«Адкрываючы нашы дзверы, мы адкрываем вам нашы сэрцы»

Словы, вынесеныя ў загаловак, сталі лейтматывам прафарыентацыйнага мерапрыемства гістарычнага факультэта, праведзенага 2 снежня 2016 г. на базе ДУА «Сярэдняя школа № 15 г. Брэста». Галоўнымі арганізатарамі мерапрыемства сталі гістарычны факультэт і аддзел адукацыі спорту і турызму адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Брэста. Каардынатарам мерапрыемства выступіла старшы выкладчык кафедры гісторыі Беларусі І.В. Чоўжык.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел навучэнцы 11-х класаў сярэдніх школ Маскоўскага раёна г. Брэста (150 чалавек), студэнты 4 курса і прафесарска-выкладчыцкі склад гістарычнага факультэта. Навучэнцы прайшлі анкетаванне для выяўлення сваёй прафнакіраванасці, а таксама атрымалі ў падарунак буклеты і флаеры гістарычнага факультэта.

У пачатку сустрэчы навучэнцы пазнаёміліся з рэкламным відэаролікам гістарычнага факультэта. Затым намеснік дэкана па выхаваўчай працы, дацэнт кафедры ўсеагульнай гісторыі, кандыдат гістарычных навук А.Ю. Бодак расказаў школьнікам аб карысці вывучэння гісторыі, аб спецыяльнасцях факультэта і іх спецыфіцы, а таксама аб шырокіх магчымасцях працаўладкавання выпускнікоў гістфака. Далейшы ход мерапрыемства ўзялі ў свае рукі прадстаўнікі студэнцкага актыву, якія напоўнілі жывым зместам слайды на экране. Кірыл Гаўрыленка раскрыў перад прысутнымі асноўныя напрамкі вучэбнай і навуковай дзейнасці факультэта і праінфармаваў аб навучальных і вытворчых практыках – археалагічнай, эўрыстычнай, музейна-архіўнай, педагагічнай. Барыс Зіновіч расказаў аб насычанай культурна-масавай і спартыўнай працы сярод студэнтаў і паказаў аматарскі фільм, створаны студэнтамі факультэта для фестывалю культуры краін Захаду ў міжваенны перыяд. На заканчэнне сустрэчы прадстаўнікі факультэта азнаёмілі прысутных з правіламі паступлення на гістфак, акцэнтаваўшы ўвагу на тым, як можна стаць студэнтам без уступных выпрабаванняў.

Прысутныя на мерапрыемстве старшакласнікі пазітыўна каменціравалі атрыманую інфармацыю і жыва апладзіравалі выступоўцам, што зрабіла гэтую сустрэчу нефармальнай і канструктыўнай.

Гістарычны факультэт выказвае падзяку начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Брэста Але Пятроўне Ульяніцкай і дырэктару ДУА «Сярэдняя школа № 15 г. Брэста» Людміле Васільеўне Рошчынай за садзейнічанне, аказанае прадстаўнікам факультэта ў правядзенні такога прафарыентацыйнага мерапрыемства.

Гістарычны факультэт

Падзяліцца: