УЛАДЗІМІР КАЛЕСНІК I ШАСЦІДЗЕСЯТНІКІ
Міхась Тычына
У пачатку 60-х гадоў узнікла фенаменальная з'ява, якая атрымала назву шасцідзесятніцтва. Творчы імпульс, атрыманы грамадствам у той час, быў такім моцным, што яго энергіі хапіла на наступныя тры дзесяцігоддзі. Два пакаленні беларускай інтэлігенцыі жылі верай у гуманістычныя каштоўнасці, чакала змен у грамадскай атмасферы, выношвала ілюзіі паступовага паляпшэння таталітарнай сістэмы, напаўнення сацыялістычнай ідэі чалавечым зместам. “Вясна надзей” змянялася “прымаразкамі”, на месца адных міражоў прыходзілі другія, а найбольш таленавітыя і сумленныя прадстаўнікі пакаленняў 60-х працавалі не пакладаючы рук на будучыню, ва ўмовах абвастрэння ідэалагічнай барацьбы рабілі ўсё магчымае, каб духоўна падрыхтаваць грамадства да карэнных змен.
Чым далей, тым лепш відаць, што гэта быў унікальны час, які даў нашай літаратуры цэлую плеяду яркіх творчых індывідуальнасцяў. Уражвае, як дакладна і паслядоўна дзейнічаў тут універсальны прынцып дапасаванасці: кожны дапаўняў кожнага. “Лірык” Я. Брыль, вядома ж, адчуваў прысутнасць у літаратуры “эпіка” I. Мележа, а інтымная лірыка М. Танка добра глядзелася побач з паэтычнай публіцыстыкай П. Панчанкі і філасофскімі цыкламі А. Куляшова. Але і паэзія, і проза разам прагнулі прыходу тэарэтыка літаратуры, сябра-крытыка, які дапамог бы расчышчаць штучна створаныя вульгарызатарамі завалы. I вось побач з эстэтыкам Р. Бярозкіным узнікла постаць публіцыста А. Адамовіча і постаць самабытнага філосафа “беларускага шляху” У. Калесніка – выкарыстоўваю даўняе азначэнне Ю. Канэ, хаця і разумею, што гаворка ідзе толькі аб дамінанце творчай індывідуальнасці.
У магутнай кагорце шасцідзесятнікаў асоба Уладзіміра Андрэевіча Калесніка заўважаецца адразу. У яго быў свой абсяг літаратурных інтарэсаў. Пачынаў ён і доўгі час працаваў, як вядома, на досыць вузкай пляцоўцы двух міжваенных дзесяцігоддзяў у Заходняй Беларусі. Але ўжо ў манаграфіі “Паэзія змагання” выявілася звышзадума даследчыка, які разумеў, што ў заходнебеларускіх умовах не толькі літаратура, але і сама Камуністычная партыя была іншай. На Захадзе, паводле слоў аўтара, “класавая барацьба цякла натуральна, з’яўляючыся сродкам абароны рознымі класамі, грамадскімі арганізацыямі, партыямі сваіх сацыяльных і палітычных інтарэсаў”. Да ўсяго гэтая барацьба адбывалася ў выразна нацыянальных формах: беларуская меншасць ваявала за свае правы – за беларускую школу, родную мову, за права выбіраць і быць выбраным ва ўладныя структуры. “Нацыянальны пачатак, – пісаў У. Калеснік, – стрымліваў у беларускім руху экстрэмісцкія замашкі левых сіл, дазваляў дасягаць прымірэння”. Ва ўмовах Заходняй Беларусі яшчэ дзейнічала еўрапейская мадэль жыцця, а поруч з ёю была моцная плынь лепшых нацынальна-беларускіх традыцый, закладзеных “нашаніўцамі”. У працах іншых шасцідзесятнікаў гэтыя думкі таксама прысутнічалі, але, магчыма, не ў такой, як у У. Калесніка, эмацыянальна-ўсхваляванай форме: аўтары міжволі то тут, то там “прагаворваліся”.
Гэта быў час вяртання да жыцця многіх забытых імёнаў і да творчасці тых зусім нямногіх, каму пашчасціла ацалець. Чымсьці тыя гады нагадваюць сённяшні час, калі на нас абрынулася лавіна раней “забароненых”, “арыштаваных” твораў. У Калеснікавай манаграфіі і наступных яго навуковых працах уражваў вадаспад імёнаў, назваў, фактаў літаратурнага жыцця – многія з іх яшчэ і сёння ўспрымаюцца як адкрыццё, а У. Калеснік змог, знайшоў спосаб увесці іх ва ўжытак або хаця б напомніць, проста назваць, што былі такія, было такое. К. Сваяк, А. Навіна, I. Канчэўскі, Н. Арсеннева, У. Жылка, Г. Леўчык, А. Салагуб, I. Дварчанін, Л. Родзевіч, – сустрэўшы ў У. Калесніка гэтыя імёны, дапытлівая студэнцкая моладзь і навукоўцы кідаліся ў бібліятэкі і архівы на пошукі першакрыніц, якія даследчык заўсёды абазначаў вельмі дакладна, быццам трымаў увесь час на ўвазе менавіта такога “праніклівага чытача”.
Як сапраўдны патрыёт заходняга рэгіёна, У. Калеснік здолеў зацікавіць літаратурную грамадскасць творчасцю многіх з тых, каго грэбліва залічалі да прадстаўнікоў “абласной” літаратуры, да “самавукаў” і аматараў. Калі раней гаворка пра заходнебеларускую літаратуру абмяжоўвалася прозвішчамі двух-трох паэтаў-рэвалюцыянераў, пра якіх дакладна можна было сказаць, што яны сапраўды змагаліся ў падполлі, сядзелі ў астрогах, бадзяліся па этапах, то пасля кніг і артыкулаў У. Калесніка набыткам грамадскай супольнасці стала творчасць некалькіх дзесяткаў літаратараў. У канцы 50-х і пачатку 60-х гадоў, у маю бытнасць студэнтам, у Бярэсці дзесятак беларускіх паэтаў лёгка губляўся ў гушчы рускамоўных версіфікатараў. Усё змянілася з часу з’яўлення ў горадзе У. Калесніка: бадай кожны выпуск педінстытута даваў нашай літаратуры некалькі звонкіх імёнаў, многія з якіх вядомы далёка за межамі берасцейскай зямлі. І ўжо, зразумела, кожны яго студэнт (колькі іх было за 40 гадоў выкладчыцкай працы!) нёс у сваёй памяці ўрокі жыцця і творчасці выдатнага Настаўніка. Стварэнне унікальнай атмасферы духоўнасці ў рэгіёне, бадай, галоўны плён шматгадовых высілкаў гэтага чалавека.
Грамадства шпарка засвойвала новыя ідэі і погляды, якія прапагандавалі шасцідзесятнікі, і часам здавалася, што яны ўжо адстаюць ад часу, як злараднічалі ў партыйнай прэсе. Але прайшлі гады і выявілася, што праграма гуманістычнага абнаўлення, задуманая і распрацаваная шасцідзесятнікамі, усё яшчэ не выканана і што лепшыя з іх шэрагаў па-ранейшаму знаходзяцца наперадзе. Той прарыў да новых глыбіняў ісціны, які здзейсніў У. Калеснік у сярэдзіне 70-х гадоў, быў натуральным выяўленнем яго ўнутранай свабоды, якая тым мацней уражвае, што нарадзілася ва ўмовах няволі, яго высокай чалавечай годнасці, якая купляецца гатоўнасцю да самаахвярнасці. У гэты час У. Калеснік, азіраючыся на зробленае, з сумам канстатаваў сваю залежнасць ад афіцыйнага літаратуразнаўства і ідэалагічных догмаў, добра ўсведамляючы пры гэтым меру ўласнай віны і адказнасці: “Многае, – зазначаў ён, – хацелася перапісаць нанова”. Гэтыя словы азначалі не толькі рашучы перагляд ім ранейшых поглядаў і падыходаў, але і імкненне здзейсніць задуманае, пісаць па-новаму. У кнігах “Ветразі Адысея” і “Тварэнне легенды” перад намі новы, незнаёмы У. Калеснік. Зробленае ім у гэтых даследаваннях уражвае сваёй змястоўнасцю, небывалай скандэнсаванасцю пачуццяў і думак: пра жыццё і лёс У. Жылкі ён піша так, як, можа, пісаў бы пра самога сябе, з поўнай самааддачай, нічога не ўтойваючы, выказваючыся дарэшты, быццам гэта яго апошняя кніга.
Несумненна, на У. Калесніка, як і на яго суаўтараў і сяброў А. Адамовіча і Я. Брыля, паўплывала цяжкая праца над кнігай-дакументам “Я з вогненнай вёскі...”: прайшоўшы пекла людскіх пакут, нельга было за-ставацца ранейшым. Мабыць, у жыцці кожнага чалавека здараюцца моманты, калі ён, прайшоўшы выпрабаванне пакутамі, крута мяняецца. Але не кожны чалавек здольны пры поўнай свядомасці адважыцца перажыць пакуты, якіх ён можа спакойна пазбегнуць. У. Калеснік адважыўся, бо належаў да пакалення, пра трагедыю якога, бадай, не скажаш лепш, чым гэта сказаў перад смерцю М. Зошчанка: “Ну і адрэзачак гісторыі нам выпаў!” Змена акцэнтаў у жыццёвых і творчых паводзінах У. Калесніка выявілася, напрыклад, у тым, што ён гераізуе ў сваіх кнігах ужо не Праметэя, а іншы чалавечы тып: “Арэол, – пісаў ён, – над чоламі паэтаў ззяе наймацней у часы вялікіх гістарычных зрухаў, калі мастацкае слова стварае праграмы змагання, увасабляе ідэалы, за якія вядзе бітву народ, аддаючы на ахвярны алтар лепшых сыноў. У такія часы нараджаецца тып мастака-змагара, што выводзіць свой род не ад алімпійца Апалона, а ад гераічнага Тыртэя”. Як вядома, менавіта Тыртэй, старажытнагрэчаскі паэт-лірык, кульгавы школьны настаўнік, змог сваімі песнямі ўзняць баявы дух спартанцаў, якія дарэмна чакалі ад афінян вайсковай дапамогі. У самыя змрочныя часіны застою, калі многім здавалася, што выхаду ўжо няма, свет імкліва спаўзае да ядзернай катастрофы, і сярод шасцідзесятнікаў адбыўся раскол, словы такіх аўтарытэтных літаратараў, як У. Калеснік і яго сябры па пяру, сапраўды ўздымалі баявы дух і падмацоўвалі надзею на лепшае.
Кнігі У. Калесніка, як і іншых лепшых нашых паэтаў, празаікаў, крытыкаў, навукоўцаў, па сутнасці, былі тэарэтычным абгрунтаваннем будучага духоўнага Адраджэння беларускай нацыі. У. Калесніку ўдалося на багатым матэрыяле беларускай літаратуры ад старажытнасці да нашых дзён прадэманстраваць думку аб тым, што ўсе без выключэння лепшыя творы беларускіх пісьменнікаў былі не толькі таленавітымі, але і глыбока нацыянальнымі. У той момант, ўсякае адкрытае выяўленне сваёй нацыянальнай прыналежнасці жорстка каралася і адзінай нацыяй прызнавалася “савецкая нацыя”, калі да ажыўлення нацыянальнага жыцця было яшчэ вельмі далёка, У. Калеснік вярнуў нам дарагое паняцце нацыянал-рамантызму, паказаўшы яго актуальнасць і жыццёвасць на матэрыяле творчасці Ф. Скарыны і М. Гусоўскага, Я. Купалы і У. Жылкі. Менавіта ў гэты час ён першым у нашым літаратуразнаўстве прыгадаў імя I. Канчэўскага і разгарнуў перад уражанымі вачыма сучаснікаў панараму яго ідэй беларускага “адвечнага шляху”. У пазнейшыя гады У. Калесніку заставалася толькі дэманстраваць сваю правату ў гэтым пытанні на матэрыяле творчасці такіх новаадкрытых паэтаў, як Н. Арсеннева і Л. Геніюш. Думка, што нацыянальная літаратура, па сутнасці, стварае сваю легенду пра народ і што з духоўным пасталеннем народа гэта легенда становіцца рэальнасцю, большай, чым любая фізічная абалонка рэчаў, стала пафасам яго апошніх гадоў жыцця і творчасці. Бо што ёсць наогул чалавечая культура, як не створаная ўсімі папярэднімі пакаленнямі легенда, версія, міфалогія, у атмасферы якой мы ўсе жывём, якой дыхаем, не прыкмячаючы гэтага штохвіліны, бо яна паўсюль, яна ў кожным з нас, стала нашай сутнасцю.
У апошнія гады гэта вялікая ідэя сцвярджалася У. Калеснікам цалкам свядома і вельмі напорыста. “Вызваленчаму руху прыгнечаных нацый, –пісаў У. Калеснік, – заўжды не хапае кадраў патрыятычнай інтэлігенцыі, не стае творцаў і пашыральнікаў ідэй, таму расце высокі прэстыж духоўных каштоўнасцяў усіх відаў. Праблемай усведамлення народа займаюцца практычна ўсе актывісты – ад палітычных дзеячаў да паэтаў. Новай эпосе патрэбны не толькі работнікі, а перадусім сацыяльна актыўныя грамадзяне, энергічныя і мужныя, прадпрымальныя і жыццярадасныя, закаханыя ў жыццё і поўныя веры ў прагрэс, у неабмежаваныя мажлівасці ўдасканалення свету і самога чалавека”. Сказанае пра далёкае наша мінулае ўспрымаецца як сказанае на ўсе часы. Сказанае пра нас з вамі.