Акцыя-шэсце «Хочам дыхаць паветрам без нікаціну!»

У рамках Сусветнага дня адмовы ад тытуню 29 мая 2015  года ва ўніверсітэце прайшла акцыя-шэсце «Хочам дыхаць паветрам без нікаціну!», арганізатарамі якой выступілі педагог сацыяльны аддзела выхаваўчай працы з моладдзю Наталля Анатольеўна Вайтуховіч, педагог-арганізатар Галіна Сяргееўна Карабчук і педагог-псіхолаг Наталля Сяргееўна Ануфрыкава. Актыўны ўдзел у акцыі прынялі члены валанцёрскага атрада «Элпіс», а таксама студэнты псіхолага-педагагічнага, біялагічнага, фізіка-матэматычнага, сацыяльна-педагагічнага, геаграфічнага, юрыдычнага і гістарычнага факультэтаў. Мэтай гэтага мерапрыемства стала прыцягненне ўвагі грамадства да праблемы шкоды, якая наносіцца цягай да курэння, і папулярызацыя здаровага ладу жыцця.

Акцыя-шэсце па вуліцы Пушкінская і на тэрыторыі ўніверсітэта прайшла пад лозунгамі «Мы не курым – далучайся!», «Берасцейцы, абаронім наш горад ад тытунёвага дыму!», якія былі напісаны на плакатах студэнтамі-валанцёрамі.

У фае вучэбнага корпуса №1 арганізатары заклікалі ўсіх зрабіць першыя крокі насустрач здароўю: трансліраваліся відэаролікі па прафілактыцы курэння «Уся праўда пра тытунь!»; уручаліся інфармацыйныя календары, распрацаваныя аддзелам выхаваўчай працы; абвяшчаліся лозунгі, якія заклікаюць курцоў адмовіцца ад шкоднай звычкі.

Паводле статыстыкі, кінуць курыць з першай спробы атрымліваецца менш чым у 20% курцоў. Дактары прызнаюць залежнасць ад тытуню адной з самых распаўсюджаных эпідэмій за ўсю гісторыю чалавецтва – нікацінаманіяй. Яна стаіць у адным радзе з алкагалізмам і наркаманіяй. Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, тытунь з’яўляецца другой па значнасці і галоўнай папераджальнай прычынай смерці ў свеце.

З-за яго штогод памірае каля пяці мільёнаў чалавек. Тытунь павялічвае рызыку развіцця цяжкіх рэспіраторных і сардэчна-сасудзiстых захворванняў. Дактары напрамую звязваюць развіццё хранічнага бранхіту і хранічных захворванняў лёгкіх з курэннем. Больш за 60% людзей, што не кураць, мінімум гадзіну ў тыдзень вымушаны дыхаць паветрам, атручаным тытунёвым дымам, становячыся пры гэтым пасіўнымі курцамі.

Мы ўсіх заклікаем задумацца: курыць або не курыць?!

Аддзел выхаваўчай працы з моладдзю,
педагог
сацыяльны Наталля Анатольеўна Вайтуховіч

Падзяліцца: