Адкрыццё выставы «Бягонія і іншыя дэкаратыўна-лісцяныя расліны» ў Зімовым садзе

29 верасня ў экспазіцыі «Зімовы сад» Цэнтра экалогіі нашага ўніверсітэта адбылося адкрыццё выставы пакаёвых раслін «Бягонія і іншыя дэкаратыўна-лісцяныя расліны», прысвечанай Дню настаўніка.

Адкрываючы выставу, начальнік Цэнтра экалогіі Аляксандр Пятровіч Колбас ў першую чаргу павіншаваў прысутных выкладчыкаў, студэнтаў і супрацоўнікаў з надыходзячым прафесійным святам. Далей у сваім уступным слове Аляксандр Пятровіч прывёў цікавыя факты з гісторыі адкрыцця бягоній, расказаў пра разнастайнасць іх відаў і папулярнасць бягоній у кветкаводаў.

Супрацоўнік аддзела «Батанічныя экспазіцыі» Наталля Уладзіміраўна Шымалава праінфармавала прысутных аб формах дэкаратыўна-лісцяных пакаёвых раслін і аб стане калекцыі бягоній у экспазіцыі «Зімовы сад», у якой на дадзены момант налічваецца 26 відаў і культывараў. Куратар калекцыі, лабарант Алена Вітальеўна Куксіч падзялілася з наведвальнікамі выставы сваёй любоўю да «каралевы кветак» – бягоніі, падкрэсліла яе непераборлівасць у развядзенні і наглядна прадэманстравала некаторыя са спосабаў размнажэння. Усіх ахвотных больш падрабязна даведацца пра бягонію і пра асаблівасці яе догляду Алена Вітальеўна запрасіла наведаць майстар-клас, які адбудзецца 1 кастрычніка ў 12.00 у канферэнц-зале Зімовага саду.

Выстава працуе да 10 кастрычніка. Яшчэ раз запрашаем усіх акунуцца ў свет ліставой прыгажосці!

Цэнтр экалогіі

Падзяліцца: