Асілкі нашага ўніверсітэта

За даволі кароткі тэрмін нашы студэнты-цяжкаатлеты прынялі ўдзел у спаборніцтвах рознага ўзроўню і ўсюды вельмі годна праявілі сябе. Паглядзім, як гэта было.

З 10 па 13 кастрычніка 2018 года ў спартыўнай зале цяжкай атлетыкі ўстановы «Спартыўны клуб Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі» праходзілі фінальныя спаборніцтвы Рэспубліканскай універсіяды – 2018 па цяжкай атлетыцы. Спаборніцтвы прайшлі ў 10 вагавых катэгорыях, у якіх прынялі ўдзел 116 цяжкаатлетаў з 16 вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь. Многія студэнты паказалі добрыя вынікі. Прызёрам Рэспубліканскай універсіяды – 2018 па цяжкай атлетыцы былі ўручаны граматы, медалі і памятныя прызы, а камандзе-пераможцы – яшчэ і кубак.

Каманда нашага ўніверсітэта была прадстаўлена адным атлетам. Студэнт 2 курса факультэта фізічнага выхавання Пётр Асаёнак, майстар спорту міжнароднага класа па цяжкай атлетыцы, член нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь, удзельнік Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанейра-2016 (6-е месца) падняўся на другую прыступку п’едэстала ў вагавой катэгорыі 89 кг. Такая «няўдача» адбылася з-за таго, што наш спартсмен выступаў не ў сваёй вагавой катэгорыі, так як цяпер знаходзіцца ў працэсе падрыхтоўкі да Чэмпіянату свету.

З  20 па 27 кастрычніка ў г. Замасць (Рэспубліка Польшча) прайшоў Чэмпіянат Еўропы сярод моладзі па цяжкай атлетыцы. Студэнтка факультэта фізічнага выхавання Людміла Псышаніца (Панкова), майстар спорту міжнароднага класа па цяжкай атлетыцы, пераможца і прызёр Чэмпіянатаў Еўропы і свету, заваявала тры срэбныя медалі ў суме двухбор’я – 187 кг, у рыўку – 82 кг і ў штуршку – 105 кг.

З 23 па 26 кастрычніка ў г. Горкі на спартыўнай базе ўстановы адукацыі «Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага сцяга сельскагаспадарчая акадэмія» праходзілі фінальныя спаборніцтвы Рэспубліканскай універсіяды – 2018 па паўэрліфцінгу. Каманда нашага ўніверсітэта была прадстаўлена на ўніверсіядзе адным атлетам – студэнткай 4 курса факультэта замежных моў Настассяй Падлеснай. Па выніках спаборніцтваў Насця заняла першае месца ў трохбор’і і першае месца ў жыме штангі лежачы, не пакінуўшы сваёй саперніцы шанцаў на перамогу.

Мы вельмі ганарымся нашымі спартсменамі і ад усёй душы жадаем
нашым рабятам і іх трэнерам вялікіх спартыўных поспехаў і новых перамог!!!

Інфармацыю падрыхтавала Ірына Кузьміч (філалагічны факультэт)
па матэрыялах факультэта фізічнага выхавання і спартклуба

Падзяліцца: