«Бронза» і «Срэбра» на Чэмпіянаце Еўропы па цяжкай атлетыцы

З 2 па 8 красавіка 2017 года ў г. Спліт (Харватыя) праходзіў 20 сумесны Чэмпіянат Еўропы па цяжкай атлетыцы. Студэнтка 1 курса факультэта фізічнага выхавання БрДУ імя А.С. Пушкіна Людміла Панкова заняла на Чэмпіянаце Еўропы трэцяе месца ў вагавай катэгорыі да 53 кг, саступіўшы больш вопытным спартсменкам з Польшчы і Іспаніі.

Да поспехаў беларускіх штангістаў многія ўжо прывыклі – на працягу апошніх гадоў рэдкія спаборніцтвы абыходзіліся без узнагарод для іх. Праўда, сягоння на памосце іншыя часы. Чарада допінгавых скандалаў і дыскваліфікацый значна прарэдзіла саставы зборных многіх краін, а некаторыя лідары (у жаночай зборнай Беларусі гэта Дар’я Навумава і Дар’я Пачобут) узялі перадышку пасля Алімпіяды. У выніку і без таго непрадказальны шлях да наступнай Алімпіяды пачынаюць тыя, хто яшчэ нядаўна значыўся ў радах падаваўшых надзеі.

Наша дваццацігадовая спартсменка паспяхова выканала ўсе шэсць спроб. У першым практыкаванні «рывок» яна зафіксавала штангу вагой 83 кг. Вырашальным стаў выхад на памост у апошняй спробе другога практыкавання «штуршок», у якой Люда паспяхова справілася з вагой 106 кг і заваявала «срэбра» ў гэтым практыкаванні. У выніку па суме дваяборства (практыкаванні «рывок» і «штуршок») яна стала бронзавай медалістскай Чэмпіянату Еўропы з вынікам 189 кг (83 кг + 106 кг.).

Мы сардэчна віншуем Людмілу і яе трэнера Аляксандра Самадаева з паспяховым выступленнем на кантынентальных спаборніцтвах, а таксама з выкананнем нарматыву «Майстар спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа» і чакаем працягу яе спартыўных перамог!

Інфармацыю падрыхтавала Ірына Кузьміч (філалагічны факультэт)
па матэрыялах факультэта фізічнага выхавання і спартклуба

Падзяліцца: