Адкрыццё Цэнтра прафесійнага і кар’ернага кансультавання

24 сакавіка 2018 года ў нашым універсітэце адкрыўся Цэнтр прафесійнага і кар’ернага кансультавання. Дзейнасць Цэнтра будзе ажыццяўляцца ў рамках праекта «Стварэнне трансгранічнай рэгіянальнай сеткі ўніверсітэцкіх Цэнтраў прафесійнага і кар’ернага кансультавання для павышэння канкурэнтназдольнасці выпускнікоў на рынках працы Украіны і Беларусі» пры фінансавай падтрымцы праграмы тэрытарыяльнага супрацоўніцтва краін Усходняга партнёрства «Беларусь – Украіна» (EaPTC) сумесна з Еўрапейскім саюзам. Праграмы тэрытарыяльнага супрацоўніцтва адкрываюць для краін Усходняга партнёрства магчымасць вызначыць і сумесна вырашаць агульныя задачы памежных тэрыторый, забяспечваючы тым самым ўстойлівае эканамічнае і сацыяльнае развіццё на мясцовым узроўні.

Каардынатар праекта, дэкан сацыяльна-педагагічнага факультэта, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Н.А. Леанюк і кіраўнік Цэнтра, дацэнт кафедры педагогікі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт М.С. Кавалевіч расказалі аб асноўных напрамках дзейнасці Цэнтра.

Спецыялісты Цэнтра прафесійнага і кар’ернага кансультавання будуць аказваць псіхолага-педагагічную дапамогу старшакласнікам і выпускнікам універсітэтаў.

Прафкансультанты Цэнтра адкажуць старшакласнікам на наступныя пытанні:

  • якія менавіта прафесіі падыходзяць ім на аснове аналізу інтарэсаў, схільнасцей і здольнасцей;
  • як суаднесці іх здольнасці, індывідуальныя асаблівасці з патрабаваннямі той ці іншай прафесіі;
  • у якіх навучальных установах можна атрымаць адпаведную прафесійную адукацыю;
  • якія асабістыя якасці і здольнасці пажадана развіваць;
  • як развіць здольнасці, неабходныя для паспяховай самарэалізацыі ў прывабных прафесійных сферах.

Выпускнікам ВНУ і маладым людзям, якія ўжо маюць вопыт працы, але думаюць аб змене прафесіі або накірунку кар’еры, дапамогуць:

  • ацаніць свой кар’ерны патэнцыял з дапамогай методык «Прафкар’ера» і «Прафкансультант» і выявіць свае моцныя бакі;
  • вызначыць, у якой сферы дзейнасці і на якіх службовых пазіцыях яны будуць найбольш паспяховыя;
  • вызначыць напрамкі свайго кар’ернага і прафесійнага развіцця;
  • абмеркаваць з кансультантам магчымыя напрамкі змены прафесіі, павышэння кваліфікацыі, перападрыхтоўкі, атрымання дадатковай або другой вышэйшай адукацыі;
  • атрымаць рэкамендацыі па складанні рэзюмэ і матывавальнага ліста, а таксама праходжання суразмовы ў патэнцыйнага працадаўцы.

Сацыяльна-педагагічны факультэт

Падзяліцца: