Паэзія птушыных пёрак
19 снежня 2013 года ў 16.00 у музеі “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці” адбылося адкрыццё выставы пёркаграфіі Ніны Мацяш “Паэзія птушыных пёрак...”
На выставе экспанавалася частка прац Ніны Мацяш, бо пераважная большасць створаных ёю карцін падорана была пры жыцці дарагім людзям, сябрам у Беларусі і за яе межамі. Наведвальнікі выставы змаглі далучыцца да філасофскага погляду на жыццё таленавітай паэткі, чуйнай да навакольнага свету – бачнага і нябачнага, адчуць хараство, якое – побач, задумацца пра хуткаплыннасць часу, пра здольнасць і жаданне душы падзяліцца сваім святлом...
У прэзентацыі выставы прынялі ўдзел і студэнты філалагічнага факультэта – Ануфрэня Ілона, Бодак Яўген, Канановіч Павел, дацэнт кафедры эстэтычнага выхавання Ларыса Іванаўна Борсук і студэнты псіхолага-педагагічнага факультэта Ксенія Янушчык і Наталля Ачакоўская. У выкананні студэнтаў прагучалі паэтычныя і музычныя творы.
Ніна Мацяш, вядомая шырокай супольнасці як паэтка і перакладчыца, адкрылася на гэты раз як мастачка – стваральніца арыгінальных карцін. Незвычайнасць яе мастацкіх твораў у тым, што напісаны яны своеасаблівымі фарбамі – птушынымі пёркамі. Сама аўтарка бачыла іх як працяг паэтычнай творчасці: “Асабіста для мяне гэта як працяг паэзіі. Вершы я пішу пёркам, а тут працую пёркам птушыным. Атрымоўваюцца ў мяне кветкі, і гадую я кветкі, якіх не бывае. Яны даюць мне душэўны супакой, ураўнаважваюць пасля стрэсаў, цяжкіх думак і падзей. Мне проста хораша займацца гэтым, гэта як другое жыццё. З таго матэрыялу, які быццам бы далёкі, ну што такое пёркі – іпастась кволасці, але яны замацаваны – умацоўваецца прыгажосць, святлее мой уласны свет і, мне здаецца, святлее ўсё наваколле. Гэтыя работы існуюць толькі ва ўяўленні, іх сапраўды не бывае, але ўяўленне бязмежнае і яно прыносіць гэтыя вобразы. А раз яны тут з’явіліся, значыць яны ёсць, дзесьці ў чацвёртым вымярэнні. Уява, свет, які мы не можам памацаць, але можам дастаць, для мяне як бы іншы жанр паэзіі. Там радкі, а тут галінкі. Назву кожнай карціне няхай прыдумвае глядач. Ён сам можа ўявіць, што на што падобна. А якія асацыі, такая і назва. Чалавек прагны прыгажосці, яна яму патрэбна дзеля раўнавагі ў свеце, і я шукаю яе ў гэтым.”
Выстава “Паэзія птушыных пёрак” была прымеркавана да дзвюх памятных дат : 20 верасня 2013 г. Ніне Мацяш споўнілася б 70 гадоў, ды 5 гадоў назад – 19 снежня 2008 г. яе душа адляцела ў яснасяйныя высі...
З намі – святло яе мастацтва... Святло яе душы...