Адкрытая размова з губернатарам

3 сакавіка 2017 года старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта А.В. Ліс наведаў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна і сустрэўся са студэнцтвам.

Выступленне губернатара Брэсцкай вобласці было прысвечана сацыяльна-эканамічнаму развіццю рэгіёна ў 2016 годзе і планам развіцця эканомікі на 2017 год, а таксама вялікай нарадзе, што рыхтуецца па названым пытанні на ўзроўні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. «Унутраны рэгіянальны прадукт (УРП) склаў 9 млрд. руб., вялікая доля якога прыпадае на прамысловасць і сельскую гаспадарку. У 2016 годзе прайшла мадэрнізацыя вытворчасці, у вобласці былі адкрыты новыя прадпрыемствы. Спецыялісты вобласці правялі будаўнічыя работы не толькі ў нашым рэгіёне, але і на многіх будаўнічых аб’ектах краіны, у Расіі і Туркменістане. Сярэдняя заработная плата па Брэсцкай вобласці ў 2016 годзе склала 621,80 руб., створана звыш 7,5 тыс. новых працоўных месцаў» – адзначыў Анатоль Васільевіч.

Студэнты ўніверсітэта актыўна цікавіліся ў губернатара магчымасцю адкрыцця новых прадпрыемстваў, далейшымі перспектывамі развіцця эканомікі, у тым ліку знешняга і ўнутранага рынку, значэннем вышэйшай адукацыі, развіццём сацыяльнай сферы, сямейнай палітыкай, міграцыйнымі працэсамі, турызмам, будаўніцтвам новых спартыўных аб’ектаў і магчымасцю правядзення спаборніцтваў на спартыўных аб’ектах Брэсцкай вобласці.

Так, студэнтка 4 курса геаграфічнага факультэта А. Нагорная, як будучы малады спецыяліст, цікавілася эфектыўнымі мерамі па прыцягненні маладых спецыялістаў у сельскую мясцовасць, а студэнтка 4 курса сацыяльна-педагагічнага факультэта І. Цярковіч пыталася аб найбольш запатрабаваных спецыялістах.

Музычны падарунак удзельнікам сустрэчы выканалі загадчык студэнцкага клуба К.А. Граноўская і студэнцкі калектыў «Рух» у асобе М. Вабішчэвіча, Ф. Мартыновіча і Д. Машчука.

На заканчэнне сустрэчы рэктар універсітэта, доктар педагагічных навук, прафесар Г.М. Сендзер падзякавала А.В. Лісу за магчымасць правядзення сустрэчы і ад асобы студэнцтва нашага ўніверсітэта паднесла старшыні аблвыканкама памятны падарунак, выкананы студэнтамі псіхолага-педагагічнага факультэта.

Р.В. Чуль, старшыня прафкама студэнтаў

Падзяліцца: