Адкрыты ўніверсітэцкі лінгвістычны конкурс «Грамацей–2017»

29 верасня адбыўся ўніверсітэцкі конкурс «Грамацей-2017», які ўжо ў восьмы раз арганізуе кафедра агульнага і рускага мовазнаўства філалагічнага факультэта. Удзельнікамі конкурсу сталі студэнты чатырох факультэтаў універсітэта – філалагічнага, гістарычнага, псіхолага-педагагічнага і факультэта замежных моў, а таксама навучэнцы пяці гімназій, двух ліцэяў і адной сярэдняй школы горада Брэста.

Конкурс пачаўся з вітальнага слова ўдзельнікам загадчыка кафедры агульнага і рускага мовазнаўства В.Б. Пераход. Затым студэнтка 3 курса філалагічнага факультэта Лукашэвіч Таццяна выступіла з паведамленнем пра вядомага рускага лінгвіста Я.К. Грота, з дня нараджэння якога ў 2017 годзе спаўняецца 205 гадоў. З цікавасцю паслухалі ўдзельнікі конкурсу і паведамленне студэнткі 3 курса Паліны Беразнёвай аб самых новых арфаграфічных слоўніках, наяўных ва ўніверсітэце.

Конкурсная праграма складалася з двух этапаў: дыктоўка (па тэксце апавядання «Настаўнік» вядомага рускага пісьменніка, літаратуразнаўца, публіцыста Фёдара Аляксандравіча Абрамава) і карэктурнае заданне (выпраўленне ў тэксце арфаграфічных і пунктуацыйных памылак) па тэксце «Школьны клас» расійскага публіцыста і журналіста Сімона Львовіча Салавейчыка. Напярэдадні Дня настаўніка ўсе конкурсныя матэрыялы былі прысвечаны людзям гэтай высакароднай прафесіі.

У выніку сярод студэнтаў спецыяльных моўных факультэтаў 1-е месца заняла Місько Ганна (1 курс, «Беларуская філалогія»), 2-е месца падзялілі Брэзіна Вікторыя (4 курс, «Руская філалогія») і Шпарло Уладзіслаў (2 курс, спецыяльнасць «Журналістыка»), 3-е месца ў студэнтак Астроўскай Жанны (1 курс, «Руская філалогія») і Афанасовіч Анастасіі (2 курс, «Журналістыка»).

Студэнты неспецыяльных факультэтаў выступілі такім чынам: 1 месца заняла Заграбельная Маргарыта (псіхолага-педагагічны факультэт), 2 месца – у Шахалевіч Кацярыны (псіхолага-педагагічны факультэт), 3 месца заняла Зайчык Юлія (гістарычны факультэт).

Сярод школьнікаў лідарам стала Піліпчук Вольга (11 клас, ДУА «Ліцэй № 1 імя А.С. Пушкіна г. Брэста»), 2-е месца падзялілі Ярома Аляксандра (11 клас, ДУА «Гімназія № 6 г. Брэста імя Маршала Савецкага Саюза Г.К. Жукава»), Ліхута Анастасія (10 клас, ДУА «Гімназія № 2 г. Брэста») і Майсейчык Ганна (11 клас, ДУА «Сярэдняя школа № 30 г. Брэста імя Д.Б. Гвішыяні»), 3-е месца ў Шукала Марыі (10 клас, ДУА «Гімназія № 6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К. Жукава»).

З кожным годам у конкурсе прымае ўдзел усё больш і больш студэнтаў і школьнікаў. У ліку 56 канкурсантаў гэтага года 11 чалавек удзельнічалі не ўпершыню. Усё гэта сведчыць аб тым, што конкурс па-ранейшаму выклікае цікавасць і, вядома ж, абавязкова адбудзецца ў будучым годзе.

Кафедра агульнага і рускага мовазнаўства

Падзяліцца: