ШЛЯХІ Ў ПАЛЯХ
Уладзімір Караткевіч
Дзіўная і дужа дваістая гэта справа: пісаць аб жывым, поўным сіл чалавеку, якому яшчэ крочыць і крочыць, думаць і думаць, працаваць і працаваць.
З аднаго боку, гэта цяжка: не маеш права казаць пра многае (вакол жывыя ўдзельнікі), не маеш права “абагульняць”, пускацца ў асаблівыя разважанні. З другога боку – лёгка: не падвядзе памяць, заўсёды можна праверыць дату і факт.
Ёсць у гэтым жанры свае слабіны: зноў жа аб многім не скажаш.
Але ёсць ва ўсіх такіх “успамінах”, “добрых словах” і адна высокая вартасць, якая перамагае ўсё. У іх нельга сказаць няпраўду.
Пры ўсёй непазбежнай вузкасці погляду, пры адсутнасці дыстанцыі – той выпадак, калі чалавек піша пра свайго сябра, якому ён можа кожную хвіліну пазваніць па тэлефоне, а то і проста ўзяць рэчы на плечы і паехаць да яго, мае адну неацэнную якасць: дакладнасць, пэўнасць.
Мне хочацца, каб менавіта гэтую якасць мела маё слова, гэтыя штрыхі партрэта майго сябра Уладзіміра Калесніка, аднаго з таленавітых сучасных нашых крытыкаў, чалавека, шлях якога не ружамі быў усыпаны і які на гэтым шляху не страціў аніводнай з высокіх чалавечых вартасцей.
Не стану разбіраць яго кніг: гэта тэма для асобнага артыкула, і пра гэта лепей скажуць калегі і час. Для мяне ён тут важлівы перш за ўсё як чалавек, з якім мы змералі шмат палявых дарог, перадумалі разам шмат думак, абгаварылі шмат важлівых праблем. Уладзімір Калеснік для мяне – адзін з лепшых людзей, з якім даводзілася сустракацца на гэтых мяккіх палявых дарогах, што ныраюць між узгоркаў, парослых канюшынай і жытам.
Пазнаёміліся мы з ім у канцы 50-х гадоў. Пачалося, па-мойму, з размовы аб маёй “Партызанскай баладзе”, якая яму спадабалася. Але мне хацелася б пачаць не з першай сустрэчы і не з вершаў пра “партызанку”, а з некаторых жывых людзей.
У 1966 годзе Я. Брыль, Р. Барадулін і я калясілі па Налібоцкім пушчанскім наваколлі. Начавалі ў калгасе “Зара” ў харошага чалавека Пятра Майсеевіча Шчарбакова, а пасля ўзялі з сабой Паўла Арсенавіча Жалезняковіча і паехалі па ўсёй гэтай зямлі, дзе асколкаў і гільзаў ледзь не болей, чым камянёў.
І вось урэшце вывела нас шэрая змяя дарогі да сіняга Нёмана і да зялёнай вёскі над ім, дужа зялёнай, імя якой Сіняўская Слабада. Дагэтуль мы і пасмейваліся, і проста жартавалі, і кепікі строілі (я, пішучы ў той час “Каласы...”, “заразіўся” зваротам “панове” і ніяк не мог ад яго адстаць, а мае спадарожнікі пакеплівалі: “Мы тут за слова “таварышы” змагаліся, а ён – “панове-панове”).
Дык вось, калі да гэтага пасмейваліся, то тут змоўклі. Таму што ўбачылі Сіняўскія партызанскія могілкі. Гэта трэба бачыць самому і маўчаць. А крыху вышэй іх, па схіле – вясковая школка, перавезеная сюды з пушчы, дзе яна служыла рэдакцыяй і друкарняй пяцём партызанскім брыгадам... А яшчэ вышэй – могілкі вясковыя, усе ў шумлівых шатах векавых хвояў.
І там, на могілках, сівая ад старасці – ля камля, мядзяная, як жар – увышыні сасна з вялізнай расчохранай буслянкай. А пад сасной – магіла. І на помніку барэльеф чалавека з простым строгім тварам. І два словы: “Андрэй Калеснік”.
Барэльеф гэты адліў на бацькаву магілу сын. Валодзеваму характару гэта ўвогуле ўласціва: разнастайная, шматгранная артыстычнасць. І навука, і проста мастацтва, і, урэшце, не абы-якое мастацтва фота. Мне рэдка даводзілася бачыць лепшыя фатаграфіі, чым, скажам, ягоныя “Партызанская маці” або “Палюбоўніца грому”. На першай стаіць на пожні, “падперазаўшыся” сярпом жанчына. Рукі – як сасновая кара. Вочы бачылі ўсё (і-ох, як многа страшнага!). На другой – каравае дрэва, наскрозь пашчапанае, прабітае перуном, усё ў дыме. І наводдаль адступаюць хмары.
Бацька Валодзеў памёр за чатыры гады да таго, як мы наведалі тую магілу. А быў піцерскі рабочы, а пасля плытагон. І ў вайну, у страшную блакаду 43-га года, выратаваў брыгаду, завёўшы яе ў такія сівыя нетры, што немцы не здолелі сунуцца і не знайшлі людзей.
П.А. Жалезняковіч глядзеў і ўспамінаў. Яму, камісару, не раз даводзілася выступаць на могілках. Кожнага ведаў, кожнага помніў у твар. І жывога і, пасля, мёртвага.
І вось мы сядзелі і ўспаміналі спачатку бацьку, пасля сына. І разважалі, што помнікі трэба ставіць не толькі тым, хто трапна страляў, а і тым, хто ладна і ў час умеў выратаваць. Тым больш – такое вялікае мноства людзей.
А я яшчэ думаў, што помнік гэтаму чалавеку ўсё ж пастаўлены. Літаратурны, аповесць “На Быстранцы”, дзе ён – дзед, спісаны з натуры, жыўцом.
Пасля гэтага нашага малога падарожжа я і пачаў крыху іначай глядзець на Валодзю. Адбыўся як бы некаторы пералом у маіх поглядах на яго. Што я ведаў раней? Ведаў аб ягонай “партызанцы”, ведаў, чаго яна яму каштавала (урэшце, лепей за ўсё сказаў пра гэта ён сам), ведаў аб дужа цяжкай і дужа плённай працы ягонай у Брэсцкім педінстытуце, чытаў ягоныя кнігі, лавіў з ім рыбу...
А тут прыйшло разуменне асяроддзя, у якім чалавек нарадзіўся і вырас. Я ўбачыў “на свае вочы” пейзажы, на якія з дзяцінства глядзелі вочы ягоныя. Я знаёміўся, я размаўляў з людзьмі, з якімі рос, размаўляў, спрачаўся і мірыўся ён. Бачыў і тую пушчу, і тую малую белую каплічку, ля якой ён рабіў засаду на паліцаяў. Бачыў, урэшце, хату ў Крынках і магілу. Тую, дзе адліты ім барэльеф.
Прыйшло разуменне чалавека знутры, калі ты ведаеш і любіш ягоны свет. І тады, на гэтым выпадку, я разумеў, што пісьменнік, калі ён пісьменнік, нават калі ён і вывучыў усе дакументы, не можа напісаць – ну, скажам, пра Каліноўскага, калі не пабываў у ціхай зялёнай Свіслачы і ў пецярбургскіх змрочных кутах часоў Дастаеўскага, і на полі бою пад Мілавідамі, і ў шэрых Святаянскіх мурах, і ў Дамініканскай турме, і, урэшце, на Лукішках.
Хай там мала чаго асталося з тых часоў – само паветра мясцін падкажа табе найбольшае, якое магчыма між людзей, разуменне чужой душы, яе парываў і патаемных думак, яе гісторыі.
Цяпер я ведаю, што ёсць у майго сябра рысы характару бацькі і навакольных людзей. І нервовасць, і ўпартасць, і цвёрдасць чалавека, які не адступіць і не саступіць. І гэтая бацькава страсць да незалежнасці. І адначасова залежнасць ад вялікага свету паэзіі, да якога ён належыць не толькі душою, але і ўсім існаваннем сваім.
З чаго нараджаецца сімпатыя? Можна назваць не адзін выпадак, калі за некалькі дзён сімпатыя можа перарасці ў моцнае сяброўства. Я не кажу пра выпрабаванні, вайну, выпадкі незвычайнай, дужа вялікай і ахвярнай узаемадапамогі. Я кажу пра звычайнае, будзённае жыццё.
Такі выпадак – падарожжа з бясконцай зменай уражанняў і павышаная ўразлівасцю асоб, што прымаюць у ім удзел, з поўнай іхняй свабодай ад абавязкаў, акрамя абавязкаў самога падарожжа.
У мяне такіх падарожжаў з Валодзем Калеснікам было шмат, і я шкадую толькі, што не ўдзельнічаў тады ў іхнім з Янкам Брылём падарожжы на веласіпедах.
Валодзя выключна фатаграфаваў ужо і тады. Часам я перабіраю гэтыя здымкі; як жывыя, мы зноў сядзім з ім на копцы Міцкевіча і прадзіраемся праз джунглі Варанчанскіх могілак, каб адшукаць помнік белага мармуру – “самай прыгожай дзяўчыне наваколля”; і разам залазім у гмах васьмісотгадовага дуба пад Варончай, у чорны выпалены “пакой” у ім.
Мы ў Малой Кракотцы, у сябра-настаўніка, дужа добрага чалавека. Малая Кракотка – адна з найпрыгажэйшых вёсак, што мне давялося бачыць за ўсё жыццё.
...Тэраса з завесамі зеляніны. Шаты дрэў. Ну і гасціннасць. І, вядома ж, амлет. У нас, у Прыдняпроўі, на такую цвёрдую сялянскую яечню кажуць: “Як лапаць. Можна на сук павесіць, і будзе вісець”. Гэта мы лынды б’ём. А Валодзя працуе. І тут працуе. Збірае матэрыялы. І настаўнік наш патрэбен зараз яму як аднакласнік яго героя.
І мы ідзём у лес, настолькі густа засеяны суніцамі, што зялёнага менш за чырвонае. Тут кракоцкія сяляне збіраліся на маёўкі “за польскім часам”. І настаўнік расказвае, а “пану Калесніку” не да суніц, бо ўвесь час бегае па старонках блакнота ягонае пяро.
Так дзень за днём. І так, якраз тады, стваралася цудоўная кніга пра Валянціна Таўлая.
...А вось Андрэевіч, не дужа яшчэ ўмеючы круціць баранку, ледзь не зваліўся з яра ў Нёман, і мы падпіраем машыну, і ногі нашы слізгаюць на цудоўным, высокім разнатраўі нёманскага поплаву. І мы ледзь не налажылі ў той Нёман галавой, а пасля стаім, збялелыя, і тупа лаем невядома каго і што.
Ці едзем у Белавежу з харошым хлопцам, настаўнікам з прыпушчанскай вёскі. Яшчэ халаднавата, і на мне пазычаная ў Валодзі безрукаўка. У памяці і Камянецкая вежа, і абшар з яе вышыні, і тое, як нечакана, выйшаўшы з-за вываратня, наляцелі на мілае відовішча – зубрыную сямейку за тры крокі ад нас. І ўцякаць няма куды.
...Рэзкі бярозавік у леснічоўцы на Свіцязі. Мы з Уладзімірам Калеснікам сядзім у чоўне паміж небам і зямлёй, і нязменны яго шэры берэт ссунуты на самую патыліцу. І маўчым, і добра нам, як ніколі, бо мы ўсё разумеем у сабе і адзін у адным, а вуды нашы перакрэсліваюць захад.
Або як ездзілі ў 1968 годзе па вёсках Брэсцкага і Пружанскага раёнаў. У Дзмітровічы, у Харава, дзе чыталі вершы, дзе паднеслі нам дзеці каравай “на волата” – зараз і партызанскай ротай не з’ясі...
А рыба на Лясной. Ён і дагэтуль не ведае, што гэта не я, наступіўшы, зламаў тады яму цудоўнае вудзільна. Мусіў згадзіцца, што гэта я, бо на сябра асабліва крычаць не будзеш.
Я люблю бываць і досыць часта бываю ў яго хаце. І, вядома ж, у Брэсцкім інстытуце, дзе ён заваяваў агульную любоў студэнтаў. Рэдка мне даводзілася бачыць так добра абладнаны кабінет беларускай мовы і літаратуры. Хай небагата, але з цеплынёй, веданнем справы і любоўю да яе, з уніклівасцю вучонага і азартам паэта, з усім: ад частых пісьменніцкіх выступленняў да магнітафонных запісаў.
...Зноў дом, і гарачыя спрэчкі, і размовы аб кнігах, раптоўны рогат, калі ўспомнілі, як сядзела на каменнай агароджы інстытута малпа (уцякла з інстытуцкага звярынца) і дражніла служачага, што хацеў яе ўзяць, і натоўп разявак, якія не бачылі такой звычайнай істоты, такой з’явы, як малпа на брэсцкім плоце.
...Ну вось. Усё тут атрымалася ўрыўкамі. Урэшце, як і ўсё жыццё. Але ж гэта не крытычны артыкул. Я наношу на паперу штрыхі, ствараючы накід партрэта. Партрэта, які нехта колісь вылепіць ці напіша куды больш спакойна, куды больш выгаблевана, чым я.
...І яшчэ адзін успамін. Чэрвень 1971 года. Зноў сцелецца пад колы дарога. Едзем. Янкам і Валодзем ужо зроблены выключны (на жаль, кепскавата зроблены паліграфічна) альбом пра мясціны Міцкевіча. Але яны, па-мойму, яшчэ не прыступалі да чарговай сваёй агульнай работы: з магнітафонам, блакнотам і фотаапаратам аб’ездзіць спаленыя ў вайну вёскі. Каб на старонках былі нявыдуманыя апавяданні, непрыхарошаныя абліччы, каб з пласцінак гучалі са слязьмі і з гневам галасы дзівам уцалелых людзей. Што ж, калі гэта будзе створана – гэта і будзе тое, што называецца служэннем айчыне і ісціне.
Тады была апошняя наша сустрэча з Паўлам Арсенавічам Жалезняковічам. Ён памёр на кастрычніцкія святы таго ж года. Сядзелі ў садзе. Вялізныя яблыні распасціраліся шырока, раскошна і цяніста. На іх была ўжо завязь.
Дужа хворы, спрацаваны чалавек сядзеў на лаве, склаўшы маршчакаватыя рукі. Гаварылі. Я і тут бачыў, што галава Валодзева працуе. Запамінае. Такі ўжо грунт яго адносін з людзьмі. Таму што, у сваю чаргу, без памяці аб былой барацьбе, былых здзяйсненнях, былых няшчасцях не можа быць дабрыні да людзей.
На гэты раз запісваў і я. Пра ўдзел у КПЗБ хлопцаў-украінцаў. Шкада, што Павел Арсенавіч не ўбачыць гэтых старонак мае кнігі для Украіны пра Беларусь.
Я неяк зусім па-іншаму, не так, як раней, глянуў на вёску, куды мы прыехалі нейкай, можа, гадзінай пазней. Крынкі Карэліцкага раёна.
Сіняўку тры разы палілі немцы. Бацьку Валодзевага пасля вайны перавялі загадчыкам вадзянога млына – за дваццаць ад Сіняўкі кіламетраў – сюды, у Крынкі. Тут і дагэтуль жыве Валодзева мачыха. Бацька дзесяць год як памёр, а яна з Валодзем дружыць. Сапраўды, сябры і родныя людзі.
Хата. Сакавітыя лопухі – сцісні, і пырсне сок. Над хатаю ў вялікім садзе волат-каштан.
Вакол узгоркі над Сэрвеччу. І ўсё мы з Жэнем Крамком, былым партызанам і выключным чалавекам, ідзём высока над звівамі Сэрвечы па ўрвішчах, і вакол далеч, якую рэдка бачыць свет, і Крамко ўгаворвае нас пасяліцца тут, у Беражне, вёсцы, якую як пашукаць, то і не знойдзеш.
А што?
Спалілі хату, вёску, пазбавілі роднага дома. Думалі, што не будзе куды прыйсці? Але адбудуецца новае гняздо, і заўсёды будзе куды з’явіцца нам на нашай зямлі.
Астануцца не адны ўспаміны аб старой хаце. Астанецца і другая, куды можна прыйсці як у сваю, калі захочацца прыпасці да зямлі або проста паляжаць на мурагу і падумаць. Нічога. Таптаць нам гэтыя шляхі ў полі яшчэ незлічоную колькасць год.
...Стаім над Сэрвеччу. Набліжаецца, насоўваецца навальніца. Грувасцяцца і клубяцца хмары, цяжка перавальваецца ў іх пярун.
...Стаім на зямлі, якая і Валодзю, і Янку, і іншым сябрам была і будзе вельмі дарагая.