Багдановічава калакагатыя

Уладзімір Калеснік

Тэрмін, што папрасіўся ў загаловак, да нядаўняга часу не быў папулярны, значэнне яго даводзіцца прасвятліць: у старажытных грэкаў ён азначаў гарманічную спалучанасць у асобе чалавека высакароднасці і красы; нам будзе больш зразумелы сінтэз дабра і красы, маральнага і прыгожага. Так, этычнае і эстэтычнае – роднасныя з’явы, блізкія сферы адносін, хоць не ўсё маральнае прыгожа, як думалі асветнікі, і не ўсё прыгожае маральна, як сцвердзілі мастакі Адраджэння насуперак сярэднявечным аскетам і святым айцам, якія называлі цялесную красу д’ябальскай спакусай вачэй, царства чыстай красы бачылі не на зямлі, а на небе, паколькі абсалютнаю красою надзелены Бог. Еўрапейскае Адраджэнне супрацьпаставіла абсалюту красы занябеснай ідэю многасці красы, разнастайнасці яе праяў: прыгожымі аб'яўляліся малюнкі прыроды, архітэктурныя збудаванні, чалавечае цела, а не толькі дух. Феноменам хараства, адкрытым мастакамі Адраджэння, была Богамаці – Мадонна. Яе хараство было цнатлівым і трагічна высокім, яна спалучала дзявоцтва з мацярынствам і ахвяроўвала сына дзеля духоўнага ачышчэння чалавецтва. Феномен красы Мадонны быў успрыняты і вынесены М. Багдановічам на алтар беларускага Адраджэння. Прысутнасць гэткай красы паэт убачыў у беларускай вясковай дзяўчынцы, якая апекавала свайго малога браціка, як матка:

         І як схіляецца ад ветру верх бярозкі,
         Дзяўчынка к хлопчыку нагнулася і, слёзкі
         Сціраючы яму, штось пачала казаць,
         Каб заспакоіць плач – зусім як быццам маць,
         І
cаліваліся ў жывы абраз ядыны
         Той выгляд мацеры ды з воблікам дзяўчыны,
         Дзіцячым, цененькім; і ў гэты час яна,
         Здавалася, была аж да краёў паўна
         Якойсь
шырокаю, радзімаю красою,
         І, помню, я на міг пахарашэў душою,
         А можа не краса была ў дзяўчынцы той,–
         Дзяўчынцы ўпэцканай і хілай, і худой,–
         А штось вышэйшае, што Рафаэль вялікі
         Стараўся выявіць праз Маці Божай лікі.

Што ж магло быць вышэйшым за красу ў той васьмігадовай дзяўчынцы? Мабыць, такая высокая маральная чысціня і рана абуджаная мацярынская ласка, што гэтыя маральныя каштоўнасці здзіўлялі, умілялі душу слодыччу, як чыстая краса, якая пазнаецца – па словах Платона – “шляхам Эрасу”, а яшчэ ўзнімалі грудзі, як сапраўдныя подзвігі. Гэты сплаў красы з высокай мараллю выдаваўся Багдановічу чымсьці выключным, і ён палічыў яго чымсьці таямнічым, нават не рашаўся канкрэтна назваць яго словам.

Ці можна падвесці гэтую праяву пад тэрмін чыстай красы? Па-мойму, так і не. Па Кантавым разуменні чыстая краса – гэта якасць з'яў, якія падабаюцца нам бескарысліва, а маральнасць заўжды карысная. Прымесь маралі да красы ператварае красу чыстую ў звязаную, выхаваўчую функцыю. Для ўспрымання такой красы патрэбна акрамя густу яшчэ маральная перакананасць у думках і паводзінах.

Ёсць у жыцці грамадстваў перыяды, калі этычнае і эстэтычнае збліжаюцца, ствараючы ідэал калакагатыі, а ёсць і моманты аддалення, імкненне кожнай катэгорыі да незалежнасці. Збліжэнні наступаюць тады, калі абнаўляецца грамадства і ўся сістэма каштоўнасцей знаходзіцца ў руху, а ў часы схілаў і застояў краса і дабро разыходзяцца, краса становіцца геданістычнай і распуснай, а мараль – драпежнай і цынічнай.

Максім Багдановіч стаў паэтам, бо прыпаў душой да Беларускага Адраджэння, увайшоў у нацыянальна-вызвольны рух. Адраджэнне дамагалася сацыяльнага разняволення працоўных нізоў і вызвалення нацыянальнага, дзяржаўнай незалежнасці. Над грамадскімі дзеячамі Адраджэння ўзвышалася сфера асветніцтва, мастацкай творчасці – таго, што рыхтавала патрэбу вызвалення духа – славутае Купалава “Людзьмі звацца”. Нацыянальна-вызваленчы рух складаўся як бы з двух пластоў: сацыяльна-палітычнага, нацыянальна-вызваленчага і свядомаснага, духоўнага. У першым дзейнічала народная маса, у другім – творчая думка.

Кажучы лапідарна, другая сфера была выхаваўчай: цераз асвету, мастацтва, культуру грамадства далучалася да беларускай ідэі, набывала нацыянальную свядомасць і годнасць. У гэтай сферы дзейнічалі вучоныя-асветнікі, мастакі слова і культурнікі. Навуковая база Адраджэння распрацоўвалася ў Беларусі спакваля, спачатку энтузіястамі-краязнаўцамі, этнографамі, якія апісалі беларускія абрады, запісалі песні, абрады, казкі, паданні, прыказкі, загадкі і абверглі без спрэчак шляхецкі надзіманы міф пра мужыка-Хама, нашчадкам якога і Бібліяй наканавана быць рабамі. Да аматарскай этнаграфіі далучылася гістарычная навука, асабліва карыснай была тая яе частка, што займалася публікацыяй старажытных дакументаў, якія засведчылі існаванне прадаўняй беларускай дзяржаўнасці, дзяржаўнай гісторыі і культуры. Пад націскам упарадкаваных помнікаў даўніны сумленныя рускія і польскія гісторыкі, хоць і пісалі пра старую Беларусь у кантэксце польскай ці рускай гісторыі, але міжвольна праўдай фактаў працавалі на беларускае Адраджэнне.

Зразумела, навуковыя працы, напісаныя нават на беларускім матэрыяле і з гонарам за беларусаў, як гэта рабіў акадэмік Яўхім Карскі ў сваёй славутай шматтомнай працы “Беларусы” ці прафесар Уладзіміраў у манаграфіі “Францыск Скарына”, не даходзілі да нізоў народа. Дзіўна, але факт, што нават Купала і Колас практычна нічога не сказалі пра Скарыну.

Мастакі Адраджэння займаліся рознымі задачамі: адны з іх – Купала, Колас, Іван Луцкевіч, Гарун – арыентаваліся непасрэдна на інтарэсы сацыяльных нізоў, станавіліся трыбунамі і важакамі Адраджэння, іншыя заглыбляліся ў сферы духоўнасці вызваленчага руху, там рабілі адкрыцці – М. Багдановіч, М. Гарэцкі, З. Бядуля, А. Луцкевіч, В. Ластоўскі. Зразумела, што найцяжэйшаю справай было змаганне, гуртаванне вызваленчага руху, ідэалагічнае і арганізацыйнае кіраванне, таму і першымі песнярамі беларускага народа былі прызнаны Купала і Колас – паэты тэртэйскага тыпу. Узыходжанне Багдановіча і Гарэцкага аказалася замаруджаным у перыяд контрбеларусізацыі 30-х гадоў. Затое сёння, калі беларускае Адраджэнне ўступае ў завяршальную фазу, а Беларусь пачынае ўваходзіць у еўрапейскі і сусветны гістарычны і духоўны працэс, постаць Багдановіча як першапраходцы і творцы алтара з пэрлаў і дыяментаў духоўных каштоўнасцяў народа ўзносіцца на вяршыні і становіцца поруч з Купалам і Коласам.

М. Багдановіч – стваральнік і вартаўнік духоўнай скарбніцы беларускага Адраджэння, вось чаму вакол яго асобы вялася ідэалагічная барацьба ў ліхалецце бездухоўнасці кіруючых кадраў.

Які ж уклад унёс у гэтую скарбніцу Багдановіч - паэт, мысліцель і публіцыст? Мне бачыцца самым цудоўным з гэтых скарбаў - вяртанне мінулай славы народа, яго гераічных постацяў: Ізяслава Полацкага, Францыска Скарыны і безыменных рупліўцаў-летапісцаў, перапісчыкаў кніг, слуцкіх ткачых.

Здзіўляе глыбіня гістарычнага ўяўлення і мыслення зусім маладога Багдановіча. Зраўняцца з ім мог бы хіба Уладзімір Караткевіч. М. Багдановіч піша пра сваю мінуўшчыну, як бы там жыў і сам нёс у сабе і гераічны дух, і забабоны нашых продкаў. Вось “Песня пра Ізяслава Полацкага”, напісаная па адным з беларускіх эпізодаў ”Слова аб палку Ігаравым”. Матыў гэты ён лічыў самастойным творам, маленькім паданнем, створаным у народзе і запісаным аўтарам. З гэтага падання Багдановіч прапануе пачынаць гісторыю беларускага пісьменства. Паданні пра Ізяслава і пра яго дзеда князя Усяслава-чарадзея ён называе гістарычнымі песнямі, якія не завяршыліся і аказаліся “засушанымі на паперы, як цвяты гербарыя”. Багдановіч чуе ў гэтых фрагментах і дух загавораў, заклінанняў, выказаных рытмічнаю мовай песень: “Выклад, – піша Багдановіч, – робіцца сціснутым, мова моцнай, і ўжо пачынаюць фарміравацца пекныя вобразы" (с. 106. Багдановіч М. Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да ХУІ стагоддзя. Зб. твораў. Мінск, 1968). Гэтае сваё бачанне ён увасобіў у “Песню пра Ізяслава Полацкага”; паэт як бы кончыў праз вякі няздзейсненую сучаснікамі князя гераічную песню, першатэкст якой “застаецца надзвычайным прыкладам згушчонасці пачування, сціснутасці руху выкладу” (с. 107).

         Ізяслаў, сын Васількоў,
         Даўнімі часамі
         Аб літоўскія шаломы
         Пазваніў мячамі (с. 192).

Здзіўляе, як хворы на сухоты гімназіст так спасціг духоўны свет Ізяслава, рыцара, як чэрпае мужнасць у вераваннях і амулетах, узятых з рода-племянной культуры. Слава для Ізяслава – гэта нейкая цудоўная жывая істота, як птушка шчасця. Душа князя выходзіць з цела на поле бою "цераз пацерку на шыі, цераз залатую".

У 1915-1916 гг. Багдановіч стварае цыкл вершаў “На ціхім Дунаі”, які мае падзагаловак “Вершы беларускага складу”. У гэты цыкл увайшла паэма “Максім і Магдалена”, верш “Пагоня” і “Страцім-лебедзь” (с. 274).

         Бійце ў сэрцы іх, бійце мячамі,
         Не давайце чужынцамі быць,
         Хай пазнаюць, як сэрца начамі
         Аб любімай старонцы баліць (с. 272).

Як заўважыць чытач, удары паэта балючыя, але не смяротныя, бо коннікі ў яго ўзброеныя мячамі сумлення, яны будзяць душы, а не забіваюць целы. Кожны беларус, крануты ўдарамі патрыятычных дакораў, меў мажлівасць адрадзіцца, вярнуцца на лона маці-Радзімы і адчуць сябе паўнацэнным чалавекам, грамадзянінам, а не бязродным валацугам ці паслугачом.

І ў святым патрыятычным гневе Багдановіч заставаўся гуманістам, не траціў веры ў чалавека, давяраў яго здольнасці выхоўваць сябе, удасканальвацца, знаходзіць шчасце не ў сытасці і асабістым дабрабыце, а ў ахвярным слугаванні радзіме і народу, у спачуванні і дапамозе слабейшым. Больш за сябе пакрыўджаным. Вось на гэтых ідэалах стаяла духоўная праграма беларускага Адраджэння. Ідэі свабоды і брацтва свяцілі і гарэлі ў беларускай патрыятычнай паэзіі.

Для афіцыйнай савецкай ідэалогіі “Страцім-лебедзь”, апошні праграмны твор паэта, быў спрэчным. А як жа! У дагматыкаў маса, а не герой рабіла гісторыю. Лацінскае vocs popul, vocs Dei (Голас народа – голас Бога) было пераасэнсавана, бо з паняцця народ выкідваліся верхнія класы, у іх ліку ўся інтэлігенцыя аб'яўлялася гнілой, паняцце народ зводзілася да простанароддзя, для якога рымляне мелі асобны тэрмін plebs. Плебеі патрабавалі ад імператараў усяго двух рэчаў – panem et circensibus (хлеба і відовішчаў). Багдановіч знайшоў фальклорны сюжэт, у якім сам народ асуджаў эгаізм масы, ахопленай страхам перад стыхіяй-патопам. Гледзячы, як выгнаныя вайною з родных вёсак сяляне-бежанцы плебізуюцца, гатовыя задаволіцца асушкам хлеба без відовішч, людзі бяруць курс на выжыванне, ён чуў, як глухне ў змаладзелых душах пачуццё годнасці, братэрства, элементарнай павагі да таго, хто вылучаецца, жыве вышэй. Страцім-лебедзь – гэта змястоўны вобраз-сімвал, ён увасабляе трагедыю ахвярніка, які апынаецца сам-насам з ахопленаю страхам, панікай, інстынктам самавыжывання масай. Лебедзь, што ў жахлівы час патопу не пайшоў у Ноеў каўчэг, а самастойна змагаўся са стыхіяй, і, напэўна, выстаяў бы вольны, горды птах, каб не стаі птушынай драбязы, якая бесцырымонна абсядала плечы дужэйшага. Ад цяжару знямогся, выбіўся з сіл Страцім-лебедзь, а “пасажыры” не пажадалі сысці з плячэй і хоць на хвіліну даць перадыхнуць ахвярніку. З перспектывы гісторыі 30-х гадоў твор Багдановіча прачытваецца як прароцтва. Жахі першай сусветнай вайны і разрухі навеялі візію татальнай небяспекі для роду чалавечага. У гэтае прароцтва ўпісаўся і трагічны лёс малодшага брата паэта Льва. Рэвалюцыйна чэрнь выкінула яго, параненага, з трэцяга паверха вайсковага шпіталя толькі за тое, што на ім быў афіцэрскі мундзір.

Стогадовы юбілей Багдановіча ўскалыхнуў літаратурную думку і чытацкую дапытлівасць да жыцця і творчасці паэта, з'явілася багата выступленняў на старонках друку: паэткі Н. Загорская і Г. Каржанеўская напісалі ўражанні аб прабыванні беларускай дэлегацыі ў Яраслаўлі, адноўленая ў Вільні газета “Наша ніва” перадрукавала накіды публічнай лекцыі Антона Навіны пра Багдановіча, напісанай у 1927 годзе да дзясятых угодкаў з дня смерці паэта. У часопісе “Полымя” апублікаваў глыбокі артыкул Ул. Конан “Роздум пра вечнае ў паэзіі М. Багдановіча”, часопіс “Маладосць” змясціў твор Яўгена Мілашэўскага “Каханне і смерць, або лёс Максіма Багдановіча” (жанр у аўтарскім азначэнні – раман-даследаванне) і артыкул Ірыны Багдановіч “Пакліканы адраджэннем” (змест артыкула не адпавядае загалоўку). Аўтар, мне здаецца, штучна падганяе М. Багдановіча пад модныя сёння ірацыянальныя вучэнні, хоць бы ён быў па складзе духа свайго еўрапейцам і хацеў у пазнанні свету спалучыць мастацкае, эмацыянальна-вобразнае пазнанне з рацыянальным, навуковым. У вядомай дыскусіі 1903 года аб тым, якой быць беларускай літаратуры – абцяжаранай сацыяльнымі праблемамі ці вольнай ад грамадскіх злыбед, прызнаючай толькі аднаго бога – чыстую красу, Багдановіч адказаў, што беларускае пісьменства павінна быць беларускім па духу, па складзе і еўрапейскім ці сусветным па мастацкім узроўні. Гэта была яго вотум сепаратум. А з пачынальнікам дыскусіі Ластоўскім ён паспрачаўся аб тым, ці мае права на ўдзел у мастацкай творчасці толькі натхненне, толькі ірацыянальнае чуццё, інтуіцыя ці таксама халодны розум і старанная праца, сказаў: і тое і другое сумяшчальна ў творчым акце.

Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. 1999. № 1. С 7–11