Будучыя юрысты прайшлі краязнаўчы квест

Дата 29 верасня запомнілася студэнтам юрыдычнага факультэта тым, што, акрамя заняткаў у аўдыторыях, ім давялося пабегаць па гістарычнай частцы горада, выконваючы зашыфраваныя заданні. Квест «Праваахоўныя органы горада Брэста» быў праведзены кафедрай крымінальна-прававых дысцыплін юрыдычнага факультэта. У гульні прынялі ўдзел студэнты 3-5 курсаў спецыяльнасці «Правазнаўства». Ідэя квеста належыць старшаму выкладчыку кафедры Раманюк Алене Віктараўне, якая заўважыла, што многія праваахоўныя органы і органы правасуддзя знаходзяцца ў будынках з багатай гісторыяй і з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Мерапрыемства было накіравана на замацаванне ведаў студэнтаў па дысцыплінах «Крымінальны працэс» і «Судаўладкаванне»; развіццё ў студэнтаў лагічнага мыслення, назіральнасці, умення думаць нестандартна; паглыбленне ведаў аб гісторыка-культурным мінулым горада Брэста; выхаванне беражлівых адносін да помнікаў гісторыі.

Камандам прапаноўвалася паслядоўна вырашыць заданні, што змяшчаюць фотазагадку з падказкамі і гістарычнае апісанне будынкаў, у якіх размяшчаюцца праваахоўныя органы. Каля шуканых аб’ектаў дзяжурылі студэнты-кантралёры. Яны выдавалі камандзе, што прыбегла да іх, наступнае заданне.

Паводле слоў удзельнікаў, мерапрыемства ім запомнілася, усе атрымалі станоўчыя эмоцыі ад удзелу ў квесце і даведаліся шмат новага аб будынках, каля якіх праходзілі кожны дзень.

Ст. выкладчык кафедры крымінальна-прававых дысцыплін
Раманюк А.В.

Падзяліцца: