-
Універсітэт
224016, Рэспубліка Беларусь, г. Брэст, бульвар Касманаўтаў, 21
+375 162 37-00-96 (тэлефон)
+375 162 21-65-17 (тэлефон)
+375 162 21-70-53 (факс)
box@brsu.by -
Факультэты
-
Адукацыя
224016, г. Брэст, бульвар Касманаўтаў, 21, кабінет № 217/1
+ 375 162 37-01-27
marzans@brsu.by -
Навука
224016, г. Брэст, бульвар Касманаўтаў, 21, кабинет № 207
+375 162 21-66-86
nis@brsu.by
inovac@brsu.by - Абітурыенту
- Студэнту
- Замежным грамадзянам
-
Міжнародная дзейнасць
224016, г. Брэст, бульвар Касманаўтаў 21, вучэбны корпус № 1, кабінет № 117
+375 162 21-06-68 (тэлефон)
+375 29 21-06-115 (мабільны тэлефон)
int@brsu.by -
Паслугi
Пра лёс першага доктара навук
Сцяпан Кандраценя нарадзіўся ў 1937 годзе ў вёсцы Будча (цяпер у складзе Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Адразу пасля вайны пайшоў у школу. Настаўнікі мяняліся па некалькі разоў на год. Былі сярод іх і нядаўнія ваенныя, якія вярнуліся з фронту пасля ранення ці кантузіі. Пасярод урока (здаралася і такое) дзяцей “падымалі ў атаку”, і з крыкамі “ўра!” усе выбягалі на вуліцу. Адзнакі ў Сцяпана былі вельмі розныя. Успамінаецца такі факт: у першай чвэрці па адным з прадметаў яго ацанілі на “2”, у другой – на “3”, у трэцяй – на “4”, у чацвёртай – на “5”. І за год настаўніца паставіла “5”.
Пасля сямігодкі Сцяпан паступіў у сярэднюю школу ў Ганцавічах, за 35 кіламетраў ад роднай вёскі. Вучыўся старанна, сур’ёзна захапіўся матэматыкай, рашаў у некалькі разоў больш задач, чым задавалі. Пасля школы планаваў паступаць у чыгуначны інстытут. Аднак па волі лёсу трапіў у Брэст і падаў дакументы ў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут (БрДПІ) на спецыцяльнасць “Матэматыка і чарчэнне”. На ўступных экзаменах сачыненне трэба было пісаць на рускай мове, якую вясковы хлопец ведаў дрэнна, бо рэдка чуў і не карыстаўся ёю. Ён ужо намерыўся пайсці з экзамену, аднак сустрэў у калідоры дэкана фізіка-матэматычнага факультэта М.С. Гінева, які некалькі дзён назад прымаў уступны экзамен па матэматыцы і выдатна запомніў таленавітага абітурыента. М.С. Гінеў папрасіў прадметную камісію, у парадку выключэння, дазволіць маладому чалавеку пісаць сачыненне на роднай беларускай мове. Дэкану пайшлі насустрач, і экзамен быў паспяхова здадзены. Так у 1955 годзе Сцяпан Кандраценя стаў студэнтам фізіка-матэматычнага факультэта БрДПІ. У інстытуце ён вучыўся выключна на “выдатна”, быў ленінскім стыпендыятам.
Яшчэ на першым курсе Сцяпан пазнаёміўся з Ксеніяй і закахаўся ў яе на ўсё жыццё. Яны разам многа і старанна займаліся, нават на спатканнях тлумачылі адно аднаму лекцыйны матэрыял, даказвалі тэарэмы. Так прайшло тры гады, а пасля трэцяга курса таемна, пасля апошняга экзамену ў летнюю сесію, пажаніліся. Гэта быў якраз Дзень савецкай моладзі. На ўсе наступныя гады гэты дзень стаў для іх галоўным святам. А свой мядовы месяц Сцяпан і Ксенія правялі ў будаўнічым атрадзе на Цаліне.
У гады вучобы, ды і пасля, Сцяпан Кандраценя актыўна займаўся спортам. Ён займаў прызавыя месцы на першынстве навучальнай установы па штурханні ядра, кіданні гранаты і па бегу. Вельмі любіў гуляць у валейбол. Інстытут быў закончаны з чырвоным дыпломам.
Пасля вучобы Сцяпан Кандраценя тры гады праходзіў тэрміновую службу ў зенітна-ракетных войсках у Петразаводску. А пасля дэмабілізацыі ў 1963 годзе выпадкова сустрэў на вуліцы свайго былога выкладчыка З.М. Дымента, і той запрасіў яго ў родны інстытут на пасаду асістэнта. У гэтыя ж гады ў сям’і Кандраценяў нарадзіліся дзве дачкі – Таццяна і Святлана.
З 1966 па 1969 год Сцяпан Кандраценя вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце матэматыкі Акадэміі навук Беларусі па спецыяльнасці “дыферэнцыяльныя ўраўненні” (пад кіраўніцтвам акадэміка М.П. Яругіна і прафесара А.І. Яблонскага). На апошнім годзе вучобы ён паспяхова абараніў кандыдацкую дэсертацыю “Аналітычныя характарыстыка асобых пунктаў рашэнняў нелінейных дыферэнцыяльных ураўненняў і сістэм” і ў 1969 годзе быў прызначаны прарэктарам па навуковай працы БрДПІ. На гэтай пасадзе Сцяпан Георгіевіч працаваў 9 гадоў, а з 1972 года стаў загадваць кафедрай матэматычнага аналізу, стварыўшы там калектыў аднадумцаў. Многім калегам ён дапамагаў весці навуковыя даследаванні. Пяцёра выкладчыкаў пад кіраўніцтвам Сцяпана Кандрацені падрыхтавалі і абаранілі кандыдацкія дысертацыі. Такім чынам ім была створана брэсцкая школа ў галіне дыферэнцыяльных ураўненняў. З 1982 па 1984 гг. Сцяпан Георгіевіч працаваў дэканам фізіка-матэматычнага факультэта (намеснікі дэкана – В.С. Секяржыцкі, У.А. Плецюхоў, В.М. Крукаў).
У 1982 годзе Сцяпан Кандраценя абараніў доктарскую дысертацыю “Характарыстыка складанасці асобых пунктаў рашэнняў нелінейных сістэм дыферэнцыяльных ураўненняў”. У 1984 годзе яму было прысвоена вучонае званне прафесара. Сцяпан Георгіевіч стаў першым доктарам навук у сценах роднага інстытута. Ім было апублікавана каля 80 дапаможнікаў, артыкулаў, матэрыялаў навуковых канферэнцый. У 1993 годзе вучонага прынялі на пасаду прафесара ў Вышэйшую школу ў Седльцах (Рэспубліка Польшча), дзе ён адпрацаваў 2 гады.
Любімым заняткам Сцяпана Кандрацені ў вольны час была праца на дачы, на зямлі, якая звязвала яго з дзяцінствам, з родам. Не саромеўся ён свайго сялянскага паходжання, не лічыў за сорам узяць у рукі касу, рыдлёўку, ускапаць, пасеяць, пабудаваць.
Яго заўсёды пазнавалі па смеху, бадзёрым, шчырым, зычным, які было далёка чуваць. Запомніўся Сцяпан Кандраценя працалюбівым, вясёлым, добрым, заўсёды гатовым прыйсці на дапамогу. А яшчэ ён быў мужным і моцным чалавекам, дабіваўся ўсяго, што толькі задумаў. І зрабіў людзям столькі дабра, што хапіла б і на два жыцці.
Сцяпана Георгіевіча Кандрацені не стала ў 1995 годзе. Ён пайшоў з жыцця пасля двух месяцаў цяжкай хваробы ва ўзросце 58 гадоў.
Дачка прафесара С. Г. Кандрацені,
дацэнт кафедры спецыяльных педагагічных дысцыплін Будзько Т.С.