Алея маладых сем’яў

14 сакавіка 2019 года ў рамках Рэспубліканскага праекта «Парк сямейных дрэваў» у Парку 1000-годдзя горада Брэста была закладзена Алея маладых сем’яў. У закладцы ліпавай алеі ў парку прынялі ўдзел 11 сем’яў, тры з якіх – студэнцкія сем’і нашага ўніверсітэта. Дзве з іх атрымліваюць адукацыю на фізіка-матэматычным факультэце (Анастасія і Уладзіслаў Мінзер, Анастасія і Аляксандр Гусціновічы) і адна – на псіхолага-педагагічным (Вадзім і Валерыя Кальцовы).

Для ўдзелу ў мерапрыемстве аб’ядналіся актыўныя і творчыя, маладыя і шматдзетныя сем’і. Саджанцы ліпаў для сямейнай алеі былі выбраны не выпадкова – гэта сімвал дабрабыту, любові і вернасці. Побач з пасаджаным дрэвам удзельнікі прымацавалі імянныя таблічкі, на якіх названы члены сям’і, важныя для іх даты і падзеі. Берасцейцы паабяцалі даглядаць свае ліпы. Разам з жонкай і дочкамі ў акцыі таксама ўдзельнічаў першы намеснік старшыні Брэсцкага гарвыканкама Вадзім Краўчук. «Брэст становіцца ўсё больш прыгожым, утульным, прывабным. Прыемна, што мы можам унесці свой уклад, каб горад стаў яшчэ больш зялёным, экалагічна чыстым. У Парку тысячагоддзя ўжо закладзена нямала алей. Важна, што адна з іх сямейная. Для дзяцей гэта добры прыклад таго, што трэба клапаціцца пра прыроду, перадаваць традыцыі з пакалення ў пакаленне», – падкрэсліў першы віцэ-мэр.

Асноўная частка акцыі «Парк сямейных дрэваў» пройдзе ў сакавіку-красавіку. У Брэста эстафету прымуць Пінск і Баранавічы. Арганізатарамі праекта ў Брэсцкай вобласці выступаюць абласны камітэт БРСМ, камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пры падтрымцы гаррайвыканкамаў.

В.а. сакратара ПА ГА «БРСМ» УА «БрДУ імя А.С. Пушкіна» з правамі РК Максім Азарчук
Фота Вадзіма Якубёнка

Падзяліцца: