. Моладава, Г.М. Малажай, В.М. Емельяновіч і інш. Маршрут, распрацаваны У.А. Калеснікам, ахопліваў найбольш знакамітыя літаратурныя мясціны і помнікі дойлідства. Экскурсаводам быў заўсёды сам Уладзімір Андрэевіч.
Вера Ляшук
Як натура ўражлівая, Уладзімір Калеснік умеў радавацца чужым поспехам, захапляцца новымі ідэямі, меў патрэбу жыць для іншых, жыць годна. Ён не дараваў хлусні і подласці, не прымаў ілжэкультуру, духоўнае ўбоства і маральныя звырадненні. З ім было цікава ўсім пакаленням студэнтаў.
Тамара Лаўранчук
Уладзімір Калеснік уяўляецца мне сапраўдным еўрапейцам, барацьбітом за чалавечыя правы, постаццю ў поўным сэнсе гэтага слова рэнесансавай. У многім гэта ішло, відаць, ад выхавання, ад радзінных каранёў, ад гімназіі, дзе ён вучыўся ў дзяцінстве, ад лепшых старонак той нацыянальна-вызвольнай эпапеі барацьбы, якую вяла Заходняя Беларусь у 20-30-я гады, у імкненні “людзьмі звацца”. І ў самога Калесніка была моцная агульначалавечая маральна-этычная аснова.
Уладзімір Гніламёдаў
Уладзімір Калеснік з’яўляецца адной з самых яркіх постацей беларускай літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя. Талент яго надзвычай шматгранны. Ён быў літаратуразнаўцам, пісьменнікам, даследчыкам фальклору, выкладчыкам, мастаком, разьбяром, фатографам і цудоўным чалавекам...
Анатоль Верабей
Мінулая эпоха з яе жорсткай палітычнай рэгламентацыяй духоўнага жыцця грамадства не лішне спрыяла поўнай рэалізацыі творчай асобы. Уладзімір Калеснік, як і многія прадстаўнікі інтэлектуальнай сферы, з-за аб’ектыўных прычын здзейсніў дадзенае яму звыш не ў поўнай меры. Тым не менш, адораны ад прыроды пранікнёным аналітычным розумам, дзейсны па натуры, ён жыў у сваім часе актыўным творчым жыццём. Плённа даследаваў здабыткі беларускай мастацкай думкі і культуры. У шматлікіх літаратуразнаўчых працах-кнігах праз навукова-эстэтычны аналіз спадчыны айчынных творцаў сцвярджаў таленавітасць і мудрую стойкасць свайго народа, права яго на годную будучыню.
Тым заслужыў добрую, удзячную памяць сучаснікаў і нашых наступнікаў – нашчадкаў.
Арсень Ліс
Заўжды адчуваў і адчуваю бязмежна глыбокую павагу да Уладзіміра Андрэевіча Калесніка. Павага гэтая ідзе ад усведамлення маштабнасці яго асобы, узятай у кантэксце грамадска-палітычнага і культурна-духоўнага жыцця Беларусі.
Міхась Мушынскі
У. Калеснік – даследчык, сфармаваны подзвігам Вялікай Айчыннай вайны, гуманістычнымі спадзяваннямі “адлігі”, духоўнымі традыцыямі беларускай і сусветнай культуры. Гэтыя подзвігі, спадзяванні, традыцыі давалі мысляру падставы для таго, каб бачыць у кожным з нас імліцытнага паэта. Але тут трэба зазначыць, што мае на ўвазе аўтар кнігі “Час і песні” пад словам паэт. У слове гэтым, паводле разумення У. Калесніка, акумулюецца перш за ўсё энергія духоўнай годнасці.
Юрый Паталкоў
Такіх, як ён, “палымяна-эмацыянальных”даследчыкаў літаратуры ў нас няшмат. Калі справа датычылася праўды, справядлівасці, правільнасці, як ён іх разумеў, ён безаглядна кідаўся ў спрэчку-бойку, не зважаючы на імёны і аўтарытэты. Яго думка высока цанілася ў Мінску і за межамі Беларусі.
Мікола Мішчанчук
Уладзімір Андрэевіч быў цудоўным прапагандыстам беларускай літаратуры. Культуры. Штогод, а то і два разы на год ён наладжваў на факультэце сустрэчы з пісьменнікамі. Па запрашэнні Уладзіміра Андрэевіча перад студэнтамі выступалі амаль усе беларускія пісьменнікі.
Ядвіга Чарняўская
Уладзімір Андрэевіч “унутраным зрокам” прыкмячаў красу, створаную самой прыродай, і спрактыкаванай рукою дапаўняў яе, пераўвасабляючы галіны, карані, нарасты дрэў у асобныя фігуры, кампазіцыі, партрэты. Самы адметны – партрэт Ф. Скарыны, мастацкая вартасць якога і ва ўмелым выкарыстанні матэрыялу, яго фактуры, і ў глыбіні задумы, у аўтарскай фантазіі і натхнёнасці, з якою нараджаўся твор.
Алесь Каско
Уладзімір Калеснік быў больш чым асоба: сваёю рупліваю дзейнасцю, грунтоўнай адукаванасцю, шматграннай таленавітасцю, выдатнасцю ён ствараў на Берасцейшчыне поле, у якім усё таленавітае, адданае творчасці, справе беларускай культуры і асветы атрымлівала заахвочванне і здабывала самасцвярджэнне, і быў гэтым полем.
Алесь Разанаў
Як і ў кнігах, у жывапісных і скульптурных работах ёсць дапытлівая думка, цеплыня душы і сэрца, таму да яго з павагаю ставіліся не толькі пісьменнікі і вучоныя, а і мастакі, як вядомыя майстры, так і пачаткоўцы. Зрэшты, гэтак жа, як ставіўся заўсёды і сам Уладзімір Андрэевіч да іх.
Аляксей Бакуменка
У 20-30- гг. нядаўна мінулага стагоддзя была ў нас свая беларуская Атлантыда. І называлася Яна – Заходняя Беларусь. Уладзімір Калеснік, узгадаваны на нёманскіх берагах, стаў дасведчаным летапісцам заходнебеларускага літаратурнага жыцця, праніклівым крытыкам і нястомным прапагандыстам такіх выдатных майстроў слова, як Максім Танк і Уладзімір Жылка, імёны якіх зрабілі б гонар любой літаратуры. Наогул, яму было характэрна разглядаць нацыянальныя духоўныя здабыткі ў агульнаеўрапейскім кантэксце, ён быў аднолькава дасведчаны як у антычнай культуры, так і ў народных фальклорных скарбах.
Уладзімір Ягоўдзік
Від самого початку наших братерських стосунків, під час літературних свят, які відбувалися в різних районах Волині та Берестейщини, починаючи з 1975 року, Володимир Андрійович був нашим духовним правідником. Наставником і щирим другом. Як ведучий наших зустрічей з читачами, інтелігенцією і сільскими трудівниками, він умів повести розмову надзвичайно легко, невимушено. Просто і в той же час інтелектуально. Представляючи літераторів, давав кожному дуже точну коротку характеристику, визначав головни мотиви творчості.
Васыль Гэй
Былі ў нас сумесныя падарожжы і адпачынкі. Падарожжы бліжэйшыя, па роднай Наваградчыне, і далейшыя, то ўдвух, то сем’ямі, то ў сяброўскай кампаніі. Па Літве і былой Усходняй Прусіі; па Валыні, Львоўшчыне і Закарпацці; па Узбекістане, ад Ташкента да Самарканда; па Волзе ад Масквы да Астрахані і назад; па Карэліі, з Кіжамі і Салаўкамі ўключна. На працягу 1970-1973 гадоў летнімі тыднямі мы сустракаліся з ацалелымі жыхарамі беларускіх “вогненных вёсак”. Адпачывалі разам над Нёманам і Шчарай, на Нарачы і Свіцязі, у Юрмале і Каралішчавічах. А яшчэ ж і паходы і выезды на рыбалку: Нёман, Прыпяць, Ясельда, Рыта, Лясная, Сэрвач, Кромань...
Колькі было перагаворана – каля надрэчнага вогнішча, на лясной дарозе, на свежым сене гумнаў, у хатняй утульнасці, пры настольнай лямпе і без яе, у начной цішыні то ў яго, то ў мяне, то ў нейкай незнаёмай да таго сціплай гасцініцы. Колькі было перагаворана – каля надрэчнага вогнішча, на лясной дарозе, на свежым сене гумнаў, у хатняй утульнасці, пры настольнай лямпе і без яе, у начной цішыні то ў яго, то ў мяне, то ў нейкай незнаёмай да таго сціплай гасцініцы. Мужчынская шчырасць дружбы. “Падабенства сэрцаў”, як напісаў мне на сваёй першай кнізе яшчэ адзін наш Валодзя, Караткевіч.
І чыталася, і чулася, і самому думалася так: раней людзі хадзілі, ездзілі на конях, і ўсюды паспявалі. Тэлефонаў таксама не было, былі пісьмы. Былі і засталіся. Больш у вялікіх папярэднікаў, менш у сучасных.
Янка Брыль
Калі разгараліся спрэчкі, мы заўсёды чакалі, што скажа Калеснік. Бо па кожнаму пытанню ў яго была свая, адметная, часам парадаксальная думка. І да яе прыслухоўваліся. Бо ён зыходзіў не з кан’юнктурных меркаванняў, не з сацыяльнай зададзенасці, а з мастацкай тканкі твора, сутнасці творчасці.
Адам Мальдзіс
Ёсць кнігі як бы непрыкметныя з прычыны свайго ці то месца выдання або нягучнай назвы ці адсутнасці якой-колечы рыначнай рэкламы, але якія, аднак, з’яўляюцца вехавымі з’явамі літаратурнага працэсу. Такім яркім апошняга часу для беларускага прыгожага пісьменства творам мне бачыцца “Доўг памяці” Уладзіміра Калесніка, вядомага найперш літаратуразнаўцы і культуролага, нескаронага гегемона беларушчыны другой паловы ХХ стагоддзя...
Ян Чыквін
Уладзімір Андрэевіч быў для многіх з нас добрым геніем. Ці, дакладней, добрым, мудрым сябрам. Сябрам як у рэальна-жыццёвым, так і ў больш шырокім, духоўным сэнсе гэтага паняцця.
Анатоль Вярцінскі
Як пачаткоўцы, так і сталыя паэты ды празаікі ўважалі за гонар апынуцца ў коле зацікаўленняў Калесніка-крытыка і літаратуразнаўцы – фенаменальна дасведчанага даследчыка і аналітыка плыняў і з’яваў “прыгожага пісьменства”. Неардынарнае мыслярства шчасліва спалучалася ў ім з узнёслым рамантызмам: побач з Уладзімірам Андрэевічам не было холадна нікому. Праўда, нікому не гарантавалася і няўзрушнасць ідылічнага ўтулля: ходзячы зблізку каля агню, чалавеку надараецца і апячыся... А ў магнітным полі гэтай самабытнай Асобы была, бадай, не адна тысяча людзей: настаўнікі (калегі ды выхаванцы), творчыя людзі (і не толькі Беларусі), партызанскія сябры, дзяржаўныя службоўцы, суседзі ды землякі... Свяцільня духу Уладзіміра Андрэевіча Калесніка слала кожнаму тое, у чым хто меў найнеабходнейшую патрэбу: з каго злятала, хоць на пэўны момант, самадурства ды пыха, каму дадавалася веры ў патэнцыял нацыянальнай культуры, хто набываў непасрэдную дапамогу ці маральную падтрымку ў скрутных будзённых абставінах: душа Настаўніка расхіналася насустрач цэламу свету з усёй яго зямною нэндзай і высокай Красою.
Ніна Мацяш
А Ягоны ліст, напэўна, адзін з самых апошніх Яго лістоў наогул, – для мяне і для іншых Яго паплечнікаў ужо як бы і завяшчанне: змагайцеся, сябры! Працуйце чорнарабочымі і змагайцеся! За вольную, незалежную Бацькаўшчыну!.. За тое, за што мы змагаліся разам!..
Ніл Гілевіч