ХЛОПЕЦ З СІНЯЎСКАЙ СЛАБАДЫ
Мікалай Бусько
Пра гэтага чалавека варта і трэба было б гаварыць прыгожа і ўзнёсла. На жаль, я не надзелены талентам красамоўства, а таму скажу гэтак, як змагу.
Яго ўжо няма на роднай нашай зямлі, ён завяршыў свой зямны шлях і адышоў у вечнасць. Акурат – у вечнасць, а не ў нябыт. Бо памяць пра яго будзе доўгай, пакуль будуць жыць яго родзічы і сваякі, сябры і паплечнікі, шматлікія вучні. Яго доўга-доўга будзе памятаць і шанаваць Бацькаўшчына, а найперш – наш Прынёманскі край, ягоная зямная калыска.
Такою восеньскаю парою я згадваю яго штогод. Ён нарадзіўся ў верасні. І не проста ў верасні, а – 17 верасня. А для нас, былых так званых заходнікаў, гэтая дата адметная і незабыўная: 17 верасня 1939 года да нас, у колішнюю Заходнюю Беларусь, прыйшло вызваленне ад польскага прыгнёту, той дзень стаўся вялікім святам уз’яднання беларусаў у адзінай сям’і. Я часта прыгадваю яго, свайго земляка і сябра дзяцінства і юнацтва. І захацелася расказаць пра яго іншым, прыгадаць тое, што праз гады зберагла мая ўжо старэчая памяць.
Быў калісьці вельмі папулярным фільм з Мікалаем Кручковым у галоўнай ролі пад назваю “Хлопец з нашага горада”. Цяжка вытлумачыць, чаму раптам, у якім звязку прыйшоў ён на памяць, але па нейкай аналогіі з назваю фільма ўбіліся мне ў галаву словы “хлопец з Сіняўскай Слабады”. Вось гэтак і знайшоўся загаловак для гэтых маіх успамінаў пра Валодзю Калесніка, а праўдзівей – пра Уладзіміра Андрэевіча Калесніка, таленавітага нашага крытыка і літаратуразнаўцу, прафесара, шматгадовага загадчыка кафедры Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна (зараз – Брэсцкі універсітэт).
Вёска Сіняўская Слабада знаходзіцца на правым беразе Нёмана ў Карэліцкім раёне. Тут у 1922 годзе акурат 17 верасня і нарадзіўся Валодзя Калеснік. А мая родная вёска Пагарэлка – па другі бок Нёмана, за нейкія тры кіламетры ад Сіняўскай Слабады. У дзяцінстве я разам з бацькам не адзін раз ездзіў у дровы праз Валодзеву вёску ва ўрочышча Рудзьма і па дарозе назад часта спыняліся на адпачынак у гасцінным доме Калеснікаў. Тады я і пазнаёміўся з Валодзем, які быў усяго на год старэйшы за мяне. Пазнаёміўся і пасябраваў. Зрэшты, па-сапраўднаму пасябраваў, пэўна, трошкі пазней, калі вучыліся разам у Ярэміцкай сямігодцы. Валодзя вылучаўся сярод вучняў – ён быў вельмі цікаўны, дапытлівы, вучыўся надзвычай старанна. Не было выпадку, каб ён прыйшоў на ўрок непадрыхтаваным. Вельмі шмат чытаў. Я й сёння памятаю, як ён захапляўся творамі польскіх класікаў – Адама Міцкевіча, Генрыха Сянкевіча, Марыі Канапніцкай, як любіў вершы Пушкіна і Лермантава. Але з асаблівым хваляваннем і любоўю чытаў ён і расказваў нам, сваім сябрам, пра творы беларускіх пісьменнікаў – савецкіх, што жылі ў Мінску, і нашых, тутэйшых, заходнебеларускіх.
А потым лёс звёў нас з Валодзем зноў – ужо ў гады вайны. Мы, юнакі і дзяўчаты Пагарэлкі і Сіняўскай Слабады, ці не першымі ў раёне пачалі весці падпольную работу супраць фашысцкіх акупантаў. У вёсках яшчэ пад Польшчай былі буйныя па тым часе партыйныя і камсамольскія ячэйкі. Ужо ў дваццатыя гады тут вялі агітацыйную рэвалюцыйную работу Уладзімір Царук, Павел Жалезняковіч, Арсен Балабановіч. Традыцыі падпольнай барацьбы супраць нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту Польшчы ў былой Заходняй Беларусі сталі добрым грунтам і школай для падпольнага змагання з фашысцкімі акупантамі, для разгортвання масавага партызанскага руху.
Арганізатарамі падполля ў нашай Пагарэлцы былі Іван Мацко і Алесь Бусько – былыя навучэнцы Наваградскага педвучылішча. А ў Сіняўскай Слабадзе самымі актыўнымі ўдзельнікамі падполля сталі Валодзя Калеснік і Кастусь Балабановіч.
Пра тое, што мы рабілі, чым займаліся, як ваявалі ў партызанскіх атрадах, ужо нямала расказана, у тым ліку і самім Уладзімірам Калеснікам. Таму скажу тут пра ўсё гэта толькі крыху, у агульным плане. Мы ратавалі байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, у тым ліку параненых. У суседняй вёсцы Букавічы змаглі нават наладзіць у пустуючай хаце шпіталь, куды сабралі два дзесяткі параненых і хворых чырвонаармейцаў. Зносілі сюды неабходныя медыкаменты, прадукты харчавання, вопратку. Лячыў байцоў мясцовы фельчар Ф. Клаўсуць.
Займелі мы і радыёпрыёмнік, рэгулярна слухалі Маскву і запісвалі паведамленні з фронту, распаўсюджвалі іх па іншых вёсках раёна. Збіралі па навакольных лясах і дарогах зброю і боепрыпасы. Сіняўскія падпольшчыкі, сярод якіх актыўнічаў нястомны Валодзя Калеснік, сабралі ажно пад 100 вінтовак, некалькі кулямётаў, мінамёт, не адну скрынку патронаў.
Неўзабаве ў раёне ўзнік партызанскі атрад імя Чапаева. 24 ліпеня 1942 года мы, пагарэльскія і слабодскія падпольшчыкі, усяго 20 чалавек, пайшлі ў партызаны. Каб хоць трошкі адвесці бяду ад бацькоў і родзічаў, пайшлі ў лес быццам не самі па сабе, а нібыта нас “мабілізавалі” – прыйшлі ноччу “лясныя бандыты” і павялі з сабою. Праз месяц гэткім жа чынам, пад выглядам “мабілізацыі”, прыйшлі ў атрад 9 падпольшчыкаў з вёскі Беражное.
Неўзабаве колькасна выраслы атрад быў падзелены на два. Начальнікам штаба другога камсамольскага атрада быў прызначаны Валодзя Калеснік, як адзін з найбольш адукаваных і падрыхтаваных партызанаў, які карыстаўся вялікім даверам і павагай у баявых таварышаў. Камісарам стаў Валодзеў сябра Кастусь Балабановіч.
Пасля вайны нашы шляхі-дарогі разышліся. Аднак жа мы не забываліся адзін на аднаго. Бачыліся і падчас сустрэч былых партызанаў і падпольшчыкаў, і пры любой іншай нагодзе. Я любіў бываць у гасцях у Калеснікаў – Уладзіміра і яго чароўнай палавіны Зосі – у Брэсце. Заседжваліся да паўночы. Зноў і зноў успаміналі сваю маладосць, гады падполля і партызаншчыны, прыгадвалі сваіх баявых сяброў, найперш тых, што не дажылі да перамогі. Уладзімір Андрэевіч быў мужным чалавекам, часам нават мо й жорсткім, калі справа тычылася нейкіх прынцыповых рэчаў, але, згадваючы баявых сяброў і паплечнікаў, ён расчульваўся ледзь не да слёз.
Памятаю, як успамінаў ён лёс свайго таварыша Б. Чубрыка з вёскі Лядкі. У студзені 1943 года партызаны выбілі з Лядкоў карнікаў. І вось калі Валодзя Калеснік разам з Чубрыкам зайшлі нарэшце ў Чубрыкаву хату, дык ля стала ўбачылі забітага 4-гадовага сына Чубрыка, а таксама расстраляных жонку і маці сябра. Валодзя ледзь утрымаў тады свайго зняможанага горам таварыша ад непрадказальных учынкаў.
Прыгадваю і другі выпадак, які неаднойчы ўспаміналі з Уладзімірам Андрэевічам. Выпадак гэты звязаны з ягоным бацькам – Андрэем Паўлавічам Калеснікам. Я добра яго памятаю – дужага, прыгожага, аптымістычнага і вясёлага, з пачуццём гумару чалавека. Улетку 1943 года Андрэй Паўлавіч, які выдатна ведаў усе навакольныя мясціны, выводзіў толькі яму вядомымі сцежкамі абоз з партызанскімі сем’ямі ў бяспечнае месца з-пад абстрэлаў і нечаканых “сустрэч” з карнікамі. Партызаны ахрысцілі яго тады “нашым Сусаніным”.
З горыччу і душэўным болем успамінаў Валодзя і трагічны эпізод, калі ягоная група, вяртаючыся з мініравання чыгункі на ўчастку Стоўбцы-Гарадзея, напаролася на засаду на лясным хутары Міранка. У няроўным баі тады загінула чацвёра партызанаў, а двое, у тым ліку і сам Валодзя Калеснік, былі паранены. Ён усё сваё жыццё памятаў, як ужо ля самага ратоўчага лесу ўпаў, быццам падкошаны, партызан Міша Мажэйка. Валодзя падпоўз да яго, убачыў, што Мішу асколкам міны адарвала нагу, распаласавала жывот. Не паспеў Валодзя й зрабіць што-небудзь, як Мажэйка стрэліў сабе з нагана ў галаву...
З вялікай любоўю і павагай гаварыў Уладзімір Андрэевіч пра сваіх калег-пісьменнікаў, найперш пра Янку Брыля. Яны разам партызанілі і разам ішлі доўгія гады па жыцці. Праз Уладзіміра Андрэевіча і я меў шчасце пазнаёміцца з Іванам Антонавічам, слухаць гэтага незвычайнага чалавека, назіраць прыгожую і чыстую дружбу гэтых двух слаўных людзей, якія сталіся гонарам нашай роднай Беларусі. Я зберагаю і перадам дзецям і ўнукам кнігу народнага пісьменніка Янкі Брыля з такім вось дароўчым надпісам: “Дарагому земляку Міколе Бусько на добрыя ўспоміны”.
Хораша, з надзвычайнай душэўнай цеплынёй заўсёды гаварыў Уладзімір Андрэевіч пра Алеся Адамовіча (яны ўтрох – Янка Брыль, Алесь Адамовіч і Калеснік – напісалі хвалюючы, векапомны дакумент-хроніку “Я з вогненнай вёскі”), а таксама пра Максіма Танка – паэта, у творчасць і асобу якога быў ён проста-такі закаханы. Максім Танк, дарэчы, таксама нарадзіўся 17 верасня, толькі на 10 гадоў раней за Калесніка. І вось як супаставіш гэтыя тры даты – 17 верасня 1912, 17 верасня 1922 і 17 верасня 1939 года, дык міжволі падумаеш, што ў лёсе Заходняй Беларусі, у лёсе ўсёй нашай краіны і нашай літаратуры 17 верасня дата ўсё ж сапраўды сімвалічная, знакавая, неардынарная, прынамсі.
Апошнія гады жыцця Уладзімір Андрэевіч цяжка хварэў. Але ён мужна пераносіў хваробу, хаваў свае пакуты, каб не трывожыць лішне жонку, сяброў, знаёмых. Страшная хвароба ў рэшце рэшт адолела яго. У снежні 1994 года Уладзіміра Андрэевіча не стала. Тою парою я з інфарктам ляжаў у бальніцы, маім родным дадому пазваніў Янка Брыль і паведаміў жахлівую вестку. Правесці сябра ў апошнюю дарогу я, на жаль, не змог. А пахавалі яго, як пасля мне расказалі, з усімі ўшанаваннямі. Развітацца з ім прыйшло шмат народу – студэнты і выкладчыкі педінстытута, жыхары Брэста, землякі, беларускія пісьменнікі на чале з Янкам Брылём. Іван Антонавіч сказаў над магілай сябра пранікнёную прамову.
У памяці ўсіх, хто яго ведаў, Уладзімір Андрэевіч застаўся адметнаю, неардынарнаю асобаю. Гэта быў крыштальна чысты, сумленны чалавек, надзелены яркім талентам і светлым розумам, шчодрай душою і добрым сэрцам. Ён не прымаў хлусні і несправядлівасці, быў надзвычай строгім і патрабавальным да сябе і іншых, аднак жа ўсе яго любілі і шанавалі, паважалі і цанілі, бо строгасць спалучалася ў ім з надзвычайнай дабрынёю, а патрабавальнасць – з прынцыповасцю. Да добрых, сумленных, працавітых, шчырых людзей ён, як пісаў паэт, мілеў чалавечаю ласкаю.
Ён быў таленавітым пісьменнікам, глыбокім знаўцам і даследчыкам роднай літаратуры. А поруч з гэтым – выдатным педагогам і сапраўдным настаўнікам. Ён выхаваў цэлую плеяду маладых, здольных літаратараў і не адну сотню выкладчыкаў роднай літаратуры, якія на ўсё жыццё зберагаюць у сваёй душы пачуцці любові і ўдзячнасці да Яго. Адна з яго былых студэнтак, цяпер пенсіянерка ўжо Аксеня Гоцман гаварыла мне: “На лекцыі па беларускай літаратуры ў Брэсцкім педінстытуце, якія чытаў Уладзімір Андрэевіч Калеснік, мы заўсёды хадзілі як на свята. Мы слухалі яго з вялікай цікавасцю. Ён гэтак пранікнёна, зацікаўлена вёў свой аповед, што мы не заўважалі званка, які апавяшчаў пра канец лекцыі...”
Рады я, што землякі ўшанавалі памяць майго сябра: ягоным імем названа Ярэміцкая сярэдняя школа, у якой, як я ўжо казаў, ён некалі вучыўся.
Наш прынёманскі край даў Беларусі нямала слаўных людзей: пісьменнікаў, вучоных, военачальнікаў, гаспадарнікаў, артыстаў, інжынераў, патрыётаў і барацьбітоў за волю і незалежнасць Бацькаўшчыны. І сярод іх – слаўнае імя Уладзіміра Андрэевіча Калесніка, хлопца з вёскі Сіняўская Слабада, што ляжыць на правым беразе Нёмана ў Карэліцкім раёне.