Акцыя «Дрэва міру»

«Я заклікаю ўсе супрацьстаялыя бакі скласці зброю
і захоўваць глабальны рэжым спынення агню.
Я заклікаю іх спыніць забойствы і разбурэнні
і стварыць умовы, якія садзейнічаюць усталяванню
трывалага міру»

З паслання Генеральнага сакратара ААН Пан Гі Муна

Міжнародны дзень міру быў зацверджаны ў 1981 годзе рэзалюцыяй, у якой Генеральная Асамблея ААН «заявіла, што трэці аўторак верасня, дзень адкрыцця чарговых сесій Генеральнай Асамблеі, афіцыйна прысвячаецца і адзначаецца ў якасці Міжнароднага дня міру». Першы Міжнародны дзень міру быў праведзены ў верасні 1982 года. У 2001 годзе Генеральная Асамблея прыняла рэзалюцыю, у якой пастанавіла, што з 2002 года Міжнародны дзень міру будзе адзначацца штогод 21 верасня як дзень адмовы ад гвалту і спынення агню. ААН прапанавала ўсім краінам і народам спыняць ў гэты Дзень ваенныя дзеянні, ці ж адзначаць гэты Дзень правядзеннем адукацыйных і грамадскіх інфармацыйных акцый па праблемах міру.

У гэтым годзе студэнты факультэта замежных моў далучыліся да згаданай акцыі. Ім было прапанавана стварыць «Дрэва міру», выказаць сваё стаўленне да праблемы міру і вайны. Студэнты падзяліліся, што ў святле апошніх падзей у свеце яны ўсё часцей задумваюцца над гэтай праблемай, і дзякуючы названаму мерапрыемству яны змаглі данесці свае думкі і пачуцці да аднагодкаў.

Будзем спадзявацца, што згаданая акцыя стане добрай традыцыяй не толькі на факультэце замежных моў, але і ва ўсім універсітэце.

Кафедра англійскай філалогіі

Падзяліцца: