Аб правілах знаходжання замежных грамадзян у Рэспубліцы Беларусь з першых вуснаў

15 і 16 кастрычніка 2015 года аддзелам выхаваўчай працы з моладдзю і аддзелам міжнародных сувязей былі арганізаваныя сустрэчы супрацоўнікаў службаў па грамадзянстве і міграцыі з замежнымі навучэнцамі нашага ўніверсітэта. На гэтых сустрэчах начальнік упраўлення па грамадзянстве і міграцыі УУС Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Уладзіміравіч Томашаў нагадаў прысутным аб асаблівасцях знаходжання замежных грамадзян на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Старшы інспектар па асобых даручэннях упраўлення па грамадзянстве і міграцыі УУС Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Васільевіч Ровенскі заклікаў замежных навучэнцаў пазбягаць міжнацыянальных канфліктаў, выконваць не толькі заканадаўства, але і ўнутраныя ўніверсітэцкія правілы, якія маюць адносіны да працэсу навучання і пражывання ў інтэрнатах. «Ваша задача – не толькі атрымаць адукацыю, але і годна прадставіць сваю радзіму, каб пасля вашага вяртання дадому родныя і блізкія маглі вамі ганарыцца», – адзначыў Вадзім Васільевіч.

Падчас сустрэч размова ішла не толькі аб міграцыйным заканадаўстве, але і прафілактыцы наркаманіі, наступствах з’яўлення ў грамадскіх месцах у стане алкагольнага і іншага ап’янення, кіравання транспартнымі сродкамі у такім стане і іншых адміністрацыйных правапарушэннях.

Госці адказалі на ўсе пытанні навучэнцаў адносна міграцыйнага заканадаўства і нагадалі, што па любых ўзніклых пытаннях неабходна звяртацца да іх.

У сустрэчах таксама прынялі ўдзел работнікі раённых АУС г. Брэста: Ленінскага – падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Васільевіч Кугач, намеснік начальніка РАУС, маёр міліцыі Аляксандр Міхайлавіч Пратасевіч, начальнік аддзялення па ГіМ; Маскоўскага – маёр міліцыі Дзмітрый Тадэвушавіч Лыганоўскі, начальнік аддзялення па ГіМ.

Падобныя мерапрыемствы праводзяцца рэгулярна і з’яўляюцца часткай сістэмы сумеснай дзейнасці аддзелаў унутраных спраў выканкамаў і аддзелаў выхаваўчай працы з моладдзю і міжнародных сувязей універсітэта, якая вядзецца з замежнымі навучэнцамі і спрыяе іх паспяховай адаптацыі да адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі, прававога поля і культуры нашай краіны.

Аддзел выхаваўчай працы з моладдзю

Падзяліцца: