УРОКІ ЛІТАРАТУРНАГА КРАЯЗНАЎСТВА

Вера Ляшук

Нядоўгім быў той перыяд, які сёння называюць хрушчоўскай адлігай. Для беларусаў ён яшчэ скараціўся. З пачатку 60-х гг. пачаўся новы масіраваны наступ на беларускую мову. Ідэолагі СССР распрацавалі тэорыю зліцця моў, бо ад гэтага, на іх думку, залежала, як хутка савецкія людзі будуць жыць пры камунізме. Кіраўніцтва БССР усё рабіла, каб прывесці беларусаў туды першымі. Міністэрства асветы БССР рассылае ў школы цыркуляр, згодна з якім беларускую мову можна зусім не вывучаць, а з літаратурай дазвалялася знаёміць вучняў па-руску. У сярэдзіне 60-х гг. у г. Брэсце беларускую мову выкладалі толькі ў школе № 6, дзе працавала сям’я нацыянальна свядомых настаўнікаў Шчуроўскіх. Па вобласці пачынаюць закрываць беларускамоўныя школы і пераводзіць навучанне на рускую мову. Перастае выдавацца на роднай мове абласная газета “Зара”, якая раней была двухмоўнай. Пераводзіцца на рускую мову шэраг раённых газет, якія былі беларускамоўнымі.

Рэзка скарачаецца прыём на філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна – усяго адна група (25 чалавек) шырокага профілю. У ліку гэтых 25 чалавек былі такія, хто мовы ўжо не вывучаў, а беларускую літаратуру – па-руску. У такіх умовах трэба было, каб філалагічны факультэт Брэсцкага педінстытута закончыў не проста настаўнік, у дыпломе якога запісана, што ён мае права выкладаць беларускую і рускую мовы і літаратуры, а каб хацеў гэта рабіць прафесійна і з любоўю. Менавіта ў гэты час У.А. Калеснік звяртаецца да такога надзейнага і выпрабаванага сродку патрыятычнага выхавання, якім з’яўляецца краязнаўства. Уладзімір Андрэевіч пачынае арганізоўваць на выпускным курсе (заўважым, што менавіта на выпускным, каб даць студэнту-выпускніку моцны эмацыянальны імпульс) літаратурныя экскурсіі. Ён распрацаваў маршрут і вадзіў па ім студэнтаў аж да канца 70-х гг. I ўсе гэтыя гады я ездзіла з Уладзімірам Андрэевічам. Часам выказвалі жаданне паўдзельнічаць у экскурсіі выкладчыкі філфака: І.Г. Моладава, Г.М. Малажай, В.М. Емельяновіч і інш.

Маршрут, распрацаваны У.А. Калеснікам, ахопліваў найбольш знакамітыя літаратурныя мясціны і помнікі дойлідства. Экскурсаводам быў заўсёды сам Уладзімір Андрэевіч.

Экскурсія найчасцей пачыналася з дарагой і любімай экскурсаводу Наваградчыны. А дарога з Брэста да Завосся звычайна была таксама вельмі цікавай. Студэнты шмат спявалі, і Уладзімір Андрэевіч любіў слухаць беларускія, палескія, рускія, украінскія песні.

З Завосся, дзе, па адной з навуковых версій, нарадзіўся Адам Міцкевіч, пачыналася фактычнае адкрыццё нашага земляка, пісьменніка сусветнага значэння. На жаль, у курсе гісторыі замежнай літаратуры ў той час студэнты змаёміліся з творчасцю Адама Міцкевіча ў аглядзе. Уладзімір Андрэевіч не проста расказваў факты з жыцця паэта, звязаныя з той ці іншай мясцінай, якую наведвалі (хоць было і гэта), але ішоў углыб і ўшыр, даваў шырокі гістарычны і культурны фон, паказваў своеасаблівасць спосабаў тыпізацыі ў рамантычнай літаратуры. Недалёка ад Завосся знаходзіцца невялічкі ўзгорак, які пад пяром пісьменніка-рамантыка Адама Міцкевіча ператвараўся ў вялікую гару. У час экскурсіі па мясцінах аўтара “Пана Тадэвуша” Уладзімір Андрэевіч шмат чытаў на памяць, чытаў творы Міцкевіча ў арыгінале.

Наступны прыпынак рабілі ў Калдычэве ля помніка ахвярам фашызму. Экскурсавод тут быў негаваркі. Найчасцей маўкліва ўскладвалі кветкі, чыталі лаканічны надпіс на помніку. Іншы раз Уладзімір Андрэевіч згадваў, што ў ліку ахвяр Калдычэўскага канцлагера была прататып настаўніцы пані Мар’і з аповесці Янкі Брыля “Сірочы хлеб”. Яшчэ радзей гаварылі тут пра Яна Чачота і яго баладу “Калдычэўскі шчупак”. На месца, дзе размяшчаўся канцлагер, ніколі не хадзілі. Яго экскурсавод паказваў здалёк.

З Калдычэва кіраваліся да каменя філарэтаў – велізарнага валуна недалёка ад хутара Жук. Аўтобус спыняўся адразу за вёскай Карчова. Ішлі звычайна моўчкі, усё яшчэ былі думкамі і пачуццямі ў Калдычэве. Ля ва-луна, аднак, настрой мяняўся і ў студэнтаў, і ў экскурсавода. Уражваў агромністы валун, асколкі ля яго. I Уладзімір Андрэевіч пачынаў расказваць, як адзін купец у даваеннай Польшчы хацеў зрабіць з яго жорны для млына і адкалоў частку. Толькі ўмяшанне грамадскасці выратавала гэты дарагі помнік прыроды і літаратуры. Студэнты ўзбіраліся на валун, пачыналася фатаграфаванне. Дарэчы, на экскурсіі Уладзімір Андрэевіч заўсёды браў з сабою фотаапарат і рабіў шмат здымкаў. Фатаграфавалі і студэнты. Пачыналася цікавае апавяданне пра Віленскі універсітэт, пра рэвалюцыйныя згуртаванні, іх статуты, рэалізацыю праграмы ў дзейнасці, пра аднадумцаў, паэтаў-летуценнікаў, многія з якіх былі з Наваградчыны і канікулы праводзілі ў Туганавічах. Расказваў Уладзімір Андрэевіч не толькі пра грамадскую дзейнасць юнакоў, але і іншыя захапленні маладосці.

Апавядальнікам Уладзімір Андрэевіч быў адмысловым, у хадзе лёгкі і нястомны. Таму нярэдка самыя цікаўныя са студэнтаў не імкнуліся кінуцца ў аўтобус, хаб ехаць у Туганавічы, тым больш, што ад вёскі Карчова да былога маёнтка Верашчакаў рукою падаць, ішлі пешкі і з задавальненнем слухалі пра Яна Чачота, Тамаша Зана, Міхала Верашчаку і Міцкевіча.

Туганавіцкая сядзіба згарэла ў першую сусветную вайну, здзічэлі сад і кусты, аднак падмурак, агульныя абрысы прысадаў яшчэ захаваліся. Высока ў неба ўзляталі ліпы, якія ўтваралі альтанку, дзе сустракаліся Марыля з Міцкевічам. Аглядалі ўсё, што можна было пабачыць, фантазіравалі, аднаўляючы ў сваім уяўленні сядзібу мінулага стагоддзя. Каля альтанкі абавязкова рабіліся здымкі.

Экскурсія звычайна праводзілася ў самым канцы мая ці ў пачатку чэрвеня. Калі шанцавала на пагоду, Уладзімір Андрэевіч сядаў на пагорку, а студэнты вакол яго. Сядзіба Туганавічы на той час ужо была пад аховаю дзяржавы. Разнатраўе, рамонкі, званочкі, незабудкі цешылі вока, п’янілі водар кветак і цвіценне ці то бэзу, ці то язміну, ці то акацыі. Экскурсавод адкрываў тоўсты том Адама Міцкевіча і чытаў паэму “Пан Тадэвуш”, чытаў у арыгінале, захапляўся сам, захапляў і слухачоў. Звычайна часу на Туганавічы Уладзімір Андрэевіч не шкадаваў.

Далей кіраваліся ў Валеўку, праязджалі вёскі, якія добра ведаў экскурсавод. Ён расказваў, як яны звязаны з тым ці іншым пісьменнікам, а часам і пра каларытных асобаў і пра цікавыя падзеі, якія тут адбываліся. Валеўка прываблівала тым, што ў мясцовай школе працаваў на той час адзін з лепшых літаратурна-краязнаўчых музеяў. Быў ён створаны сябрам У.А. Калесніка па Мінскім педінстытуце А. Петрыкевічам. Яго асобе і педагагічнаму майстэрству У.А. Калеснік прысвяціў нарыс “Партрэт друга”, змешчаны ў зборніку “Сейбіты разумнага, добрага, вечнага”. Пазней, калі Петрыкевіч пераехаў у Дзятлава і там узначаліў музей, эстафету краязнаўчай працы падхапіў у гэтай школе У.А. Урбановіч, які абагульніў вопыт дзейнасці школы па вывучэнні роднага краю ў кнігах “Па дарагіх мясцінах” і “Шляхамі паэтаў і герояў”. Уладзімір Андрэевіч прымаў непасрэдны ўдзел у стварэнні музея, парадкаваў заходнебеларускую перыёдыку, а кнігу У.А. Урбановіча прывеціў рэцэнзіяй, што была надрукавана ў абласной газеце “Зара”.

Ролю знаёмства студэнтаў з Валеўскім літаратурна-краязнаўчым музеем цяжка перацаніць. Ён быў эмацыянальным штуршком для таго, каб ужо настаўнікам самім распачаць з вучнямі працу па вывучэнні літаратуры роднага краю.

На Наваградчыне асабліва выразна выяўлялася любоў экскурсавода да сваёй малой радзімы. Ён знаходзіў магчымасць адзначыць і падкрэсліць разнастайнасць і хараство краявідаў Наваградчыны. Пасля раўніннага Палесся, якое часам стамляла сваёй аднастайнасцю, узгоркавая Наваградчына сапраўды ўражвала. З якой гордасцю экскурсавод расказваў пра стронгу, рыбу, якая захавалася ў Нёўдзе.

Разам з валеўскімі настаўнікамі кіраваліся на возера Свіцязь. Любаваліся гэтай жамчужынай Беларусі, прыгадвалі, хто са знакамітасцяў яе наведваў і якія пакінуў уражанні. Найбольш жа гаварылася пра Міцкевіча і Марылю, згадваліся балады “Свіцязь” і “Свіцязянка”. Купаліся ў пагодлівыя дні і позна вечарам кіраваліся зноў у Валеўку. Тут традыцыйна начавалі. Заканчваўся першы, самы ўражлівы, дзень падарожжа.

Ранак сустракалі ў Наваградку. Агляд пачыналі з Замкавай гары. Доўга любаваліся краявідамі, што адкрываліся з яе. Уладзімір Андрэевіч паказваў вёску Літоўку, знаёміў з сюжэтам паэмы “Гражына” Адама Міцкевіча. Тут У.А. Калеснік любіў прыгадваць гады навучання ў Наваградскай гімназіі, пра свае захапленні той пары, пра любімых і нелюбімых настаўнікаў, пра тое, як яму, “хамскаму сыну” (як часам, не саромеючыся, гаварылі яму ў вочы навучэнцы-палякі), даводзілася адстойваць сваю чалавечую і нацыянальную годнасць. Пасля Замкавай гары праводзілася невялічкая экскурсія па горадзе. Аглядалі фарны касцёл, курган, наведвалі музей Адама Міцкевіча. Тут экскурсію вялі супрацоўнікі музея, але вельмі часта ў яе ход умешваўся Уладзімір Андрэевіч, каб нешта паправіць ці ўдакладніць. З Наваградка ехалі ў Мір. Па дарозе – Брылёва Загора. Уладзімір Андрэевіч расказвае пра сям’ю аўтара “Птушак і гнёздаў”, пра іх сумеснае партызанства, пра мясціны, апісаныя ў аповесці “На Быстранцы”, пра прататыпаў “Ніжніх Байдуноў”. Зноў згадваецца Адам Міцкевіч і яго паэма “Дзяды”, расказваецца гісторыя напісання, паказваюцца мясціны, апісаныя ў творы.

Перад пад’ездам да Міра Уладзімір Андрэевіч расказваў пра даваеннае мястэчка, пра дзівацтвы апошняга ўладальніка Мірскага замка. Экскурсавод дасведчана і прафесійна паказвае веліч, хараство, арыгінальнасць Мірскага замка. У час гэтых экскурсій асабліва відавочныя былі Калеснікавыя адносіны да духоўнай спадчыны. Як радаваўся ён, калі пачалася рэстаўрацыя Мірскага замка. Калі ж работы зацягнуліся, то не раз казаў, што ў гэтых адносінах нам, беларусам, трэба вучыцца ў летувісаў. Тыя рэстаўравалі ўсе значныя помнікі, якія аказаліся на іх тэрыторыі. Ды пазней, калі студэнты траплялі ў Вільню, самі пераконваліся, бачачы той ці іншы будынак у рыштаваннях.

Далей маршрут вёў на Стаўпеччыну, у Коласавы мясціны. Традыцыйна тут Уладзімір Андрэевіч менш расказваў, а больш паказваў. Гэта зразумела. Коласавы мясціны знаёмыя, хай і завочна, са школьных гадоў, з паэмы “Новая зямля”, трылогіі “На росстанях”. Аглядалі Мікалаўшчыну, Акінчыцы, “палац з ласіным рогам”, выходзілі да берага Нёмана. Уладзімір Андрэевіч радуецца, калі студэнты чытаюць урыўкі з паэмы “Новая зямля”, вершы, калі ў пісьменнікавых мясцінах усплываюць у памяці самі сабою Коласавыя радкі. Самае ўражлівае, аднак, заўсёды чакала ў Смольні, на апошняй сядзібе сям’і Міцкевіча. Хвалявала хата, дзе жыла сям’я, куды прыязджаў Якуб Колас, працуючы настаўнікам, прыязджаў звольнены з гэтай пасады за ўдзел у нелегальным з’ездзе рэвалюцыйна настроеных настаўнікаў Беларусі, дзе сустракаўся з Янкам Купалам, уражвалі разгалінастыя ліпы, пасаджаныя рукой пісьменніка, але самае галоўнае, што выклікала найвялікшую насалоду не толькі экскурсантаў, але і экскурсавода, была сустрэча з братам Коласа Юзікам, які таленавіта чытаў урыўкі з паэмы “Новая зямля”, асобныя вершы.

Традыцыйна начавалі ў Мінску ў інтэрнаце педінстытута ці універсітэта. Наступны дзень аддаваўся сталічным літаратурным музеям. Тут У.А. Калеснік пакідаў студэнтаў на працаўнікоў музеяў, а сам спяшаўся то ў рэдакцыі часопісаў і выдавецтваў, то ў АН БССР, то да сяброў. Клопатаў у Мінску звычайна хапала. Пасля музеяў аглядалі помнікі нашым класікам, а вечарам імкнуліся трапіць у купалаўскі тэатр. Тут шанцавала далёка не заўсёды.

Яшчэ адна ноч у Мінску. Наступным днём наведвалі Радашковічы. Пра многае з літаратурнага і культурнага жыцця гэтага беларускага мястэчка маглі б пачуць студэнты з вуснаў такога дасведчанага экскурсавода, якім быў Уладзімір Андрэевіч, але час быў не той. Абмяжоўваўся наш настаўнік толькі Радашковіцкай беларускай гімназіяй, паказваў будынак, дэталёва расказваў пра пратэст навучэнцаў супраць разгрому Грамады, пра ролю гэтай навучальнай установы ў жыццёвай і творчай біяграфіі Максіма Танка. З Радашковіч звычайна кіраваліся на Вязынку. Першыя экскурсіі праводзіліся тады, калі ў хаце, дзе нарадзіўся паэт, была невялічкая мемарыяльная экспазіцыя. Пазней тут стала запаветная зона. У Вязынцы Уладзімір Андрэевіч больш слухаў, пра што гаварыла экскурсавод, шмат рабіў здымкаў. Студэнты любаваліся краявідамі, якія ўплывалі на фармаванне таленту паэта і якія натхнялі на стварэнне многіх твораў.

З Вязынкі экскурсія кіруецца на Віленшчыну. Па дарозе слухалі расказы Уладзіміра Андрэевіча пра Міхася Васілька, Алеся Салагуба, знакамітую Смаргонскую акадэмію. Спыняемся толькі ў Жупранах (ніколі не было, каб заязджалі ў Кушляны. Яны ўбаку, а трэба даехаць да Вільні і ўладкавацца на начлег). Тут аддавалі даніну памяці Францішку Багушэвічу. Уладзімір Андрэевіч выказваў сваё незадавальненне надмагільным помнікам, устаноўленым Саюзам пісьменнікаў БССР. Больш цікавым ён лічыў бюст паэта, устаноўлены быццам бы на тым месцы, адкуль аўтар “Дудкі беларускай” клікаў сваіх землякоў на паўстанне. Асаблівае захапленне і экскурсавода і экскурсантаў выклікаў мясцовы касцёл у стылі готыкі. З захапленнем Уладзімір Андрэевіч расказвае пра адметнасць гатычнага стылю, спецыфіку мясцовай готыкі. Фатаграфуе Багушэвічавы мясціны.

Пад вечар – у Вільні. Дзе мы толькі не начавалі: то на беразе Віліі, то на нейкіх толькі Уладзіміру Андрэевічу вядомых турбазах. Наступны дзень аддаваўся Вільні. Экскурсаводам быў заўсёды У.А. Калеснік. Тут студэнты чулі і бачылі цэлы курс па беларускім дойлідстве. Готыка, барока, класіцызм, рэнесанс, ракако, эклектыка. Касцёл св. Ганны, касцёл Пятра і Паўла, Вострая Брама, Святаянскія муры, гарадская ратуша, віленскія дворыкі, у адным з іх – помнік беларускаму першадрукару. Далей аглядалі мясціны, звязаныя з літаратураю: Лукішская плошча і пліта на месцы, дзе былі павешаны Каліноўскі і Серакоўскі, і сумна знакамітыя Лукішкі, рэдакцыя “Нашай нівы”, Віленская беларуская гімназія... Незабыўнае ўражанне пакідала наведванне бібліятэкі Віленскага універсітэта і бібліятэкі Урублеўскіх. У першай знаёміліся з беларускімі рукапіснымі і друкаванымі старажытнымі кнігамі, з кнігамі на летувіскай мове, яшчэ раз пераконваліся, наколькі больш старажытная пісьмовая культура нашага народа. У бібліятэцы Урублеўскіх цікава было ўбачыць “Нашу ніву”, надрукаваную кірыліцай і лацініцай. У будынку універсітэта змаёміліся з кабінетам і бібліятэкай Я. Лялевеля, з універсітэцкай абсерваторыяй, з актавай залай, дзе гучаў голас нашага земляка Забэйды-Суміцкага, дзе юны Максім Танк чытаў свае вершы і ўдзячная моладзь і спевака, і паэта падхапіла на рукі і пранесла праз залу.

Перад ад’ездам з Вільні падымаліся на гару Гедыміна. Яшчэ раз аглядалі панараму горада, пазнавалі помнікі, з якімі ўжо пазнаёміліся, чыталі раздзел з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”. Уладзімір Андрэевіч радаваўся, калі студэнты без яго напамінку бралі ў дарогу Коласаў томік.

Пад вечар пятага дня пакідалі Вільню. Перапоўненыя ўражаннямі, стомлены студэнты, стомлены і экскурсавод. Але калі пад’язджалі пад Астрына – мясціны Цёткі, кіраўнік экскурсіі захоплена расказвае пра Пер-шую (як ён любіў называць Цётку), паказваў помнік паэткі, узведзены ў гэтай вёсцы (скульптар Заспіцкі). Начавалі ў Гародні на турстанцыі. Абавязкова сустракаліся ці з Васілём Быкавым, ці з Аляксеем Карпюком, вялася доўгая зацікаўленая гаворка пра напісанае гарадзенцамі. Затым аглядалі дом-музей Элізы Ажэшкі, невялічкую экспазіцыю ў адным з пакояў. У Гародні экскурсаводам звычайна быў Аляксей Карпюк. Уладзімір Андрэевіч то ўважліва слухаў свайго даўняга сябра і калегу, то пацвельваў з апошняга. У Гародні аглядалі таксама дом, дзе жыла сям’я Максіма Багдановіча, палац Стэфана Баторыя, Каложу, Стары Замак.

У абед пакідалі гасцінную Гародню. Па дарозе спыняліся толькі ў Ружанах. Там аглядалі разваліны замка, касцёл і помнік Юзіку Урбановічу. У Брэст прыязджалі заўсёды позна вечарам. Праходзяць гады, а гэтыя шэсць дзён паездкі па Беларусі не цьмеюць у памяці, жывуць як адно з самых яркіх уражанняў студэнцкіх гадоў.

У 60-я гг. па ініцыятыве У.А. Калесніка ствараецца шэраг літаратурна-краязнаўчых стэндаў: “Яны надрукаваліся”, “Пісьменнікі – госці Брэстчыны”, “Шляхамі паэтаў і герояў”, “Рускія пісьменнікі на Брэстчыне”. Фотаздымкі да гэтых стэндаў рабіў сам Уладзімір Андрэевіч, сядзеў са студэнтамі і клеіў іх, падпісваў. Яму належыць ідэя стварэння літаратурна-краязнаўчай карты вобласці.

Адным з напрамкаў літаратурна-краязнаўчай працы было абмеркаванне кніг пісьменнікаў з удзелам іх аўтараў. Іван Мележ, Іван Шамякін, Аляксей Карпюк, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Янка Брыль, Анатоль Вярцінскі, Іван Чыгрынаў, Анатоль Кудравец, Мікола Аўрамчык і многія іншыя бралі ўдзел у сустрэчах са студэнтамі, слухалі іх уражанні ад толькі што напісаных кніг. Янка Брыль, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч сустракаліся са студэнтамі на маёй памяці па некалькі разоў. У апошні час, калі вырасла і набрала моц пад дбайным кіраўніцтвам Уладзіміра Калесніка літаратура Берасцейшчыны, сістэматычна сталі наладжвацца сустрэчы з Нінай Мацяш, Міколам Пракаповічам, Алесем Каско і інш. Вёў гэтыя сустрэчы У.А. Калеснік. Яму належала грунтоўнае ўступнае і заключнае слова. Многае з таго, што гаварылася на гэтых сустрэчах Уладзімірам Андрэевічам, пазней уключалася ім у рэцэнзіі, артыкулы, эсэ, літаратурныя партрэты.

Закладзеныя У.А. Калеснікам традыцыі літаратурна-краязнаўчай працы жывыя на філалагічным факультэце Брэсцкага універсітэта і сёння.