Контрбеларусізацыя
Уладзімір Калеснік
Я, здаецца, не хварэў на артадоксію i ўгодніцтва, калі ўзяўся ў 70-я гады пісаць кнігу «Ветразі Адысея. Уладзімір Жылка i рамантычная традыцыя беларускай паэзіі», прысвечаную рэпрэсаванаму паэту. Уважлівы чытач можа заўважыць гэта ў першым выданні, прачытаўшы крытыку лявацтва, якім грашылі не толькі ідэолагі КПБ i КПЗБ, але i лідары марксісцкага гуртка беларускіх студэнтаў у Чэхаславакіі ў адрозненне ад ix калегаў з радыкальна-дэмакратычных i патрыятычных згуртаванняў. Маёй мэтай быў i застаецца праўдзівы паказ усяго слушнага i хібнага, што тварылася ў беларускім адраджэнскім руху i вакол яго. Хочацца заадно ачысціць тэкст ад баласту, якім даводзілася нагружаць кнігу для супакаення асцярожных рэдактараў i ўсыплення пільных ды чуйных цэнзараў. Цэнзура i рэдактура знялі пры першым выданні кнігі старонак 70 машынапісу. Цяпер мне можна было б толькі вярнуць «выразанае», але ж карціць пашукаць у раней недаступных архівах фактаў, якія могуць дазволіць пайсці далей у вырашэнні канцэптуальных праблемаў: як магло дайсці да рэпрэсавання інтэлектуальнай эліты беларускага Адраджэння ў БССР, чаму першымі ахвярамі сталі Уладзімір Жылка i яго сябры, паэты “Узвышша”.
Прыехаўшы ў 1926 г. у Мінск з Прагі на Акадэмічную канферэнцыю, Уладзімір Жылка, студэнт апошняга курса Карлавага ўніверсітэта, застаўся ў БССР, прыняў грамадзянства, ды так здружыўся з важакамі “Узвышша” – Уладзімірам Дубоўкам, Язэпам Пушчам, Адамам Бабарэкам, што ў часе навальных арыштаў 1930 г. быў разам з імі арыштаваны, а праз год асуджаны за тое, нібыта з першага дня прыезду ўступіў у літаратурную групу нацыянал-дэмакратычнай арганізацыі “Саюз вызвалення Беларусі”. Існаванне гэтай арганізацыі сучаснае правасуддзе лічыць не даказаным. У першым выданні кнігі я апісаў арышт, высылку паэта i адбыванне тэрміну па ўспамінах родзічаў, сяброў i знаёмых. На жаль, цэнзурны рэжым забараняў тады нават назваць горад Уржум Вяцкай губерні, у якім петаваў ссыльны паэт i на могліцах якога пахаваны.
Прапаную чытачам “Спадчыны” адно з дапаўненняў да раздзела “Вяртанне Адысея”. Яно ўвойдзе ў другое выданне кнігі.
АЎТАР.
Арышты
Памяць чалавечая надзейна захоўвае звычайна падзеі, якія ўсхвалявалі, узрушылі, здзівілі. А многа важных фактаў праходзіць па-за ўвагай сведкаў, здаюцца не цікавымі. Нашчадкам жа патрэбны поўны рэестр падзей, каб разумець мінулае. Архіўныя матэрыялы арышту, следства i суда ўяўляюць сабою такі рэестр, хоць i няпоўны, няма там многіх пратаколаў допыту.
Яшчэ перад атрыманнем допуску ў архіў, расказваў мне ў прыватнай гутарцы намеснік пракурора Мінскай вобласці, зямляк, Сямён Уладзіміравіч Скаруліс, які займаўся рэабілітацыяй рэпрэсаваных грамадзян Беларусі, што арышт Язэпа Пушчы падрабязна апісаны ў рапарце малапісьменнага, але заядлага следчага, нейкага Зарыцкага. Службіст насцярожыўся, убачыўшы, што бацька паэта, хутаранец, мяркуючы па абразах у хаце, – католік ды шляхціц з засценка Каралішчавічы Паўлюк Плашчынскі, разбуджаны дамашнімі, зірнуў на чужых людзей i міжволі вымавіў жонцы: “Прыйшлі забраць нашага Язэпа” [1]. Следчы ўхапіў кінутыя словы i занёс у рапарт як праяву сямейнага пачування да віны. Можна ўсклікнуць: Жывы Фрэйд! Счытванне падсвядомага сэнсу ў словах, сказаных спрасонку...
Але на пытанне чужых людзей, дзе сын, гаспадар ужо не адказваў. Сакратар Каралішчавіцкага сельсавета ашукаў яго, сказаў, што мае даручэнне асабіста аддаць Язэпу важную тэлеграму. Бацька падумаў i прамовіў, што абодва сыны спяць у гумне, цэлы ж дзень звозілі жыта, натаміліся.
Не даслухаўшы старога да канца, сакратар са следчым кінуліся ўхапіць здабычу. Гаспадар жа зноў зацяўся i не пайшоў адмыкаць гумна.
Маладыя Плашчынскія аказаліся больш пільнымі за старога, уцямілі, чым тут пахне, i затаіліся ў сене. Язэп мог меркаваць, што, застаўшыся на волі, здолее неяк прабрацца ў Мінск ды папрасіць заступніцтва хоць бы ў наркама асветы Баліцкага, які пасылаў яго стыпендыятам на вучобу ў Ленінград, а то дойдзе i да Янкі Купалы, які па-бацькоўску апекаваў літаратурную моладзь, не адмаўляў падтрымкі нават тым няўдзячнікам, што браліся ў рожкі з класікамі. Хто ж то ведаў у тую ноч, што следчая каманда АГПУ БВА, узначаленая Рапапортам, Аргавым i Сікорскім, ужо прызначыла Купалу i Коласу ролю ідэйных натхніцеляў выдуманага авансам “Саюза вызвалення Беларусі”; а парткам асветы Баліцкі таксама быў на падазрэнні, як наведвальнік Купалавай гасцёўні.
Паэту Язэпу Пушчу ноч 24 ліпеня выдалася, напэўна, злавесным часам прыходу на бацькаў двор “чужых людзей”, пра цёмныя намеры якіх ён пісаў з Ленінграда ў “Лістах да сабакі”: “...Чужыя людзі ходзяць каля склепу – пільнуй! Цябе цалуе твой Язэп”.
Пакідаючы родны хутар, можа, шаптаў канцоўку першага ліста да сабакі:
Даруй, што я пішу табе аб гэтым,–
Тваё нутро гатоў яшчэ расчуліць.
Вартуй, вартуй лепш хату да рассвету,
Вуглоў каб не разнеслі людзі вуліц...
І ты адзін правёў у ноч такую,
Правёў мяне ў далёкую дарогу.
Гадзіну гэту кожны год святкую
I слухаю, ці ў дзверы хто не дрогне.
Ніхто, ніхто! Зацяты ланцугамі...
Хтось рукі заламаў у далях сініх.
Вартуй, мой дружа, родны ганак, –
Пішу аб гэтым я Табе з Расіі.
Мабыць, карцела i старому Плашчынскаму падцкаваць сабакам чужых людзей, выгнаць з двара, але то былі ваўкалакі, бо не тэлеграму нейкую прывезлі яны, а ордэр на арышт. Няпрошаныя госці адчувалі тут сябе гаспадарамі, а законныя гаспадары жылі ўжо у ix на ласцы.
Абодва “паштары” ўзяліся падважваць i здымаць з крукоў фортку гуменных варот. Прывялі ў хату Язэпа. Функцыянер зачытаў яму пракурорскі дазвол на арышт i вобыск. Ператрэслі ўсю хату i гумно, да раніцы калупаліся ў паперах, пазабіралі ўсё, што здалося падазроным. На досвітку павезлі Язэпа ў Мінск.
Уладзіміра Дубоўку арыштавалі чатыры дні раней, у Маскве, “на службе в Кремле”, адрас месца жыхарства: Мало-Грузинский переулок, д. 34, кв. 13; летом – дача Перловка, квартал III, д. 5. Усе гэтыя звесткі з “Анкеты” мелі стаць па задуме супрацьрэпрэсіўнымі амулетамі. Паэт працаваў рэдактарам беларускамоўных дакументаў Саўнаркама СССР. Бацькі паэта ад часу бежанства жылі ў Маскве, а незадоўга да арышту ў сталіцу пераехаў старэйшы брат Вячаслаў, рабочы, які добраахвотна ўступіў у Чырвоную Армію, сумленна адваяваў грамадзянскую вайну, даслужыўся да звання камандзіра i ўлетку 1930 г. быў накіраваны на вучобу ў Вайсковую акадэмію. Даведаўшыся аб арышце брата, ён напісаў грунтоўнае пісьмо ў тры адрасы: сакратару ЦК КПБ Гею, начальніку АГПУ Рапапорту, адказнаму сакратару ЦБ ячэек Вайсковай акадэміі. Дакумент, як для сучаснага чытача, сцішнаваты. Дубоўка старэйшы піша, што ён член партыі бальшавікоў, да якое прыйшоў у 1918 г., малодшыя два браты – камсамольцы, “стихов (по своей натуре) не люблю, поэтому каких-либо выводов делать или что-либо доказывать не собираюсь... языка белорусского не знаю, т. к. вся моя жизнь... протекала на территории РСФСР”. З братам ён сустракаўся рэдка, толькі ў час службовых прыездаў у Маскву, з прыватных гутарак мяркуе, аднак, што той не быў праціўнікам савецкай улады. Чуў ад яго толькі нараканні, што творы яго заціскаюць у выдавецтвах. Цішка Гартны сказаў нават, што, пакуль ён кіруе дзяржаўным выдавецтвам, датуль ніводная кніга Уладзіміра Дубоўкі не выйдзе з друку. Вайсковец бачыў тут няўвагу да маладых кадраў творчай інтэлігенцыі: замест прыцягваць маладых паэтаў да справы будаўніцтва сацыялістычнай культуры ix адштурхоўваюць. За лаяльнасць брата да савецкай улады паручаецца. Праўда, уставіў чырвоны камандзір усё ж ідэалагічнае заклінанне, якое патыхае этычнаю порчай тое пары: “Я – член партии большевиков, и враги партии, советской власти, враги диктатуры пролетариата – мои враги. Никаким родственным чувствам и связям места нет и быть не может”.
Не ўсведамляе камандзір, сялянскі сын, што зрабіў уступку этычнай дэфармацыі, якая адбылася ў аўтарытарнай дзяржаве: прызнаў дыктатуру пралетарыяту каштоўнасцю, перад якой адвечныя духоўныя вартасці – братэрская роднасць, любоў i давер, сямейнае цяпло i падтрымка нічога не варты. Заява Вячаслава Дубоўкі трапіла да адрасатаў, была далучана да следчай справы, але на ход следства не зрабіла станоўчага ўплыву. Уладзімір Дубоўка атрымаў тую ж стандартную кару – пяць гадоў высылкі. У 1935 г. яму, як i многім, тэрмін быў прадоўжаны да 1937 г. (выходзіла, ужо ў 1935 г. планаваўся i рыхтаваўся пякельны 1937 год). Пасяленец У. Дубоўка быў асуджаны спецтройкай Чувашыі на 10 гадоў пазбаўлення свабоды “за антисоветскую агитацию”. Бязвінныя праследаванні, пазбаўленне грамадзянскай годнасці прывялі да таго, што паэт замкнуўся душою, перастаў пісаць, памяняў пяро на сякеру i гэблік, плазаваў i габляваў падваліны сацыялізму ажно да смерці Сталіна. Нават пасля рэабілітацыі колісь важак узвышэнцаў, не збавіўся ад сляпога страху перад непрадказальнасцю ўлады. На сяброўскай вечарыне з выпадку свайго 60-годдзя будзе пераводзіць тосты за юбіляра ў ідэалагізмы.
Антон Бабарэка быў арыштаваны 24 ліпеня ў Мінску, на кватэры, пратакол арышту i абшуквання захаваў дзве падрабязнасці: творчую i пікантную. У арыштаванага знайшлі i забралі запісы, “разные документы” i архіў літаратурнага аб'яднання “Узвышша”, але вышныпарылі яшчэ шэсць царскіх залатых манетаў вартасцю па пяць рублёў. Гэта кваліфікавалася як незаконнае прысваенне дзяржаўнай маёмасці.
Жылка аказаўся першым арыштаваным беларускім пісьменнікам. Яго затрымалі 18 ліпеня 1930 г., як мне расказваў брат паэта Барыс – у гаспадара Тоўсціка. Арышт жа аформілі ў Мінску, на кватэры Язэпа Пушчы, якую паэт уступіў Жылку на час сваёй вучобы ў Ленінградзе. Пры вобыску, як сведчаць дакументы, узята 27 кніг, папка з часопісамі i рознымі бланкамі на чэшскай мове, “разная переписка”, біяграфія Жылкі... Пратакол арышту ды запоўненая адразу ў турме “Анкета” захоўваюць шмат фактаў, якія не былі вядомыя ні айчынным, ні замежным біёграфам паэта. Жылка, мабыць, сам настаяў, каб унеслі ў следчыя дакументы колькі фактаў, што маглі б азначаць пратэст супраць беспадстаўнага арышту.
Як i Дубоўка, ён адмовіўся падпісаць атрыманне абвінавачання, за яго падпісаў брат Кастусь, які вучыўся на медфаку БДУ i жыў на кватэры ў жанатага брата. Больш таго, “при обыске была заявлена жалоба по заявлению”, – гаворыцца ў пратаколе. “Анкета” змяшчае карысныя для арыштаванага факты: падвяргаўся абшукоўванню ў Вільні польскімі ўладамі як рэдактар беларускай газеты. На жаль, не названа газета, рэдактарам якой быў Жылка, мажліва, гэта была адна з аднаднёвак, што спехам выдаваліся ўслед за канфіскаваным нумарам асноўнага выдання, каб не прапаў набраны ў друкарні матэрыял.
Удакладненымі дэталямі біяграфіі з'яўляюцца: “да сакавіка 1917 г. вучыўся ў Тульскай губ. у с/гас. вучылішчы; у 17 г. вучыўся ў с/х школе да 1919. З 1919–настаўнікам у Мінску, у беларускай школе. У 1921 г. у Вільні займаўся палітыч. работай. У 1922 уцёк у Літву, жыў у Коўне, у Дзвінску i пераехаў у Прагу, рыхтаваўся на атэстат сталасці i паступіў у Універсітэт – па 1926 г.” Цікавы новымі дэталямі савецкі раздзел “Анкеты”: “У 1926 – Ін. Бел. Культ, i “Беларуская вёска”, у 1927 - у “Звяздзе” – заг. аддзелам. У 1928 г. – Белдзяржкіно, перакладчык. З вясны 1929 хворы, лячыўся”. Важным з'яуляецца прызнанне, што з 1919 г. па 1922–1923 гг. Жылка быў членам партыі беларускіх эсэраў. Антон Адамовіч, праўда, пісаў пра гэта ў прадмове да нью-ёркскага выдання твораў паэта, што Жылка належаў да баявой дружыны беларускіх эсэраў, але мне здаецца гэта мала верагодным, з-за стану здароўя, зрэшты i ў Празе, мяркуючы па перапісцы, ён не рваўся да дзейснага ўдзелу ў арганізацыйнай рабоце тамашняй групы беларускіх эсэраў. Запіс у “Анкеце” здымае сумненні i пралівае святло на прычыны разрыву адносін Жылкі з ідэолагам беларускіх эсэраў Тамашом Грыбам. Акрамя асабістага i літаратурна-творчага пахаладзення гэта было яшчэ i разыходжанне палітычных арыентацый у пераломны момант.
Жылка настойваў на ўпісанні ў “Анкету”, што ён хворы адкрытаю формай туберкулёзу лёгкіх i яму “накладзены пнеўматоракс (начата ўдуванне), якое павінен рабіць праз кожныя 8 дзён, інакш наступіць крывехарканне i крывацёк”. Думаецца, следчыя органы вымушаны былі лічыцца з тым, што імя Жылкі было вядомае ў Вільні, Мінску i Празе сярод беларускай грамадскасці, якая магла заступіцца за хворага паэта. На такія здагадкі наводзіць факт, што мера “пресечения” была злагоджана, а ініцыятыва ішла па ранжыру зверху. Радавы следчы Каласкоў не зрабіў ці не мог зрабіць хвораму аніякай палёгкі. На яго, як i на здаровых, склаў у ліпені 1930 г. “пастанову аб заключэнні пад варту”, дзе сцвярджалася, што “пагражаючае яму пакаранне злучана з пазбаўленнем волі, што ёсць падставы на ўхіленне яго ад следства i суда з прычыны цяжкасці пагражаючага яму пакарання, што, знаходзячыся на волі, ён можа перашкодзіць раскрыццю праўды... таму следчы лічыць неабходным, кіруючыся арт. 144, 146, 147 i 158 КПК, трымаць арыштаванага пад вартай пры Камендатуры ПП i ГПУ БССР па 1-й катэгорыі, аб чым аб'явіць абвінавачанаму i адбітак гэтай пастановы даслаць пракурору...”
Пасля подпісаў упаўнаважанага Каласкова, начальніка следчага аддзела ГПУ па БВА Аргава ідзе пацверджанне: “Гэтая пастанова мне аб'яўлена. Уладзімір Жылка” (с. 730).
Затым у справе падшыта медыцынская даведка: “У заключенного Жилко Владимира туберкулез легких в 3-й стадии. Нуждается в направлении в тубинститут для леч”. 2.VIII. лечащ. вр. (подпіс неразборлівы) (с. 731).
Па справе Жылкі, як i іншых арыштаваных, следства накіравала хадайніцтва ў ЦВК БССР аб прадаўжэнні тэрміну ўтрымання пад арыштам да лютага 1931 г., г. зн. шэсць месяцаў болей, чым дазваляў закон. Нечаканай пасля гэтага з'яўляецца пастанова старэйшага ўпаўнаважанага 2-га аддзела СА АГПУ па БВА Сікорскага ад 26 жніўня аб змене меры спынення, дзе сцвярджаецца:
“Рассмотрев после допроса целого ряда лиц дело по обвинению гр-на Жилко Владимира, принимая во внимание:
1. Силу улик.
2. Что нахождение на свободе обвиняемого Жилко Владимира не может повлиять на результаты следствия и что он имеет постоянное местожительство, а потому руководствуясь с. 167 УПК
Постановил:
Принятую в отношении обвиняемого Жилко Владимира меру пресечения содержание под стражей отменить, заменив таковую подпиской о явке к следствию, к суду, и обвиняемого Жилко Владимира немедленно из-под стражи освободить” (с. 733).
Пастанова ўступіла у сілу праз два дні, аб чым сведчыць прыпіска пасля подпісу следчага: “Настоящее постановление объявлено. 28/8 Аргов” (с. 733).
Дарэчы будзе тут прывесці тэкст падпіскі, якая выконвала ролю закладу за выхад з-пад варты:
“Я, нижеподписавшийся, Жилко В. Адамович, даю настоящую подписку Государственному Политическому Управлению Белоруссии в том, что я обязуюсь:
Никуда без ведома означенного выше Управления из города Минска не отлучаться;
По первому требованию являться как по вызову ГПУ, так и судебных органов;
Хранить в строжайшей тайне сущность моих допросов следствия и вообще все то, что мне стало известно за время моего пребывания в ГПУ;
Проживать буду по ул. Чичеринской, дом. 7, кв. 1, или на даче в д. Боровое у гр. Толстика.
В случае перемены адреса немедленно обязуюсь известить об этом ГПУ.
Нарушение настоящей подписки или одного из ее пунктов влечет за собой привлечение к уголовной ответственности и заключение под стражу.
Владимир Жилко”.
Захавалася яшчэ запіска на імя следчага аб змене месца жыхарства: “Довожу до вашего сведения, что с 12-ти часов сегодняшнего дня я переехал жить на квартиру к моему брату Константину Жилко по ул. Сторожовской, д. 1, кв. 6, 8 сентября 1930 г.”.
Прабыванні паэта у бальніцы следчыя дакументы не фіксуюць. Людзі, якія яго наведвалі – С. Плашчынская, Ю. Гаўрук,– прыгадваюць, што стан яго здароўя быў цяжкі, нават безнадзейны. Мажліва, асцярога схіліла следчыя органы выпусціць Жылку з-пад варты паміраць на свой кошт.
Усяго ў судовай справе было 25 тамоў матэрыялу, за 60-я-90-я прыбавіліся яшчэ чатыры тамы рэабілітацыйных расследаванняў, праведзеных па пракурорскіх пратэстах супраць пастановаў Калегіі, троек i іншых неканстытуцыйных рэпрэсіўных органаў у БССР i па месцах ссылкі. Дваццаць пяты том падагульняльны, гэта заменнік абвінаваўчага акту, у яго звялі самыя важкія абвінавачанні i ўлікі. пераканацца, што гэта такое, варта прачытаць хоць бы загалоўкі раздзелаў, у якія былі зведзены кампіляцыі з 24 папярэдніх тамоў. Прывяду два наступныя: “Деятельность организации в области просвещения”, “Причины долголетней безнаказанности нацдемов”. Такая ж беспрынцыповая канверсія ідэалагічнага ў крымінальнае характэрна i для “Обвинительного заключения по делу контрреволюционной организации “Саюз вызвалення Беларусі” (по обвинению Ластовского, Некрашевича, Красковского, Лесика и др.)”. Яно нагадвае каменціраваны спіс арыштаваных, выпіскі з анкет пра ix удзел у апазіцыйных акцыях супраць бальшавікоў у часе рэвалюцыі i грамадзянскай вайны або ў 20-я гады за мяжой. Канчаюцца абвінавачанні стандартнаю фразай – “Уступіў у контррэвалюцыйную арганізацыю САБ – СВБ i праводзіў асноўныя ўстаноўкі гэтай арганізацыі”. Зааміньваецца абвінавачанне сакраментальнаю фразай: прызнаў сябе, прызнаў сябе часткова, не прызнаў сябе вінаватым.
Прысуды без суда
Супраць прозвішча Жылкі (нумар 42) у графе “адрас” запісана: “Освобожден под подписку. Проживает в Минске”, а ў канцы спісу даецца даведка: “Все обвиняемые по этому делу, за исключением Демидовича и Жилко, содержатся под стражей при Комендатуре ПП ОГПУ БССР и с сего числа перечисляются содержанием за ГПУ. Старший уполномоченный 2 отд. СО ПП ОГПУ БССР Сикорский”.
Заключны том справы СВБ канчаецца выпіскай з пратакола Калегіі АГПУ па БВА БССР за 10 красавіка 1931 г. На жаль, уяўлення аб тым, як праходзіла тое пасяджэнне, выпіска не дае. Створаны на аснове пастановы Прэзідыума УЦВК нефармальны судовы орган не хацеў, мабыць, пакідаць нашчадкам свайго незаконна народжанага глуму. Ен быў дзіцем рэпрэсіўнага маньяцтва, любіў надзяваць маску таямнічасці, утойваў свой склад i нават пастановы у сакрэце. На маю просьбу паказаць поўны пратакол, дзе павінны быць запісаны выступленні асуджаных, прынамсі тыя ix заявы, што ўпамінаюцца ў рэабілітацыйных дакументах, складзеных цяперашнімі следчымі (там, напрыклад, гаворыцца, што Вацлаў Ластоўскі, Іван Краскоўскі, Аркадзь Смоліч, I. Серада, Алесь Цвікевіч, Мікола Улашчык i іншыя адмовіліся яшчэ на пасяджэнні Калегіі ад сваіх паказанняў), мне было сказана, што пратакол пасяджэння Калегіі ў архіве не захоўваецца. Калі ж я паспрабаваў растлумачыць, наколькі важны ён для мяне i дапрацоўкі маёй кнігі, работнік архіва ўсміхнуўся з наіўнасці маіх поглядаў i сказаў, што на пасяджэнні Калегіі пры ГПУ абвінавачаныя не дапускаліся. Пастановы прымаліся завочна. Я прыняў гэта да ведама, хоць i не хацеў паверыць.
Мне, прывыкламу мець справу з дакументамі польскіх даваенных судоў, здавалася, што акты адмаўлення ад паказанняў маглі праходзіць толькі на пасяджэннях Калегіі ГПУ. Хацелася пачытаць поўны пратакол такога пасяджэння, мажліва, там былі б хоць сцісла пераказаныя жывыя словы пратэсту падсудных. Але i цяперашняга архівіста вінаваціць не магу. Захаванасць дакументаў, якія ён апякуе, жалю вартая. Усе старонкі маюць ажно трайную нумарацыю: пачатковую – простым алоўкам, які тым часам сцёрся да нечытэльнасці; другую – чырвоным, а трэцюю – сінім. Адным з гэтых пазнейшых нумароў (дзе чырвоныя, а дзе сінія) закрэслены, розніца паміж закрэсленымі i дзеючымі лічбамі адвольная, як бы нехта растрос усё ды нанова паскладаў тое, што было ў свой час складзена i панумаравана. Відаць жа, таксама сістэмна, толькі дзеля іншай задачы. Устанавіць, што было, што ўпала i прапала, а што засталося ды за якія “грахі” ці “заслугі”, відаць, не ўдасца нікому i ніколі. Тайна фірмы, думаю, пахадзіла па гэтых памятках нашай нацыянальнай трагедыі з уласціваю фірме бязлітаснасцю.
Казаў мне знаёмы навуковец, які перагледзеў ледзь не ўсе 29 тамоў справы ад дошкі да дошкі, што дзесьці выпадкова наткнуўся на пратаколы допыту Дубоўкі i Пушчы, але дзе ix шукаць, не памятаў. I ў нас, вучоных, паяўляюцца свае прыватныя тайны малых фірмаў, якія належаць жыхарам гіганцкага балагану, што ўсё нядаўна былое даводзіць да стадыі маразму i запусцення на радасць нашчадкам таго Івана-дзівака, што ўвекавечыў сябе набожным афарызмам: “Таскать вам не перетаскать” – гэта на пахаванні нябожчыка...
Праўда, i зло не без дабра: для патрэб следства, якое вялося ў розных гарадах (гледзячы дзе заспелі ары–маскоўскага i мінскага, усе пратаколы допытаў перапісваліся ў 8-9 экземплярах на машынцы i рассылаліся па раздзельніку службова насамперш тым следчым органам, якія маглі прыструніць здабытымі звесткамі, шантажыраваць вёрткіх, наганяць містычны страх на забабонных прывідам “всемогущего, вездесущего и всеведающего ОГПУ”.
На малую ўцеху ўсім, хто жадае пачуць як мага больш праўды, скажу, што ў часе рэабілітацыйнай праверкі, праведзенай па справе ў 1956–1988 гг. ад сваіх колішніх паказанняў адмовіліся ўсе, хто астаўся жывы, між ix – Улашчык, Зянюк, Аніхоўскі, Чаржынскі, Чарнушэвіч, Мядзёлка.
У абвінаваўчым заключэнні – 25-ты том справы – падсудныя групуюцца паводле вызначаных следствам ролі i віны. Першую групу складаюць загалоўныя постаці – В. Ластоўскі, А. Цвікевіч, С. Некрашэвіч, Я. Лёсік, I. Краскоўскі, А. Смоліч, П. Трамповіч. Фактычна гэта інтэлектуальнае ядро беларускага Адраджэння, стваральнікі духоўнай базы пад палітыку беларусізацыі. lx радавод у беларускім руху пачынаецца з “Нашай Нівы” i абвяшчэння БНР. Яны складалі даволі дружную сябрыну, нават своеасаблівую грамадскасць, якую следства ператварыла ў кіраўнічы цэнтр контррэвалюцыйнай арганізацыі – “Саюз вызвалення Беларусі”. Цэнтр СВБ нібыта ставіў мэтай звергнуць савецкі лад шляхам узброенага паўстання з удзелам польскай інтэрвенцыі i тэрору супраць савецка-партыйных кіраўнікоў. Тое, што ў арыштаваных не было знойдзена нічога забойнага, акрамя сталовых нажоў, гальштукаў ды паясных рамянёў, якія запрыходавала турэмная камера захавання, каб ніхто не зарэзаўся i не павесіўся, следчых не бянтэжыла, яны мелі гатовы сцэнарны план аперацыі i азартна выконвалі яго.
Фактычна гэта была маштабная палітычная афера, ператвораная ў крымінальную справу i следчую працэдуру, каб скампраметаваць беларускае адраджэнне i даць ход контрбеларусізацыі. Тэхніка рэпрэсіўнага спектакля няхітрая: следчыя проста выбіралі на першы глам пару “лоцманаў”, людзей, падатлівых на прэсінг, згаворлівых, прытым абцяжараных ускладнёнымі палітычнымі біяграфіямі – I. Краскоўскага, С. Некрашэвіча, У. Чаржынскага, i пры ix дапытванні падрыхтавалі канверсію таварыскай сябрыны ў контррэвалюцыйную арганізацыю СВБ. Сумеснаю прыдумкай следчых i арыштаваных стаў маладзёжны Цэнтр пры СВБ. На кіраўнікоў моладзі вызначылі ініцыятыўнага студэнта педфака БДУ – Мікалая Улашчыка (у момант арышту – беспрацоўны), інструктара Белкаапцэнтра Алеся Аніхоўскага ды карэктара “Звязды” Пятра Зенюка [2]. Следства прыпісала ім планаванне тэрарыстычных акцый. Маскоўскія следчыя скарысталі падатлівасць Краскоўскага, выціснулі з яго пацверджанне сваіх падазрэнняў наконт таго, што сярод моладзі павінны быць тэрарыстычныя настроі, а сярод настроеных свае важакі, ды прыпісалі названым асобам падрыхтоўку тэрарыстычных акцый. Пакінулі ў пратаколе i votum separatum [3] Краскоўскага, што Цэнтр СВБ стрымліваў i адхіляў гэтыя настроі маладых. “Тэрарысты” ж былі ўзяты следчымі ў абарот, i асобныя нагаварылі на сябе такога, чаго Краскоўскі не прадбачыў. Наіўны педагог хацеў, каб маскоўскія следчыя Славацінскі i Радзівілоўскі паверылі яму i спыніліся на тым, што тэрор сярод нацыянал-дэмакратаў гэта ўсяго “форма настрояў”. I. Краскоўскаму, як леваму дэмакрату, не хапала палітычнага імунітэту, каб супраціўляцца, ён лічыў, што ва ўмовах нэпа магло адбыцца далейшае ўзаемазбліжэнне нацыянал-дэмакратаў з камуністамі, нацыянальнае супрацоўніцтва. За такія дапушчэнні апынуўся паўторна на перакрыжаваным допыце са стэнаграфаваннем:
“Славатинский: А Улащик, что говорил о терроре?
Красковский: Он сообщил о террористических настроениях молодежи. Я указал ему на несвоевременность, говорил, что этого делать нельзя.
Радивиловский: Вы говорили, что это несвоевременно, что это рано? А вот нам известно из показаний Улащика от 20 июля 30-го года (чытае)...
Славатинский: В частности, Улащик говорил, что подготовляется террористический акт.
Красковский: Он вообще говорил.
Славатинский: Он говорил очень конкретно.
Красковский: Он вообще говорит сейчас более конкретно, чем было на самом деле.
Славатинский: Он назвал фамилию?
Радивиловский: Скажите, чью фамилию они решили поставить под удар первого террористического акта?
Красковский: Вообще на руководителей...
Славатинский: На кого?
Красковский: Я могу сказать одно: что он говорил о террористическом акте против руководителей.
Радивиловский: О секретарях белорусской партии?
Красковский: Секретарем был Криницкий...” (т. 4, с. 205).
Так следчыя падвялі выдуманы імі ж маладзёжны Цэнтр пад крымінал тэрарызму, хоць ведалі, што Улашчык спачатку пацвярджаў толькі словы студэнта Чарнушэвіча, які неабачна плёў у сваёй кампаніі, нібыта беларускаму руху для абароны ад правакатараў у сваім асяроддзі давядзецца прымяняць тэрарыстычныя акты.
У Язэпа Лёсіка, якога арыштавалі на курорце i дапытвалі, як i Краскоўскага, у Маскве, той жа Славацінскі не спытау нават пра тэрарызм. На яго дзейнічала званне акадэміка, якое следчы ставіў у загаловак пісаных яго ж рукою пратаколаў. Праўда, Славацінскі вылажыў перад акадэмікам ці не ўсе паказанні лідэраў. Я. Лёсік вымушаны быў падцягвацца, аднак па звычцы паліткатаржаніна ведаў, што арыштаваныя заўжды абараняюцца. Згадзіўся падпісаць першы пратакол, што пачынаўся апраўдальнаю прэамбулай: “На основании оглашенных мне в процессе следствия (так у тэксце. – У. К.) материалов признаюсь, что, постоянно солидаризуясь с политическими установками группы нац. демократов, состоящей из Ластовского, Некрашевича, Красковского, Цвикевича, Тремповича, Янко Купалы и др., я, следовательно, фактически тоже состоял в контрреволюционной организации, которую вышеперечисленные лица в своих показаниях называли “Союзом вызволения Белоруссии” то я, входя в состав вышеуказанной группы, не знал, что она является оформленной контрреволюционной организацией с вышеупомянутым названием” (т. 4, с. 291). Следчы прыхапіў яго аўтарытэт, “материалы следствия”, якія ён паказаў Лёсіку, набылі новую сілу – ix пацвердзіў акадэмік. Мабыць, перастрахоўваючыся, Лёсік увёў у спіс “Цэнтра” Купалу, спадзеючыся на яго шырокія плечы. Даводзілася лічыцца з правіламі следства, рабіць уступкі – дар за дар – i ўпісваць пад дыктоўку Льва Славацінскага нібы староннія экспертныя ацэначкі: “Добавляю, что, ознакомившись в процессе следствия с деятельностью СВБ, признаю ее, безусловно, вредной и контрреволюционной” (т. 4, с. 291).
Перавезены з Масквы ў Мінск, Я. Лёсік быў залічаны на следчае абслугоўванне да самога Рапапорта, які нагадаў яму, што ён, бацька малых дзяцей, дбаючы пра ix лёс, павінен лепш “дапамагаць следству”, У выніку новай дапамогі ў склад Цэнтра быў занесены, акрамя Купалы, Якуб Колас, зямляк i сваяк, які аберагаў Лёсіка сваім аўтарытэтам. Але i ў Мінску Язэп Лёсік гаварыў не толькі ў руку следчаму, выдаваў i такія суджэнні, што зводзілі версію следства да абсурду: “В общем же большинство нашего Центра – Колас, Купала, я, Смолич, Громыко – принимали советскую систему, если на ответственных постах будут белорусы нашего направления... О террористических замышлениях и деятельности среди молодежи я никогда ничего не слышал и не знаю» (т. 4, с. 346).
Сярод партыйных функцыянераў высокага рангу, што спрыялі беларусізацыі, Крыніцкага не чуваць. Які падтэкст укладваў Іван Ігнатавіч у гэтае прозвішча, цяжка адгадаць, бо Аляксандр Крыніцкі, першы сакратар ЦК КП(б)Б, яшчэ ў 1927 г. вярнуўся ў Расію, а Крыніцкі Арон у 1930 г. вучыўся ў Інстытуце чырвонай прафесуры. Калі i прыслалі яго на пасаду сакратара ЦК, дык нічога з гэтага не выйшла: ён хоць і быў мінчуком, але з 1931 г. на стала асеў у Маскве. Пра кагосьці з ix Язэп Лёсік сказаў на допыце, што камуністы Крыніцкага не любілі, абзывалі яго “рыжым”. Беларусізацыі спрыяў другі сакратар ЦК КПБ, былы дырэктар Будслаўскай гімназіі Ясь Васілевіч. Дык дзе ж тут месца для тэрору? Аказваецца, было, толькі не там, дзе яго шукалі. Неўзабаве трагічна загінуць першыя асобы рэспублікі – У. Ігнатоўскі, А. Чарвякоў, М. Галадзед ад рук тэрарыстаў, толькі не тых міфічных з міражнага Цэнтра СВБ, а тых, са здзічэлага “Цэнтра” дыктатуры пралетарыяту.
Смехавую, прасякнутую горкім сарказмам карыкатуру Цэнтра СВБ намаляваў практычны i акуратны па складу натуры загадчык кафедры аператыўнай хірургіі П. Трамповіч: “У 1925–28 гг. ішло кругом няспыннае, дыскрэдытуючае партыю i ўладу п'янства. Вечна быў п'яны Янка Купала, шмат піў Лёсік, Колас, адкрыта i бяс просыпу пілі маладыя паэты i пісьменнікі [4] ... пілі наркомы Прышчэпаў i Баліцкі, а на чале п'янага сабора стаяў сам сакратар ЦК Васілевіч... На вечарах, асабліва у Янкі Купалы, ішлі зусім адкрытыя гамонкі, якія прывялі нас сёння ў турму” (т. 4, с. 589).
Карыкатурны партрэт асяроддзя быў створаны абураным сумленным i Богу душой вінаватым адраджэнцам, якога следчыя заўзяліся прадаць за ворага савецкай улады разам з сябрамі i знаёмымі. Ахоўнікі закона блазнавалі, як тыя гарадскія жартаўнікі са старога мінскага анекдота, што маглі ўбіць у галаву простаму селяніну перакананне, нібыта ён прывёз на рынак прадаваць не пеўня, а зайца. Трамповіч не хацеў стаць ні Змітрам “хоць дурным ды хітрым”, ні начапураным пеўнем ці запалоханым зайцам. Хацеў застацца тым, кім быў сам i яго сябры – шчырым беларускім інтэлігентам-адраджэнцам, які здатны да тэрору i падрыўной дзейнасці, як вол да карэты.
Медык змагаўся супраць інсінуацый зацята, як заўважыў сучасны следчы ў ходзе рэабілітацыі, ён напачатку катэгарычна адмаўляў свой удзел у САВ- СВБ, потым пацвердзіў у агульных выслоўях, што пасля прыезду ў Мінск у жніўні 1925 г. I. Краскоўскага быў створаны САБ–СВБ i ён уваходзіў у кіраўнічы Цэнтр, але тут жа сказаў, што даведаўся, быццам арганізацыя гэтая контррэвалюцыйная, толькі на следстве. 12 верасня ён зацяўся i на допыце адмаўляў існаванне якой бы то ні было контррэвалюцыйнай арганізацыі ў адраджэнскім асяроддзі.
Як відаць з пратаколаў, I. Краскоўскі вымушаны быў забраць назад пару прызнанняў, якія закраналі інтарэсы Трамповіча, спаслаўшыся на хібы памяці.
Амбіцыйны, абцёрты жыццём інтэлігент I. Краскоўскі не адразу стаў напалоханым, падатлівым пацвярджальнікам прыдумак i версій, якімі, як з рукавоў, сыпалі маскоўскія шэрлакі холмсы. На гэта замала было i дзесяці дзён допытаў без пратаколаў паміж 1 i 11 ліпеня 1930 г. Першы пратакол наогул упамінаецца толькі ў рэестры 4-га тома матэрыялаў, а тэксту дакумента няма. Шкада, калі бачыш, што нават стэнаграма перакрыжаванага допыту 23 ліпеня 1930 г., гэта значыць на дваццаць трэці дзень пасля арышту, яшчэ ўсё даносіць дух актыўнай самаабароны. Краскоўскі па інерцыі прытрымліваецца прынцыпу не прызнаваць, не гаварыць таго, чаго сам не чуў, не бачыў, не рабіў або чаго не прызналі іншыя. Следчыя ўжо намацалі Ахілесаву пяту i ўзяліся, як жанглёры, падкідаць стрэчныя прызнанні іншых вязняў, калегаў па адраджэнскай дзейнасці, нават студэнтаў. Ёсць падставы лічыць, што не ўсе з тых сустрэчных контрпаказанняў былі сапраўднымі. Бясспрэчны ж факт, што Уладзімір Дубоўка на адрэз не прызнаваў існаванне СВБ i ўсёй павуціны абвінавачванняў, якою яе аблыталі следчыя. Дубоўка пакінуў толькі адно “показание” – тым без прызнання хоць якіх ідэйных хібаў, як гэта давялося зрабіць па шчырасці Язэпу Пушчу i за самакрытычнасць трапіць у лік, тых, што прызналі абвінавачанне часткова.
Пісьменнікі ідуць у абвінавачанні недзе за маладзёжным Цэнтрам. Яны падзелены на дзве групы: Язэп Пушча i Антон Адамовіч уключаны ў групу маладых, якія часткова прызналі віну, Максім Гарэцкі, Уладзімір Дубоўка, Уладзімір Жылка i Адам Бабарэка запісаны паасобку, як тыя, што віны не прызналі зусім. Праўда, апошнія два спараны дзеля таго, што належалі калісьці да партыі беларускіх эсэраў, а Бабарэка ў дадатак яшчэ “состоял в личном конвое Скоропатского”. Максім Гарэцкі абвінавачваўся за арганізацыю філіяла СВБ у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Уладзімір Дубоўка за тое, што стаяў на чале Маскоўскага філіяла контррэвалюцыйнай арганізацыі СВБ. Астатнім двум прышпілілі стандартнае: “состоял в литературной группе САБ–СВБ и проводил задачи этой организации” (т. 25, с. 163).
На кіраўніка літаратурнай групы следчыя спачатку прымервалі Янку Купалу i Якуба Коласа, потым, ці не пад уплывам паказанняў Я. Лёсіка, Некрашэвіча, пацверджаных Краскоўскім, увялі народных паэтаў у Цэнтр СВБ, нават спрабавалі зрабіць Купалу правадыром беларускай нацдэмаўшчыны, але пасля трагічнай спробы самагубства, зацкаванага народнага паэта пакінулі ў супакоі. За мяжой падняліся бурныя пратэсты грамадскасці, а гэта не ўваходзіла ў планы рэпрэсіўнай кампаніі. Дарэчы, пры рэабілітацыі ў цяперашніх следчых i работнікаў пракуратуры грубае прыпісванне кіраўнічай ролі ў СВБ народным паэтам стала па прынцыпу reductio ad absurdum – адным з доказаў не існавання самой арганізацыі СВБ.
Роля кіраўнікоў літаратурнай групы маладзёжнага Цэнтра СВБ выдалася тым першым следчым не дужа верагоднай ды лішне сціплай як на народных пісьменнікаў. Так, відаць, перадалася гэтая функцыя Міхайлу Грамыку, які, працуючы ў Інбелкульце i ў БДУ, павінен жа быў кантактавацца з Язэпам Пушчам па рабоце, а цераз яго з Дубоўкам, Бабарэкам i з літаратурнай моладдзю. Алесь Гурло, які працаваў сакратаром у Беларускай АН, не прымаўся ў разлік, бо як паэт быў мала актыўны. У кожным разе, праходзіць ён па следстве як акадэмічны работнік. Язэп Дыла таксама праходзіць як дзеяч культуры, а не як пісьменнік.
Чаму адбылося на следстве дзіўнае ператварэнне звычайнай інтэлігенцкай сябрыны ці асветніцкай грамадскасці ў падрыўную арганізацыю – адназначна не скажаш. Калі ж пранікнуць уяўленнем да асноў, то спыніць увагу генетычная інакшасць адраджэнскіх сябрын i бальшавіцкіх структур, несумяшчальнасць сацыяльных псіхалогій i ментальнасцей удзельнікаў.
Адраджэнскае асяроддзе было ў пэўным сэнсе вялікай сям’ёй, родам, дзе натуральным шляхам паўставалі аўтарытэты i абавязвала традыцыйная таварыская этыка, самадысцыпліна, ахвярнасць. Невыпадкова левыя бальшавіцкія артадоксы шалёна грамілі сям’ю, сямейнасць. Думаю, антысямейная зацятасць паходзіла часткова ад зайздрасці, звычайна бальшавікі ўваходзілі ў структуры функцыянальныя, наменклатурныя, дзе аб'ядноўвала палітыка: інтарэсы, улада i дырэктыўная дысцыпліна зверху. Людзі, што належалі да такіх структур, адчувалі нястачу свабоды, бяспекі i кампенсавалі гэта гонарам, выдавалі сваю ўвінчанасць у таталітарныя ўстановы за найвышэйшы абавязак, місію, а такія рэчы, як сяброўства, сямейная роднасць, абзывалі перажыткамі, мяшчанствам.
Псіхалогія аскетычнага сектанцкага псеўдасацыялізму таіла поцемкі агрэсіўнасці, функцыянеры помставалі за сваю бязроднасць, несвабоду, недавучанасць, страхапуднасць, спаганялі злосць на “контры”, якая, бач яе, збіраецца сабе на кватэрах нібыта “гонять чаи”, а на самай справе забаўляецца антысавецкімі “разговорчиками”. У следчых актах сярод нацдэмаўскіх зборняў значыўся i гасцінны дом Янкі Купалы. У пратакол допыту ўжо зламанага Я. Лёсіка мінскі следчы ўпісаў: “Сістэматычна мелі месца зборышчы ў кватэры Янкі Купалы, Некрашэвіча i іншых, дзе вяліся размовы нацыяналістычнага зместу”.
Сапраўды, гэта быў дом з адчыненымі дзвярыма, прытулак для безграшовых мастакоў, маладых няўдачнікаў, месца неафіцыйных сустрэч палітычнай эліты з інтэлектуальнай i творчай. Бывала, праўда, што хата ператваралася ў зборню нязваных гасцей, нехта паводзіў сябе развязна, пачынала пахнуць багемай, тады гаспадар пакідаў гасцёўню. Здарылася i такое, што выдавецкі работнік Пятро Ільючонак прызнаўся на падпітку ў супрацоўніцтве з ГПУ. I нічога. З кампаніі яго не патурылі. Цярпімасць сапраўды больш чым фарсавая.
Чытаючы ўласнаручныя паказанні I. Краскоўскага, даводзіцца сунімаць іранічны рогат: чалавека абвінавачваюць у страшных грахах, а ён, замест бараніцца – выхваляецца: “Я лично вовлек в деятельность СВБ Мядзёлко и Дубовко. С Улащиком я был связан в процессе его работы в СВБ” (т. 4, с. 50). Ператварыць Саюз адраджэння Беларусі ў Саюз вызвалення Беларусі запрапанаваў таксама ён, САБ узнік па яго ініцыятыве дзесьці ў 1921 г. у Літве – Латвіі, адтуль ён перавёз яго ідэю ў БССР...
Паранаічны эфект узмацняецца, калі перайсці на паралельны рад прызнанняў Язэпа Лёсіка перад тымі ж следчымі. “Идеологически и организационно оформление было сделано мною. Я предложил назвать “Союз возрождения Белоруссии”. Базай САБ была – па словах Лёсіка – Тэрміналагічная камісія, якою ён кіраваў. С. Некрашэвіч назваў яе “самым важным нацдемократическим контрреволюционным учреждением”, якое стварыў ён асабіста; што ж, палітыка i палітычная ідэалогія любяць яснасць, патрабуюць дакладных праграм, дысцыпліны, таму так пацешна i злавесна выглядаюць перанесеныя на палітычную канву таварыскія, сяброўскія гурткі ці сябрыны з ix этыкетнай цярпімасцю, зычлівасцю, паблажлівасцю.
Для следчых прадметам гордых жаданняў стала праграма СВБ, як для здабытчыкаў золата каралеўскі самародак. А. Шлюбскі паказваў, што В. Ластоўскі даваў яму машынапісны тэкст праграмы i ён перахоўваў яго недзе ў шафе разам з дакументамі кафедры этнаграфіі. Язэп Лёсік гаварыў наперакор ці на смех папярэднікам: “Документов письменных у нас не было, кроме Устава, которого я не видел” (т. 4, с. 312). Іван Краскоўскі ў вочы не бачыў ні праграмы, ні статута, але запэўніваў, што ведаў ix змест, насіў у галаве i знаёміў з ім некаторых членаў СВБ, пераважна моладзь. Дакументы следства пераконваюць у тым, што ні праграмы, ні статута не было не толькі на пісьме, але i ў галовах аўтарытэтаў. Дакументы такога тыпу не былі абавязковымі для асветніцкай адраджэнскай сябрыны ці асяроддзя, якое вялікай палітыкай не займалася i займацца не магло, 6о не мела за сабою масы, а палітыка без падтрымкі значных сацыяльных пластоў – гэта забава, палітыканства. На якім узроўні разбэрсанасці трымалася палітычная думка i вяліся гутаркі ў адраджэнскіх колах Мінска, можна ўявіць па выказваннях Я. Лёсіка на следстве па пытанні адносін да Польшчы: “Центр ориентировался на Польшу, чтобы при ее помощи и в союзе с ней построить Белорусскую народную республику” (т. 4, с. 317). “Нам казалось, что громить Польшу – это значит подсекать сук, на котором висел наш идеал самостоятельной Белоруссии” (т. 3, с. 358). А хто ж “граміў” Польшчу? Кожны ведаў, што Тарашкевічава Грамада ў кантакце з КПЗБ абапіраецца на рэвалюцыйныя масы вёскі i горада. Лагічна, што Цэнтр СВБ, калі б ён быў сапраўды ды з’яўляўся органам палітычнай арганізацыі, павінен быў бы выступаць супраць Тарашкевіча альбо прынамсі стрымліваў бы яго. А на справе Сцяпан Некрашэвіч з Гаўрылам Гарэцкім, паехаўшы ў навуковую камандзіроўку ў Польшчу, гаварылі з Тарашкевічам як аднадумцы, ды i сам Язэп Лёсік на тым жа следстве заяўляў: “Мы знали, что Тарашкевич ведет коммунистическую работу в Польше...” (т. 4, с. 297). “На Тарашкевича мы особенно надеялись, как на лицо влиятельное, за которым идут крестьянские массы, хорошо зная, что он такой же нацдемократ, как и члены нашего Центра” (т. 4, с. 313).
Сапраўды, ноччу ўсе кошкі шэрыя. У гэтым выпадку сімвал шэрых кошак ахоплівае i людзей, i дзяржавы, i ўлады, ды такія напалітызаваныя, як савецкая. Прыгадаю яшчэ адзін шэдэўральны па палітычнай няўцямнасці пасаж Язэпа Лёсіка: “Советская власть существует 13 лет, не обращая внимания на временные экономические неполадки и перебои, она крепнет и идет вперед. Это начинает признавать и европейская буржуазия. Не лучше ли добиваться своих национально-культурных устремлений советскими способами? Для этого необходимо ликвидировать Польшу как буржуазное государство – или открытой войной, или путем внутреннего переворота сделать Польшу советской, тогда Западная Белоруссия механически соединится с остальной Белоруссией... Но это только мечты во время личных размышлений, а на деле я вел антисоветскую контрреволюционную работу” (т. 4, с. 314).
Не дзіва, што ў носьбіта такіх лятункаў i самаацэнак следчыя дапытваліся, ці праўда, што кіраўнікі СВБ абмяркоўвалі кандыдатуру Булак-Балаховіча на міністра ўзброеных сіл. Той адказаў цвёрда, што такога не магло быць, бо Балаховіч “был слишком бандитской фигурой”. Праўда, Я. Лёсік дапускаў, што “среди нас могли быть люди с авантюристическими замашками...”, але не ўсе. У масе “Мы считали себя людьми идейными, которые борются за хорошее дело, за белорусское национальное дело” (т. 4, с. 324). Здавалася б, самы раз паставіць кропку. Але “не тут-то было”: “Среди нас многие хотели работать с советской властью, а между тем попали в этот гнойник...” Як гэта проста! Сапраўды, каму не здараецца ўступіць у дзярмо, асабліва калі яно заліло ўсю краіну, а ісці даводзіцца ўпоцемку.
Абвінавачанне i следства насілі не крымінальны, а палітычны, месцамі сектанцка-дагматычны характар, следчыя браліся шукаць i выкрываць не шкодныя для рэжыму ўчынкі, а вольныя думкі, двухсэнсоўныя выслоўі, нюхаць настроі, г. зн. залазіць з крымінальным кодэксам i следчай ментальнасцю ў тую тонкую сферу адносін, зарыентавацца ў якой можна толькі шляхам шчырых свабодных дыскусій, карэктных ацэнак, таварыскай зычлівасці, даверу. Дыктатура рашыла груба, адным махам згарнуць узнікшую ў БССР i яшчэ не акрэплую адраджэнскую грамадскасць, якая сваім інтэлектам, патрыятызмам i культурай раздражняла цвердакаменных бальшавікоў ды плебейскіх дэмагогаў. Як ні дзіўна, допыты часта выглядалі пародыямі дыскусій, бо гаворка збівалася на праблему маральна-палітычных арыентацый, а ў зносіны ўступалі з аднаго боку – не дужа цвёрдыя ў палітыцы інтэлігенты, якія прапанавалі абмяняцца думкамі, пагутарыць ды разысціся, а не дапытваць i караць. Атрымлівалася сутыкненне несумяшчальных рэчываў. Афіцыйная размова без свабоды i роўнасці двух бакоў, без партнёрства ўдзельнікаў – асуджана на калечанне ісціны, нічога людскага ад яе нельга чакаць.
Следчая працэдура праходзіла, як масавая акцыя, ужо гэта адно давала следчым у рукі вострую зброю: паказанні слабых i падатлівых выкарыстоўваліся для ўздзеяння на цвёрдых, як на вытворчасці прыклад перадавікоў для падахвочвання адстаючых. Прыём такі стаў рабочым, да сутыкнення лбамі дадавалася запалохванне i абяцанне палёгкі за “дапамогу” вінаватыя i невінаватыя павінны служыць i выслугоўвацца перад уладай, калі не хочуць трапіць у лік ворагаў, прытым смяротных.
Давалі следству спажыву i саманагаворы папулярных дзеячоў – Некрашэвіча, Краскоўскага, Чаржынскага. Не апошнюю ролю адыграла тое, што былыя нацыянальныя дэмакраты не прыдавалі значэння сваім колішнім палітычным разыходжанням з бальшавікамі, паверылі, што ім назаўжды адпушчаны ўрадам БССР усе грахі. У сярэдзіне 20-х гадоў сапраўды былыя антаганізмы згладжваліся i забываліся. Нацдэмакраты, вярнуўшыся з эміграцыі, займаліся навуковай i культурна-асветніцкай работай, мелі падтрымку ўрада. Адраджэнцы не адчувалі сябе праціўнікамі ўлады, яны крытычна глядзелі на асобныя праблемы нацыянальнай палітыкі, а ў цэлым былі лаяльнымі грамадзянамі. I. Краскоўскі наўпрост заявіў на следстве: “Несмотря на наши идеологические расхождения, мы можем работать вместе с советской властью единым фронтом” (т. 4, с. 234). Многія прымалі свой арышт як непаразуменне, якое павінна высветліцца ды ўладзіцца на следстве i судзе. Следства ж аказалася агрэсіўным, ідэалагічна настроеным не на ісціну i суцішэнне, а на знішчэнне ворагаў, хоць бы выдуманых. Сам следчы працэс праходзіў груба, з прымусам i падманам, запалохваннем i абяцанкамі. Ідэалагічным пасажам выступала хоць бы тое, што на адной лаве падсудных апынуліся нядаўнія палітычныя праціўнікі, тыя, што змагаліся ў часе польскай акупацыі за саветы i супраць ix. Для прыкладу прыгледзьмася да двух Жылкавых землякоў – кіраўніка слуцкага паўстання Паўла Якаўлевіча Жаўрыда i арганізатара нізавых устаноў савецкай улады на Случчыне Пятра Антонавіча Зенюка. Выявіцца праз 50 гадоў, што абодва яны былі невінаватымі, асуджанымі – адзін за дараваныя грахі мінулага, а другі за адны заслугі. Што благое маглі зрабіць для сучаснасці карэктары са “Звязды” i “Савецкай Беларусі”?
Павел Жаўрыд рана стаў прафесійным інтэлігентам, з 1905 г. жыў у Слуцку i Варшаве, зарабляў на хлеб рэпетытарствам, потым да 1914 г. працаваў рэпарцёрам, з 1916-1917 г. служыў у царскім войску, атрымаў званне прапаршчыка, перад польскай акупацыяй арыштоўваўся ЧК па падазрэнні ў сувязі з Дзянікіным. У 1919 г. выбраны старшынёй беларускага камітэта ў Слуцку, утварыў “Слуцкую раду”, кіраваў паўстаннем. З 1920 па 1923 г. жыў у Вільні, дзейнічаў у беларускіх арганізацыях, вёў нацыянальна-рэвалюцыйную работу. Вярнуўшыся ў Беларусь, працаваў з 1924 г. педагогам, з 1926 г. карэктарам у Інстытуце беларускай культуры i ў друкарнІ газеты “Звязда”. Нерухомаю маёмасцю “не владел”. “По предъявлении ордера на арест, – піша ў рапарце следчы Кронгауз, – все (сямейнікі. – У. К.) держали себя спокойно и ничем нам не препятствовали во время обыска, который длился до 4 часов утра”.
У абвінаваўчым акце Жаўрыд характарызуецца як “бывший”: “происходит из кулацкой семьи, бывший офицер царской армии, бывший член меньшевиков и белорусских эсеров, бывший пред. Белорусского Национального Комитета в Слуцке и член президиума Слуцкой Белорусской Рады, руководитель и участник Слуцкого восстания” (т. 25, с. 7168).
Да віны не прызнаўся. Быў асуджаны на 5 гадоў лагеру.
Пётр Зянюк родам з Капыля, у кастрычніку 1917 г. быў абраны дэлегатам 1-га Слуцкага павятовага з'езду саветаў, які апавясціў савецкую ўладу, у 1918/19 гг. працаваў старшынёй сельсавета, у 1920 г. змагаўся ў партызанскім атрадзе супраць польскіх акупантаў, пасля вызвалення настаўнічаў. У 1923 г. служыў прапагандыстам на заводах Мінска, вучыўся ў Цэнтральнай партшколе, 10 гадоў, ажно да арышту, працавау карэктарам газ. “Савецкая Беларусь” i “Звязда”. Арыштаваны ў ліпені 1930 г. следчым Моселем Эстрыкам, які паказаў яму спіс асоб, што нібыта належалі да СВБ. Спіс быў падпісаны У. Чаржынскім, з якім у Зенюка былі спрэчкі па пытаннях нармалізацыі беларускай мовы (Зянюк прапанаваў асіміляваць рускія тэрміны, а Чаржынскі – польскія). Рашэннем той жа Калегіі ГПУ ад 14.IV.31 г. ён быў асуджаны на 5 гадоў высылкі ў Саратаў. У 1963 г. падаў заяву аб рэабілітацыі, дзе скардзіўся: “Абвінавачанне да гэтага часу прычыняе мне вялікія фізічныя i маральныя пакуты, амаль усе родзічы адмовіліся i староняцца ад мяне”.
Чаму ж агаварыў сябе Зянюк? Таму, што пайшоў за прыкладам Чаржынскага, а той апраўдваўся пры рэабілітацыі ў 1957 годзе (ужо як выкладчык Казанскага педінстытута): “Следователь Аргов убеждал меня в том, что я, как советский человек, должен дать такие показания” (т. 1, с. 129). Выходзіць, вінаваты містычны сіндром?
Чаму ж не паддаўся следчаму гіпнозу Павел Жаўрыд? Бо меў ідэалагічны імунітэт, не паддаваўся ілюзіям i абяцанкам, як, зрэшты, большасць арыштаваных – шчырых удзельнікаў адраджэння, народных інтэлігентаў новай генерацыі. Для прыкладу: “Кіпель Яўхім Яўсеевіч, беларус, нар. у Бабруйскай акрузе, Глускім раёне, вёсцы Балюкі, 33 гады, скончыў БДУ, аддзяленне педфака. Жонка Марыя Васільеўна Зубкоўская, 26 гадоў, настаўніца, сын Вітаўт – 3 гады, пры матцы. Брат Андрэй 38 гадоў, земляробства, веска Балюкі, сястра Малання Дземідовіч, 40 гадоў, земляробства, веска Прусы Стара-Дарожскі раён. Беспартыйны. Настаўнік. Да 1916 г. настаўнічаў у Глускім гарадскім вучылішчы, на курсах i г. п. У 1916 г. летам прызваны на вайсковую службу ў 307-мы Спаскі полк, накіраваны ў школу прапаршчыкаў, адбыў у Выбаргскі полк, дзе застала рэвалюцыя i дзе добраахвотнікам паступіў у Чырвоную Армію. Прабыў да 1921 г., потым вучыўся, працаваў выкладчыкам. Нерухомасцю не валодаў, на дзяржаўнай службе не быў, жыў i вучыўся на сродкі бацькоў.
Арыштаваны 28 чэрвеня 1930 г. ГПУ БССР. Жыў у Менску, Горны завулак, д. 6, кв. 1”.
Не прызнаў сябе вінаватым, бо не дазволіў следчым схіліць сябе на прамежкавую пазіцыю, дзе ператваралі падсудных у “памочнікаў” савецкага правасуддзя. Калі канфлікт даходзіць да арышту i суда, адзіным памочнікам абодвум бакам можа быць праўда i толькі праўда. Практыка падсуджвання да суда i засуджвання без суда аказалася згубнай не толькі для арыштаваных, а i для следчых, якіх – настане час – улада пакарае за перавышэнне ўлады. Маніпуляцыі вакол закона прывялі да нацыянальнай трагедыі i цяжкага злачынства.
Кранальныя біяграфіі. Удумоўваючыся ў жыццё гэтых людзей, пачынаеш разумець трагізм грамадзян i каварства ўлады.
Давалі пэўную падставу нацдэмакратам для бяспечнасці, а нацыянал-нігілістам для падазронасці беспрэцэдэнтныя ў гісторыі бальшавізму акты прымірэння беларускіх эсэраў i постэсэраўскіх гуртаванняў з камуністычнымі арганізацыямі ў мірныя часы. Першы акт здарыўся адразу пасля выгнання польскіх акупантаў у 1920 г., калі ў КПБ улілася Беларуская камуністычная арганізацыя Ігнатоўскага; другі – у канцы 1923 г., калі ў КПЗБ увайшла леваэсэраўская, па сутнасці, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя на чале з Я. Лагіновічам, А. Канчэўскім, Л. Родзевічам i пачала беларусізаваць камуністычны рух у Заходняй Беларусі, дасюль у асноўным яўрэйскі. Інкарпарацыя давяла там да інцыдэнту паміж патрыятычнымі неафітамі i безнацыянальнымі старымі сектантамі, выбухнула так званая сецэсія (раскол). Трэці, яшчэ больш важкі акт паяднання левых сіл Адраджэння адбыўся ў БССР у 1924 г.– гэта самароспуск партыі беларускіх эсэраў i ўваходжанне яе членаў у КПБ. Папаўненне таксама спрыяла беларусізацыі КП(б)Б, асабліва яе кіраўнічых кадраў, паколькі вопытныя грамадска-палітычныя работнікі перайшлі з апарату БПСР у шэрагі КПБ. Па судовай справе СВБ праходзяць былы сакратар ЦК БПСР Іван Кандратавіч Бялькевіч, навуковы работнік БАН. Камуністамі, якія зашмат набраліся “нацдэмаўскага” духу, выступаюць вядомыя з успамінаў П. Мядзёлкі сакратар ЦК КПБ Ясь Васілевіч i сакратар Калінінскага райкама КПБ Алесь Адамовіч, які фарсіраваным тэмпам правёў беларусізацыю далучанага да Беларусі ў 1926 г. раёна Гомельшчыны. Па словах арыштаванага А. Смоліча, гэтая паскоранасць дала ў рукі фундаменталістаў зачэпку для нападак на нацыянальную палітыку ў БССР сярэдзіны 20-х гадоў. Многія з арыштаваных адзываліся станоўча пра пагадненні i супрацоўніцтва ў рамках беларусізацыі. Праўда, у часе следства асобныя дэмакраты даходзілі да камутанцтва i страты аблічча пад магічным уздзеяннем ГПУ. С. Некрашэвіч так i напісаў у “паказанні”: “Пребывание в ГПУ, когда я более глубоко проанализировал всю свою прежнюю нацдемократическую деятельность и весь свой период идеологического оздоровления, укрепило во мне решительность самой решительной, беспощадной борьбы с белорусским нацдемократизмом...” (т. 3, с. 754).
Апошні акт у працэсе збліжэння – Берлінская сустрэча лідэраў БНР i прадстаўнікоў кіраўніцтва БССР у 1925 г., на якой была прынята пастанова аб самароспуску ўрада БНР i перадачы яго паўнамоцтваў ураду БССР. Узамен беларускія палітычныя эмігранты атрымалі запрашэнне ўрада БССР вяртацца на радзіму для працы на ніве культуры, асветы i гаспадаркі. Акты паяднання былі спакон вядомымі на Беларусі палітычнымі крокамі, калі дужэйшы бок дыктаваў волю слабейшаму. Але i гэтага было мала артадоксам вялікадзяржаўніцкай псеўдаінтэрнацыяналісцкай лініі, яны вырашылі здабыць лаўры пераможцаў беларускага нацыяналізму. Лагер контрбеларусізацыі набіраўся нахабства ў меру таго, як сумленныя работнікі партыйнага i дзяржаўнага апарату зацяснялі нефармальныя таварыскія кантакты з нацыянальнымі дэмакратамі, а ў ВКП(б) паднялася кампанія барацьбы супраць правага апартунісцкага ўхілу. Сектанты расцэньвалі ўсякія кантакты як здраду i змову. Тут дзейнічала, акрамя ўсяго, псіхалагічная i генетычная несумяшчальнасць. Бальшавіцкія функцыянеры ў сістэме сталіншчыны трымалі сцяг верных “временщиков”, якія любою цаной выконвалі дырэктывы партыйных органаў, а потым перамяшчаліся па партыйных пуцёўках у іншы канец краіны. Адраджэнцы ж былі аселымі, закаранёнымі ў беларускую глебу абарыгенамі, яны адчувалі сябе дома, як члены адной сям'і, звязанай з роднай глебай. У гэтым руху ніколі не было зафармалізаваных арганізацый, згуртаванасць трымалася на даверы, сяброўстве, нацыянальнай роднасці i агульнай ментальнасці. Адраджэнскі рух у БССР не быў аформлены ў адзіную здысцыплінаваную арганізацыю, яна, відаць, не была патрэбнай. Пашпартам у гэтым асяроддзі служылі справы, жывая грамадска-патрыятычная i асветніцкая дзейнасць. Праўда, пад уплывам нэпа ўпала цана ахвярніцтва, а на яго месца прыйшла камерцыйнасць. Тым не менш у адраджэнскім асяроддзі вызначальнымі былі традыцыйныя формы свабодных сувязяў, якія можна назваць роднасцю душ.
ГПУ, як апарат надзвычайны, трымаў у адным кулаку ўсю сілу рэпрэсіўнапрымусовай улады – вышук, следства, суды i карныя ўстановы. Нават у царскай Расіі следства i суд былі раздзельнымі, незалежнымі. Тут жа следчыя ГПУ не паўвароўваліся ні праверак, ні аналізу, бо ведалі, што разбіраць справу будзе не суд, у якім змогуць спрачацца абвінавачанне i абарона ды i самі падсудныя выкажуць пратэст на некарэктнасць следства, адмовяцца ад паказанняў, зробленых пад прымусам. Нічога такога ў савецкіх палітычных працэсах не было: на пасяджэнні Калегіі ОГПУ 10 красавіка 1931 г. “Слушали” не людзей, а “дело 108963 Ластовского Вацлава Устиновича, Красковского Ивана Игнатьевича, Лёсика Иосифа Юрьевича и др. в числе 86-ти чел. по 58/10, 11, 47 ст. УК. Дело рассматривалось в порядке постановления Президиума ЦИК СССР от 9/6 - 27 г.” - гэта значыць, перадусім, па паперках, складзеных следствам i ў духу дырэктываў спушчаных з партыйных i дзяржаўных вышак.
Увесь гэты рэпрэсіўна-бюракратычны частакол я ўвёў сюды, каб наблізіць да чытача дух залганасці ўзаемаадносін паміж следчымі, якія не ведалі мяжы сваіх паўнамоцтваў, былі оперупаўнаважанымі ўсёўладнасці, усёдазволенасці (адзін з ix сказаў Паўліне Мядзёлцы ў Маскве: “Мы можем все”) i падсуднымі, якія не маглі нічога, толькі “прызнацца” або зацяцца i маўчаць. Карныя ж органы маўчунам, не шукаючы віны, прыбаўлялі ў 1935 г. тэрміны прабывання ў ссылках і лагерах, а ў 1937 – пускалі “в расход”. Так паступілі ўлады з лідэрамі беларускага адраджэнскага руху Ластоўскім, Лёсікам, Некрашэвічам, Смолічам i іншымі.
Дэманстрацыя бяспраўнасці, самаволі ўмацоўвала страх перад дыктатарскай уладай, а ў арыштаваных i сасланых без віны спараджала адчай i пачуццё безвыходнасці або мазахісцкую фетышызацыю ўлады. Усё гэта патрэбна мець на ўвазе, калі мы хочам зразумець (не апраўдаць, а толькі зразумець) тую ролю, якую прымусілі выконваць следчыя Славацінскі i Радзівілоўскі Івана Ігнатавіча Краскоўскага i Язэпа Юр'евіча Лёсіка, а мінскія ix калегі Аргаў i Рапапорт – Сцяпана Некрашэвіча, Уладзіслава Чаржынскага. Першы з названых – знаўца культурна-асветніцкіх сістэмаў i структур, быў вядучым спецыялістам Дзяржплана БССР. Распрацаваны ім арыгінальны план культурна-асветніцкага будаўніцтва ў рэспубліцы спецыялісты з Масквы назвалі “культурным Днепрастроем”, аўтара прынялі на працу ў Дзяржплан СССР. А ці не следчыя прымусілі яго пацвердзіць узятую “с потолка” структурнасць i прышпіліць яе сябрыне, прывесці ў сістэму самадзейна-ініцыятыўнае асяроддзе i ператварыць у падпольную арганізацыю? Ён пацвердзіў тое, чаго патрабавалі: структуралізаваў сябрыну, якая структуралізацыі не зносіла. На тэрарыстычную арганізацыю яна не цягнула. Можа, думаў: “суд разбярэцца”. Так яно i сталася, але праз паўвека, у час адлігі, следчыя атрымалі дазвол думаць крытычна, падыходзіць прафесійна да справы, вырашаць незалежна, дык існаванне СВБ аказалася недаказаным, як лятучай талеркі.
Падняць паўстанне i ў сне не сніў ніхто з адраджэнцаў, што належалі да кампаніі блізкіх сабе па ідэалах людзей.
Што ж на справе зрабіла адраджэнская сябрына? Падняла беларускую гуманістычную навуку, актывізавала літаратуру i мастацтва, беларусізавала сістэму асветы, захоўваючы свабоду для нацыянальных меншасцей, умацавала аўтарытэт фермерскага пласта сельскай гаспадаркі i згуртавала беларускую інтэлектуальную эліту. У элітарным асяроддзі адбываліся дэбаты i ішла крытыка бальшавіцкага сацыяльнага эксперыментатарства, якое даходзіла да авантурызму, цягнула краіну да чарговай галадухі.
[1] Звестка з «Дела по обвинению Ластовского Вацлава... и др.», Т. 2. (Старонкі ў дужках.)
[2] Я. Лёсік называў іншых асобаў.
[3] Асобная думка.
[4] Па ўспамінах П. Мядзёлкі, Якуб Колас тады зусім не ўжываў алкаголю, сядзеў на дыеце i насіў заўсёды соду ў кішэні. Маладыя паэты, па сведчанні жонкі Язэпа Пушчы, С. Э. Плашчынскай, абыходзіліся на вечарынах толькі віном.
Спадчына. №4. 1992. С. 84-98.