Уржум, "Тэстамент" (ненадрукаваны раздзел з кнігі "Ветразі Адысея")

Уладзімір Калеснік

Летам 1930 года Жылка з жонкаю быў на дачы пад Мінскам. 8 чэрвеня ў іх нарадзілася дачка, якую яны назвалі рэнесансавым імем Беатрычэ, Беата, пяшчотна звалі Ата. Не здагадваліся бацькі, што так хутка жыццё пачне развейваць іх рамантычныя лятункі, што іх Беата будзе выхоўвацца ў бабкі Таццяны Ануфрыеўны і стане Натай, звычайнай Наталляй. пад гэтым імем жыла і працавала ў Полацку Наталля Уладзіміраўна Лазарава, настаўніца адной з гарадскіх школ.

18 ліпеня Уладзімір Жылка быў арыштаваны там жа, на дачы, і разам з лідарамі "Узвышша" Я. Пушчам, У. Дубоўкам і А. Бабарэкам знаходзіўся пад следствам. Туберкулёз лёгкіх дайшоў да трэцяй стадыі, на грудную клетку быў накладзены пнеўматоракс, турэмны ўрач даў даведку аб неабходнасці стацыянарнага лячэння Жылкі ў бальніцы. Пасля заканчэння допытаў, 28 жніўня, ён быў вызвалены з турмы пад распіску аб нявыездзе з Мінска. Лячыўся ў бальніцы, а ў пачатку зімы перабраўся на кватэру. Вярнуўся дамоў слабым і, па словах жонкі, усю зіму і вясну не хадзіў на працу. "Прыкаваны да ложка, – піша Р. Маневіч, – ён усю зіму сапраўды шмат займаўся перакладамі і пераклаў паэму польскага пісьменніка" (1). Дакладней трэба было сказаць – закончыў пераклад і падрыхтаваў да друку паэму Бруна Ясенскага "Слова пра Якуба Шэлю".

Работа над перакладам твора выключна вітальнай сілы, напэўна, дапамагла хвораму паэту падтрымліваць вітальны тонус. Вясною Жылка пачаў папраўляцца і ўжо пачуўся на сілах, каб паехаць летам у Клецішча да маці і там падрыхтаваць свой чарговы зборнік твораў. Ён звярнуўся да АДПУ па дазвол, бо даў распіску аб нявыездзе, але яму аб'явілі, што пастановай калегіі ад 10 кастрычніка 1931 года ён высяляецца на пасяленне ў горад Уржум Вяцкай губерні. Жонка паэта лічыць, што Жылка меўся раней ведаць пра гэтую пастанову. Аднак дата, што стаіць пад пастановай Калегіі, схіляе прыняць выказванне брата паэта, Барыса, які гаворыць, што звестка пра высылку была для паэта нечаканай. Бясспрэчна тое, што АДПУ адносілася да Жылкі даволі паблажліва, не даймала кантролем, бо лічылі яго хваробу смяротнай. Прымаць да такога чалавека, хоць і прызнанага вінаватым, усю суровасць закона не мела сэнсу.

Як сцвярджае Барыс Адамавіч, брат выязджаў з Мінска ў Уржум са своеасаблівым камфортам: меў білет у вагон першага класа і права на высокі харчовы "ліцер". Але адчуваў сябе прыгнечаным, пакрыўджаным, ахвярай трагічнага непаразумення і не хацеў ісці па той "ліцер". Барыс Адамавіч у парыве спагадлівасці сказаў яму: "Можа лепей было б, каб не ехаў ты сюды з Прагі?" Паэт адмоўна паківаў галавой і, усміхнуўшыся, заўважыў, што там яго хутчэй спаткала б нешта горшае. Варта заўважыць, што такое было сказана не проста з ласкі на пацеху, для суцяшэння малодшага брата. Палітычныя адносіны паміж СССР і Чэхаславакіяй пагоршыліся, у "Звяздзе" за 28 кастрычніка 1928 года быў апублікаваны артыкул "Чэхаславакія і антысавецкі блок", з якога было відаць, што ў Чэхаславакіі пачыналіся праследаванні прыхільнікаў камуністычнага руху. Уражаны гэтым адказам брата, над лёсам якога замыкаўся нейкі фатальны круг, Барыс Адамавіч рашуча пайшоў да асобы, якая ведала "ліцерамі", і ўзяў той дакумент на палепшанае харчаванне.

Паэт выехаў у ссылку адзін, на сямейным савеце вырашылі, што жонка з дачкою застануцца ў Мінску. Назаўтра пасля ад'езду Жылкі Рыму Маркаўну наведала Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, жонка Янкі Купалы, якая працавала тады загадчыцай дзіцячага садка пры нейкай высокай установе, і запрапанавала ёй пасаду настаўніцы спеваў.

Жылка дабіраўся да Уржума з прыгодамі. Па дарозе ён пазнаёміўся з землякамі, якія мелі такія ж прысуды, сярод іх і Адам Корань. Сярод сяброў па няшчасцю, з якімі паэт пачаў падтрымліваць адносіны, трэба назваць Яўхіма Кіпеля і Мікалая Улашчыка. Яны былі сасланы ў Налінск, больш буйны гарадок за Уржум. Да станцыі Вяцкія Чаўны даехалі цягніком, далей патрэбна было плысці цеплаходам па рацэ Вятка, а рачны транспарт працаваў блага, быў надта перагружаны, і вось ссыльныя праявілі ініцыятыву: купілі сабе дзве лодкі, і самі рашылі плысці ўніз па Вятцы да прыстані Капельніча. Дзівіла іх экзотыка тутэйшых мясцін і неверагодна танныя прадукты ў вёсках.

Жылку пасадзілі аднаго ў аднамесную лодачку, прывязалі яе да вялікай, і хворы паэт мог у ціхай самоце сузіраць свет, думаць, мроіць, тварыць. Дзесьці на прычале Яўхім Кіпель прыгадаў Жылку, як яны, група адраджэнцаў, сустрэўшыся з ім у Мінску пасля навуковай канферэнцыі, аднадушна раілі яму вярнуцца і жыць у Чэхаславакіі. Паэт устаў і сказаў: "Ведаеш, браце, мае раны мне і так баляць, ты іх больш не цвялі" (2).

Адам Корань спыніўся ў Малмыжы, а Сасіновіч і Жылка дабіраліся да прыстані Медзвядок, што насупраць Уржума. Амаль год землякі пражылі на адной кватэры. Спачатку Сасіновіч ставіўся да паэта з недарэчнай крыўдлівасцю, выгаворваў яму, што вось, маўляў, цераз эмігрантаў, запэцканых у палітыку, ды ўсялякіх безадказных літаратурных забіякаў і яму, проста стараннаму студэнту, даводзіцца спыняць вучобу і нявінна пакутаваць. Але неўзабаве ён зразумеў сваю пахоплівасць і стаў адносіцца да Уладзіміра Адамавіча з належнай павагай, як да чалавека высокай культуры, маральнай чысціні і грамадзянскай сумленнасці.

Ва Уржуме была іншая, чым у Беларусі, атмасфера, карэнныя жыхары мелі цьмянае ўяўленне пра такія паняцці, як "беларускі нацыяналізм", і адносіліся да ссыльных без прадузятасці, ацэньвалі іх проста па дзелавых і чалавечых якасцях, не ставячы пад сумненне грамадзянскай лаяльнасці, ім спагадаоі, памагалі ўладкавацца на работу.

Цераз год да Сасіновіча прыехала нявеста, студэнтка педвучылішча Марыя Міхайлаўна Вячорка, яна прадоўжыла вучобу на трэцім курсе Уржумскага педвучылішча, а потым настаўнічала, як і яе муж Іван Алімпіевіч. Ён, мабыць, не думаў, што асядзе тут надоўга, даслужыцца да звання заслужанага настаўніка РСФСР, будзе прыняты ў партыю, а яго жонка стане ветэранам педагагічнай нівы таксама ў гэтым краі. "Мы вельмі часта бывалі разам, – прыгадвае тыя часы і зямляцкія сустрэчы Марыя Міхайлаўна, – паэт прыходзіў да нас часта, разам рабілі мы выхады ў ваколіцы Уржума. Яны таксама надта маляўнічыя. памятаю, ён чытаў нам вершы і нейкія ўрыўкі, мажліва са сваёй паэмы... Яшчэ памятаю, ён даваў мне перакладаць з нямецкай мовы (я тады яе нядрэнна ведала) на рускую мову нейкія там тэксты. Я з прыемнасцю гэта рабіла, бо мне заўжды хацелася зрабіць для яго нешта харошае. Ён быў дужа задаволены і часта гаварыў: "Ах, Марылька (так ён звычайна называў мяне), – мне б вашы гады! Столькі б я яшчэ мог зрабіць!" Яму хацелася яшчэ шмат-шмат зрабіць, але, на жаль, сілы здавалі" (3).

Непрыстасаванаму да бытавых цяжкасцей і клопатаў паэту было зайздросна глядзець на сям'ю Сасіновічаў. "Шчаслівы ты, Янка, – уздыхаў ён, – як бы я хацеў, каб са мною побач была сяброўка". Праз некаторы час прыехала жонка і да Жылкі, але дружнага жыцця ў іх не атрымалася. Жылка, як гавораць пагалоскі, паехаў у Вятку хадайнічаць аб дазволе на пераезд у Крым, прастудзіўся і праляжаў там два месяцы ў бальніцы. Калі вярнуўся, пачуў благія перасуды пра паводзіны жонкі, загаварыла ўроджаная жылкава сумленнасць, вернасць, і Рыма Маневіч пасля сямейнай сцэны выехала ў Ленінград, дзе жыў, прайшоўшы "перавыхаванне" працай, яе бацька, нядаўні гомельскі нэпман, а цяпер партовы грузчык.

"Памятаю, – піша М.М. Вячорка, – мы з сяброўкамі, Леначкай Спаскай і другімі, недаўмявалі: як магла Рыма Маркаўна пакінуць такога цудоўнага чалавека, ды яшчэ ў такую цяжкую хвіліну" (4). Малодшая на дзесяць гадоў жонка, спачатку ідэалізавала яго як звычайна ідэалізуюць вучаніцы настаўнікаў, лічачы іх людзьмі выключнымі. Цяжка бывае маладзіцы перайсці ў асабістых адносінах ад ролі той, каго апякаюць, да ролі апякункі. Рыма Маркаўна захавала адчуванне вучаніцы ў адносінах да Уладзімра Жылкі, а вучаніцам дазволена даймаць настаўнікаў. "Ён валодаў педагагічным талентам, – прыгадвае Рыма Маркаўна, яго ўрокі былі заўсёды цікавымі, прадуманымі і эмацыянальна насычанымі. Гэта была агульная думка студэнтаў. Уладзімір Адамавіч здабыў імя чалавека мэтанакіраванага, карэктнага, уважлівага да людзей, высока эрудзіраванага. На агульным фоне ён адразу вылучаўся творчай індывідуальнасцю" (5). Да гэтага хочацца дадаць толькі адно: ва Уржуме ён, хворы і бездапаможны, страціў здольнасць імпанаваць жанчыне, якая прывыкла перш за ўсё цаніць у мужчыне сілу, спраўнасць і тэмперамент.

Марыя Вячорка, якая глядзела на хворага Жылку збоку, захавала пра яго іншы, але таксама паказальны ўспамін: "Калі я думаю пра паэта, якім ён быў у той час, у маёй памяці ўстае вобраз чалавека вышэй сярэдняга росту, хударлявага, на прыгожым адухатвораным твары вылучаюцца незвычайна ясныя блакітныя–блакітныя вочы. Цёмныя валасы, цёмныя густыя бровы. У белай летняй кашулі пад гальштукам, ён, нягледзячы на худзізну, быў стройным і такім запамятаўся мне... І амаль заўжды ўсмешлівы, заўжды з жартам, расказвае нешта займальнае... Яго гумар, дасціпнасць я памятаю добра. Быў прыветлівы, любіў усё прыгожае, памятаю гаварыў: "На прыгожым жаночым твары вока адпачывае".

Ганна Сяміглазава, тады настаўніца, у доме якой каля года кватаравалі яшчэ адзінокімі Жылка і Сасіновіч, таксама светла ўспамінае паэта. У пісьме да Барыса Адамавіча Жылкі яна піша: "Потым да вашага брата прыехала жонка з Мінска, Рыма Маркаўна, яна працавала тут жа, дзе Ваш брат, у медвучылішчы: ён выкладчыкам літаратуры, а яна – па музыцы. Ваш брат вельмі часта ўспамінаў сваю маленькую дачку Атачку і да самай смерці хаваў яе цацку – бразготку і локан яе валасоў, перавязаны стужачкай. Мая мама ўладкавала пазней Вашага брата на кватэру да сваёй знаёмай бабулькі, да Ганна Андрэеўны Рукавішнікавай. Там ён і памёр. Я помню яго пахаванне. Мы былі разам з мамай. У мяне на ўсё жыццё застаўся самы добры і цудоўны ўспамін аб Уладзіміру Адамавічу" (6).

Сардэчна адгукнуўся на пісьмо дачкі паэта Наталлі Уладзіміраўны Лазаравай Мікалай Аляксандравіч Шарсценнікаў, прафесар медыцынскага інстытута ў Уфе: "Ваш бацька пасля прыезду ў Уржум жыў са сваёю жонкай у нашых сяброў Дзеранковых І.С. і Е.А., дзе і адбылося наша знаёмства. У тым жа годзе мне выпала чэсць арганізаваць ва Уржуме медыцынскі тэхнікум (часова быў дырэктарам). Я запрасіў Уладзіміра Адамавіча на працу на пасаду загадчыка гаспадаркай і для выкладання літаратуры (было няшмат гадзін). Так ён запаўняў час і меў пэўную матэрыяльную аснову, каб жыць. Мой пераемнік К.К. Елкіна дапускала часам (у сілу свайго характару) нетактоўныя выхадкі ў адносінах да У.А., але ён умеў па-філасофску і аптымістычна нейтралізаваць іх.

Здароўе яго было слабае, часта тэмпературыў... Да яго вельмі ўважліва ставіліся ўржумскія ўрачы і асабліва доктар Вільгельм Іосіфавіч Гольдблат, усе стараліся дапамагчы ў яго хваробе. Калі стан пагоршыўся, ён быў пакінуты жонкай і застаўся адзін" (7).

Перасылаючы мне гэтае пісьмо, Наталля Уладзіміраўна Лазарава напісала: "Гэта ўсё яшчэ раз пацвярджае тое, пра што мне гаварыла бабуля. Я вельмі яе любіла, верыла кожнаму яе слову, а вось сказанаму пра  маці не хацела верыць... Часам становіцца так смутна. І заўсёды пад такі настрой набягае думка-пытанне: "Чаму менавіта на маю долю гэта выпала?" (8)".

Але вернемся да ўспамінаў М.А. Шарсценнікава: "Я і доктар Гольдблат былі неадлучнымі ў Уладзіміра Адамавіча – не пакідалі ні на адзін дзень без догляду. Да яго вельмі часта заходзілі сябры – І.А. Сасіновіч з жонкаю М.М. Вячоркай, мая жонка з выкдадчыцай М.М. Зубаравай і іншыя.

Сам Уладзімір Адамавіч валодаў агромнай сілай волі і ўсяляк самаабслугоўваў сябе, хоць знаходзіўся на пасцельным рэжыме. Набліжаліся апошнія трагічныя дні, калі ўсялякая надзея прапала. Першага сакавіка раніцай ён папрасіў мяне напісаць ліст, які да гэтага часу не выходзіць у мяне з памяці (здаецца, быў адрасаваны Барысу Адамавічу)" (9).

На захаваным у архіве М.А. Шарсценнікава графіку тэмпературы застаўся накід прадыктаванага ліста. Тэмпературная крывая "скакала" ўжо ў кастрычніку, а з 23 – 26 лютага пачаўся дэпрэсіўны спад і ўрачы спынілі вядзенне графіка. Над снежаньскай амплітудай рукою М.А. Шарсценнікава запісаны тэкст ліста: "Хворы цяжка, як ніколі. Пытанне аб смерці не сыходзіць з парадку дня. Пацею, часам трачу прытомнасць. Знаходжуся на ўтрыманні страхкасы (140 рублёў). Адчуваю сур'ёзныя эканамічныя цяжкасці. Звярніся да Сяргея, Кастуся, да Петрыка, каб неадкладна перавялі ў сярэдзіне сакавіка па 100 рублёў. Калі вернемся здаровы, вярну ім доўг" (10).

Вярнуцца не давялося, як не давялося скарыстацца з дазволу на выезд у Крым, які паэт атрымаў у лютым. Уржумскі гарсавет перадаў цераз Сасіновіча, што выдаткі на пераезд возьме на сябе, але ўжо было позна, хворы не меў сілы ехаць. Апошняя надзея прапала. Грошы ад родзічаў і пасылка з рыбіным тлушчам, на які, па словах М.М. Вячоркі, таксама ўскладаў надзею хворы, дайшла з дому пасля яго смерці. Марыя Міхайлаўна прыгадвае: "Мне ясна запомніўся дзень смерці Уладзіміра Адамавіча. Мы сядзелі каля яго. Былі таксама настаўнікі, яго калегі, блізкія знаёмыя. Слёзы душылі мяне. На сценцы вісеў дзіцячы малюнак: коцік з рухомымі вочкамі. На гэты малюнак ён любіў глядзець і збіраўся паслаць яго сваёй дачушцы. Памятаю, я не магла ўсё глядзець на гэты малюнак: слёзы набягалі на вочы і я не вытрымлівала, выбягала. А ён ужо быў у вобмараку. Потым Уладзімір Адамавіч раптам адкрыў вочы, падняў галаву, абвёў усіх вачыма, спыніў позірк на мне, лёгка ўсміхнуўся і, апусціўшы галаву на падушку, зноў закрыў вочы. Гэты позірк я памятаю як цяпер... Позірк яго быў ясны, а вочы сінія-сінія... Больш свядомасць да яго не вярнулася" (11).

Мікалай Аляксандравіч Шарсценнікаў запамятаў і самое пахаванне. "Мы пахавалі яго, – піша ён дачцэ паэта, – пры вялікай колькасці людзей, што сышліся праводзіць яго. Я і Сасіновіч вынеслі яго з кватэры на вуліцу (з другога паверха) і на руках яго неслі сябры да самай магілы. Там быў праведзены жалобны мітынг (выступалі я і Сасіновіч)" (12).

Судовая справа Уладзіміра Адамавіча Жылкі перагледжана Вярхоўным судом БССР і ажно 19 верасня 1960 г. пастанова Калегіі ДПУ адменена, а справа спынена за недаказанасцю абвінавачання. Справядлівасць адноўлена, і для юрыстаў страцілі цікавасць акалічнасці і матэрыялы той справы, але нам, літаратуразнаўцам, застаўся яшчэ адзін твор – паэма "Тэстамент".

У свой час аўтарства гэтага твора патрэбна было даказваць, бо ён з'явіўся ў адной з акупацыйных беларускіх газет. Перадрук яго быў забаронены, разгляд непажаданы. Сёння мы маем успаміны Яўхіма Кіпеля, які піша, што тыдні праз два пасля смерці У. Жылкі ён атрымаў ад Сасіновіча ліст цераз пасыльнога. У канверце ляжаў рукапіс "Тэстамент або Духоўніца, напісаная Уладзімірам з Адама і Таццяны сынам Жылкавым"

Раней я шукаў доказы Жылкавага аўтарства, дзе толькі мог. Даведаўшыся, што, пішучы паэму, Жылка дасылаў яе ўрыўкі з Уржума сябрам па няволі. Доктар гістарычных навук, археограф Мікалай Мікалаевіч Улашчык прыгадвае: "Са жніўня 1931 г. па люты 1933 г. я жыў у адлегласці 60 кіламетраў ад Жылкі (гор. Налінск, на левым беразе р. Вяткі) і часта перапісваўся з ім, а Жылка высылаў мне некаторыя са сваіх твораў, сярод іх "Тэстамент". Усе прысланыя ім рукапісы ў свой час загінулі (13). Пісана гэта было на лінаванай паперы, на перагнутых папалам аркушыках, апрача "Тэстаменту" Жылка прысылаў мне пераклады з чэшскай і (здаецца) нарвежскай мовы. З гэтага памятаю толькі верш пра трох таварышаў, якія паміралі адзін за другім, і той, хто застаўся жывы, шануючы памяць памёршых, больш ні з кім не сябраваў" (14).

Атрымаўшы гэтае пісьмо, я паслаў Мікалаю Мікалаевічу тэкст паэмы і папрасіў пракаменціраваць, прыгадваючы Жылкаў рукапіс, які ён у свой час атрымліваў ад аўтара. Шаноўны адрасат адказаў: "Той "Тэстамент", які прысылаў мне Жылка, быў значна меншы ад таго, што Вы маеце. Той экземпляр, што быў у мяне, напэўна, заняў бы не больш як тры машынапісныя старонкі" (15). Калі ўлічыць, што перапіска паміж У. Жылкам і М. Улашчыкам прадаўжалася да лютага 1933 года, дык трэба думаць, што або аўтар не ўсё напісанае дасылаў, або паспеў шмат дапісаць за апошні месяц жыцця. Апошняе малаверагодна з увагі на стан здароўя паэта. Тэксту месцамі не хапае мастацкай закончанасці, пасля многіх строфаў у ім стаяць шматкроп'і, а з ключавой засталіся толькі два радкі. Публікацыя ў акупацыйнай газеце суправаджалася тэндэнцыйным антысавецкім каментарыем, што дае падставу лічыць выкінутымі непрымальныя для публікатараў мясціны тэксту. Параўнальны аналіз мовы і стылю пацвярджае Жылкава аўтарства тэксту.

Пры ўсім гэтым можна цалкам пэўна гаварыць пра тэматычную выразнасць твора і ацэньваць яго як паэму жыцця, як твор аўтабіяграфічны і этапны. Гэта паэма пра паяднанне беларускага паэта, што "нёс і жарсць і дух асілка", з новым жыццём, якім горкім і жорсткім яно для яго ні аказалася.

Як успамінае Барыс Адамавіч, яго брат Уладзімір з падкрэсленай добразычлівасцю ставіўся да калгасных эксперыментаў у вёсцы. У гутарцы са мною Барыс Адамавіч прыгадаў, як брат, даведаўшыся, што ён ціхачом прадаў добрага каня і купіў блажэйшага, каб з выгадай здаць гэтага ў калгас, сарамаціў яго і абураўся. Ён разумеў супярэчлівасць такога павароту ў лёсе сялянства, якім была калектывізацыя, але стаяў за сацыялістычнае абнаўленне вёскі і вызваленне сялян ад забабонаў. Добрае ўражанне зрабілі на яго назіранні ў вёсцы Лісічына за працай і настроямі калгаснікаў-пачаткоўцаў, але галоўную ролю іграла становішча госця-імігранта, які хацеў быць ветлівым у краіне, якая яго прыняла спачатку дабром.

"Тэстамент" задуманы як філасофская паэма-запавет. Творы такога тыпу вядомы ўсходнеславянскай літаратуры з найдаўнейшых часоў ("Поучение Владимира Мономаха внукам", "Дыярыуш" Афанасія Філіповіча). У новай беларускай і ўкраінскай літаратурах жанр запавету звязаны з нацыянальным адраджэннем – "Заповіт" Т. Шаўчэнкі, "Лісты з-пад шыбеніцы" К. Каліноўскага. У сучаснай Жылку заходнебеларускай літаратуры такімі творамі былі "Адвечным шляхам" І. Канчэўскага, "Дзея маёй мыслі, сэрца і волі" К. Сваяка. Праўда, змест апошняга твора не мог быць вядомы Жылку (апублікаваны толькі ў  сярэдзіне 30–х гг. у Вільні).

Па характару творчага выяўлення паэма У. Жылкі адносіцца да аўтабіяграфічных твораў філасофска-медытацыйнага складу. У ёй разгортваецца некалькі тэм, якія па задуме ўтвараюць пэўную музычную і вобразна-сэнсавую сістэму.

У цэнтры паэмы лірычны герой, які спалучае ў сваёй асобе талент мастака і "жарсць асілка", г. зн. увасабляе тып паэта, які Купала, Колас і Багдановіч паднялі да ідэалу. Уладзімір Жылка ў творах віленскага і пражскага перыяду распрацаваў гэты вобраз у адпаведнасці з умовамі і густамі ўдзельнікаў вызваленчага руху, да якога належаў як публіцыст, работнік друку і культурны дзеяч ("Уяўленне", "Віхор", "Да Персі Шэлі", "Вільня" і інш.).

Роздум над лёсам народа і над прызваннем песняра – арганічна ўласцівы паэме як жанру, які паднімае звычайна важкія гістарычныя праблемы. Жанравую паўнагучнасць усходнебеларускай паэмы 30-х гадоў падточвалі і аслаблялі культ факта, празаічная рэпартажнасць, газетная інфармацыйнасць, да чаго заахвочвалі і прымушалі ў парадку правядзення антырамантычнай і антылірычнай кампаніі завадатары і робаты-пагромшчыкі з БелАППа, пралетарыі дабіваліся гегемоніі над іншымі літаратурнымі групоўкамі, асабліва над узвышэнцамі, якія бачылі перспектыву паэзіі ў апладненні рамантычнай палётнасці эстэтычнаю культурай сусветнай класікі для таго, каб надаць беларускай рэальнасці значэнне агульначалавечае, не губляючы нацыянальнай самабытнасці.

Навязаная рапаўскімі дагматыкамі арыентацыя на голы фактаграфізм, які ілюстрацыйным падабенствам вобраза-факта прыкрываў нястачу праўды мастацкай, ацэначнай, выключала мажлівасць падыходу з пазіцыі чалавека, яго духоўных патрэб, у тым ліку маральна-эстэтычных. Рапаўцы бралі гатовыя ацэнкі з блакнота агітатара і далей вульгарнай сацыялагізацыі грамадскіх з'яў не ішлі.

Пра дэрэктыўныя патрабаванні крытыкаў пісаць паэтам толькі пра факты сённяшняга дня і не выходзіць за рамкі прадпісаных ідэолагамі ацэнак, з горкім гумарам скардзіўся Я. Колас у паэме "На шляхах волі":

І страшна мне за лёс паэмы:
Мой крытык возьме строгі тон,
Ухілаў знойдзе ён мільён
І несучаснасць самой тэмы...

У атмасферы такіх вульгарызацый літаратурнага жыцця "Тэстамент" У. Жылкі вырастае да ролі адзінай паўнацэннай паэмы свайго часу.

Генеральная праблема твора – апраўданне беларускага паэта (песняра і змагара), які на цяжкім шляху жыцця і творчасці мог дапусціць міжвольныя пралікі, "грахі", апеляцыя да чытача зычліва прызнаць грамадзянскую і чалавечую вартасць проўдзенага і створанага, паколькі цярністы шлях завяршыўся далучэннем да стваральнай гістарычнай дзейнасці народа. Пясняр прызнае вартасць здабытага і ставіць на варце "саюз рабочых і сялян".

Паэма створана як спавядальны маналог, у якім выразна вылучаюцца тры, паслядоўна разгорнутыя, тэмы: дзяцінства, прабуджэнне душы вясковага хлапчука, будучага песняра, асвячэнне духу хараством свету і абцяжаранне любоўю да Радзімы.

Тую залатую пару дзяцінства прыгадвае чалавек безнадзейна хворы, "тугой выгнання збіты ўшчэнт", і, натуральна, што ўспаміны яго дрыготкія, поўныя жывых імпульсаў, шчымлівага болю і слодычы. Бруістасць эмоцый гарманізуецца ўдзячнай радасцю быцця.

Уражанне свежасці, жывасці малюнка адцяняецца рытма–гукавою арнаментаванасцю складанай васьмірадковай страфы, у якой вылучаецца знарочыста хлёсткая рыфмоўка: а в а в а в а в с с . Як і ў пейзажных вершах сталай пары, прырода ў "Тэстаменце" – адно з увасабленняў хараства жыцця. Часта яна выступае як жывая істота, якая ўмее далікатна шапнуць на вушка хлопчыку таемнае слоўка:

Яно было пра тое, як
Прыгож бязмерна свет дзівосны,
Які жыцця зайздросны смак,
Як босы йдзеш па сцежках росных
І лыне ў грудзі поўна так
Птушыны шчэбет шматгалосны,
Шырокі гоман гонкіх хвой
І неба сінь над галавой.

Як бачна, тут пераважае ўласцівы Жылку музычны тып успрымання наваколля і ўвасаблення ўражанняў. Хараство як гармонія свету, як памятная нам злучанасць матэрыі і духу, уладарна кіруе паэтычным настроем. Душа заварожана сімфоніяй жыцця, музыкай, якою поўніцца свет прыроды.

Музычна, па-жылкаўску, гучыць трэцяя пейзажная страфа. На жаль, з чацвёртай страфы, дзе тэма прыроды сыходзіцца з тэмай радзімы, захаваліся толькі два першыя радкі:

Якія раніцы я ведаў!
Якія ўсходы спатыкаў!

Калі яна была ў аўтара закончана, дык трэба думаць, што гэты стык прыродаапісальнага з грамадзянскім быў адной з цікавейшых мясцін твора. І ўсё ж выснова творчасці ў паэта – грамадзянская. Зараджэнне грамадзянскай свядомасці спачатку патрактавана як бы з усмешкаю і паблажліва:

І ўцяміў я (о смех і плач!)
Паўней, чымся калі й суцэльней,
Што я, малюсенькі таўкач, –
Быцця сусветнага удзельнік.

Трапна адзначае аўтар, што ад усведамлення гэтага парадокса прыйшла ў яго душу "і слодыч, і пякельня". Вось такое салодка-балючае хараство, што ўздымаецца "над песні салавейкі", запаланіла душу, і ён стаў не проста слухаць спеў прыроды, а сам "стаў спяваць". Песня была як "сусветнай пекнаце ўклон", але перадусім гэта была радасць ахмялення ад любові да роднага краю, "ад пекнаты яго жанчыннай".

Паказ моманту грамадзянскага даспявання паэта расчаруе таго, хто спадзяваўся б знайсці ў паэме апісанне складаных біяграфічных перыпетый Жылкі ў часы грамадзянскай вайны ў Мінску і ў часы вызваленчай барацьбы ў заходнебеларускі перыяд дзейнасці. Такіх рэалій у тэксце няма. Аўтар ідзе па шляху лірыка-рамантычнага ўвасаблення пачуццяў і ўяўленняў, адсюль зашыфраванасць рэальных імпульсаў, сімвалізацыя, што нават часам аслабляе сілу ўздзеяння тэксту на чытача. Некалькі актывізуе нашу ўспрымальнасць яскравая рэнесансавая алегорыя: любоў да радзімы разгорнута ў асацыяцыю цудоўнага зачацця і таямнічай цяжарнасці. Месцамі іншасказанне выглядае знарочыстым, нават відаць спакуса падражніць слых чытача на манеру Бруна Ясенскага. Пэўная няёмкасць тут адольваецца, аднак, сапраўды моцнаю і сапраўды рамантычнаю карцінай-відзеннем:

Мая бясцэнная ўласнасць,
Са мной мой край, яго бяда,
Са мной праз горы і каменне
Высачыня майго натхнення.

Тэма місіі песняра-змагара, ці, як Жылка любіў гаварыць, паэта-адраджэнца таксама разгорнута ў лірычна-роздумным плане, аўтар унікае канкрэтных фактаў, біяграфічных і нават гістарычных падзей, а імкнецца перадаць жывое адчуванне слодычы і болю, надзеі і пакут, якія нясе ў сабе абавязак змагання і маральнай адказнасці. Гэтая ідэя прыме мадэрную форму лірычных варыяцый па матывах міфа аб цудоўным зачацці і таямнічым выспяванні ў душы юнака чагосьці святога, што прывядзе яго да святыні народнага духу. На жаль, і народ не праходзіў ліхалецця чысценькім, і ён трапляў у пасткі, пастаўленыя тыранам, але ж пясняр не можа адрачыся ад народа, бо ён у яго адзін на ўсё жыццё. Паэт прызнае мэты змагання народа за справядлівае і годнае жыццё ў прынцыпе слушнымі. Тут прычына трагедыі, якую бярэ ў спадчыну і трымае ля сэрца паэт. Аўтар, аднак, не становіцца ў позу пакутніка, не ап'яняецца болем і самабічаваннем, а стаіць на пазіцыі разумнай і маральна высокай чалавечнасці. Апелюючы да ўласцівацей народу цярпімасці і здольнасці даравання, ён кажа: "Даруйце мне, людцы, цяжкія, а мімавольныя грахі". Варта падкрэсліць тут паняцце мімавольных грахоў, а не памылак ці маладушных зрываў і, над усім, зварот да людзей, а не да сусветнай волі лёсу ці творцы. Грахі гэта чалавечыя, і людзі дасведчаныя павінны судзіць грэшнікаў, яны змогуць знайсці ім справядлівы суд і велікадушнае апраўданне:

Хто плыў у раз'юшанай стыхіі,
Калі бушуе шквал ліхі,–
Той ведае, як хібы блізкі,
Як залівае човен хісткі.

.................................................

І хто сягаў выходзіць з дому
За будны круг штодзённых праг,
Каму, няўтольнаму, вядомы
І чорнага прадоння жах,
І верхавіны гораў стромых,
Той, пэўна, скажа: – Цяжкі шлях,
Яшчэ не ёсць яго памылка.
Ён нёс і жарсць і дух асілка...
І мне здалося не аднойчы,
Што ў тайне радасных часін,
У момант паўнаты станоўчай
Ў маім улонні быў зачын
І зблытаў я, мой краю–войча,
Хто бацька быў, а хто быў сын...

Тэма апраўдання гучыць у паэме драматычней, чым творчае абуджэнне.

Вылучаныя намі тэмы не складаюць асобных раздзелаў твора. Яны наслойваюцца, як гэта бывае ва ўспамінах, адна на адну, утвараючы як бы ствол дрэва, па якім цыркулююць сокі лірычнага роздуму і практычнага досведу, што недзе надае твору сілу.

Запавет нашчадкам нараджаецца разам з іншымі тэмамі, ля карнявішча паэмы. Талент зрабіў паэта святым і грэшным, адкрывальнікам хараства і брыдоты, уладаром душ і слугою-пакутнікам, адказным за разлад гармоніі свету, перажытае, адпакутаванае гора і спажыткаванае шчасце дае яму права пісаць тэстамент, перадаваць зведанае і недасягнутае сучаснікамі, цяжкое для ўсведамлення – нашчадкам. Знамянальна, што У. Жылка хоча аддаць на ўтрыманне прыгожую, квітнеючую, плодную дабром і хараством зямлю не літаратурным пабрацімам, а працоўнаму люду. Страфа, у якой раскрываецца гэты факт прынясення дароў,– натхнёная, высокая, і нездарма менавіта яе насамперш прыгадаў па памяці М. Улашчык у пісьме да аўтара гэтых радкоў:

Спявай, зямля, упіся сонцам,
Абмыйся чэрвеньскім дажджом,
Расці, цвіці, красуй бясконца,
Пладоў, зярнят насып каўшом.
Уцехай будзь маёй старонцы.
Дары красой, дары дабром!
Вітай, Цябе у сіле поўнай
Я аддаю сям'і працоўнай.

Чаго чакае ад свайго сімвалічна спадчынніка паэт? Догляду і ўзбагачэння зямлі, таго, што людзі працы "садамі высадзяць твой дол...", а яшчэ важней, што яны згуртуюцца ў працоўным парыве: "перааром без меж палі, і будзе ўсё дабро агульна, і ўсім у краі маім утульна".

Паэт шануе люд працоўны, як дбайнага разумнага гаспадара зямлі, які ўмее памнажаць яе багацці, хараство, а калі зойдзе патрэба, бараніць ад ворагаў:

Каб ні зладзей і ні тыран,
Ні чалавек ліхі, пракляты
Не скралі волі ды у зман
Не завялі сляпыя хаты,–
Тваіх работнікаў, сялян
На варце стаўлю гнеў зацяты.
Калі між імі будзе еднасць,
Ліхое згіне у бясследнасць.

Асэнсоўваючы гэты запавет мастака, міжвольна прыгадваеш запісы ў дзённіку, які спрабаваў весці У. Жылка, калі быў студэнтам Пражскага ўніверсітэта. Там ён упершыню запісаў споведзь сваёй душы. Тая споведзь была трагічнай, даходзіла да безнадзейнасці. "Жыццё,– чытаем мы запіс ад 1 мая 1923 года,– так шмат разбіла найдаражэйшага, што нічагусенькі не засталося – адзін "правал", нейкае чорнае бяздонне, якое ўсё часцей аскальвае сваю жахлівую зяпу... Брр! Страшна!"

Паэт, як памятаем, спрабаваў ратавацца ад страху і зняверу імкненнем да хараства, гармоніі, марай дзяцінства пра ціхі вясковы прытулак. Жыў у іх і яшчэ адзін досвед – горкі і трагічны: "Толькі дужыя, здаровыя ходзяць без кія, а слабому трэ і падперціся, трэба дапамога. Мо таму я так упарта шукаю падпоркі..." Падпоркі паэт шукаў у веры, але знайшоў у сябрыне патрыятычных леварэвалюцыйных студэнтаў, якія яго бачылі сваім духоўным выразнікам і даверанай асобай.

Светапогляднае развіццё Жылкі пайшло па лініі вызвалення ад хрысціянскай этычнай містыкі, пра што засведчылі вершы 1926 года: "Альбігоец", "Каму жыццё атруты келіх", "На эміграцыі". Але ў жыцці вядомы выпадкі, калі перад абліччам смерці вяртаюцца і ўяўленні, вынесеныя чалавекам з дзяцінства, упарта вяртаюцца і пачынаюць засціць аслабелы дух, робяцца "падпоркамі", кажуць аддавацца на волю лёсу. Жылка ў сваёй развітальнай паэме засведчыў, што савецкія асновы яго маральна–этычных поглядаў стойка вытрымалі наступ усялякай містыкі і філасофіі замірэння, а за гады жыцця ў Мінску адбылася далейшая духоўная эвалюцыя: яго погляды станавіліся рэалістычнымі. Мы не знаходзім містыкі ў развітальнай споведзі мастака. Ён знайшоў рэальны спосаб замірэння са светам цераз удзел у творчай стваральнай працы народа, якім жыў у мінскі перыяд. Вярнуўшыся з-за граніцы, паэт аказаўся патрэбным таму маладому бурнаму руху і "думкам аб вясне", якія кіпелі-бушавалі на радзіме. Тут ён убачыў грамадзянскі энтузіязм, ажыў, расправіў крыллі, працаваў, тварыў. Як яму здавалася, тварыў свабодна, шчыра і радасна, нягледзячы на тыя прыкрасці, якія абрынала на яго літаратурная куламеса ў выглядзе ашчэранай нянавісцю сектанскай крытыкі. Абрыджвальнікі таксама крычалі, што бароняць грамадскі інтарэс, вымушаны былі прыкрывацца грамадскім інтарэсам. Гэтая хітрасць рабіла іх вартымі жалю ці выбачэння.

Аддалены ад канкрэтыкі, узнесены ў сферу духоўнасці, філасофіі і этыкі, патрыятызму і сацыялістычнай ідэі, тэкст "Тэстамента" не дае мажлівасці здагадацца, як прыняў Жылка найвялікшую ў гісторыі Беларусі палітычна-рэпрэсіўную аферу, якая была сфабрыкавана прыезджымі партыйцамі, вараціламі Куніцкім і Затонскім, ды пераведзеная спецамі з АДПУ пры БВА ў следчую і абвінаваўчую версію так званай справы неіснаваўшага Саюза вызвалення Беларусі. Яму, як чалавеку выключнай сумленнасці ды эмігранту, цяжка было так дрэнна думаць аб уладзе, як яна заслугоўвала. Збівалі яго з тропу і паказанні самых слабых па характарах, але раней шанаваных людзей – І. Краскоўскага, У. Чаржынскага, П. Мядзёлкі, а ўрэшце і В. Ластоўскага ды А. Цвікевіча, якіх за дзесяць начэй псіхічных катаванняў следчыя адчалавечвалі, рабілі пакорлівымі, паслухмянымі, гатовымі паўтараць за сваімі катамі і запісваць, нібы свае ўласныя прызнанні, д'ябальскую, пачварную хлусню, саманагавор, прыналежнасць да контррэвалюцыйнай дыверсійнай арганізацыі і злачынныя намеры. Праўда, у хворага Жылкі і яго літаратурных сяброў Дубоўкі, Пушчы і Бабарэкі хапіла самасці і сілы волі, каб не прызнаць сябе вінаватымі. У "Тэстаменце" паэт лічыць сябе вінаватым міжвольна і горача каецца ў грахах, выказвае веру ў тое, што вядзецца барацьба народа за сацыялізм у БССР. У чым жа справа, няўжо ён перайшоў у савецкую ідэалагічную веру? Не ў гэтым жа сутнасць справы, а ў тым, што Жылка, падобна як і І. Краскоўскі, В. Ластоўскі, А. Некрашэвіч, Я. Лёсік і іншыя, прыцягнутыя да справы СВБ, некамуністы, прызнаваў і мажлівасць сужыцця з савецкаю ўладай і згодна працаваць у карысць Беларусі на ніве культуры і асветы, пры ўмове, што вышэйшыя дзяржаўныя органы рэспублікі будуць папаўняцца беларусамі, а не прыезджымі функцыянерамі. Трэба мець на ўвазе і тое, што маса ў пачатку 30-х гг. яшчэ не была разбэшчанай і здэмаралізаванай уладамі і не выходзіла крычаць на плошчы і вуліцы "Смерць ворагам народу!" і славіць Яжова. Не дайшла яшчэ да эпагея і высылка кулацкіх сем'яў. Паэт верыў, што шлях да сацыялізму вызначаны прадумана і будзе здзяйсняцца на карысць грамадства, хібы выправяцца. Гэта была памылка даверлівасці. Але былі ўжо і вострыя адчуванні бяды, якую можа прынесці краіне дыктатура і тыраны. Ад гэтай бяды ён засцерагаў і замольваў чытачоў. Ён пакідаў свет з любоўю і "дзіўным сумам":

Я пакідаю з дзіўным сумам
Маю дабродзейку зямлю.
Я голад знаў, душыўся глумам,
Ды імі сэрца не кармлю.
Яна ўсяго, як толькі ўздумаць,
Дала, й такой яе люблю:
З бядою, з ліхам, з посным квасам
І радасцю кароткай часам.

Не скаргі на злыбеды зямнога жыцця, не спадзяванні на кампенсацыю крыўды зямное там, у жыцці замагільным, а глыбокае мудрае ўсведамленне цяжару значнасці свайго лёсу, упрэжанага ў не менш цяжкі лёс народа на пераломе гісторыі. Цяжкія часы выбару – вось што прыгадваецца песняру, і ён апавяшчае адзіны спосаб дастойна выйсці з завірухаў – сумленнасць:

Бывай, надзей сардэчны ўздым!
І вы, снягі, завеі, зімы
На зломе дзвюх эпох злавесных
У неспрыяльным ветры злым,
Сваё жыццё прайшоў я чэсна:
Пясняр, змагар, бядняк праз век,–
Быў перш за ўсё я чалавек.

У Жылкавым апафеозе зямлі, радзіме, працоўнаму люду, у акце перадачы нашчадкам спадчыны мы бачым паэтычны варыянт прагназіравання будучыні, якое складае важную частку ідэі сацыялізму. У яго вылучаецца на пярэдні план чалавечы фактар, а не сацыяльна-эканамічныя адносіны. Гэтым адрозніваецца паэтычная мадэль будучыні ад мадэляў палітычных праграм.

Тут можна ўбачыць зрух у бок рэалістычнага погляду на жыццё, але таксама, як і рэалізм, імкнецца да ісціны, толькі хоча ісціну мастацкую бачыць асабліва прывабнай, эмацыянальна-дзейснай і гатовы дабівацца гэтага выкарыстаннем умоўных вобразаў, дынамізацыяй моўнага струменя шляхам унутраных маналогаў, увядзення сімволікі, характэрнай для паэзіі беларускага нацыянальнага адраджэння і абноўленай Купалам у першым дзесяцігоддзі савецкага жыцця. "Тэстамент" узбагачае беларускую паэму 30-х гадоў і сведчыць пра плённасць тых перадавых традыцый, якія выпрацавала тагачасная паэма і адступленне ад якіх аслабляла пошукі паэтаў у гэтым жанры ў пачатку 30-х гадоў. Вопыт усёй савецкай паэмы той пары паказвае, што вяртанне да ўрокаў класікі дазваляла адолець запаветы вульгарна-сацыялагізатарскіх плыняў, але гэта ўдавалася толькі паэтам выдатным, напрыклад, А. Твардоўскаму – "Страна Муравия, у нейкай меры – А. Куляшову – "Хлопцы апошняй вайны"." Але найбольш важкімі аказаліся паэмы заходнебеларускія: "Нарач", "Сказ пра Вяля", "Каліноўскі" М. Танка.

У апошняй страфе "Тэстаменту" паэт уяўляе сваё сімвалічнае пахаванне і пераносіцца туды, дзе спачывае збалелае цела Ядвігіна Ш., Ігната Канчэўскага, Казіміра Сваяка, у горад, дзе сам Жылка быў не проста паэтам, а песняром руху. Слова Рух Жылка пісаў тады з вялікай літары:

На могілках зацішных Росы
Хачу спачыць ад каламут.
Сачыцьмуць мой спакой найпільней
Муры старой, каханай Вільні.

Чаму ў Вільні, а не ў Мінску? Літаратурны Мінск на пераломе 20-х – 30-х гадоў быў у разуменні беларускіх культурных дзеячаў "беларускімі Афінамі", тут паглыблялася сувязь з нацыянальнымі і сусветнымі культурнымі традыцыямі. Пра гэта з гонарам гаварылі Максім Гарэцкі, Антон Луцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Вацлаў Ластоўскі. Паглыбіць сувязі сучаснасці з класікай спрабавалі вядучыя вучоныя, прафесары Вазнясенскі і Барычэўскі, тут шчыраваў энтузіяст-музыказнавец Ю. Дрэйзін, гэтай ідэяй хварэлі крытыкі і паэты-ўзвышэнцы – Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча і іншыя. Жылка быў адзін сярод многіх. Рамантычным пажаданнем пахаваць яго ў Вільні ён падкрэсліў жыццёвую важнасць каранёў у беларускай літаратуры, тых асноў, якія выпрацавалі нашы продкі і сучаснікі-адраджэнцы.

Калі будуць знойдзены ўсе рукапісы гэтага ўржумскага перыяду, дык нашы меркаванні, напэўна, спаткаюць яшчэ не адно пацвярджэнне.

На жаль, Жылкавай спадчыне не шанцавала. І пасля смерці паэта яго творы праследаваў нейкі фатум. 15 сакавіка 1933 года Ў Мінску быў арыштаваны яго брат, Барыс Адамавіч, студэнт ветэрынарнага інстытута, які жыў пасля ад'езду жонкі паэта ва Уржум на іх кватэры. Ён падазраваўся ні больш ні менш як у шпіянажы на карысць Польшчы (у 60–я гады рэабілітаваны). Пры арышце, па словах Барыса Адамавіча, былі затрыманы ўсе братавы паперы – уласнаручныя рукапісы і пісьмы розных асоб да яго, набралася цэлы мяшок, які з ветлівасці да следчага–жанчыны сам ён аднёс у рэпрэсіўную ўстанову.

Недзе ў той жа час да ўржумскай гаспадыні У. Жылкі Г.А. Рукавішнікавай, у якой кватараваўся і памёр паэт, з'явіўся незнаёмы, прадставіўся братам нябожчыка і забраў у прастадушнай кабеты ўсе паперы паэта. Не выклікала падазрэння тое, што "брата" не цікавілі іншыя спадкі, акрамя рукапісаў. І тыя пісьмы і рукапісы вершаў, што паэт прысылаў у Клецішча, да родных, спасцігла бяда. У вайну маці закапала іх пад яблыняй. Клецішча ляжала ў зоне актыўных партызанскіх дзеянняў, непадалёку вёскі прайшоў славуты Лаўскі бой. У часе блакады схованак быў выяўлены карнікам, паперы загінулі.

* * *

У 20-я гады беларуская літаратура марыла пра больш арганічны сінтэз эмацыянальнай рамантычнасці з класічнай дасканаласцю формы, наогул пра паяднанне рэвалюцыйнага касмізму з з рэальнасцю сацыялістычнага будаўніцтва, фантазіі з явай, пачуцця з думкай. Менавіта такая цяга і такі пошук ляжалі ў аснове беларускай варыяцыі тэорыі "жыццебудовы", перанятай узвышэнскімі крытыкамі ад перавальцаў. Марачы пра сінтэз, яны авансам славілі, узносілі пакуль што "раз'яднаную" паэзію Дубоўкі, паэзію эмацыянальную, сугестыўную і спантанную. Жылку ж, які сінтэз фактычна ажыццяўляў, быў найбольш блізкім да патрона ўзвышаўцаў Максіма Багдановіча, як ні дзіўна, яны недаацэньвалі. Жылку прымалі ўпотай, моўчкі, умоўна. У маі 1929 года "Узвышша"

 прыняло яго, раскрытыкаванага вульгарызатарамі, у свае рады, узяло пад абарону, але тэарэтыкі журылі паэта за недахоп "дзеістасці", сувязі з сучаснаю жыццёвай дзеяй. Яны хацелі бачыць гэтую сувязь больш адкрытай, больш прамой і шырокай, не абмежаванай толькі інтымнымі эмоцыямі і цягай да хараства. Атрымлівалася, што Жылка і Дубоўка, паэты, якія выразна дапаўнялі адзін аднаго, не ставіліся крытыкамі поруч. У шостым нумары "Узвышша" за 1929 год быў надрукаваны верш Жылкі "Раніцою" – адзін з выдатных узораў узвышэнскай лірыкі, і там жа адзін з лепшых артыкулаў Адама Бабарэкі "Узвышэнская паэзія", але, на жаль, не толькі верш, але нават імя Жылкі не названа Бабарэкам. Пачало, відаць, дзейнічаць ідэалагічнае табу, кіраўнікі "Узвышша" асцерагаліся наклікаць на арганізацыю пагром. Яны гаварылі пра паглыбленне рамантычнай паэзіі ў стыхію сусветнага мастацтва і не называлі таго, хто зайшоў на гэтым шляху хіба найдалей. Чытаючы разважанні Бабарэкі пра ператварэнне матэрыяльнага ў ідэальнае ў дачыненні да слова, у дачыненні да чалавека і да бацькаўшчыны, міжвольна чакаеш спасылкі на Жылкаву паэзію. Але ў Бабарэкі быў адзін дасканалы паэт – У. Дубоўка. У Дубоўкі ён бачыць "ідэальнае слова", тое слова, што прадаўжае народнае ласкавае слова і асветнае Марцінкевічава і Купалава, здольнае гучаць "на свет цэлы". Узвышэнскае слова несла, па думцы крытыка, сцверджанне, "што Беларусь не памерла, а жыве ў працы сціплай" (16). Да гэтага слова павінен быць прыпісаны і Уладзімір Жылка.

 

1. Пісьмо да мяне, датаванае 9 красавіка 1970 г.

2. Кіпель Яўхім. Апошнія дні Уладзіміра Жылкі. – "Маладосць", 1992, № 4. С. 125.

3. З пісьма М.М. Вячоркі-Сасіновіч, прысланага мне ў студзені 1976 г.

4. З пісьма М.М. Вячоркі-Сасіновіч, прысланага мне ў студзені 1976 г.

5. З пісьма Р.М. Маневіч, прысланага мне 14 студзеня 1970 г.

6. Пісьмо А.А. Сяміглазавай-Астраптавай да Б. Жылкі. Тэкст у адрасата.

7. Пісьмо датавана 8 жніўня 1967 г. Тэкст у адрасата.

8. Пісьмо ад 18 кастрычніка 1967 г.Тэкст у адрасата.

9. Тэкст у дачкі паэта Н. Лазаравай.

10. Тэкст у дачкі паэта Н. Лазаравай.

11. Пісьмо М.М. Вячоркі-Сасіновіч да мяне, студзень 1976 г. Тэкст у адрасата.

12. Пісьмо да Н.У. Лазаравай за 8 жніўня 1967 г.

13. М.М. Улашчык яшчэ двойчы арыштоўваўся НКВД пасля першай высылкі.

14. З пісьма М.М. Улашчыка за 26 верасня 1969 г. Тэкст у адрасата.

15. З пісьма за 16 кастрычніка 1969 г. Тэкст у адрасата.

16. Бабарэка А. Узвышэнская паэзія. "Узвышша", 1929 г., № 6. С. 91.

 

("Крыніца" , 1996 г. № 1. С.3 –23)