Час выбраў нас!

12 красавіка ў ЦМТ адбыўся абласны этап Рэспубліканскага агляду-конкурсу мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў «АРТ-вакацыі – 2016». У гэты раз канцэртная праграма аб’яднала прадстаўнікоў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна і Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Зазыўны флэш-моб у выкананні студэнтаў усіх факультэтаў нашага ўніверсітэта стаў пачаткам мерапрыемства, у час якога журы конкурсу і гледачы адправіліся ў захапляльную экскурсію па Брэсце. Гідам-экскурсаводам стаў Аляксандр Ментуз (факультэт фізічнага выхавання).

Праспект Дружбы, парк Творчасці, бульвар Мастацтваў – якіх толькі вуліц і плошчаў няма ў нашым горадзе! Тут можна было сустрэць і вулічных музыкантаў, і танцораў, і проста творчых юнакоў і дзяўчат. Паспрабаваць розныя прысмакі, а таксама атрымаць асалоду ад вытанчанага раманса ў выкананні Андрэя Семенюка (факультэт замежных моў) можна было ў скверы Майстроў. Крыху паводдаль пад рытмы лірычнага танга Віктара Іванюка (псіхолага-педагагічны факультэт) танцуе пара прахожых. На праспекце Дружбы запальна танчаць студэнты-валанцёры сацыяльна-педагагічнага факультэта (кіраўнікі Сакалова Т.В., Леанюк Н.А., Галіноўская Г.А.). Валанцёр – заўсёды актыўны, валанцёр – іншым прыклад!

Візітнай карткай нашага горада па праве можна назваць вялікую колькасць цікавых і незвычайных ліхтароў. Кожны вечар прыходзіць ліхтаршчык і запальвае іх. У гэтай ролі падчас экскурсіі выступіў Міхаіл Дзебянко (сацыяльна-педагагічны факультэт).

Працягам экскурсіі стала падарожжа ў беларускую культуру. У габеленавай зале размясціўся сапраўдны кірмаш мастацтваў: тут і выстава рамёстваў, і народны тэатр, і музыкі. Студыя народных спеваў (кір. Ефімовіч К.А.) прадставіла беларускую народную песню «Ай, лятала сіза павушка», а пад «Калінку» танцавалі не толькі беларускія, але і замежныя студэнты юрыдычнага факультэта (кір. Масюк Марына). Знаёміла гледачоў і журы конкурсу з усімі артыстамі Марына Баранчук (філалагічны факультэт).

На завяршэнне экскурсіі госці адправіліся ў канцэртную залу (квартал моладзевай творчасці), дзе мела працяг канцэртная праграма. Вядучымі вечара былі Ганна Канановіч (геаграфічны факультэт) і Дзмітрый Гаргун (юрыдычны факультэт). У выкананні нашых цудоўных салістак Ірыны Замулко (гістарычны факультэт) і Яніны Гац (факультэт замежных моў) прагучалі хіты беларускай і замежнай эстрады. Аляксандра Холапава (псіхолага-педагагічны факультэт) уразіла гледачоў віртуозным выкананнем класічнай кампазіцыі «Canto della terra». Прадстаўнікоў мужчынскай вакальнай грапы «Рух» у складзе Мікалая Вабішчэвіча (факультэт фізічнай культуры), Фёдара Мартыновіча (гістарычны факультэт), Сяргея Бірыцкага (псіхолага-педагагічны факультэт), Дзмітрыя Машчука (факультэт замежных моў) па праве можна назваць улюбёнцамі дзяўчат. «Хто, калі не мы?» – задаліся гэтым музычным пытаннем усе вышэйпералічаныя студэнты, удзельнікі студыі эстрадных спеваў «Ступені» (кір. Борсук Л.І.). Сапраўды, хто, калі не маладыя і актыўныя студэнты – будучыня сваёй краіны?!

Віртуознае валоданне тэхнікай маўлення прадэманстраваў Данііл Віркоўскі (філалагічны факультэт). Мала хто зможа гэтак жа выразна і зладжана паўтарыць за ім тыя скарагаворкі, якія ён прадэкламаваў. Сапраўднае магічнае светапрадстаўленне ўстроілі Раман Кот (біялагічны факультэт) і Кацярына Мароз (юрыдычны факультэт). Танцавальную кампазіцыю выканалі ўдзельнікі Студыі сучаснага танца «Onе Way» (кір. Мартынюк Ю.Д.). Вытанчаным падарункам гледачам стаў нумар «Ча-ча-ча» ў выкананні студэнтаў фізіка-матэматычнага факультэта Цімафея Стаіна і Яніны Прыбытка.

Кіраўніцтва ўніверсітэта, дэканы факультэтаў і кіраўнікі структурных падраздзяленняў выказваюць удзячнасць усім студэнтам-удзельнікам абласнога этапу Рэспубліканскага агляду-конкурсу мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў «АРТ-вакацыі – 2016» за яркае і неардынарнае свята студэнцкай творчасці! Малайцы! Мы ганарымся вамі!

Студэнцкі клуб

Падзяліцца: