“БУДЗЕМ ТРЫМАЦЦА БЕСКАРЫСЛІВАЙ ПРАЎДЫ...”

Анатоль Іверс

Добрага чалавека людзі павінны помніць вечна. Ды не толькі добрага, але сусветных злачынцаў, як Гітлер і Сталін, – таксама. Калі мы, людзі, дакладна ўсвядомім, што такое дабро і зло, то гэта будзе важным дасягненнем у жыцці чалавецтва. Перада мной ляжыць унікальная кніга “Я з вогненнай вёскі...”, якую напісалі-склалі выдатныя беларускія пісьменнікі Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Уладзімір Калеснік. Так, у парадку алфавіта, па-дэмакратычнаму, яны паставілі свае подпісы пад гэтым векапомным творам. І не трэба гадаць, хто з іх больш выдатны. Не трэба. Толькі дазвольце зазначыць, што здымкі людзей з вогненных вёсак па-мастацку зрабіў Уладзімір Андрэевіч у той час, як два другія майстры слова рабілі іншыя важныя справы для будучай кнігі.

І вось у 1994 годзе двух аўтараў ужо не стала. Алесь Адамовіч памёр 26 студзеня, а Уладзіміра Калесніка смерць вырвала з нашых радоў 15 снежня.

Гэтая сумная вестка застала мяне знянацку 20 снежня, калі разгарнуў “Народную газету”. Ударыла як абухом. Хоць ведаў з ягонага апошняга ліста, што чалавек дагарае. Гэта розум не хоча мірыцца са смерцю, адкідае, яе страшную касу, як мага далей.

З Уладзімірам Калеснікам пазнаёміўся я больш за сорак гадоў таму назад, калі ён вучыўся ў Мінскім педагагічным інстытуце імя М. Горкага. Аднойчы летам завіталі да мяне ў Слонім два веласіпедысты. Гэта былі землякі Янка Брыль і Уладзімір Калеснік. Знаёмства адбылося вельмі хутка. Нам, як былым партызанам, было пра што ўспомніць. Крыху перакусіўшы і доўга не думаючы, паехалі ў калгас імя Леніна, дзе старшынёй працаваў Іван Якаўлевіч Дабрыян, мой былы камісар атрада імя Дзяржынскага слонімскай брыгады імя Ракасоўскага.

Гэтыя два карэліцкія хлопцы збіралі матэрыял для сваіх будучых твораў і, відаць, ужо раней былі знаёмыя з Іванам Якаўлевічам. Але матэрыял матэрыялам, а на знакамітым на Слонімшчыне Бяздонным возеры грэх не пабываць, тым больш, што стаяла ціхае сонечнае надвор’е. І мы паехалі на возера. Цудоўная пагода, цудоўная беларуская прырода і не менш цудоўнае возера паклікала гасцей у ваду, каб змыць дарожны пыл і пот.

Такія сустрэчы карэнных беларускіх партызанаў, якія маглі аддаць маладое жыццё ў барацьбе за свабоду Бацькаўшчыны, пакідаюць моцнае ўражанне. Так, гэта не “казённыя”, а свае хлопцы, якіх выгадавала шматпакутная родная старонка. Пра Калесніка я мог бы сказаць без засцярогі, што гэта мой родны малодшы брат, тым больш, што брат Міця загінуў у барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў як народны мсцівец. Даруй, Андрэевіч, за такое смелае, аднабаковае выказванне!

Чулае сэрца мае прыцягальную сілу. Так і хацелася бачыцца з Валодзем, слухаць яго аповеды пра родную прыроду і родную заходнебеларускую літаратуру, якая дзякуючы яго намаганням, нястомнай працы ярчэй пачала праяўляцца на фоне нашага сучаснага жыцця. Я ведаў паэтаў-заходнікаў па іх вершах у тагачаснай нашай нешматлікай прэсе, але тое, што адкрываў У. Калеснік, уражвала трагічнай нечаканасцю, трагічнасцю жыцця знаёмых людзей. Паэт Алесь Салагуб, які ў Польшчы падвяргаўся рэпрэсіям, пайшоў на Усход, дзе, як пісалі левыя газеты, “будаваўся Беларускі Дом”. Скажу папраўдзе, мы зайздросцілі хлопцу, што вырваўся з кіпцюроў пілсудчыкаў. Даследчык адкрыў нам камуністычную таямніцу. У Мінску Салагуба арыштавалі і ў маі 1934 года расстралялі. Засталася адна добрая памятка па Алесю – у Мінску ў 1929 годзе выйшаў яго зборнік вершаў “Лукішкі”.

Уладзімір Калеснік, як ніхто іншы, фундаментальна займаўся даследаваннем заходнебеларускай літаратуры. З гэтай нагоды ў 1964 годзе ён і наведаў мяне ў Слоніме, калі я працаваў загадчыкам смалакурнага завода “Іса”, што за шаснаццаць кіламетраў ад горада.

Цяпер мой госць прыехаў на Слонімшчыну не на дапатопным ровары, а на “Масквічы-407”. І гэта давала яму права адчуваць сябе больш паважным і самастойным у паводзінах. Аднак, не. Гэта быў той самы, што і раней, вясёлы і гаваркі Валодзя.

Спачатку мы агледзелі двор, агарод, а потым зайшлі ў нашу драўляную хату, у якой і зараз з жонкай жывем, у якой выгадаваўся сын і пайшоў “у людзі”. На стале ўжо стаялі сціплы пачастунак з традыцыйнай беларускай чаркай...

– Ведаеш, што? – прамовіў дарагі падарожнік, – я тут адчуваю сябе так, як у роднай Сіняўскай Слабадзе.

Мне і маёй Ніне Паўлаўне вельмі спадабаўся просты і шчыры субяседнік. Аж на душы павесялела. У той падвячорак нават забыліся пякучыя словы сакратара Баранавіцкага абкама партыі Ажгірэя “Не внушаете политического доверия”, якія ён сказаў па поваду звальнення з рэдакцыі раённай газеты.

З добрым чалавекам забываецца гора, павышаецца настрой. Вось з такім настроем я паклаў перад Калеснікам некалькі дзесяткаў лістоў з вершамі. Ён выбраў каля трыццаці вершаў для будучага калектыўнага зборніка твораў паэтаў былой Заходняй Беларусі “Сцягі і паходні”.

– Больш не трэба, – зазначыў складальнік кнігі, – аб’ём не дазваляе. Мажліва, і гэтыя не ўсе ўвойдуць, бо кожнаму аўтару трэба даць месца.

Я, як былы работнік газеты, разумеў гэта і, акрамя ўдзячнасці за ўвагу да маёй асобы, не меў ніякіх прэтэнзій. Як выйшла з друку кніга, то ўбачыў, што там змешчана аж 19 маіх вершаў!

Позна ляглі спаць у той вечар. А заснулі толькі пад ранак – усё гаварылі. Валодзю цікавіла ўсё, што я мог расказаць пра жыццё і вучобу ў Віленскай, Клецкай і Наваградскай беларускіх гімназіях, пра паліцэйскія праследаванні на вёсцы. І не дзіва, што цікавіла, бо хацеў падняць вялікі пласт нашай духоўнай культуры.

Раніцай, падбавіўшы ў калясо паветра (“нешта спускае”), шафёр сказаў:

– Ну, а цяпер давай пабачым, дзе там твая смольня.

Смалакурны завод “Іса” тыпу “Мінская рэторта” знаходзіўся прыблізна за кіламетр ад шашы Слонім–Баранавічы, калі ехаць пад прамым вуглом, а калі ехаць праз лес па дыяганалі, то крыху больш за кіламетр. Мы паехалі па прамой, па высечанай дзялянцы, на якой сям-там раслі стройныя сосны, спецыяльна пакінутыя для самаабсявання вызваленай ад лесу плошчы. Пры гэтым хачу зазначыць, што такі спосаб аднаўлення лесу не даў жаданага эфекту, бо вакол насеннага дрэва паднімаўся густы, як шчотка, сасоннік, а далей распаўсюджваўся малавартасны хмызняк.

Вось мы едзем па гэтай дзялянцы з адзінокімі хвоямі. Раптам Валодзя крычыць: “Стой!” І спыняе машыну. Я аж устрапянуўся: што здарылася? А ён выходзіць з “Масквіча”, бярэ фотаапарат, выбірае пазіцыю, каб лепш сфакусіраваць і зняць тры сасны. Сапраўды цудоўна. А я амаль кожны дзень тут праходжу і не заўважыў такой прыгажосці. Вось што значыць сапраўднае вока фатографа!

На смолзаводзе ён зрабіў яшчэ некалькі фотаздымкаў, ставячы мяне ў кадр.

Назад, на шашу, мы вярталіся, як я казаў, “па дыяганалі” – праз лес розных пародаў лісцвяных дрэваў. І тут зноў шафёр крычыць: “Стой!” Ды на гэты раз я не спалохаўся.

– Гэта ж – прыгажосць, якую не ў кожным лесе ўбачыш, – тлумачыць Уладзімір Андрэевіч. – Ідзі па дарозе, а я падхаплю цябе на плёнку.

Неўзабаве пасля гэтага візіту У. Калеснік з Брэста прыслаў мне серыю здымкаў, зробленых у Слоніме і на смольні. Здымак з трыма соснамі “натхніў” мяне напісаць верш пад загалоўкам “Тры сасны”, які разам з фатаграфіяй быў змешчаны ў раённай газеце. Сам жа Уладзімір Андрэевіч увекавечыў мяне на фатаграфіі, дзе я сяджу на калодцы каля складзеных ля плота дроў. Гэтую ілюстрацыю пісьменнік змясціў у сваёй кнізе “Лёсам пазнанае”, якая выйшла ў 1982 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Там жа змешчаны партрэт маладога Гальяша Леўчыка па ўручанай мною фатаграфіі, якая вельмі спадабалася аўтару кнігі.

Нядаўна яшчэ адным вершам (“Лясныя дарогі”) я адгукнуўся на здымак Калесніка, які зрабіў ён у лесе ў 1964 годзе.

Вядома, не ўсе аўтары заходнебеларускай паэзіі былі прадстаўленыя ў кнізе “Сцягі і паходні”, якая пабачыла свет у 1965 годзе. Таму нястомны збіральнік не мог на гэтым спыніцца. У адным з лістоў да мяне прасіў даслаць яму, калі маю, малавядомыя творы заходнебеларускіх паэтаў для больш аб’ёмнай кнігі, якую ён рыхтуе. Тут, на жаль, я не мог нічым дапамагчы, бо прыйшоўшы з партызанскага лесу, застаў на хутары пустую хату з выдранымі на бункер вокнамі. Фашысты арыштавалі бацьку, забралі каня, карову, іншую маёмасць да апошняй паперкі.

Збіральнік дасягнуў сваёй мэты. Даволі салідная другая кніга з заходнебеларускай паэзіі “Ростані волі” выйшла ў 1990 годзе. Кнігу можна лічыць анталогіяй, дзе сабраны творы каля сарака паэтаў, у тым ліку знайшлі месца і мае восем давераснёўскіх вершаў. І ўсё гэта дзякуючы няўрымслівасці Уладзіміра Андрэевіча Калесніка!

Шчырага патрыёта, выдатнага пісьменніка не пакідала думка аб выкрыцці злачынстваў, зробленых на Беларусі гітлераўскімі акупантамі. Таму і падабралася тройка энтузіястаў – Алесь Адамовіч, Янка Брыль і Уладзімір Калеснік. Яны пабывалі ў многіх мясцінах рэспублікі, дзе фашысты акрывавілі і спапялілі Бацькаўшчыну. Пабывалі пісьменнікі і на Слонімшчыне ў пачатку сямідзесятых гадоў, гутарылі з жывымі сведкамі, якім пашчасціла ўстаць з кучы трупаў аднавяскоўцаў. Адзін дзень на рэдакцыйнай машыне я суправаджаў трох следапытаў у паездцы ў вёскі Ніз, Паўлавічы і інш.

Яшчэ адзін раз наведаў наша сціплае жытло ў Слоніме Уладзімір Андрэевіч Калеснік, на гэты раз са сваёй сяброўкай жыцця Зосяй Міхайлаўнай. Здаецца, гэта было не так даўно. Для пэўнасці прачытаў надпіс у кнізе “Янка Брыль. Нарыс жыцця і творчасці”, якую тады ж падарыў мне дарагі госць. Пастаўленая дата пад надпісам сведчыць, што было гэта 21 жніўня 1991 года. Ах, як хутка бяжыць час!

Усе мы радаваліся жыццю, цудоўнаму сонечнаму дню. Жанчыны пайшлі ў агарод, каб паглядзець, што там і як расце. А мы, мужчыны, працягвалі размову, як быццам яна перапынілася ўчора. Гаварыць пра нашу Бацькаўшчыну, пра яе цяжкае становішча, пра літаратуру і мову можна бясконца. Валодзя раіў пісаць добрыя і цікавыя вершы, апавяданні і друкаваць іх хоць у раённай газеце. Праўдзівы мастацкі твор зробіць больш, чым прапагандысцкі артыкул нядобразычліўца.

Літаратуразнавец тонка адчуваў і добра разумеў значэнне мастацкага слова. Таму і прысвяціў сваё жыццё выяўленню, даследаванню і паказу шырокаму чытачу тых скарбаў нашага пісьменства, якія параскіданыя па розных выданнях або знаходзяцца ў музеях і сховішчах, што недаступныя шырокаму чытачу. Напісаў, акрамя падручнікаў па гісторыі літаратуры, каля пятнаццаці цікавых літаратуразнаўчых кніг. Апошняя з іх, якую мне даслаў з аўтографам, называецца “Усё чалавечае” (1993).

Перапрашаю чытача за нясціпласць. Прывяду некалькі слоў з гэтага аўтографа, у якім шмат цёплых слоў напісана мне, “ля якога я не раз грэўся душою”. Думаю-думаю і не магу даўмецца, чым я мог абаграваць яму душу. Хутчэй – наадварот. Уладзімір Андрэевіч абаграваў мяне сваімі зычлівымі словамі, парадамі, папулярызацыяй маіх вершаў.

Увесь час мы перапісваліся. Асабліва ўразіў яго апошні ліст, напісаны 29 кастрычніка 1994 года. Вось што пісаў Валодзя:

“Даруй, што так доўга не адказваў табе на твой ліст і цікавую для мяне пасылку – вельмі цяжка хварэю, але ўсё ж адчуваю тваю ўдзячнасць за зычлівыя словы, за тое, што ты такі ўстойлівы маральна, не паддаешся павевам усялякіх згодніцкіх і ўгодлівых уступак, якія такою лёгкаю рукою робяць за грамадскі кошт розныя вёрткія камбінатары, што і з маралі, і патрыятызму робяць разменную манету і гатовы рабіць героямі ўсіх калабарантаў і прадажнікаў... будзем трымацца сваёй бескарыслівай праўды і сваёй беларускасці да апошняга дыхання”.

Я пісаў Калесніку, што падрыхтаваў новы зборнік, шукаю спонсара. І вось што ён гаварыў далей у сваім лісце:

“Прыкра мне, што не магу памагчы табе ў выданні новага зборніка. Паспрабую ўскосным спосабам падзейнічаць цераз сваіх берасцейцаў”.

Каментарыі да такіх слоў, як кажуць, непатрэбныя.

“Лежачы лежнем у бальніцах, каб не ўпасці духам, папраўляю па абзацу ды па паўстаронкі за дзень сваёй кнігі “Ветразі Адысея. Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі”. Мне там выразалі каля трох аркушаў, выдралі цэлы раздзел пра рэпрэсіі і пра паэму “Тэстамент”, напісаную ў ссылцы. Усё гэта трэба вярнуць і ачысціць тэкст ад ідэалагічных схемаў і шаблонаў, якімі прыкрываў крытыку лявацтва ў камуністычным руху. Не ведаю, ці дайду да канца. Сіл няма”.

Кожнага чалавека, які без пары пакідае гэты свет, шкада, а Уладзіміра Андрэевіча – надзвычайна. За яго нястомную працу, якую штодзённа, штогадзінна ён рабіў для адраджэння Беларусі. Гэта мы, ашаломленыя страшнай весткай, на скорую руку не можам ацаніць вялікай страты, што панесла наша краіна на шляху да поўнай незалежнасці. Яшчэ прыйдзе “мужны гісторык” і паставіць імя У. Калесніка ў шэраг слаўных імёнаў нашай Бацькаўшчыны.

У маім жыцці Уладзімір Калеснік зрабіў шмат дабра, якое я таксама яшчэ не ацаніў як належыць. Скажу толькі, што ў той час, калі мяне клеймавалі ганебным тады словам “нацыяналіст”, казалі “не внушает политического доверия”, выкідалі з работы ў рэдакцыі раённай газеты, а таксама з гарсавета, ён знаходзіў і друкаваў мае вершы, раіў не ўпадаць у здранцвенне. Таксама казаў не лезці на ражон, але і не збочваць з жыццёвай лініі.

Дзякуй табе за ўсё, дарагі таварыш! Хай родная зямелька будзе табе пухам!