«Бронза» на чэмпіянаце свету па цяжкай атлетыцы

www.belta.by

З 16 па 23 чэрвеня 2017 года ў Токіа праходзіў чэмпіянат свету па цяжкай атлетыцы сярод юніёраў. У другі дзень спаборніцтваў студэнтка 1 курса факультэта фізічнага выхавання нашага ўніверсітэта Людміла Панкова заняла трэцяе месца ў вагавай катэгорыі да 53 кг, прайграўшы больш вопытным спартсменкам з Кітая (Жу Цяалінь, 197 кг: 88 кг «рывок» + 109 кг «штуршок») і Украіны (Марыя Гангур, 188 кг: 84 кг «рывок» + 104 кг «штуршок»).

Наша дваццацігадовая спартсменка няўдала стартавала на памосце, зрабіўшы памылкі ў першых спробах у рыўку на 78 кг і штуршку на 100 кг. Аднак потым Людміла змагла справіцца з гэтымі вагамі, паказала больш высокі вынік (186 кг: 81 кг «рывок» + 105 кг «штуршок») і заваявала бронзавую ўзнагароду спаборніцтваў.

Мы сардэчна віншуем Людмілу і яе трэнера Аляксандра Самадаева з паспяховым выступленнем на чэмпіянаце свету, а таксама з прысваеннем звання «Майстар спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа». З нецярпеннем чакаем новых спартыўных перамог Людмілы!

Інфармацыю падрыхтавала Ірына Кузьміч (філалагічны факультэт)
па матэрыялах факультэта фізічнага выхавання і спартклуба

Падзяліцца: