Будучыню тварыць маладым: у БрДУ адбылося адкрыццё «Студэнцкай вясны–2018»

Універсітэцкі фестываль студэнцкай творчасці «Студэнцкая вясна–2018» стартаваў 19 сакавіка на пляцоўцы перад вучэбным корпусам № 1. У гэтым годзе фестываль праходзіць пад дэвізам «Моладзь і творчасць – гісторыя будучыні!».

Па традыцыі з прывітальным словам на адкрыцці фестывалю выступіла рэктар універсітэта, прафесар Г.М. Сендзер. Ганна Мікалаеўна адзначыла, што студэнты сваім аптымізмам, адкрытасцю свету і пазітыўным поглядам на яго прыўносяць у наша жыццё яркія фарбы. Таксама яна пажадала, каб у сэрцах маладых людзей заўсёды была вясна.

Тон фестывалю задавалі студэнты ўсіх факультэтаў, якія пад дынамічную музыку выканалі флэш-моб «Танцуючы ўніверсітэт». Зладжаныя рухі, прамяністыя ўсмешкі, радасныя позіркі і добры настрой – рабяты зарадзілі глядачоў бадзёрасцю, энергіяй і пазітывам. Флэш-моб, як і вясна, што імкліва ўварвалася ў наша жыццё яркімі фарбамі і спевам птушак, паклаў пачатак новых адкрыццяў і здзяйсненняў.

У рамках «Студэнцкай вясны–2018» адбудуцца канцэрты, выставы, круглыя сталы, мультымедыйныя віктарыны і іншыя мерапрыемствы, якія ўвайшлі ў праграму фестывальных дзён. На працягу двух тыдняў жыццё студэнтаў нашага ўніверсітэта будзе кіпець, ім трэба будзе не толькі паспяваць наведваць лекцыі і рыхтавацца да семінараў, але і знаходзіць час для рэпетыцый і выступленняў. Мы не сумняваемся, што рабяты здолеюць спалучыць гэта на выдатна, бо яны ўсведамляюць, што будучыню тварыць ім.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: