ВЯРТАННЕ Ў БРЭСТ

Алесь Разанаў

Уладзімір Калеснік быў больш чым асоба: сваёю рупліваю дзейнасцю, грунтоўнай адукаванасцю, шматграннай таленавітасцю, выдатнасцю ён ствараў на Берасцейшчыне поле, у якім усё таленавітае, адданае творчасці, справе беларускай культуры і асветы атрымлівала заахвочванне і здабывала самасцвярджэнне, і быў гэтым полем.

Безумоўна, ён лічыўся з ідэалагічным надвор’ем, што панавала ў краіне, але ў сваіх выказваннях і меркаваннях заўсёды ішоў ад асабістага досведу, ад чалавечай маралі і ў скрытай, а то і ў адкрытай спрэчцы творцаў і ідэолагаў аддаваў відавочную перавагу творцам.

Калі пасля выключэння з Белдзяржуніверсітэта я апынуўся ў Брэсце, з няпэўнай надзеяй прадоўжыць сваё навучанне ў тутэйшым педінстытуце, той чалавек, да якога я пайшоў па раду і дапамогу, быў Уладзімір Калеснік. З ім я быў ужо трохі знаёмы, але зводдаль, і калі выкладаў яму сваю “бунтоўную” справу, панура думаў: ну вось, зараз пачую яшчэ адну натацыю, як трэба і як не трэба паводзіцца студэнту. Але дзіва, тое, што пачуў тады ад яго, было словамі падтрымкі і паразумення. Наша размова скончылася на абнадзейвальнай для мяне ноце, за пачастункам, якім мілая, руплівая Зося Міхайлаўна ўжо застаўляла стол!..

Літаральна на наступны дзень я ўжо меў месца ў студэнцкім інтэрнаце, а яшчэ праз нейкі час, пэўна, пасля ўзаемаўзгаднення інстанцый, і ў самім інстытуце.

У Брэсце на вуліцах спявалі пеўні, а за чыгуначным мостам удзень і ўначы падавалі свой голас цягнікі. Тут зноў са мной загаварылі далячыні, тут зноў свет стаў блізкі. Адчуваючы сяброўскую ўвагу сваіх новых знаёмых і самога Уладзіміра Калесніка, з думкай якога лічыліся і берасцейскія ўлады, я зноў станавіўся творцам, што мог не асцерагацца сваіх памкненняў і парыванняў.

Неяк, калі я з трыма аднакурсніцамі адбываў студэнцкую практыку на Пружаншчыне, у Хораўскай школе, за якую гадзіну да пачатку заняткаў да нас на сваім “Масквічы” заявіўся з праверкай Уладзімір Калеснік. Я ўжо карпеў над канспектам, бо звечара не падрыхтаваўся да сённяшніх урокаў, а мае каляжанкі ў суседнім пакоі яшчэ дагледжвалі сны. Было тут перапалоху!.. Але дарма мы баяліся. Праверка аказалася на самой справе дасведчанымі парадамі старэйшага таварыша маладзейшым.

Наступныя дні ў мяне былі вольныя, і калі Уладзімір Калеснік прапанаваў паехаць з ім у Брэст, я з задавальненнем згадзіўся. Дыхала восенню, вечарэла, і над самай атуленай лесам дарогай, якою мы ехалі, вісела велізарнае чырвонае сонца. Вісела доўга-доўга, і, прыцягнутыя яго таямнічай сілай, змоўклыя, мы ехалі насустрач, ці наўздагон, яму. Ехалі доўга-доўга.

Мне і цяпер часамі здаецца, што з Уладзімірам Калеснікам мы едзем у сонца.