Быць студэнтам выдатна: першакурснікаў БрДУ прысвяцілі ў студэнты

Прадстаўленне кіраўніцтва ўніверсітэта, прывітанне рэктара, творчы канцэрт і прысяга – 12 верасня ў абласным Цэнтры моладзевай творчасці адбылося пасвячэнне першакурснікаў БрДУ ў студэнты. Яны, маладыя, прыгожыя і таленавітыя, уступілі ў дзіўную пару новых адкрыццяў і сустрэч і сталі на адну прыступку вышэй на шляху да сваіх прафесійных мар.

Важнымі ў гэты дзень для першакурснікаў сталі словы рэктара ўніверсітэта Анны Мікалаеўны Сендзер. Анна Мікалаеўна выказала ўпэўненасць у тым, што новыя члены нашай alma mater будуць плённа вучыцца, даб’юцца поспехаў у навукова-даследчым і грамадскім жыцці ўніверсітэта і пажадала ім здароўя, нястрымнай энергіі і крэатыўных ідэй.

Задало тон канцэрту выступленне студэнткі другога курса факультэта замежных моў Ксеніі Пухнарэвіч і студэнткі трэцяга курса філалагічнага факультэта Вольгі Маразюк з песняй «Давайце сабярэмся разам». Гэтая кампазіцыя даказала першакурснікам, што наша ўніверсітэцкая сям’я жыве дружна і весела.

Вясёлыя і віртуозныя танцы, песні на розных мовах, запальныя рытмы танцавальнай студыі «One way» – гэтыя і іншыя творчыя нумары сталі пацвярджэннем таго, што ў БрДУ кожны можа развіць свае творчыя здольнасці. Яркім стала выступленне «Партрэты» лідараў самакіравання. У арыгінальнай творчай форме яны прадставілі рэктарат і кіраўнікоў некаторых структурных падраздзяленняў і аб’яднанняў нашага ўніверсітэта. Абрамлялі свята зносіны вядучых, галоўная роля ў якіх была адведзена «англічанцы» Полі.

Традыцыйна кульмінацыяй свята стала клятва першакурснікаў. Самыя юныя студэнты-пушкінцы паабяцалі старанна вучыцца, каб на старонках летапісу нашага ўніверсітэта іх імёны былі запісаны залатымі літарамі, і стаць высокакваліфікаванымі спецыялістамі, каб працаваць на карысць Беларусі.

Завяршылася прысвячэнне песняй «Радасць, прывітанне» ў выкананні студыі эстрадных спеваў «Ступені». Сапраўды, быць студэнтам – значыць радавацца кожнаму дню і кожнай падзеі, быць студэнтам – выдатна! І нашы першакурснікі адчулі ўжо гэта спаўна.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

 

Падзяліцца: