Будучыня нараджаецца сёння: у БрДУ адбылася лінейка, прысвечаная Дню ведаў

Урачыстая лінейка, прысвечаная Дню ведаў, у нашым універсітэце прайшла 1 верасня па традыцыйным сцэнарыі, але са сваімі асаблівасцямі. Прывітальнае слова рэктара, узняцце сцяга Рэспублікі Беларусь і прадстаўленне факультэтаў – неад’емныя атрыбуты свята. А вось канцэпцыяй мерапрыемства ў БрДУ стаў яго летапіс, які трэба будзе працягнуць першакурснікам.

Тэма свята абраная не выпадкова – жыццё кожнага чалавека можна параўнаць з кнігай: яна таксама складаецца з мноства раздзелаў, частак і старонак, напоўненых рознымі падзеямі. Раздзел «Студэнцкае жыццё» пачаўся для першакурснікаў з узняццем сцяга ўніверсітэта. Ганаровага права падняць яго пад гукі ўніверсітэцкага гімна ўдастоіліся залаты медаліст, уладальнік дыплома I ступені заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах «Руская мова» і «Руская літаратура» Марк Церашэнкаў і майстар спорту Рэспублікі Беларусь па спартыўнай акрабатыцы, пераможца міжнароднага турніру «Кіеўскія каштаны» Анастасія Шчурко. За плячыма многіх першакурснікаў удзел у розных конкурсах і спаборніцтвах, медалі, граматы і дыпломы. Усяго ж у гэтым годзе вялікая ўніверсітэцкая сям’я папоўнілася 1216 студэнтамі. У Год навукі кіраўніцтву ўніверсітэта прыемна бачыць так шмат маладых людзей, якія прыйшлі атрымліваць адукацыю ў БрДУ.

З прывітальнымі словамі да першакурснікаў звярнулася рэктар Г.М. Сендзер. Яна адзначыла, што ў гэтым годзе ў БрДУ прыйшлі добра падрыхтаваныя рабяты, якія, несумненна, даб’юцца высокіх вынікаў у вучобе. Таксама Ганна Мікалаеўна выказала ўпэўненасць у тым, што яны будуць годна несці званне студэнта і шмат вучыцца, каб стаць добрымі спецыялістамі і праславіць родны ўніверсітэт. Яна ўручыла першакурснікам сімвал мудрасці, пісьменнасці і правасуддзя – пяро.

Урачыстая лінейка, прысвечаная Дню ведаў, адкрыла новую старонку ў кнізе жыцця тых, хто паступіў. Яркім момантам у аснове яе новага вялікага раздзела стала «сустрэча» першакурснікаў з усходнеславянскім першадрукаром Францыскам Скарынам. Гуманіст і філосаф даў першакурснікам запавет быць мэтанакіраванымі, самастойнымі і актыўнымі, а таксама пажадаў, каб студэнцкае жыццё было пазітыўным, плённым і гарманічным.

Наперадзе ў першакурснікаў шмат навуковых, творчых і спартыўных падзей, якія стануць неад’емнай часткай кнігі жыцця кожнага студэнта. Пацвярджэннем гэтага сталі выступленні студэнтаў старэйшых курсаў БрДУ.

На юных, таленавітых і амбіцыйных першакурснікаў ускладзена місія працягваць летапіс універсітэта. Яны ўсведамляюць важнасць і адказнасць перад alma mater і перажываюць за тое, каб кожнае пакінутае ў летапісе слова цешыла душу і навявала прыемныя ўспаміны. Яны ведаюць, што будучыня нараджаецца сёння, а таму гатовыя ўжо цяпер вучыцца і працаваць на карысць універсітэта і краіны, прымнажаючы наша матэрыяльнае, культурнае і духоўнае багацце.

Юлія Воўк

Падзяліцца: