Адлегласць – не перашкода

26 красавіка 2017 года кафедра замежных моў нашага ўніверсітэта сумесна з кафедрай замежных моў для прыродазнаўча-навуковага накірунку Казанскага (Прыволжскага) федэральнага ўніверсітэта правяла II Міжнародную студэнцкую навукова-практычную анлайн-канферэнцыю «Bridging Professionals through University Language Education» – «Навучанне замежнай мове ў ВНУ – адна з прыступак да поспеху ў прафесійнай супольнасці». У канферэнцыі прынялі ўдзел студэнты юрыдычнага, геаграфічнага, біялагічнага, фізіка-матэматычнага і гістарычнага факультэтаў БрДУ, якія падрыхтавалі выступленні па актуальных пытаннях сучаснай экалогіі і біялогіі.

Студэнтка біялагічнага факультэта Юлія Данількевіч выступіла з дакладам Alternatives to Cow’s Milk, у якім распавяла аб асаблівасцях і карысці раслінных аналагаў традыцыйнага каровінага малака. Аб нумарацыі пластмас і небяспецы эры пластыка ў сваім дакладзе Plastics: Watch the Numbers! папярэдзіў студэнт біялагічнага факультэта Мікіта Нікалаеўскі. Студэнтка гістарычнага факультэта Анастасія Курадовец у дакладзе Ecological Catastrophes in the History of the Mankind распавяла аб экалагічных катастрофах, выкліканых нерацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў, у выніку якіх зніклі вялікія цывілізацыі старажытнасці Мая і Наска. Праблеме развіцця экатурызму ў Беларусі прысвяціла свой даклад Ecotourism in Belarus студэнтка геаграфічнага факультэта Валерыя Гаспадарова. Расказаць пра гідралагічны заказнік «Выганашчанскае» і звярнуць увагу на важную ролю захавання флоры і фаўны Беларусі быў прызваны даклад студэнткі фізіка-матэматычнага факультэта Кацярыны Лукашэвіч Vygonoshchanskoe Hydrological Reserve. Студэнтка юрыдычнага факультэта Яна Міхалеўская абмеркавала з удзельнікамі канферэнцыі глабальныя экалагічныя праблемы, прадставіўшы даклад Global Ecological Problems.

Студэнтамі Казанскага федэральнага ўніверсітэта былі разгледжаны біялагічныя прычыны ўзнікнення рака, асаблівасці ірыгацыйных сістэм Афрыкі, недахопы сучасных абязбольвальных сродкаў, голад у гісторыі Расіі і іншыя актуальныя праблемы сучаснасці. Удзельнікі канферэнцыі выказалі надзею на далейшае супрацоўніцтва ў галіне навуковых даследаванняў у гэтай сферы і абмене атрыманымі вынікамі.

Атрыманыя ад удзельнікаў канферэнцыі водгукі гавораць самі за сябе:

«Гэта быў цудоўны вопыт! Я проста ў захапленні. Я вельмі рада, што была часткай гэтага. Зносіны праз адлегласць. Цікавая тэма. Надзвычай цікавая. Калі студэнтаў з розных краін аб’ядноўвае агульная тэма, сотняў кіламетраў не адчуваецца!» (Валерыя Гаспадарова, 2 курс, геаграфічны факультэт)

«Дазвольце выказаць падзяку за магчымасць прыняць удзел у канферэнцыі! Гэта мой першы вопыт прысутнасці на падобных відэаканферэнцыях. Безумоўна, спачатку было хваляванне, але дзякуючы цёплай атмасферы ў аўдыторыі яно хутка прайшло. Само мерапрыемства было вельмі змястоўным. Удалы выбар тэматыкі дакладаў дапамог глыбей разабрацца ў пытаннях, што абмяркоўваліся. Дзякуй вялікі за атрыманую магчымасць паслухаць цікавыя даклады на англійскай мове». (Яна Міхалеўская, 1 курс, юрыдычны факультэт)

«Было даволі страшна выступаць першай са студэнтаў нашага ўніверсітэта. Але ў працэсе выступлення ўсё развеялася. У выніку засталіся толькі станоўчыя эмоцыі. Вельмі спадабаліся зносіны з казанскімі студэнтамі, нягледзячы на некаторыя складанасці ў наладжванні сувязі. Упершыню ўдзельнічала ў канферэнцыі такога маштабу. Хацелася б яшчэ паўдзельнічаць у падобных мерапрыемствах». (Кацярына Лукашэвіч, 1 курс, фізіка-матэматычны факультэт)

Ірына Васільеўна Поўх,
дацэнт кафедры замежных моў

Падзяліцца: