ТАЛЕНТ КРЫТЫКА
Уладзімір Конан
“26.05.2004, Менск.
Шаноўная Зося Міхайлаўна!
Янка Брыль перадаў мне Вашую прапанову даць свае матэрыялы пра жыццё і творчасць выдатнага літаратара, даследчыка і крытыка Уладзіміра Калесніка. Я знайшоў свой артыкул, напісаны з нагоды выхаду ягонай кнігі “Лёсам пазнанае”. Мой артыкул-рэцэнзія друкаваўся ў ЛіМе 20 гадоў таму назад. Калі ён падходзіць да зборніка, то буду рады ўдзельнічаць у гэтым выданні пра выдатнага вучонага і таленавітага чалавека-настаўніка і прафесара.
Мае сустрэчы з ім былі рэдкія, але цікавыя. Галоўным чынам – на навуковых канферэнцыях у Менску, на розных сустрэчах у Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Аднойчы сустрэўся з ім у Брэсце: на вяселлі Алеся Разанава і ягонай цяперашняй жонкі.
Былі і сустрэчы навукова-літаратурныя: Уладзімір Калеснік згадзіўся быць навуковым рэдактарам маёй манаграфіі “Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей і святло фальклору” (Мн., 1989). Я з удзячнасцю выкарыстаў некалькі прапаноў, якія былі карыснымі для кнігі.
Мабыць, я адзін з многіх нашых калегаў, якія чыталі з цікавасцю ўсё, што друкаваў Уладзімір Калеснік. І заўсёды радаваўся ягонай прысутнасці ў літаратуры і навуцы.
Дай Бог Вам здароўя і поспехаў у жыцці!”
* * *
Спрэчкі аб крытыцы, як відаць, адносяцца да тыпу дыскусій, якія пачаліся даўно і ніколі не закончацца. Адны залічваюць яе да літаратуразнаўства, бо яно, на іх думку, мае тры “іпастасі” – тэорыю літаратуры, яе гісторыю і крытыку: другія бачаць у ёй асобны жанр мастацкай літаратуры; трэція даводзяць яе аўтаномнасць як “самастойнага віду духоўнай творчасці”, які не можа быць зведзены ні да навукі, ні да мастацтва. Звычайна ў такіх спрэчках аргументамі з’яўляюцца асабістая інтуіцыя і пэўныя аналогіі, якія можна дапаўняць усё новымі ўраўненнямі. Напрыклад, зусім было б дарэчы параўнанне крытыкі з прамоўніцкім майстэрствам, бо без красамоўства і вобразнай дасціпнасці яна шмат у чым губляе прывабнасць для чытача.
Знаёмства з мноствам поглядаў на крытыку наводзіць на такія пытанні: а ці патрэбны тут наогул канчатковыя вызначэнні? Можа, асаблівасць крытыкі якраз у тым, каб, не будучы канчаткова “нічым”, заставацца, так сказаць, “адкрытай сістэмай”, убіраць у сябе ўсю духоўную культуру? Бо, як сведчыць практыка, лепшыя здабыткі крытычнага жанру валодаюць якасцямі літаратуразнаўства, эстэтыкі, мастацтвазнаўства, публіцыстыкі, мастацкай прозы, філасофіі, нават сацыялогіі і палітыкі. Схільны да лагічнага аналізу чытач слушна запярэчыць мне: у такім выпадку губляецца сутнасць і спецыфіка крытыкі, яна становіцца нейкай “выцяжкай” ці кантамінацыяй з фрагментаў іншых навук і мастацтваў. Спецыфіка крытыкі, безумоўна, ёсць, яна ў тым, каб быць інтэрпрэтацыяй мастацтва, “прыкладной” эстэтыкай; а мэта яе – аналіз мастацкай творчасці (з улікам усіх апасродкаваных сувязей яе з сацыяльным асяроддзем і гісторыяй народа), а разам з тым – узнаўленне вобразаў стваральнікаў мастацкай культуры, іх жыццёвага лёсу і творчага шляху. І толькі ад густу, добрай волі, таленту і майстэрства крытыка залежыць, па-першае, аб’ектыўнасць, агульназначнасць яго ацэнак, па-другое, іх непераходзячае значэнне і, па-трэцяе, каштоўнасць яго ўласных творчых набыткаў. Ад самога ж крытыка залежыць і тое, ці будзе яго пісанне арыгінальным творам, арганічнай навукова-мастацкай цэласнасцю, ці, наадварот, механічным спалучэннем фрагментаў чужых думак і канфармісцкіх, стандартных ацэнак – сумніцельным вырабам уяўнай дасведчанасці і фармальнай эрудыцыі.
З такімі крытэрыямі (усвядомлена ці інтуітыўна) падыходзіш да кожнай новай кнігі крытыка (ды й наогул пісьменніка), якога яшчэ добра не ведаеш. Звычайна дастаткова беглага пагляду, каб прыняць рашэнне – прачытаць грунтоўна, са “смакам” і эстэтычным задавальненнем, ці адкласці ўбок і больш ніколі да яе не вяртацца. Гэткая альтэрнатыва наогул не ўзнікла, калі ў канцы мінулага года з’явілася кніга “Лёсам пазнанае” Уладзіміра Калесніка – вядомага даследчыка роднай літаратуры і настаўніка студэнцкай моладзі. Наш чытач знаёмы з яго папярэднімі публікацыямі гэтых і іншых нарысаў, адзначаных глыбокай навуковасцю, дакументальнай аргументаванасцю і смелай пастаноўкай новых праблем. Добра запомніліся яго кніга “Ветразі Адысея. Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі” (1977 г.), літаратурны партрэт “Максім Танк” (1981 г.). І сёння нельга не вітаць ініцыятыву выдавецтва “Мастацкая літаратура”, якое выпусціла ў свет кнігу выбраных літаратурных партрэтаў і нарысаў У. Калесніка ў добрым мастацкім афармленні якраз у год яго шасцідзесяцігоддзя. Партрэт аўтара – бадай што адзіная “юбілейная” адзнака кніжкі, бо тут няма і скідак на юбілейнасць. Усе нарысы – вынік грунтоўнага вывучэння літаратурнага руху ў былой Заходняй Беларусі і актыўнага ўдзелу крытыка ў сучасным літаратурным працэсе.
Нарысы У. Калесніка спалучаюць дакладнасць гістарычнага даследавання (напрыклад, шырокае выкарыстанне архіўных і іншых аб’ектыўных крыніц) з асабістым пісьменніцкім поглядам на жыццё, гісторыю, літаратуру, яе творцаў і прыхільнікаў. Па жанры яны блізкія да літаратурных біяграфій з вядомай серыі “Жизнь замечательных людей”. Разам з тым яны – вынік літаратурна-практычнай дзейнасці аўтара, што ўзяўся за нялёгкую задачу – далучыць да агульна-нацыянальных здабыткаў беларускай літаратуры яе рэгіянальную заходнебеларускую плынь пераважна рэвалюцыйна-дэмакратычнага і рамантычнага кірунку, яе таленавітых ці проста здольных творцаў, у тым ліку тых, якія ў 30-я гады аказаліся несправядліва “выкрасленымі” з жыцця і духоўнай культуры. Як правіла, яны ў тагачасных складаных умовах і трагічных калізіях здолелі выявіць толькі меншую частку закладзеных у сваёй душы творчых магчымасцей. Вынікам гэтай працы былі выданне паэтычных зборнікаў М. Засіма “Выбранае” (1960 г.), М. Васілька “Зоры над Нёманам” (1963 г.), кнігі паэзіі заходнебеларускіх пісьменнікаў “Сцягі і паходні” (1965 г.) і ўступны артыкул да выбраных твораў Г. Леўчыка “Доля і хлеб” (1980 г.).
Новая кніга У. Калесніка пачынаецца з нарыса пра Г. Леўчыка (Ілью Ляўковіча), амаль равесніка Янкі Купалы. Творчасць яго – недзе на перыферыі вялікага купалаўскага свету; але без уліку яе, як і паўпрафесійнай паэзіі іншых паэтаў дакастрычніцкай пары, нацыянальная літаратура страціла б сваю “аб’ёмнасць” і гістарычную перспектыву. Валодаючы ў аднолькавай ступені метадам навуковага аналізу і літаратурнай інтуіцыі, даследчык здолеў вызначыць дамінантныя вобразы-сімвалы беларускай дакастрычніцкай літаратуры і ўключыць яе ў сістэму агульнаеўрапейскіх літаратурных ідэй. “Два матывы ляглі ў аснову нашай патрыятычнай легенды: матыў смерці і ўваскрэшання (сну і абуджэння) Беларусі і матыў подзвігу мастака-чарадзея, прарока і змагара... У еўрапейскай культуры аналагічныя матывы складаюць дыянісійскі адраджальны і праметэеўскі – ахвярна-гераічны канон”.
Паняцце “легенда” праходзіць праз усю кнігу У. Калесніка, гэта яго рабочы тэрмін, што азначае тварэнне ў мастацтве (а часам і ў палітыцы) ідэальных каштоўнасцей і “праекцыю” іх на ўсю нацыянальную гісторыю. Я. Купала ў Савецкай Беларусі далучыўся да сацыялістычнай рэчаіснасці і адпаведнай ёй новай сістэмы каштоўнасцей. Г. Леўчык аж да сваёй трагічнай смерці (расстраляны ў 1942 годзе фашысцкімі акупантамі) апынуўся недзе ў трохкутніку свайго роднага Слоніма, Вільні і Варшавы, дзе жыў “на палажэнні то дробнага служачага, то беспрацоўнага”. Паэт пасіўна-сузіральнага складу, жыццёвымі абставінамі адлучаны ад актыўнай палітычнай барацьбы, ён працягваў у заходнебеларускай літаратуры нашаніўскую традыцыю народніцкага альтруізму. Не падняўшыся да ўзроўню яркай творчай індывідуальнасці, Г. Леўчык, як гэта пераканаўча даводзіць крытык, усё ж выявіў часцінку характару душы свайго народа – гуманную добразычлівасць і перанесеную скрозь шэрасць штодзённага побыту інтэлігентнасць, гераічны аптымізм пры прыроджанай схільнасці да меланхалічных спадаў. Усё гэта адклалася на паэтычным стылі паэта, які пры ўсіх недахопах (брак творчай незалежнасці і мастацкай культуры) усё ж узняўся над ўзроўнем аматарскай масавай творчасці. На думку даследчыка, у прысвечаным Янку Купалу санеце “На Купалле”, дзе малюецца сімвалічная постаць паэта-вандроўніка, што прынікае да штодзённага народнага побыту, а затым моліцца за свой край, Леўчык “звужана бачыў Купалаў ідэал мастака”. Мне здаецца, што тут хутчэй аўтапартрэт: гэта ён, дробны пісар з Варшавы, не раз прыязджаў на родныя палеткі, “у вёску пад шэрыя хаты”, каб увабраць у сябе іх радасць і гора, “расою абмыць заплаканыя вочы”, увайсці “пад мховыя стрэхі”, падслухаць дзявочыя думкі; затым роснай зялёнай мяжою ісці да лесу, і там:
Пад голаў злажыўшы дарожны мой клунак,
На мох пад хваіну я там палажуся
І ціха за край свой тагды памалюся.
З гэтых малітваў і нараджаліся вершы.
Ужо ў першым нарысе нечым сцвердзілася назва кнігі: аўтар спакваля раскрывае, як лёс паэта фарміруе яго творчасць – духоўны аналаг ягоных жыццёвых вандраванняў. У наступных літаратурных партрэтах гэтая знітаванасць асобы пісьменніка, яго лёсу з яго творамі – яшчэ больш відавочная. Усе паэты з заходнебеларускіх бядняцка-сялянскіх гнёздаў – людзі нялёгкага і нават (як тыя ж Леўчык і Жылка, Алесь Салагуб) трагічнага лёсу. Адносна лягчэй прайшоў свой літаратурны шлях Міхась Васілёк (М. Касцевіч), хоць і тут адносна ранняя смерць – усё тая ж пячатка трагічнасці цэлых пакаленняў беларускай творчай інтэлігенцыі. Гэтаму паэту і цікаваму чалавеку У. Калеснік прысвяціў грунтоўны нарыс з арыгінальным “сюжэтам” і перыпетыямі, падрабязна ўзнавіў усе этапы яго жыцця і творчасці ў кантэксце нашай гісторыі, раскрыў яго духоўнае аблічча і псіхалагічную адметнасць. Пад пяром крытыка заходнебеларуская гісторыя ажыла, пазбавілася звыклай для нас ананімнасці, набыла шматгалоссе жыцця.
У заходнебеларускім рэгіёне Васілёк быў адзін з творцаў лірычнай паэзіі, узнятай на крыллях нацыянальна-вызваленчага руху 20-30-х гадоў. Разам з тым ён, пасталеўшы, спасцігаў і трагічнае ў жыцці; а ва ўмовах Савецкай Беларусі (40-50-я гады) талент паэта дасягнуў сталасці ў імкненні далучыцца да мастацкіх традыцый сацыялістычнага рэалізму. Аднак талент паэта – прыродны алмаз – у Васілька не набыў гранення і шліфоўкі сістэматычнай адукацыяй, і гэта нямала перашкаджала яму ў літаратурным жыцці. Даследчык не ўтойвае тыповых хібаў густу і недахопу майстэрства, характэрных для паэта-паўпрафесіянала: налёты рыторыкі і літаратуршчыны, папулярызатарскія спрашчэнні, фальклорная стылізацыя і карціннасць. І ўсё ж паэт часцей вырываўся “з пустыні рытарычнай мерзлаты ў цёплыя краіны сапраўднага мастацтва”. Часам крытык, можа, занадта і строгі да паэта. Ці варта, скажам, трактаваць як “промах” супрацоўніцтва паэта ў “апалітычным” часопісе “Нёман” (дарэчы, яго ўзначальваў таленавіты мастак П. Сергіевіч) або ў ліберальным беларускім друку? Хоць паэзія тады цесна перапляталася з палітыкай, але ўсё ж захавала і пэўную аўтаномнасць.
Літаратурны партрэт А. Салагуба намаляваны на фоне па-мастацку зробленай гісторыка-этнаграфічнай экспазіцыі: гэта і паўпатрыярхальны побыт у глухой вёсачцы Смаргонскага павета з яе сямейнымі паданнямі; і Вільня – штаб рэвалюцыйна-вызваленчага руху, і “славутая” Лукішкская турма, дзе паэт праводзіў свае “канікулы” ў 1923 і 1927 гг.; урэшце – літаратурны Мінск, дзе апынуўся паэт, нелегальна перайшоўшы польскую граніцу ў 1928 г. Рана пачаў рыхтаваць сябе сялянскі юнак да барацьбы і грамадскай працы; “адточваў слова і па-рахметаўску гартаваў цела”, актыўна ўдзельнічаў у працы Грамады, Таварыства беларускай школы (ТБШ), у паўлегальнай дзейнасці КПЗБ. Нарыс папаўняе нашы веды пра гісторыю Заходняй Беларусі і літаратурны рух 20-х гадоў. Але ж, мабыць, галоўны яго набытак – тонкі інструментарый для аналізу паэзіі перыяду станаўлення літаратурнага прафесіяналізму. І тут вопыт даследчыка карысны для сучаснай “бягучай” крытыкі, асабліва калі гутарка ідзе пра “маладую” літаратуру. Апошні “мінскі” этап Салагуба (пражыў ён усяго 35 гадоў) У. Калеснік падае сцісла, паасобнымі штрыхамі. Тут асабліва ўражвае трагічны фінал паэта: калі яго сястра ў 1934 г. перайшла граніцу і дабралася да мінскай кватэры Салагуба, то застала толькі разгубленую жонку паэта і малога сынка, які “нічога не разумеючы ў справах дарослых, маршыраваў па пакоі і весела распяваў папулярную тады песеньку: “Винтовочка, бей, винтовочка, бей, красная винтовочка, буржуев не жалей!”
Больш пашчасціла ў жыцці яго паплечніку па заходнебеларускіх барыкадах паэту і празаіку Піліпу Пестраку, прафесійнаму заходнебеларускаму рэвалюцыянеру, які амаль адзінаццаць гадоў сядзеў у турмах буржуазнай Польшчы, а пасля вераснёўскага вызвалення быў адным з вядучых пісьменнікаў БССР. Яму прысвяціў даследчык цікавы нарыс “Інжынер барыкад”. Сапраўды, яго ранняя паэзія стваралася на барыкадах вызваленчага руху і ў турэмных камерах, дзе барацьба працягвалася ў іншых, менш актыўных формах.
Уладзімір Калеснік упершыню даследуе “заходнебеларускую” біяграфію змагара і паэта, па-свойму напісаную ў справаздачах паліцыі. “Рамантык па тыпу творчасці, П. Пестрак імкнецца ўсвядоміць сябе як рэаліст, пясняр праўды”. Так вызначае даследчык яго пісьменніцкую індывідуальнасць. Але выявіў ён сябе пазней і пераважна ў прозе. Былі і ў ягонай паэзіі “самацветы”, аднак тут “свячэнне ключавых вобразаў часта прыглушаюць доўгія дадаткі, рытарычна напышлівыя выкладкі праграмы барацьбы, агітацыйныя дэкларацыі”.
На рамантычных крылах нацыянальна-вызваленчага руху з сялянскіх нізоў былой Заходняй Беларусі падняліся і менш вядомыя цяпер пісьменнікі, якія тым не менш паўплывалі на ўсталяванне традыцый народнасці ў нашай паэзіі. Сярод іх Мікола Засім, якому даследчык прысвяціў адзін са сваіх бліскучых літаратурных партрэтаў. Гэта бясспрэчная ўдача крытыка павучальная. Бо лягчэй, вядома ж, пісаць пра лідэраў у літаратуры і значна цяжэй пра яе “аўтсайдэраў”. Праўда, М. Засім сцвярджаў родную літаратуру не толькі сваёй не вельмі багатай творчасцю, але і сваім жыццём, рэвалюцыйнай барацьбой, кіраваў брэсцкім абласным літаб’яднаннем. Без гэтай актыўнай жыццёвай пазіцыі яго спадчына была б менш цікавай.
Нарыс “Гнёзды паэтаў” прысвечаны пераважна самадзейнай масавай паэзіі Заходняй Беларусі, якая “моцна ўрастала там у грамадскае жыццё і як бы сплаўлялася з ідэалогіяй, пранізвалася палітыкай, станавілася не проста мастацтвам, а эстэтычна зараджанай формай народнай свядомасці наогул”. Яе каштоўнасць хутчэй гістарычна-дакументальная, чым эстэтычная.
У. Калеснік паказаў, як з літаратурнага аматарства выраслі паэты Анатоль Іверс, Сяргей Крывец і інш. С. Крывец валодаў шматабяцаючым талентам, закрэсленым няўмольнай смерцю ад ран у самым канцы вайны. І мы разам з даследчыкам адчуваем, “якім патрэбным быў бы гэты востры бескампрамісны талент нашай сучаснай літаратуры”.
Прыгожым завяршэннем кнігі з’яўляюцца нарысы “Будзённы дзень з Максімам Танкам” і “Здымак у жыце” (літаратурны партрэт Янкі Брыля). У кроплі марской вады адбіваецца ўсё мора; а ў адным дні выдатнага пісьменніка – яго жыццё, творчасць. Гэтую дыялектыку “часткі” і ”цэлага” У. Калеснік паклаў у аснову нарыса. Тут ёсць пэўны сюжэт: паэт і крытык, звязаныя харошай дружбай, едуць разам у глыбінку Палесся, дзе павінны адбыцца сустрэчы дэпутата Вярхоўнага Савета БССР М. Танка з выбаршчыкамі. Так спалучаюцца дарожныя нататкі, нарыс пра грамадскую дзейнасць паэта і яго літаратурны партрэт, намаляваны з успамінаў і асацыяцый, якія нарадзіла прасветленая дарогаю памяць. Такім чынам узнікла адпаведнасць, гармонія паміж пульсацыяй жывой паэзіі і крытыка- біяграфічным нарысам пра яго. І, мабыць, сёння Калеснікава інтэрпрэтацыя праграмных твораў М. Танка – самая аб’ектыўная і абгрунтаваная.
У іншым сюжэтна-кампазіцыйным ключы нарыс пра Янку Брыля. Ён крыху бліжэйшы да традыцыйнага крытыка-біяграфічнага жанру, хоць і тут аўтар шырока выкарыстоўвае мастацка-выяўленчыя і эўрыстычныя магчымасці інверсій, асацыятыўнага мыслення, спалучэння асноўнай сюжэтнай лініі з пабочнымі эпізодамі, кінематаграфічнага мантажу кадраў з жыцця пісьменніка розных гадоў – ад дзяцінства да цяперашніх працоўных дзён на кватэры, у Саюзе пісьменнікаў, у Доме творчасці і г.д. І яшчэ адна сюжэтная лінія: пісьменнік і народ, паэт і родная прырода. Гэта розныя “іпастасі” нечага ўсеабдымнага, што завецца Радзімай. Раскрываючы перад чытачом творчую, бытавую і этычную культуру пісьменніка, крытык разам з тым даследуе і крыніцы гэтых духоўных каштоўнасцей. Яны ў высокай культурнасці, сапраўднай інтэлігентнасці таго народнага асяроддзя, адкуль прыйшоў і куды заўсёды вяртаецца (не толькі ў творах) народны пісьменнік.
У кнізе У. Калесніка ёсць яшчэ нарысы “Звяно легенды” – пра А. Гаўрылюка, які выйшаў з беларуска-палескіх палеткаў, прайшоў шлях рэвалюцыйнай барацьбы ў шэрагах КПЗБ і стаў украінскім паэтам, і “Талент працавіты” – пра творчую асобу польскага пісьменніка, сябра беларускай літаратуры і яе перакладчыка Яна Гушчы. Гэтыя добрыя творы здаюцца крыху расцягнутымі і тэматычна выглядаюць дадаткам да кнігі, але разам з тым добра “ўпісваюць” беларускую літаратуру ў больш шырокія рэгіёны – агульнасавецкі і агульнаславянскі.