НАЗАЎСЁДЫ РАЗАМ
Зося Калеснік
Лёс быў для мяне надзвычай спрыяльны. Я сустрэла на сваім жыццёвым шляху чалавека таленавітага, сумленнага, добразычлівага да людзей, чалавека, які бязмежна любіў сваю Радзіму і свой народ.
Мы пазнаёміліся на Каляды ў 1957 годзе. У той час, як я пазней даведалася, Валодзя працаваў над заканчэннем кандыдацкай дысертацыі і залечваў туберкулёз, нажыты яшчэ ў партызанах.
У лютым 1958 г. ён паспяхова абараніўся і ў верасні мы пажаніліся. Жыццё з ім было цікавым і насычаным, да таго ж ён быў вельмі апякунчы, засцерагаў мяне ад усялякіх клопатаў. За яго плячыма я адчувала сябе бяспечнай і шчаслівай.
З кватэрамі нам не шанцавала. Жылі мы спачатку ў невялікім Валодзевым пакойчыку (дарэчы, на гэтым месцы пабудаваны інтэрнат нашага універсітэта). Былі складанасці, бо не было кухні, а толькі маленькае памяшканне з умывальнікам. Я ведала, што пасля хваробы Валодзю трэба было добра харчавацца, таму, як умела, рыхтавала лёгкія стравы на электрычнай плітцы на снеданне і вячэру. Палуднавалі мы звычайна ў рэстаране “Брэст” або ў “Малочнай кухні”, але і тут былі свае нязручнасці: мы не паспявалі часам з’есці заказаныя стравы, як каму-небудзь з нас трэба было ісці на працу.
За час нашага сумеснага жыцця мы памянялі яшчэ дзве кватэры, і, нарэшце, у 1976 годзе атрымалі прыстойную двухпакаёўку ва ўтульным, ціхім раёне горада, непадалёку ад парка.
Мы вельмі радаваліся новай кватэры, таму што цяпер маглі пакідаць нашых прыезджых гасцей на начоўку. Валодзя працаваў загадчыкам кафедры беларускай літаратуры і часта запрашаў сталічных пісьменнікаў і паэтаў на літаратурныя вечарыны і дыспуты. Дзякуючы яму я далучылася да беларускай літаратуры, пазнаёмілася з многімі пісьменнікамі і іх творамі. Гэта былі, перш за ўсё, нашы сардэчныя сябры – Іван Антонавіч Брыль, Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі, акрамя іх я была знаёма з М. Танкам, І. Мележам, А. Вялюгіным, У. Караткевічам, А. Карпюком, В. Іпатавай, Р.Барадуліным, В. Палтаран, А. Кудраўцом і многімі, многімі іншымі.
Янку Брыля я ведала яшчэ да замужжа. У 1957 годзе ён быў у Брэсце, і Валодзя захацеў нас пазнаёміць. Шчыра кажучы, я моцна хвалявалася, бо ведала, што ён вядомы пісьменнік і найлепшы сябра Валодзі. На жаль, у той час я яшчэ не вельмі добра валодала беларускай мовай. Усё, аднак, адбылося проста і сардэчна. Брыль аказаўся такім абаяльным чалавекам, што ўсё маё хваляванне прайшло.
У 1959 г., у ліпені, мы паехалі да Валодзевага бацькі, які жыў у вёсцы Крынкі Карэліцкага раёна разам з Верай Рыгораўнай (дарэчы, гэта не тая мачыха, пра якую Валодзя пісаў у сваёй аповесці “Доўг памяці”). Бацька Валодзі, Андрэй Паўлавіч, працаваў пасля заканчэння вайны загадчыкам млына ў Крынках. Ён таксама быў у партызанах, а зараз ужо быў на пенсіі. Яны хораша сустрэлі нас і хацелі нават наладзіць з гэтай нагоды вечарыну, але мы адмовіліся.
Валодзя вырашыў паказаць мне Міцкевічавы мясціны, якія знаходзіліся непадалёку ад Крынак. Так мы, з рукзакамі, адправіліся на Свіцязь. Там, непадалёку ад возера, жыў яго сябра па інстытуце Міхал Фёдаравіч Петрыкевіч з сям’ёй. Сам ён працаваў загадчыкам па вучэбнай частцы ў тамашняй школе. Ён далучыўся да нас.
Свіцязь і наваколле зрабілі на мяне незабыўнае ўражанне, такіх прыгожых мясцін я яшчэ не бачыла, бо жыла ўвесь час у горадзе. Мы абышлі пешкі ўсё возера, у Валодзі быў фотаапарат, і ён зрабіў многа здымкаў. Тады на беразе возера не было ніякіх збудаванняў, панавала цішыня і толькі зрэдку парушалі яе жанчыны, палошчучы бялізну на доўгім бервяне, кінутым у ваду.
Напрыканцы жніўня мы паехалі ў Гародню да Карпюкоў. Аляксей Карпюк вучыўся разам з Валодзем у Наваградскім педвучылішчы. У іх гасціннай хаце мы затрымаліся на некалькі дзён. Тут мы пазнаёміліся з В.Быкавым. Ён, у сваю чаргу, запрасіў нас да сябе і пазнаёміў з жонкай.
На пачатку 1961 года Валодзя наладзіў у інстытуце дыспут па першай кнізе В. Быкава “Жураўліны крык”. Быкаў затрымаўся ў нас на пару дзён. Валодзя паказаў яму Брэсцкую крэпасць і завёз у Белавежскую пушчу, зрабіў здымкі на памяць.
У 1960 годзе прыязджаў да нас Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі. Разам яны пісалі падручнік для педінстытутаў “Вусная мова і выразнае чытанне”. Ён, як і Валодзя, былы партызан, прайшоў фінскую вайну, быў цяжка паранены і пасябраваў з Валодзем у аспірантуры. Гэта быў вельмі далікатны, чулы чалавек, і ён толькі зрэдку ўспамінаў аб перажытых жахах вайны.
З Валодзем ніколі не было сумна, ён не сядзеў без працы: пісаў кнігі, артыкулы, рэцэнзіі, кіраваў літаратурным аб’яднаннем “Заранка” пры Берасцейскай газеце “Заря”, якое з часам перарасло ў аддзяленне СП Беларусі. Да нас заўсёды прыходзіла многа моладзі – будучых пісьменнікаў і паэтаў – В. Жуковіч, А. Каско, М. Пракаповіч, браты Дэбішы, А. Філатаў, К. Жмінько. Ён не стамляўся шукаць і гуртаваць вакол сябе здольных людзей, дапамагаў ім зразумець сваё прызванне, вызначыць свой жыццёвы шлях. Прыходзілі таксама і выкладчыкі, з якімі Валодзя сябраваў. З Нінай Мацяш часта абменьваліся лістамі, часам яна прыязджала ў Брэст ці ён ехаў у Белаазёрск.
У вольныя ад працы хвіліны ён маляваў або рэзаў па дрэву, часам рабіў мне розныя прыгожыя рэчы на кухню з дрэва. Апрача ўсяго ён быў заядлым рыбаком і па-майстэрску фатаграфаваў. Памятаю, як у першыя гады нашага сумеснага жыцця мы адпраўляліся з вудамі пешкі або на аўтобусе на рэчку Лясную ці на возера Белае, дзе першы раз паўдня блукалі, пакуль яго знайшлі.
На прадвесні 1962 года мы атрымалі трывожную вестку ад Веры Рыгораўны: бацька, вудзячы на Сэрвачы ў прахалодную пагоду, моцна застудзіўся, і прыйшлося пакласці яго ў бальніцу, у Карэлічы. Валодзя адпрасіўся ад заняткаў на некалькі дзён і паехаў да яго. На вялікі жаль, хвароба аказалася невылечнай. У ліпені таго ж году ён памёр і пахавалі мы яго ў роднай вёсцы Сіняўская Слабада.
Бацька пакінуў свае зберажэнні Валодзю і Веры Рыгораўне. На гэтыя грошы пазней Валодзя купіў машыну “Масквіч”, якую У. Караткевіч празваў “Велікоднае яечка”, бо была яна чырвонага колеру.
Наша першае падарожжа ў “свет” адбылося ў 1964 годзе. Мы – гэта Ніна Міхайлаўна Брыль, Янка Брыль, Алесь Адамовіч, Валодзя і я – адправіліся на дзвюх машынах у Карпаты. Падарожжа было вельмі цікавым, мы наведалі Луцк, Кіеў, Львоў, Крэменчуг. Нам так спадабаліся горы, што мы вырашылі прыехаць сюды на наступны год і пабыць тут даўжэй.
У часе падарожжа пасажыры мяняліся месцамі, каб падзяліцца ўражаннямі, абмяняцца думкамі. Я любіла ехаць з Іванам Антонавічам. У той час у яго працаваў шафёрам пенсіянер, і зазвычай пасля абеду яго цягнула на сон. Тады Іван Антонавіч садзіўся побач з ім і пачынаў спяваць. Голас у яго прыгожы, і ведаў ён многа беларускіх, польскіх, украінскіх песень, так што шафёру было не да сну, а я атрымоўвала вялікую прыемнасць слухаць яго.
У горы мы больш не паехалі. Нашы планы змяніліся, і мы паехалі наступным разам па Прыбалтыцы і Калінінградскай вобласці.
На пачатку навучальнага года да нас у інстытут прыслалі новага рэктара Доркіна, які ніколі не працаваў у вышэйшых навучальных установах і меў звычку прыслухоўвацца да ўсялякіх “нашэптванняў”. У яго ўзнік канфлікт з дэканам філалагічнага факультэта Кароткім Расціславам Лявонцьевічам, які працаваў таксама на кафедры беларускай літаратуры. Апала перанеслася на ўсю кафедру. Валодзя бараніў дэкана і кафедру як мог, гарадскія ўлады падтрымлівалі яго, але гэтая валтузня каштавала яму многа здароў’я і нерваў. Ён паехаў на пасяджэнне Саюза пісьменнікаў у Мінск і захварэў. Праляжаў у бальніцы каля 10 дзён. Я паехала ў Мінск і наведвала яго кожны дзень. Жыла я, як заўсёды, у гасціннай хаце Брылёў, яны таксама вельмі перажывалі за Валодзю. Здароў’е ішло на папраўку, яго выпісалі праз 10 дзён і парэкамендавалі адпачыць у санаторыі ў Нясвіжы. Ён часта званіў дамоў, пытаўся пра справы на факультэце, сумаваў па працы.
Усё скончылася добра, рэктара перавялі выкладчыкам гісторыі ў адзін з мінскіх інстытутаў, але дэкана знялі. Паціху ўсё ўляглося.
Пасля вяртання з санаторыя Валодзю наведалі Іван Антонавіч Брыль і Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі, за што я была ім вельмі ўдзячная.
Памятаю, было ранняе прадвесне, свяціла сонейка, было даволі цёпла, і Валодзя павёз нас на прыроду. Мы спыніліся, наколькі я памятаю, на шашы, што вядзе ў Высокае. У лесе дзе-нідзе ляжала крыху снегу, але на вярбе ўжо распускаліся пупышкі. Прыгравала сонейка, мы праходжваліся паўз лес, і свет здаваўся такім прыгожым, і, галоўнае, на душы было спакойна, усё ліхое адышло, а зараз з намі нашы дарагія сябры. Валодзя зрабіў некалькі здымкаў, і некалькі – Фёдар Міхайлавіч на памяць аб сустрэчы.
Настаў спакой, і Валодзя ўключыўся ў працу, пісаў кнігу “Зорны спеў”, чытаў лекцыі ў інстытуце. Студэнты паважалі яго за глыбокія веды і любілі за пачуццё гумару.
Былі ў нас яшчэ падарожжы з сям’ёй Брылёў на Свіцязь, Нарач, Кромань, на Далёкую Поўнач з Кіжамі, падарожжа на цеплаходзе ад Масквы да Астрахані з наведваннем дзесяці прыволжскіх гарадоў. Балючае ўражанне пакінуў на нас зруйнаваны і тады яшчэ не адбудаваны гераічны Сталінград.
Мы, аднак, заўсёды пакідалі пару тыдняў, каб пабыць у бабы Веры, паехаць у Сіняўскую Слабаду на партызанскія могілкі, наведаць там Валодзевага хрышчонага Сашу Васілеўскага і маці яго партызанскага сябра Косці Балабановіча, цётку Надзю. А потым ехалі на Добрач. Добрач – гэта маляўнічы куточак паміж Нёманам і Налібоцкай пушчай. Там стаяла толькі леснікова хата і гаспадарчыя збудаванні.
Спачатку мы начавалі ў машыне на беразе Нёмана, але, калі я аднойчы пайшла па малако ў леснічоўку, гаспадар, даведаўшыся, хто мы (ён ведаў мужа па партызанцы), прапанаваў жыллё ў сябе. Мы не згадзіліся, але дамовіліся, што на наступны год пабудуем тут невялічкую хатку, на беразе Нёмана. Праз год мы жылі ўжо ў “сваёй хаце”. З гаспадарамі Уладзімірам Клаўсуцем і яго жонкай Зосяй Аляксандраўнай мы хутка сышліся: разам снедалі, а вечарамі бавілі час ля агеньчыка, на які прыходзілі дочка з зяцем гаспадароў і сама гаспадыня. Яна была вельмі гаваркая жанчына і многа цікавага распавядала пра былыя часы. Часта наведваў нас настаўнік з Сіняўскай Слабады Мікалай Феафанавіч Паўлюкоўскі, прыязджалі маладыя паэты з Брэста.
З самай раніцы Валодзя ішоў вудзіць. Рыбалка была тут выдатная. Праз пару гадзінаў я ішла яму насустрач, каб дапамагчы несці ўлоў і рыбацкія прылады. Валодзя, як я заўважыла, рыбачыў у розных мясцінах, часам вельмі далёка ад хаты, і, як мне здаецца, яны напаміналі яму некаторыя эпізоды з партызанскага жыцця. Часам ён расказваў, што менавіта адбылося ў той ці іншай мясціне. У думках ён быў са сваімі баявымі сябрамі.
Пасля снедання Валодзя рабіў запісы ў сваім блакноце. Некаторыя з гэтых запісаў увайшлі ў кнігу “Доўг памяці”.
Часам, калі спрыяла надвор’е, ён браў мальберт і ішоў маляваць цудоўныя нёманскія старыцы. Час ішоў хутка.
Так ужо павялося, што некалькі дзён напрыканцы адпачынку мы пакідалі, каб сустрэцца з Нінай Міхайлаўнай і Іванам Антонавічам у Крынічным, дзе ў іх была дача. Яны заўсёды сардэчна сустракалі нас, і нам было цёпла і ўтульна ў іх хаце. Тут мы сустракаліся таксама з Валодзевым партызанскім сябрам Яўгенам Крамко, які жыў непадалёку ад Брылёвай дачы, у вёсцы Беражна. У Брылёў мы маглі пачуць свежыя навіны аб літаратурным жыцці сталіцы, паколькі іх дача знаходзілася непадалёку ад Мінску і дзеці прывозілі ім кожны тыдзень свежую карэспандэнцыю. Дні, якія мы праводзілі ў Крынічным, застануцца ў маёй памяці назаўсёды: гасцінныя, сардэчныя гаспадары, праходкі паўз бераг Нёмана, цікавыя размовы, а вечарамі гульня ў карты (у “тысячу”), успаміны Я. Брыля і Валодзі.
У 1970 годзе Валодзя захапіўся вершамі мала вядомага тады і забароненага заходнебеларускага паэта Уладзіміра Жылкі. Ён хацеў апублікаваць хоць некалькі вершаў У. Жылкі, каб пазнаёміць беларускага чытача з яго паэзіяй. У зборы вершаў і біяграфічных дадзеных дапамагалі яму Людміла Іванаўна Краскоўская, якая вучылася разам з У. Жылкам у Пражскім універсітэце, дачка паэта Наталля Лазарава і брат Барыс Адамавіч. Светлая ім памяць. (Дарэчы, унучка У. Жылкі закончыла наш філалагічны факультэт). Родзічы У. Жылкі былі ў нас, у Брэсце, некалькі разоў і распавядалі пра цяжкі лёс і сваё нялёгкае жыццё. Нарэшце, сцяна маўчання была прабіта і Уладзімір Андрэевіч надрукаваў у 1977 годзе кнігу “Ветразі Адысея. Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі”. Пасля гэтай кнігі ён выдаў яшчэ сем кніжак, апублікаваў каля 500 артыкулаў.
Наступіў час перабудовы і, на жаль, аб далёкіх падарожжах не магло быць гаворкі, хоць нам вельмі хацелася паглядзець возера Байкал.
Час ішоў. Аднойчы Валодзя, прыйшоўшы з заняткаў, паскардзіўся на боль у жываце. Я выклікала “хуткую”, хоць ён і супраціўляўся. Яго адвезлі ў бальніцу, аказалася, што гэта апендыцыт і трэба тэрмінова рабіць аперацыю. Тут узнікла складанасць: у Валодзі дрэнна зварочвалася кроў, і трэба было назапасіць яе на ўсялякі выпадак. Аперацыя прайшла добра, але, калі пачалі зашываць рану, адкрыўся крывацёк. Яго ўдалося дактарам спыніць. Калі мне дазволілі заглянуць на хвілінку ў палату, ён ціха спаў. З таго часу яму падлівалі кроў. Ён яшчэ працаваў пару гадоў, чытаў лекцыі, кіраваў дыпломнымі працамі. Аднойчы, калі ён лёг на чарговае пераліванне крыві, нейкі дасужы доктар вырашыў праверыць яго страўнік (у Валодзі была некалі язва). Пачаўся крывацёк, які не маглі спыніць. Яго перавялі ў рэанімацыю і папярэдзілі мяне аб цяжкім стане. Дзякуй Богу, на трэці дзень крывацёк спыніўся. Стан Валодзі значна пагоршыўся. З рэанімацыі яго перавялі ў гематалагічнае аддзяленне. І з таго часу пачаліся нашы пакуты. Месяц у хаце і паўтара ў бальніцы. Ён, пры ўсёй сваёй нямогласці, дапрацоўваў кнігу “Ветразі Адысея”, спадзяваўся яе перавыдаць, пісаў таксама свае партызанскія ўспаміны.
Памятаю, кожны раз, калі я паднімалася на пяты паверх у яго адзіночную палату, сэрца замірала: ці ўсё ў парадку? Аднойчы я адчыніла дзверы палаты і ўбачыла пусты ложак. Мне зрабілася дрэнна. Прыбегла сястра і пачала супакойваць: яго перавялі ў іншую палату.
Слёзы наварочваліся на вочы, калі я глядзела на яго схуднелы, стомлены твар, на рукі, на якіх прасвечваліся ўсе жылкі. Крыўда на сябе, на дактароў за нашу бездапаможнасць не пакідала мяне. Пры ім я не плакала, і ён стараўся трымацца, ніколі не гаварыў пра наша растанне, толькі часам, доўга ўглядаючыся ў мяне, пытаўся: “Зося, як ты будзеш жыць адна?”. Я спрабавала яго суцешыць, гаворачы, што мы ўдваіх яшчэ доўга пражывем. Хоць абое ведалі, што нас чакае.
Прыкладна за тыдзень да таго жахлівага дня, нас наведалі Іван Антонавіч і Валодзя Ягоўдзік, прыйшоў і Кастусь Жмінько. Валодзя адчуваў сябе дрэнна, але хадзіў, гутарыў з сябрамі, выпіў нават чарку віна за абедам.
Усё жахлівае пачалося ў чацвер, 14 снежня пасля абеду. Ён з ранку паснедаў і пачаў укладаць вершы для зборніка У. Жылкі “Творы”, які рыхтаваў да друку. Пасля абеду прыйшла Марыйка Новік і мы складалі змест: яна дыктавала, а я друкавала. Закончыўшы, я заглянула ў спальню да Валодзі, каб памераць тэмпературу. Паглядзеўшы на тэрмометр, я жахнулася – 39°, такой яшчэ не было ніколі. Пазваніла нашым знаёмым дактарам – Галіне Аляксандраўне Жмінько і Вячаславу Міхайлавічу Плаўскаму. Яны хутка з’явіліся, разам з імі прыйшоў і Кастусь Жмінько. Пачалі збіваць тэмпературу, класці кампрэсы, але тэмпература расла. Валодзя быў увесь час пры памяці і, гледзячы, як мы завіхаемся, сказаў: “Добра паміраць, калі побач свае”. Пасля поўначы Кастусь пайшоў дахаты, бо там заставаліся дзеці, а Вячаслаў Міхайлавіч паехаў дамоў. Засталіся мы з Галінай Аляксандраўнай удваіх. Доўга вырашалі, ці выклікаць ізноў “хуткую”, паколькі першая, якую мы выклікалі, не прынесла аблягчэння. Нарэшце, вырашылі: прыехала “хуткая”, зрабілі некалькі ўколаў. Пасля гэтага Валодзя заснуў. Мы сядзелі з Галінай Аляксандраўнай на суседнім ложку і прыслухоўваліся да яго дыхання. Пад раніцу Галіна Аляксандраўна кажа: “У лёгкіх з’явіліся хрыпы, гэта дрэнна”.
Была палова восьмай раніцы 15 снежня, калі Валодзя адкрыў вочы, паглядзеў на мяне сваім светлым, прытомным позіркам, але сказаць ужо нічога не мог, і закрыў іх назаўсёды.
Я яго вельмі кахала і, думаю, ён мяне таксама, таму, можа, добры Бог дазволіць нам сустрэцца ў лепшым свеце і быць назаўсёды разам.
Гартаючы яго запісы, зробленыя на шпітальным ложку, я знайшла запіску, якую ён пакінуў мне на суцяшэнне: “Мілая Зося! Дажывай спакойна. Я люблю Цябе. І буду любіць, трапіўшы ў пекла, буду радавацца, што Ты недзе ў раю, па заслугах, і няма Табе роўных”.